Абмежаванае кола наведнiкаў было яшчэ адной бясспрэчнай вартасцю кавярнi. Туды забрыдаў выпiць каля стойкi сто грамаў выпадковы прахожы, магла забурыцца гурма крутаплечых хлапцоў са стрыжанымi патылiцамi, што не прасiлi, а з ходу давалi бармену загад налiць кожнаму па поўнай каньяку i гучна загаворвалi пра Хрыпатага, якому ўключылi лiчыльнiк. Але большую частку клiентаў, асаблiва ўвечары, складала iншая публiка, у якой вылучалiся заўсёднiкi. Яны мелi традыцыйныя месцы, прыкметна нервавалiся, пакуль iх столiкi былi занятыя, i неадкладна перасаджвалiся, калi тыя вызвалялiся. З шэраговых клiентаў яны ператваралiся ў iндывiдуальнасцi, i таму я лёгка магу аднавiць аблiччы i паводзiны кожнага: i чалавека з вiльготнымi рукамi, якi называў сябе алмазаздабытчыкам, i глуханямых, i мiлiцыянта, якога не разумела жонка, i парачкi лесбiянак...
З каго б ты хацела пачаць?
Чаму не, няхай будзе мiлiцыянт, пагатоў у цесным свеце кавярнi ён успрымаўся прыкладна так, як сабачае вуха на месцы аднаго з пялёсткаў вялiзнага рамонка з палатна паслядоўнiка Далi.
Мiлiцыянт заяўляўся недзе каля восьмай. Ён прыходзiў у цывiльным, але ўсе ведалi, што ён - мiлiцыянт i што яго завуць Пеця, бо выпiтыя сам-насам з сабою "законныя" сто грамаў каньяку ўмомант рабiлi яго гаваркiм, i, замовiўшы бутэльку шампанскага i крыху лiкёру, ён падсаджваўся за чужы столiк. Лiкёрам ён зрэдку мог пачаставаць суседку, а шампанскае, усё да кроплi, выпiваў сам.
Рысы ягонага гладка выгаленага твару нiхто не назваў бы непрыемнымi, ды яны iснавалi незалежна адна ад адной i, як на прамежкавых стадыях стварэння фотаробата злачынцы, нiяк не хацелi спалучацца: смелы разрэз вачэй пярэчыў мяккаму падбародку, а выразны нос не спадзяваўся дасягнуць гармонii з па-жаночаму маленькiм ротам.
Улюбёным слаўцом ягонага лексiкону была, як ты памятаеш, "жопа". Па "жопе" ён страляў з табельнай зброi, калi парушальнiк кiдаўся наўцёкi. Па "жопе" лупцаваў службовай папругаю сына-двоечнiка. Iншага слова не знаходзiлася i для жонкi, якой не дадзена было спасцiгнуць тайнiцу ягонае душы. Аднак гэты балбатун чамусьцi не шукаў сабе сабутэльнiкаў у форме, а ўпарта iшоў сюды, у кавярню, якую, на вялiкае наша здзiўленне, нi разу не абазваў сваiм запаветным словам, а часам, перад адыходам да жонкi, абсалютна не абразлiва, нават пяшчотна называў "гадзючнiкам". Нягледзячы на тое, што з iм было цiкава пагаварыць не больш за адзiн раз, мiлiцыянт заняў на палубе прызначанае яму месца, i без яго агульная мазаiка рызыкавала б рассыпацца - так адсутнасць коскi здатная разбурыць самы дасканалы сказ.
Я сказаў: "на палубе". Гэты выраз належаў алмазаздабытчыку i мог ускосна сведчыць, што той зарабляў на жыццё i на сваiх жанчын не толькi пошукам алмазаў у якуцкай вечнай мерзлаце, але i насамрэч хадзiў у мора. У такiм разе захоўваць на палубе раўнавагу ў штармавую непагадзь яму, з ягонымi двума метрамi, было, вiдаць, няпроста. Але гэты адносны недахоп кампенсавала атлетычная постаць i моцныя доўгiя рукi, чый энергiчны поцiск, аднак, нязменна выклiкаў прыступ гiдлiвасцi: слiзкавата-вiльготная далонь нараджала адчуванне, што ў руку ўсунулi жабу-рапуху.
Як выглядае, жанчыны пакутуюць ад гiдлiвасцi значна меней. Лысая галава-яйка таксама не была прыкметнай перашкодаю на шляху да жаночых сэрцаў, тым больш яе гаспадар сачыў за сабой, ходзячы ў модных гарнiтурах i не забываючы пра парфуму. У выбары жанчын ён не любiў паўтарэнняў i кожны раз прыводзiў з сабой новую. Прыгажуняў сярод iх мы не заўважалi, але i страхотлiвых стварэнняў, па-мойму, нiколi не траплялася.
Быў зарэгiстраваны выпадак, калi ён, пакiнуўшы кавярню з адной спадарожнiцай, перад закрыццём пасадзiў за столiк iншую, а сам, нефанабэрлiва падмiргнуўшы мне, весела гукнуў бармена: "Гэй, на палубе!"
"Цыган дома не крадзе", - чуў я некалi ад бабулi. Алмазаздабытчык быў падобны да цыгана, як я - на далай-ламу, аднак бабулiны словы мелi да ягоных паводзiнаў несумнеўнае дачыненне. Ён не зрабiў i кволай спробы хоць раз завязаць размову з якой-небудзь самастойнай наведнiцай кавярнi. Да ўсiх iх, асаблiва да тых, чые твары былi яму знаёмыя з ранейшых вiзiтаў, ён ставiўся падкрэслена ветлiва, але нават без намёку на мужчынскую ўвагу.
Выключэнне складала парачка лесбiянак, што кiдала нашаму лавеласу выклiк ужо самiм фактам iснавання жаночых iстотаў, якiя ўмелi абыходзiцца без лысых, вусатых, барадатых i ўсiх астатнiх прадстаўнiкоў iншае паловы чалавецтва. Натыкнуўшыся позiркам на лесбiянак, уладальнiк галавы-яйка не мог схаваць калючай уквеленасцi i спяшаўся запiць яе глытком каньяку. Напрошвалася думка, што ён знойдзе падтрымку ў мiлiцыянта, ды той успрымаў жаночую парачку якраз надзвычай талерантна i толькi часам мройлiва мармытаў сабе пад нос: "Вось бы з дзвюма адразу, бля".
Лесбiянак мы сустракалi ў свой кожны прыход, з чаго вынiкала, што гэтыя бландзiнкi - танклявая, з нервовым артыстычным тварам, у якiм падтэксту было болей, чым самога тэксту, i крышачку паўнейшая, з выдатна прамаляванай постаццю i шырока расплюшчанымi даверлiвымi шэрымi вачыма - бывалi ў кавярнi ледзьве не штодня. Нас вабiў iхнi загадкавы свет, аб якiм дазвалялi адно здагадвацца скупыя вонкавыя праявы: пераплеценыя на стальнiцы пальцы; раптоўныя, па-птушынаму лёгкiя пацалункi, якiмi танклявая зрэдзьчас адорвала сяброўку; тонкiя залатыя пярсцёнкi, якiя абедзьве насiлi на правай руцэ.
Алкаголь уздзейнiчаў на iх па-рознаму. Танклявая пачынала безупынна смалiць цыгарэты, яе твар змрачнеў, i на яго клаўся цень драпежлiвасцi. Аднаго разу яна спалатнела, нiбыта з яе выпусцiлi палову крывi, i, задыхаючыся, кiнула каханцы колькi фразаў, а потым так упiлася ёй вострымi малiнавымi пазногцiкамi ў тыльны бок далонi, што шэравокая гучна ўскрыкнула ад болю. Мы вырашылi, што назiраем сцэну рэўнасцi, i, не абмяжоўваючыся канстатацыяй, паспрабавалi ўнiкнуць у сiтуацыю глыбей. Памятаеш, нас займала пытанне: здатныя лесбiянкi раўнаваць да мужчын цi гэта ў iх сiстэме каштоўнасцяў нявартая ўвагi драбнiца накшталт дожджычку за вакном?
Скульптар-керамiст Коля не паспеў набраць той сумы балаў, якая дала б яму права перайсцi ў разрад заўсёднiкаў. Ягоная рэдкая для трыццацi з гакам гадоў светлая бародка над жураўлiнай шыяй, дзе матляўся вузел нясвежай стракатай касынкi, аздобiла iнтэр'ер кавярнi ўсяго двойчы.