• 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • »

Падвечар таго самага дня, калi напоеныя вадою зямля i дрэвы ў цiшынi грэлiся пад сонцам, прыйшоў да Хомчыка старшы групы, якая працавала з коньмi на полi.

Хомчык толькi што вярнуўся ад коней з лесу i прысеў ля Аксенi, якая рыхтавала агуркi да засолу.

- Ну, Хомчык, канец, брат, нашай рабоце, - сказаў старшы, смуглявы чорнавалосы данскi казак Кавягiн. - Так мы i ваяваць забудзем, адвучымся...

Аксеня глянула знiзу ўверх на Кавягiна i апусцiла галаву.

- Хадзi, брат, сюды на хвiлiну, штосьцi табе скажу, - паклiкаў Кавягiн Хомчыка.

Яны адышлiся аж на дарожку пад слiўкi i некаторы час аб нечым гутарылi.

Аксеня час ад часу паглядала ў той бок. Трывога адбiлася ў яе на твары, i рукi ўжо неяк неахвотна гарнулiся да працы.

Кавягiн развiтаўся з Хомчыкам i спешна адышоў.

- Iду па конi, Аксеня! - сказаў Хомчык, падыходзячы. - Зараз жа трэба ехаць у лагер. Такi загад камандавання.

Аксеня зiрнула на падворак i маўчала, апусцiўшы вочы. Урэшце знайшлася на словы:

- Ну што ж... Вайна, саколiк... Нiчога не зробiш.

Хомчык адчуваў, што адбывалася ў яе ў душы. Бачыў, як яна змагаецца з наплывам пачуццяў. Яму зрабiлася неймаверна шкада гэтай цудоўнай жанчыны. Сеў, абняў яе, цiха i моцна прыгарнуўшы да сябе, пацалаваў...

- Не тужы, Аксеня... - цiха прамовiў ён i, ускочыўшы з месца, накiраваўся ў лес.

Аксеня выцерла слёзы фартухом i пайшла ў хату.

...Конi стаялi запрэжаныя. Аксеня клала на воз мяшок i торбы: быў там хлеб, сала, сушаны сыр, дзве змены бялiзны i нават клубочак нiтак з iголкай.

Праводзiла яго праз увесь сасоннiк аж да канца. Пры развiтаннi спыталася:

- Няўжо ж такi нiколi не заглянеш? Хiба куды ад'едзеце адгэтуль?

- Добра яшчэ не ведаю. Здаецца, што ад'едзем, дарагая. Але гэта ненадоўга. Сюды потым усё роўна вернемся. Чуваць нешта пра блакаду, Аксеня... Але яшчэ добра не ведаю...

- Забяры мяне з сабою. Чаго мне цяпер жыць адной?

Хомчык падумаў: "Цяжка гэта..."

- Пагавару з камандзiрам... Бывай, дарагая, не тужы. Я заўтра пастараюся падскочыць да цябе.

Аксеня iшла назад праз сасоннiк, i крыху блыталiся яе ногi. Не чула шуму птушак, якiм абгалошваўся абмыты дажджом сасоннiк. Калi яна апынулася на сваiм падворку, упершыню адчула цяжар адзiноцтва. I бяроза, i груша, i хатка - усё глядзела на яе цiхiм сумным вокам. Яна ўвайшла ў хату, упала галавою на падушку i заплакала.

Назаўтра быў ветраны дзень. Вялiкiя хмары плылi адна за другою i часам закрывалi сонца. Хомчык прыехаў да Аксенi пасля абеду верхам. Спяшаўся, нават не хацеў паесцi, але Аксiня ўпрасiла. Сама яна выглядала прыбiтай, зхварэлай.

- Цяпер, дарагая, i не ведаю, калi да цябе вярнуся, - сказаў Хомчык, развiтваючыся з Аксеняй. - Сiла вялiкая немцаў iдзе на блакаду, аж сорак чатыры тысячы. Будзем разбiвацца на дробныя групы i манеўраваць... Трэба насельнiцтва падрыхтаваць, каб закопвала ў зямлю сваё дабро. I ты зрабi тое самае. Старайся схавацца, каб немцы не забiлi... Яны будуць палiць вёскi... Трэба, каб усе ведалi аб гэтым.

Аксеня тулiлася да грудзей Хомчыка i казала:

- Вазьмi мяне з сабою...

- Не тужы... Сустрэнемся... Я цябе не забуду. - I, тулячы апошнi раз Аксеню да сябе, ён прыклаў свае вусны да яе вуха i шапнуў: - Не забудзь, дарагая, што я табе казаў учора... Глядзi, не губi... Радзi...

Яна прыпала тварам Хомчыку да грудзей i слухала яго сэрца.

- Яшчэ раз кажу, не забудзь. Я вярнуся... - сказаў ён перад тым, як ускочыць на каня.

Конь з месца паплыў па дарожцы мiж вiшань i слiвак шырокаю, плаўнаю рыссю... Яго праводзiў засмучаны позiрк Аксенi.

1947 г.