I наконт пажару праўда. Калi ў Герцыковiчаў згарэла палова дому, iм папрыносiлi з усiх Рабочых вулiцаў столькi рэчаў, што стары Залман быў проста шчаслiвы i хвалiўся, быццам у адбудаванай дамоўцы цешыцца са сваёй Сiмай не на двух, як да пажару, а ажно на чатырох ложках.

Яшчэ адна Сiма - Сiмачка Музыкант, дачка iнспектара гарана, жыла побач з намi ў завулку з глыбокай лужынай, у якую глядзелiся цераз плот падвязаныя сiнiмi стужкамi мальвы. Смуглявая, з глыбокiм малiнавым румянкам i зялёнымi мiндалевымi вачыма, Сiма надоўга заняла месца ў маiх эратычных фантазiях i самотных забавах. I дагэтуль, перачытваючы "Найвышэйшую песню Саламонаву", я бачу кранутыя лёгкiм загарам Сiмiны ножкi - палевыя з блакiтнымi жылкамi.

Так, варта было выйсцi з дому, прабегчы сотню крокаў, i ты як быццам трапляў у iншую краiну - з яе моваю, з яе аблiччамi i iмёнамi, нязвыклымi звычаямi i стравамi.

Неадменнаю часткаю гэтай краiны, над якой дзьмулi далёкiя гарачыя вятры, быў дзядзька Грыша Цымерман, што сядзеў на лавачцы каля дагледжанага, пафарбаванага ў тэракотавы колер дамка i задуменна глядзеў выцвiлымi лавандавымi вачыма на стогадовую таполю.

Удзень бацька Вовы Цымермана працаваў шаўцом у будцы каля першай у Полацку крамы самаабслугоўвання. Увечары, перш чым выйсцi са свайго прапахлага скураю i клеем закутка, каб паглядзець на таполю, ён таксама працаваў шаўцом. Асаблiва захапляла мяне тое, як па-цыркавому спрытна дзядзька Грыша выплёўваў з рота маленькiя цвiчкi i адным снайперскiм ударам заганяў iх у належнае месца. На вайне ён служыў у артылерыi, атрымаў кантузiю, i кожны год, на схiле лета, яго апаноўвала замарачэнне. Ён рабiўся гаваркi, апавядаў, як выпiваў з маршалам Жукавым i бачыўся на перадавой з самiм Сталiным, а разышоўшыся, пачынаў выгукваць артылерыйскiя каманды. Тады дзядзьку забiралi на месяц за Дзвiну, дзе ў колiшнiх мурах братоў-бернардзiнаў месцiлася вар'ятня. Хворых лекавалi там не толькi медыкаментамi, але i псiхатэрапiяй. Напрыклад, калi медыкам спатрэбiлася цэгла, бабiнец кляштарнага сабора разабралi, а косткi з пахаванняў пад iм раскiдалi проста пад нагамi ў пацыентаў.

Пасля лекаў дзядзька Грыша да наступнага жнiўня губляў усю ваяўнiчасць, рабiўся цiхмяны ды лагодны i штовечар займаў звычную пазiцыю насупраць таполi. Ягоныя адносiны з гэтым дрэвам прыводзяць мне на памяць пачуццi, што звязвалi палкоўнiка Аўрэлiяна Буэндыя з каштанам, уткнуўшыся ў якi лбом герой Маркеса назаўсёды развiтаўся з нашым светам.

Калi ў гады "развiтога сацыялiзму" дамы, лавачкi i гародчыкi на Рабочых вулiцах пазносiлi, а таполю спляжылi i, прычапiўшы тросам да бульдозера, кудысьцi адвалаклi, Цымерманы атрымалi кватэру ў дзевяцiпавярховiку побач з iхнiм былым падворкам. Дзядзька Грыша штовечар уладкоўваўся каля вакна на пятым паверсе i да цёмнага глядзеў у той бок, дзе некалi шамацела лiстотаю ягоная таполя. Думаю, у тыя хвiлiны ён па-ранейшаму сядзеў на выслiзганай азадкамi лавачцы пры цёплай тэракотавай сцяне. У новай кватэры нiхто ўжо не пачуў ад яго нi ўспамiнаў пра Жукава, нi артылерыйскiх камандаў. Не дачакаўшыся жнiўня, дзядзька Грыша аднойчы адчынiў вакно.

Але я забягаю наперад. Да вакна, праз якое Воваў бацька задуменна ступiў у любы яму зруйнаваны свет, яшчэ заставалася палова дзяцiнства.

Мы пераходзiлi з класа ў клас, пачыналi чытаць братоў Стругацкiх i Брэдберы, пiсаць любоўныя цыдулкi i цiскаць iхнiх адрасатак у школьным гардэробе. Мне падабалася поўненькая аднакласнiца Поля Кругляк. У шостым класе я колькi разоў падводзiў яе дахаты i прапаноўваў "дружить". Поля чырванела, апускала вочы i, картавячы "р", цiха казала, што яна згодная толькi на сур'ёзныя адносiны. Я не ведаў, што такое сур'ёзныя адносiны, i маркотна пазiраў услед поўным Полiным нагам, падобным да лiтровых малочных бутэлек.

Да Сiмачкi Музыкант Полi было, безумоўна, далёка, аднак Сiма з бацькамi ўжо з'ехала ў Iзраiль. Выправiлася на гiстарычную радзiму i шмат iншых суседзяў. З'ехалi Шэфы з сынам Iллюшам, маiм аднагодкам, што меў не надта, вiдаць, зручную для iзраiльскага грамадзянiна мянушку з нейкiм арабскiм прысмакам - Мустафа Ягло-Ягло. З'ехалi Кацнельсоны са сваiм Мiшам, мянушка ў якога (прышчэпленая, дарэчы, Фiмам-забойцам) была шматкроць даўжэйшая, велягурысцейшая i дзiўнейшая - Мабута Чомба Лэя Пiнзя Скавародкiн.

"Жиды редеют, а ряды жидеют", - са злосцю зацятага антысемiта казаў школьны ваенрук Iван Кiрылавiч, што на занятках па грамадзянскай абароне вучыў нас з малалецтва карыстацца супрацьгазам, якi аднойчы назваў таямнiчым словам "гандон". Я не разумеў ягонае злосцi. Мне было шкада аднакласнiкаў, што назаўсёды знiкалi з майго жыцця разам з мянушкамi, бацькамi, брацiкамi i сястрычкамi. У шостым класе афiцыйных габрэяў у нас засталося ўсяго трое Поля Кругляк, Марк Альтбрэгiн, якому я пякуча зайздросцiў, бо ў яго дома было ажно два тэлевiзары, i Бора Гасiль.

Бору я не зайздросцiў. Выконваючы пiянерскае даручэнне, я падцягваў яго па матэматыцы.

Падцягванне Боры адбывалася даволi цiкава. Мы займалiся на кухнi, дзе плаваў настоены пах смажанай цыбулi, за сталом, засланым белаю цыратай у блакiтныя краткi. Трэба сказаць, што з маiх тлумачэнняў Бора нiколi нiчога не разумеў дый не iмкнуўся зразумець, а ўвесь час прапаноўваў згуляць у настольны футбол. Ён працягваў вучыцца па матэматыцы на стабiльны дваяк, але я ўпарта прыходзiў да Боры зноў i зноў. Апрача масляных плямаў на сшытках для практыкаванняў, я заўсёды нёс у кiшэнi жменю дарагiх цукерак кшталту "Мишка на севере", атрыманых ад Боравай мацi ў якасцi незаслужанага ганарару. Плюс гульня ў настольны футбол. Плюс кучаравая Борава сястра Фiрка, якая хвалявала маё сэрца не меней за Полю Кругляк.

Пад час нашых заняткаў Фiра зазвычай уладкоўвалася побач на зэдлiку i ела мяне пукатымi авечымi вачыма, пакуль я не збiваўся i не заблытваўся ў лiчбах. Заўважыўшы гэта, яна дарыла мне задаволеную ўсмешку i, трасянуўшы кудзеркамi, выплывала з кухнi, падкрэслена круцячы клубамi i пакiдаючы ва ўсёй маёй iстоце саладкавую гарачую млявасць. У тыя хвiлi ўваччу неадчэпна стаяў малюнак з нядаўняе мiнуласцi, калi я вучыўся ў чацвёртым класе, а Фiра - у трэцiм. Пакiнуты на другi год пяцiкласнiк Вася Шуйскi прапанаваў Фiрцы за марозiва схадзiць з iм у зараснiкi лопуху за канавай i паказаць, што ў яе пад трусiкамi. Калi Фiра вярнулася, тое самае, але ўжо за пяцьдзесят капеек прапанаваў ёй Васькаў прыяцель Валерка Акаркоў, i яна зноў згадзiлася. Кажуць, што потым, на зямлi продкаў, Фiра пачала з масажнага кабiнета, вельмi хутка пайшла ўгору i цяпер кiруе велiзарнай сеткаю гэткiх кабiнетаў па ўсёй краiне, у што я, успамiнаючы тую дзiцячую кухонную млявасць, ахвотна веру.