Валерка быў на год старэйшы ад сябрукоў i ўз'яднаўся з iмi ў нашым 5-м "А" класе, засеўшы з чатырма двойкамi на другi год. Ён прынёс з сабой яшчэ адну мянушку невядомага паходжання - Дагестанец. Магчыма, яна мела сувязь з Валеркавай смуглявасцю i ягонымi цыганскiмi вачыма. Першая мянушка лiчылася больш фамiльярнай i прызначалася для ўнутранага карыстання сярод "гусей", астатнiя ж, каб пазбегнуць непрыемнасцяў, мусiлi называць Валерку Дагестанцам. (Цяпер я вазьму рэванш, мянуючы яго выключна Окаркам.)

Окарак адразу заняў у тройцы "гусей" месца верхавода. Тут прычынiлiся i ягоная гiтара, i блатныя песенькi, i тое, што ён застаўся на другi год ужо зацятым курцом. Дадам, што гэта быў самы прыгожы хлопчык у класе i, калi ў нас пачалiся вечарынкi, якiя тады звалiся "блакiтнымi агеньчыкамi", дзяўчынкi станавiлiся ў чаргу, каб запрасiць Окарка на "белы" танец, тым больш, ён не таптаўся па нагах, а добра танцаваў нават вальс, што так i застаўся для мяне недасяжнаю вяршыняй.

Хлапчукi пабойвалiся Окарка i старалiся ў блiзкiя стасункi з iм не ўваходзiць. Што да мяне, дык я люта ненавiдзеў яго яшчэ з тых вакацыяў, як пасля трэцяга класа ўпершыню трапiў у пiянерскi летнiк.

Летнiк мясцiўся пад Полацкам у школе-iнтэрнаце, адкуль выхаванцы раз'язджалiся да восенi па хатах. Хто не меў куды ехаць, заставаўся i не прызнаваў анiякiх правiлаў, ва ўсiм даводзячы ўласную гаспадарскую зверхнасць. Валерку Акаркова яны прынялi за свайго, i якраз яму была даручаная экзекуцыя над намi, калi наш наймалодшы атрад павялi мыцца. Уварваўшыся з дзiкiм гiканнем у душавую, гаспадары перакрылi гарачую ваду, сагналi нас у кут, i Окарак з двух шлангаў з насалодаю хвастаў наш спалоханы збой ледзянымi струменямi. Некаторыя хлопчыкi не вытрымлiвалi i плакалi, а я трываў з апошнiх сiлаў i, калоцячыся ад холаду, успамiнаў аповед настаўнiцы, як фашысты ў мароз палiвалi са шлангаў на двары канцлагера савецкага генерала Карбышава. Нiбыта зазiрнуўшы ў мае думкi, хтосьцi выгукнуў слова "фашысты", i мы падхапiлi: "Фашысты! Фашысты!" За гэта iнтэрнатаўская хеўра прыцягнула з распранальнi i вымачыла да нiткi яшчэ i ўсё нашае адзенне.

З гадамi забавы Окарка i ягоных "гусей" рабiлiся ўсё больш рызыкоўнымi i часам набывалi крымiнальнае адценне. Згадваць такiя драбнiцы, як вытрасеныя з чужых кiшэняў у час урока фiзкультуры капейкi на булачку або вынесены Окаркам з кнiгарнi "Светач" за пазухай томiк навелаў О'Генры, нават няёмка. У сёмым класе "гусi" абчысцiлi аптэчны шапiк. Тым разам чародны iнстынкт чамусьцi не спрацаваў: не патрапляючы падзялiць украдзеныя 56 рублёў пароўну, тройца ўсчала ў начным пад'ездзе бойку i была на месцы ўзятая мiлiцэйскiм патрулём.

У восьмым класе нас паслалi ў калгас на бульбу. Там "гусi" зноў вызначылiся. Iх каларытнае трыо - шыракаплечы бамбiза Гарачоў, цыганiсты Окарак i шпiнгалет Байцоў - дружна заняло самыя далёкiя ад учотчыка разагнаныя камбайнам барозны i выканала норму сабраных вёдзер удвая хутчэй за астатнiх. Сакрэт гэткiх дасягненняў праз пару дзён быў раскрыты: кожны з "гусей" выпiлаваў з фанеры да свайго вядра другое дно.

У тым самым восьмым класе маладзенькая i схiльная без дай прычыны аблiвацца малiнавай чырванню настаўнiца гiсторыi атрымала на ўроку цыдулку з прапановаю спаткацца ўвечары на школьным гарышчы. Каб у яе не заставалася непатрэбных пытанняў наконт мэт сустрэчы, запрашэнне суправаджалася некалькiмi малюнкамi. Праведзенае класным кiраўнiком расследаванне не дало анiякiх вынiкаў, калi не лiчыць прысланы настаўнiцы праз пошту лiст з абяцаннем зашыць "пiську" i адрэзаць "сiськi". Я не ўяўляў, што можна было ў нашай гiстарыхi адрэзаць, аднак не сумняваўся: тут замяшаны Окарак.

Сюжэт з гарышчам i сiськамi скончыўся тым, што ў нас з'явiўся новы гiсторык. Аднаго разу ён прыйшоў на ўрок з незашпiленым прарэхам, а аднойчы, калi мы праходзiлi Вялiкую французскую рэвалюцыю, знячэўку пачаў апавядаць пра блакаду Ленiнграда: як там елi людзей i як ягоная сям'я выжыла толькi таму, што бабуля працавала ў Смольным прыбiральшчыцай i ёй дазвалялi забiраць са сталоў i сметнiц надкусаныя лусцiкi з iкрой, скрылiкi вэнджанай кiлбасы, цестачкi ды iншыя абкамаўскiя недаедкi. Гэтаму немагчыма было даць веры, але наш настаўнiк, сеўшы за стол, заплакаў, размазваючы кулакамi слёзы, i мы, здагадаўшыся, што ён п'яны, амаль паверылi ў неверагоднае. А неўзабаве гiсторыка - за п'янства цi за такiя ўспамiны - выгналi са школы, i ён уладкаваўся грузчыкам у прадуктовай краме насупраць, дзе канчаткова спiўся.

Але пры чым тут Юрка Весялоў? - можаце запытацца вы.

А пры тым, што i ён прыехаў у Полацак з Гусь-Хрустальнага, аднак быў памiж сваiмi супляменнiкамi сапраўднай белай варонай.

Дзеля пачатку адзначу, што, у адрозненне ад iншых "гусей", бацькi не вызвалiлi яго ад беларускай мовы. Атрымаць вызваленне ў тыя часы было гэтаксама проста, як купiць у летамцы порцыю малочнага марозiва за дзевяць капеек: адны нарадзiлiся ў сем'ях вайскоўцаў; другiя - у прыгарадных вёсках, ды чамусьцi ў дакументах пiсалiся расейцамi; трэцiя лiчылiся беларусамi, але, на думку бацькоў, так моцна стамлялiся на iншых уроках, што на беларускую мову ўжо не мелi нiякае змогi. У нашым класе з трыццацi вучняў мову вывучалi ўсяго восем чалавек i сярод iх - Юрка Весялоў, якi доўга не мог асвоiць "ў" i старанна вымаўляў "кавнер" i "наставнiк".

За прысутнасць на ўроках мовы Окарак i кампанiя пагардлiва ахрысцiлi Юрку "колхозником". Гэта была не адзiная прычына нялюбасцi. Калi "гусi" падбiралi ключы да аптэкi i дзялiлi на траiх 56 рублёў, Весялоў чытаў Конан Дойла i Праспера Мерымэ. Мiж iншым, ён, Юрка, як i я, меў да Окарка даўнi рахунак, i мне здаецца, што тады, у летнiку, пад ледзяной вадою са шлангаў першы закрычаў "фашысты!" менавiта ён.

Я не скажу, што мы з iм сябравалi. Адбiўшыся з самага пачатку ад "гусiнае" чарады, Юрка не прыстаў i да нiводнага з нашых хаўрусаў. Вiдаць, ён не надта i рваўся да кагосьцi далучацца, бо атрымаў характар тыповага iндывiдуалiста. Калi, углядаючыся ў мiнулае, я хачу ўбачыць гэтага высокага танклявага падлетка з акуратнай фрызураю-"канадкай" i тонкiмi, быццам сплеценымi з адных жылаў, моцнымi рукамi, на якiх ён з дзiвоснай лёгкасцю падымаўся па канаце пад самую столь спартовае залi, побач з iм нiколi нiкога няма. Да дзевятага класа, пакуль у нас не з'явiлася Ларыса Жылкiна, Юрка i за партаю сядзеў адзiн. I ўсё ж бясконца трымацца ў такiм узросце аднаму проста немагчыма, бо можна ўрэшце з'ехаць з глузду.