Паветра звiнела ад аглушальнага хаосу гукаў: металiчны рык марсiянаў, грукат падаючых дамоў, трэск ахопленых полымем дрэваў, платоў, хлявоў, гул i шыпенне агню. Густы чорны дым узнiмаўся ўверх i перамешваўся з клубамi пары над ракой. Дакрананне цеплавога промня, якi "хадзiў" па Ўэйбрыджы, выклiкала ўспышкi асляпляльнага белага полымя i дымныя скокi вогненных языкоў. Самыя блiзкiя дамы стаялi яшчэ некранутымi, чакаючы свайго часу, змрочныя, цёмныя, ахутаныя параю, а за iмi бушаваў агонь.

З хвiлiну я стаяў па грудзi ў кiпятку, разгублены, без надзеi на выратаванне. Праз пару я бачыў, як людзi вылазяць з вады, чапляючыся за чарот, як лягушкi, што скачуць па траве; iншыя ў панiцы бегалi па беразе.

Раптам белыя ўспышкi цеплавога промня сталi наблiжацца да мяне. Ад яго дакранання рушылiся ахопленыя полымем дамы; дрэвы з гучным трэскам ператваралiся ў вогненныя слупы. Прамень слiзгаў уверх i ўнiз па берагавой сцежцы, змятаючы людзей, якiя разбягалiся, i нарэшце спусцiўся на ваду, ярдаў за пяцьдзесят ад таго месца, дзе я стаяў, потым перанёсся на другi бераг, к Шэпертону: вада закiпела i стала ператварацца ў пару. Я кiнуўся на бераг.

У наступны момант вялiзная гарачая хваля абрушылася на мяне. Я закрычаў i, паўсляпы, апараны, здзiчэлы ад болю, стаў выбiрацца на бераг. Варта было мне пакаўзнуцца, i ўсё было б скончана. Знясiлены, я ўпаў перад марсiянамi на шырокай пясчанай водмелi, дзе пад вуглом сыходзяцца Ўэй i Тэмза. Я не сумняваўся, што мяне чакае смерць.

Помню, як у сне, што нага марсiянiна прасунулася за ярдаў дваццаць ад маёй галавы, вязнучы ў пяску, разварочваючы яго. Пасля працяглага i пакутлiвага прамежку часу я ўбачыў, як чатыры марсiянiны пранеслi астанкi свайго калегi; яны iшлi, то ясна бачныя, то прыхаваныя павалокаю дыму, якi распаўзаўся па рацэ i лугах. Потым пацiху я пачаў усведамляць, што нейкiм цудам не загiнуў.

XIII

СУСТРЭЧА СА СВЯТАРОМ

Адчуўшы на сабе так нечакана сiлу зямной зброi, марсiяне адступiлi на свае пачатковыя пазiцыi на Хорселскай пустцы; яны спяшалiся вынесцi астанкi свайго разарванага снарадамi калегi i таму не звярталi ўвагi на такiх бездапаможных беглякоў, як я. Калi б яны кiнулi яго i рушылi далей, то не сустрэлi б на сваiм шляху нiякага супрацiўлення, акрамя некалькiх батарэяў пушак-дванаццацiфунтовак, i, безумоўна, дасягнулi б Лондана раней, чым туды дайшла чутка пра iх наблiжэнне. Iх нашэсце было б такiм жа нечаканым, смертаносным i страшным, як землетрасенне, у вынiку якога сто гадоў назад быў разбураны Лiсабон.

Дарэчы, iм не трэба было спяшацца. З мiжпланетнай прасторы кожныя дваццаць чатыры гадзiны, дастаўляючы iм падмацаванне, падаў цылiндр. Мiж тым ваенныя i марскiя ўлады рыхтавалiся з лiхаманкавай паспешлiвасцю, зразумеўшы нарэшце страшную сiлу працiўнiка. Штохвiлiнна ўстанаўлiвалi новыя пушкi. Да змяркання з кожнага куста, з кожнай прыгараднай дачы блiз Кiнгстана i Рычманда ўжо тырчала чорнае пушачнае жарало. На ўсёй выпаленай i спустошанай прасторы ў дваццаць квадратных мiляў вакол лагера марсiянаў на Хорселскай пустцы, сярод папялiшчаў i развалiн, пад чорнымi, абгарэлымi астаткамi соснаў, поўзалi самаадданыя разведчыкi з гелiёграфамi, гатовыя тут жа папярэдзiць артылерыю аб наблiжэннi марсiянаў. Але марсiяне зразумелi сiлу нашай артылерыi i нябеспеку ад блiзкасцi з людзьмi; кожны, хто разыкнуў бы падысцi да аднаго з цылiндраў блiжэй, чым за мiлю, заплацiў бы жыццём.

Вiдаць, гiганты, патрацiлi дзённыя гадзiны на перавозку грузу другога i трэцяга цылiндраў - другi ўпаў каля Адлстона на пляцоўку для гульнi ў гольф, трэцi каля Пiрфарда - блiз ямы на Хорселскай пустцы. Узвышаючыся над пачарнелым верасам i разбуранымi будынкамi, на варце стаяў адзiн марсiянiн, астатнiя ж спусцiлiся са сваiх баявых машын у яму. Яны старанна працавалi да позняй ночы; з ямы вырывалiся клубы густога зялёнага дыму, якi быў бачны з узгоркаў Мероў i нават, як кажуць, з Бенстэда i Эпсома.

Пакуль марсiяне рыхтавалiся да новай вылазкi, а чалавецтва збiралася даць iм адпор, я з вялiкай цяжкасцю i мучэннямi прабiраўся ад дымных пажарышчаў Уэйбрыджа да Лондана.

Убачыўшы на вадзе ўнiз па цячэнню пустую лодку, я скiнуў частку свайго прамоклага адзення, падплыў да яе i такiм чынам выбраўся з раёна разбурэнняў. Вёслаў не было, я стараўся грэбсцi абпаленымi рукамi i паволi наблiжаўся да Голiфорда i Ўолтана, баязлiва азiраючыся па зразумелых прычынах. Я выбраў водны шлях, бо на вадзе лягчэй было выратавацца пры выпадку сустрэчы з гiгантамi.

Вада, якая закiпела пры падзеннi марсiянiна, выпаралася, i таму амаль на працягу мiлi абодва берагi былi ахутаны параю.

Мiж iншым, адзiн раз мне пашанцавала разгледзець чорныя фiгуркi людзей, якiя беглi лугамi прэч ад Уэйбрыджа. Голiфорд здаваўся вымерлым, гарэла некалькi прыбярэжных дамоў. Непрывычна было бачыць пад гарачым блакiтным небам спакойнае i бязлюднае паселiшча, над якiм узляталi языкi полымя i клубiўся дым. Першы раз бачыў я пажар без мiтуслiвага натоўпу. Сухi чарот на водмелi дымiўся i ўспыхваў; i агонь паволi падбiраўся да стагоў сена, што стаялi воддаль.

Доўга я плыў па цячэннi, стомлены i змардаваны ўсiм перажытым. Нават на вадзе было вельмi горача. Але страх адольваў стомленасць, i я зноў пачаў грэбсцi рукамi. Сонца пякло маю аголеную спiну. Калi за паваротам паказаўся Ўолтанскi мост, лiхаманка i слабасць пераадолелi страх; я прычалiў на водмелi Мiдлсэкса i ў поўнай непрытомнасцi ўпаў на траву. Сонца паказвала на пяць гадзiн. Потым я падняўся, прайшоў з паўмiлi, нiкога не сустрэўшы, i зноў улёгся ў цяньку пад дрэвамi. Помню, я гаварыў сам з сабою ўслых, як ачмурэлы. Мяне мучыла смага, i шкадаваў я, што не напiўся на рэчцы. Я чамусьцi злаваўся на сваю жонку; мяне вельмi раздражняла, што я нiяк не мог дабрацца да Лезерхэда.

Не помню, як паявiўся святар, - магчыма, я задрамаў. Я ўбачыў, што ён сядзiць побач са мною ў запэцканай сажаю кашулi. Падняўшы ўверх гладка выбрыты твар, ён пiльна, глядзеў на бледныя водблiскi, што прабягалi па небе. Яно было ўслана баранчыкамi - лёгкiмi пушыстымi аблокамi, крышку падфарбаванымi летнiм заходам сонца.

Я прыўзняўся, i ён павярнуўся да мяне.

- У вас ёсць вада? - спытаў ён.

З хвiлiну мы маўчалi, разглядаючы адзiн аднаго. Вераемна, я здаўся яму дзiўным: амаль голы - на мне былi толькi прамоклыя наскрозь штаны i шкарпэткi, - чырвоныя ад апёкаў, з тварам i шыяй, чорнымi ад дыму. У яго быў выгляд слабавольнага чалавека: нiзкi лоб, вялiкiя блакiтныя вочы глядзелi ўважлiва i сумна.

Ён гаварыў адрывiста, гледзячы ў прастору.

- Што адбываецца? - спытаў ён. - Што азначае ўсё гэта?

Я паглядзеў на яго i нiчога не адказаў.

Ён выпрастаў белую тонкую руку i загаварыў, як у жалобе:

- Як гэта магло здарыцца? Чым мы саграшылi? Я скончыў ранiшнюю службу i прагульваўся па дарозе, каб асвяжыць галаву i падрыхтавацца да пропаведзi, i раптам - агонь, землетрасенне, смерць! Садом i Гамора! Прапала ўся наша праца, уся праца... Хто такiя гэтыя марсiяне?

- А хто такiя мы самi? - адказаў я, адкашлiваючыся.

Ён абхапiў рукамi каленi i зноў павярнуўся да мяне. З паўхвiлiны ён моўчкi глядзеў на мяне.

- Я прагульваўся па дарозе, каб асвяжыць галаву, - паўтарыў ён. - I раптам - агонь, землетрасенне, смерць!

Ён змоўк; падбародак яго ледзь не дакранаўся да каленяў.

Потым зноў загаварыў, размахваючы рукою:

- Уся праца... усе нядзельныя школы... У чым мы вiнаватыя? У чым вiнаваты Ўэйбрыдж? Усё знiкла, усё разбурана. Царква! Мы толькi тры гады назад яе занава адбудавалi. I вось яна знiкла, выцерта з твару зямлi! За што?

Новая паўза, i зноў ён загаварыў, як звар'яцелы.

- Дым ад гэтага пажарышча будзе вечна ўзносiцца да неба! - усклiкнуў ён.

Яго вочы блiснулi, тонкi палец паказваў на Ўэйбрыдж.

Я пачаў здагадвацца, што гэта псiхiчнахворы. Страшная трагедыя, сведкам якой ён стаў (вiдаць, яго выратавалi ногi, ён уцёк з Уэйбрыджа), давяла яго да вар'яцтва.

- Далёка адсюль да Санбэры? - спытаў я па-дзелавому.