• 1
  • 2
  • »

Мы пайшлi вiльготнай ад расы дарогай у камуну.

- У нас дзесяцiна жыта дала сто дзесяць пудоў! Табе дзiўна? Так!.. Так!.. - усхвалявана i з захапленнем казала яна мне. - Сто дзесяць пудоў! Гэта факт. Можа, гэта таму, што на полi ў нас трактар працуе, што мы сеем пратручаным i ачышчаным збожжам, а можа, i таму, што мы, камунары, любiм працаваць. У нас нiхто не згуляе анiводнае хвiлiны... Вельмi ж не хочацца згубiць аўтарытэт, калi на цябе, на тваю працу глядзяць сотнi сялянскiх вачэй...

Я моўчкi яе слухаў i ў думках меркаваў аб тым, што акрамя вялiкай ахвоты да працы трэба яшчэ i аўладаць нейкай такой сiлай, якая прымусiць нашу бедную зямлю радзiць так, як родзiць яна, нязрэзаная высокiмi рубцамi-межамi, на абшарах жыдоўскай камуны.

- Саня!.. - нечакана парушыў я кароткую маўчанку. - Ты мiлая... слаўная дзяўчына... Цябе за тваю працу любiць усё наша ваколiчнае сялянства... Я ў захапленнi ад цябе... Я хачу быць з табою разам... Назаўсёды...

Яна нахiнулася да мяне так, што чорныя стужкi яе валасоў дакранулiся майго гарачага твару.

Ухапiла маю руку i сцiснула.

- Пераходзь да нас... Iдзi, мы прымем!..

- Вось толькi бацька! - знячэўку вырвалася ў мяне думка.

Бацька мой з самага пачатку закладкi камуны скрыгаў на яе зубамi. Ведаў я, што ў хаце нашай будуць буры.

1929 г.