Орлов Владимир (2)
Рэквiем па нясьвiскiм сале (на белорусском языке)
Уладзiмiр Арлоў
Рэквiем па нясьвiскiм сале
Адам Мiцкевiч страшэнна (яшчэ больш, чым Гётэ - сабакаў i часныку) не любiў гарадоў, не пазначаных на мапах. Гораду, куды ты едзеш, нялюбасьць аўтара "Дзядоў" нiколi не пагражала.
Гэты горад - Кракаў.
Калiсьцi за кухлем кракаўскага пiва адзiн твой знаёмы выпускнiк тамтэйшага ўнiвэрсытэту разважаў пра тое, што "понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя..."
Цяпер у Кракаве жыве твой знаёмы рэжысэр Кшыштаф, якi паставiў у вас у Менску спэктакаль пра вар'ята й манашку i, калi захопленая публiка запатрабавала яго на сцэну, выйшаў басанож, бо нiколi не дазваляў сабе зьневажаць сцэну чаравiкамi.
Яшчэ ў Кракаве жыве беларускi гiсторык Алег, якi знайшоў там магiлу Алеся Гаруна.
Табе здаецца, што ў Кракаве ўсе людзi такiя, як Алег i Кшыштаф. Але тры пляшкi нашай новай сувэрэннай гарэлкi "Белая Русь" (адна законная й дзьве кантрабандныя), што ляжаць у цябе ў валiзе, ты вып'еш не са сваiмi знаёмымi. Ты зусiм ня будзеш iх пiць.
Ты ня будзеш пiць "Белую Русь", бо ў Кракаве ёсьць Мар'яцкi касьцёл. Некалi татарская страла зрэзала зь ягонае вежы дазорцу, што затрубiў, каб папярэдзiць места пра варожы напад. На памятку пра гэта на вежы штогадзiны граюць трубачы-гейналiстыя.
Упершыню за 600 гадоў яны маўчалi тае начы, калi на вежу залез беларускi пiсьменьнiк Уладзiмер Караткевiч.
Ты спадзяесься, што сярод гейналiстых i сёньня няма непiтушчых. Гэтым разам пад акампанемэнт храпу гейналiстых начны Кракаў (з тае прычыны, што гiмну ў Рэспублiкi Беларусi дасюль няма) пачуе, як "Саўка ды Грышка ладзiлi дуду".
Магчыма, гэта здарыцца ўжо заўтра.
А пакуль ваш аўтобус пад'яжджае да памежнага берасьцейскага пераходу за Варшаўскiм мостам. У вас у кiшэнях ляжаць запрашэньнi на сэмiнар па гiсторыi Рэчы Паспалiтай, факсы й камандыровачныя пасьведчаньнi...
Гейналiстым ужо, напэўна, сьнiцца Беларусь... Аўтобус закалыхвае, i вакол цябе таксама тчэцца вопрадзень сьненьня. Ад думак пра сярэднявечнага гейналiстага ў сон лезуць раскосыя твары, якiя чамусьцi просяць даляраў...
Таргануўшыся, аўтобус спыняецца, i ты адплюшчваеш вочы. За вакном гараць у цемрыве вогнiшчы, нешта булькоча ў задымленых саганах, бегаюць па смуглявых аблiччах агнёвыя водсьветы. На мяжы явы й сьненьня табе здаецца, што ты глядзiш сон далей, што гэта йдуць на Кракаў праз Варшаўскi мост татара-мангольскiя захопнiкi.
Праўда, немаведама чаму татары гамоняць па-расейску й нецьвярозымi галасамi пяюць задушэўныя расейскiя песьнi пра "ой, мороз-мороз". Прыемнае каляратурнае сапрана каля суседняга вогнiшча выводзiць:
А вот намедни на крючок поймал русалку.
Я это помню, это было, как вчера.
Крючок я бросил, бросил леску, бросил палку,
А что словил? Да только три пера.
Як на сон, дык гучыць занадта саўкова, i ты прачынаесься.
Ад Варшаўскага мосту, губляючыся ў бяззорнай цямрэчы, цягнецца бясконцая гiрлянда агнёў. Сонныя гейналiстыя трывожна пераварочваюцца на другi бок, а ты змагаесься зь нядобрымi прадчуваньнямi й таксама клiчаш на дапамогу Марфэя.
Там, у сьне, памiж аўтобусамi шнуруюць баскакi. Да хвастоў iхнiх калматых конiкаў прывязаныя берасьцейскiя аўтамабiльныя нумары, а на гнедых бакох выведзена: "Милиция". З машынай-мiргалкаю наперадзе ў бок мяжы паважна праходзiць караван сланоў i вярблюдаў, i за кадрам хтосьцi тлумачыць, што гэта адбывае з афiцыйным вiзытам спадар прэм'ер...
Ранiцою ты ачынаесься пасярод голага поля. У рэдкiм туманцы ў далечыню ад застаўленай аўтобусамi да самага далягляду шашы брыдуць ланцужкi людзей. Вiдовiшча нагадвае кадры ваенных кiнафiльмаў: партызаны iдуць з заданьнем на "жалезку". Нават няўзброеным вокам вiдаць, што й бяз ранiшнiх дывэрсантаў поле замiнiравана так надзейна, што нiякай арганiкi яму да XXI стагодзьдзя не спатрэбiцца.
У адрозьненьне ад уторкнутых берасьцейскiмi дойлiдамi ў сьмярдзючыя лужыны трох "шпакоўняў" (плюс адна калёнка з вадою) на шэсьць кiлямэтраў аўтачаргi, сьмецьцевых бачкоў у нашай незалежнай краiне пакуль што хапае.
Бачкi ледзь не штохвiлiны правяраюць абходчыкi зь ёмiстымi торбамi. У аднаго на торбе партрэт Мiхаiла Сяргеевiча з падмаляванымi гiтлераўскiмi вусiкамi, у другога - лёзунг: "СССР - оплот мира". Часам памiж абходчыкамi ўсчынаецца двубой за пустую пляшку.
Значна спакайнейшая й выгаднейшая iншая прымежная прафэсiя - гандаль месцам у чарзе. Адзiн аўтобус каштуе сто рублёў, а аўтобусаў тут недзе пад паўтысячы. За дзень мытнiкi прапускаюць штук трыццаць-сорак. Кажуць, што праблему здымаюць 500 "зялёных", але ў вас iх ненашмат болей, чым "фанэрных" ва ўдавы фiлiпiнскага прэзыдэнта Маркаса.
Таму вы мiтусiцеся паблiзу шлягбаўма са сваiмi паперамi, а кучаравы капiтан з прозьвiшчам цi то Гурок, цi то Бурак, зазiрнуўшы ў iх адным вокам, пагардлiва кiдае:
- Пущай сам Шушкевич придет и мне скажет, тада пропущу.
Ягоны калега, зрабiўшы страшныя вочы, абяцае, што ўсё адно будзе правяраць "щацильна".
Каля шлягбаўма гамуе аўтобус зь дзявочай зборнаю па нейкiм спорце. Пакуль трэнэр вядзе перамовы з начальствам, юныя спартоўкi просяцца ў паставога:
- Товарищ милиционер, пропустите. У нас соревнования. Нам завтра вечером на помост в Париже выходить.
- Знаем мы ваши соревнования, - мiралюбна адгукаецца "товарищ милиционер". - Трахаться едете с французами за даляры. Будете с нами за рубли - тада пропустим.
Пэрспэктыва пакаштаваць нясьвiскага сала з чырвонай праслойкаю й пачуць адну з вэрсiяў утварэньня колеравай гамы нашага сьцягу робiцца для кракаўскiх гейналiстых усё больш туманнаю.
Ваш апанаваны апошнiмi надзеямi аўтобус бярэ курс на Берасьце - шукаць справядлiвасьцi ў высокiх кабiнэтах. Надпiс на ўезьдзе ў горад папярэджвае: "Народы СССР - едины". Мяркуючы па аўтобусных нумарох у чарзе за мяжу й па агульнай эканамiчнай прасторы прымежнага поля, па якiм не адважыцца прайсьцi басанож нават твой знаёмы серабранкаўскi п'янтос Камiнтэрн, - лёзунг кажа шчырую праўду.
Беларускае мовы на берасьцейскiх вулках i ў берасьцейскiх кабiнэтах людзi цi то ня хочуць разумець, цi то сапраўды не разумеюць.
- Так вы, ребята, к нам из Белоруссии приехали? - з ухмылкаю пытаецца абласны начальннк. - Как у вас в Белоруссии погода?..