Але чуткi - як чуткi: пранесьлiся й сьцiхлi. Што там каму чужая болька? Свайго ўсяго хапае... Слоў няма - шкада хлапца, але Лявонавiчу можа так i трэба - скнара, жлоб.
Iшлi днi, тыднi, месяцы, - ды што там "месяцы"? - прамiнуў не адзiн ужо год, i хваля забыцьця праглынула людскую памяць пра Лявонавiчава сына. Яе засмактала штодзённая турбота пра сваё. Чужая журба - ня журба.
Ды не пакiдала тая журба Лявонавiчаву хату. Ягоная хата й так была як на водшыбе, а цяпер як-бы адзьдзялiлася яшчэ болей, адасобiлася, замкнулася ў сабе самой, у сваiм горы i засмучэньнi. Ейныя жыхары выглядалi цяпер, як адкiнутыя, выселеныя, сталi быццам чужымi. На хату Лявонавiча глядзелi цяпер як на адарваную часьцiну ад цэлага. Калi Лявонавiч прыходзiў на агульны сход калгасьнiкаў, пачуцьцё адчужанасьцi яшчэ больш узмацнялася: яму здавалася, што ён лiшнi, што ён ня свой, што ягонаму гору не спачуваюць, а радуюцца ў душы. Аднойчы, будучы на сходзе, Лявонавiч захацеў прылюдна папрасiць старшыню, каб ён вызвалiў яго ад касы, ня можа-ж ён дзень-у-дзень хадзiць у касе, у той час як маладзейшыя i дужэйшыя за яго цэлымi днямi лынды б'юць i iм яшчэ налiчаюць за адзiн дзень лындаў паўтара, а то й два працаднi. Старшыня ня ўзьлюбiў гэтага i ў злосьцi пекануў Лявонавiчу:
- Масей, не забывайся дзе твой сын!
Большага болю старшыня ня мог прычынiць Лявонавiчу. Лявонавiч пакiнуў калгасны сход, панiклы, з сьлязьмi на вачох. Ён зарокся не хадзiць на сходы.
Сум, журба, жаль, усьведамленьне сынавых пакутаў, страх за ягонае жыцьцё няўпрыкмяць апусташалi душу Лявонавiча, зьядалi яе. Лявонавiч ня мог перажыць, ня мог пагадзiцца з думкай, што сына няма, i тым больш ня мог зьмiрыцца - што нiчога ня чуваць пра яго. Лявонавiча пужала невядомасьць. Бясконцае чаканьне нейкiх - хутчэй за ўсё нядобрых - навiнаў, страх перад iмi, трымалi Лявонавiча ў заўсёдным неспакоi i напружаньнi. Часта яму здавалася, што сын недзе тут, некуды пайшоў i хутка вернецца. Ён адкляпаў яму касу i яны йдуць разам касiць у Супырыцу. Па дарозе сын расказвае яму, што ён нiдзе й ня быў, што ён свабодны i йдзе во разам з iм - няма чаго смуцiцца i плакаць. Рады, Лявонавiч просiць Маланьню згатаваць iм, як прыйдуць з працы, сытную вячэру. А то ў нядзелю сядзяць яны за сталом, абедаюць, сын курыць сам - не хаваецца ўжо, дарослы - i частуе яго, бацьку, папяросамi з прыгожай каробкi, - ён прывёз з Менску цэлую тузiну такiх каробак. Кураць вось так, гавораць. Ён дзiвiцца, што сын гэтак шмат ведае пра ўсё - што значыць вучоны чалавек! Бацьку вялiкi гонар. Расьпiваюць з iм паўлiтра i мацi не пярэчыць, яшчэ й падкладвае закуску. Ды хутка Лявонавiч ловiць сябе, што ўсё гэта толькi ўява, што ў сапраўднасьцi сына няма i пустка ў душы яшчэ даймае больш. Яшчэ з большай сiлай апаноўваюць iм нясьцiханныя, неадступныя, у змрок ахутныя думы.
Нi з кiм асаблiва Лявонавiч у гутарку ня ўступае - робiць сваё, толькi калi ў брыгадзе пачуеш ад яго якое слова, дый то як кароткi адказ на якое-небудзь запытаньне. Буркне i сьцiхне. Думае нешта сваё. З гэтым усе звыклiся, i нiхто надта не набiваўся яму ў суразмоўнiкi. Гэтак i заставаўся ён сам па сабе, а людзi самi па сабе.
Адылi яму ой як хацелася з кiм-небудзь загаварыць, ды ня было з кiм. З Маланьняй ён дзялiўся толькi сваiмi снамi пра сына, але гэта яго не задавальняла, яму трэба быў нехта чужы, перад кiм ён мог-бы адкрыцца, выкласьцi ўсё, што накiпела ў ягонай душы. Ды такога чужога ня было ў яго, i нявыказны жаль тлеў у нутры, не знаходзiў выхаду.
Асаблiва цяжкой была для Лявонавiча нядзеля, калi ён не працаваў i калi ў клюбе - што праз дарогу - моладзь спраўляла свае гулi: танцавала, сьпявала, весялiлася. Гэта балела Лявонавiчу. Ён глядзiць у вакно, бачыць, як моладзь сьпяшаецца, пачуўшы гармонiк - хто з кiм валяць валам. Сьмяюцца, рагочуць. А калi гарачыня, дык выходзяць з клюбу i танцуюць, можна сказаць, пад самым вакном Лявонавiчавай хаты. Глядзiць на ўсё гэта Лявонавiч i нiяк ня можа сьцiшыць болю ў сэрцы: "Усе тут. Усе тут, толькi няма яго аднаго. Гуляюць вось i што iм да каго?" Лявонавiч ня можа заснуць, пакуль ня сьцiшыцца ўсё на вулiцы, пакуль не разыйдуцца хто куды. Дый пасьля, калi настане цiшыня, Лявонавiч усё роўна ня можа заснуць - лезуць думы адна за аднэй. Думае пра Вяркеева. Можа загляне. Быў-жа ўжо колькi разоў. I ўсё ўначы. Саромiцца, баiцца заходзiць днём. Пабачуць - скажуць: спачувае. Ды ён - малайчына. Пагаворыць. Супакоiць. I лягчэй на сэрцы. Ня цураецца. Няхай-бы забег во й цяпер. Пэўна, недзе гуляе. Што яму, маладому?
I Вяркееў прыкацiў - п'янюсенькi. "Хоча ўзнаць што пра сына цi так пагаварыць? От - як вымалiў яго".
Селi за стол упоцемках.
- Я, Лявонавiч, толькi на хвiлiнку. Бег i вось забег. Як дзялы? Надта не мардуйце сябе. Будзе перамена i ўсё пераменiцца. I пабачаце - Мiкола хутка вернецца.
- Аткуль ета вы знаеце?
- Скажу вам вось што. Давяраючы вам. Гiтлер усё-ткi нападзе на нас. Мала што ён з намi дагавор заключыў. Усё, што мы атрымалi па дагавору з iм, забярэць назад. I каб-жа толькi гэта! Як ашалелы прэцца й прэцца. Скруцiў вон Францыю, i ў Яўропе нiхто ўжо не ўстаiць процi яго. Завернецца, кажу, i папрэцца на нас. I тады што? Наўрад, каб мы яго стрымалi - праломiць нашу абарону i пойдзе наскрозь, аж да Ўралу. Прабойная сiла ў яго вялiкая. Дык разьляцяцца i тыя лягеры. I пойдуць, пабрыдуць з iх ува ўсе канцы нявольнiкi. Гэтак прыйдзе дахаты i Мiкола. Кажу вам!
Лявонавiч слухаў настаўнiка, вучонага чалавека, насьцярожана i з пэўнай доляй недаверу: "Як гэта ён так раптам загаварыў пра вайну, пра Гiтлера. Усё як-бы цiха, а ён пра вайну... Нiхто нiчога не гаворыць, а ў яго на языку вайна. Цi можа сп'яну?" Ды тым ня менш слухаў уважлiва, стараўся нiчога не прапусьцiць, усё ўцямiць. "Пэўна-ж, мы, сьляпыя людзi, нiчога ня ведаем - што i да чаго. А гэта во чалавек разьбiраецца, бачыць наперад. Прадказвае".
Лявонавiч слухаў i адчуваў, як у ягоную душу ўлiваецца нешта новае, дасюль нячуванае нешта радаснае, хоць i трывожнае. Вяркееў узбудзiў у ягонай душы надзею, ашаламiў яго нязвычайнымi новасьцямi. Лявонавiч адчуваў, быццам у яго пад нагамi вырасла нейкае апiрышча.
- Цi пра ета, пра вайну, пiшуць газэты, цi вы гэта ад сябе?
- Газэты выхваляюць посьпехi Гiтлера ў заваяваньнi Яўропы, але маўчаць, што ён можа заваяваць i нас. Газэты пра гэта пакуль што маўчаць. Але ёсць людзi ў Крамлi, што бачаць такую апаснасьць. Нездарма-ж наша ваенная тэхнiка дзень i ноч грукочыць праз станцыi i паўстанкi. Вязуць. Куды, вы думаеце? На Захад. Для спатканьня з Гiтлерам. Нашым снаражэньнем завалены ўжо ўвесь наш заходнi фронт. Адкуль я ведаю, запытаецеся? Ня сумнявайцеся! Мы ведаем. Мы ведаем, што Гiтлер вылупляе свае вочы на нашыя прасторы, дык мы i хочам стварыць надзейны заслон супраць яго. Гэта адно. Iншае - каб як вытварыцца адпаведная сытуацыя, ударыць Гiтлеру ў сьпiну. Ён там, на Захадзе, будзе курпечыць розныя Бэльгii, Галяндыi, Данii, а мы - тут як тут. Раз-два, i ўся Нямеччына наша. Не падумайце, Сталiн таксама ў шапку ня сьпiць. Вусамi сваiмi добра стрыжэ.
Лявонавiч ня можа ўседзiць на месцы спакойна - усё гэта так нязвычайна для яго. Усё гэта такое пажаднае, але й такое ненадзейнае. Захапленьне яго вялiкае, але й апаска ня меншая: як пачнецца тое, дык чым яно скончыцца.
- Вы думаеце, што й мы тут, на месцы, ня рыхтуемся да гэтых падзеяў? Не, Лявонавiч, рыхтуемся, дый яшчэ як! Мы лiчымся, - трэба-ж разьлiчваць на самае горшае, - што Гiтлер можа праскочыць, заняць некаторыя нашы тэрыторыi, у тым лiку i наш раён. Дык што вы думаеце, мы будзем сядзець, склаўшы рукi? Не, у нас на такi выпадак будзе ўжо ўсё гатова. У нас ёсьць ужо бронь: старшыня сельсавету застаецца ў тыле, наш камсамольскi важак...
- А вы?
- I я. Да нас далучацца i некаторыя раённыя кiраўнiкi, на чале з сакратаром партыйнай арганiзацыi. Мiж iншага, пакiдаецца ў тыле i наш з вамi ўпаўнаважаны для арганiзацыi партызанкi, на выпадак, калi, кажу, вораг дапне i сюды. Вось такiя, Лявонавiч, пляны. Я з вамi гавару сакрэтна, давяраючы вам. Хоць вы i пакрыўджаны савецкай уладай чалавек, але вы ня вораг савецкай улады. Я думаю, Сталiн распусцьцiць турмы - патрэбны людзi. Выйдзе i Мiкола, ваш сын, а мой таварыш. Дзеля яго, у iмя яго я й гавару пра ўсё гэта з вамi. Мы з iм не заўсёды ладзiлi, але я паважаю яго, як здольнага, карыснага нам чалавека. Пабачаце, Лявонавiч, мы яшчэ будзем з iм партызанiць... Мне шкада цёткi Маланьнi - гэтак яна ўбiваецца! А Дар'я? Гэта-ж золата, а ня дзеўка! Прывязаўся я да вашай сям'i, як нi да кога. Вы сапраўдныя людзi. Вы мне - як бацькi. Вы думаеце, я прырос тут, знайшоў душэўных людзей? Не, каб ня вы, мне некуды было-б дзецца. Я можа дзеля гэтага i ў бяду папаў - пусьцiў на сьвет Божы незаконнае дзiцяцi.