Па просьбе крыжакоў князь збудаваў iм на гары левага берага Вiслы замак, названы Фогельзангам. У гэтым замку засела крыжацкая залога i баранiлася ад прусаў. Можна сказаць, гэты "птушыны спеў" (так перакладаецца з нямецкай мовы назва замка) стаў пачаткам пераможнай песнi крыжакоў над прускiмi абсягамi. Фогельзанг выканаў ролю ордэнскага плацдарма ў Прусах. Хохмайстар прыслаў падмацаванне з некалькiх рыцараў i сотнi конных. Рыцары былi надзеленыя пасадамi кiраўнiкоў новай правiнцыi (якой фактычна яшчэ не было). Галоўным сярод iх быў Герман Балк з тытулам намеснiка Прусii. З iм прыбылi прызначаныя ў новую правiнцыю маршал, комтур, дамавы комтур (камендант замка), шпiтальнiк. Напаўненне намiнальных пасадаў рэальным зместам залежала ад самiх рыцараў. Яны з запалам рынулiся "ў справу", гэта значыць у бойку, бо акрамя вайны iншых сродкаў не ведалi. Герман Балк адразу пачаў будаваць новы замак над Вiслай i назваў яго Няшава.

Конрад Мазавецкi прывiлеем у чэрвенi 1230 г. аддаў ордэну на вечныя часы Хэлмiнскую зямлю з рэкамi Дрвенцай i Мокрай i ўсё, што будзе здабыта ў Прусii. Адзiным абавязкам крыжакоў было змаганне супраць прусаў, пакуль тыя не прымуць хрысцiянства. Iмператар i папа зацвердзiлi гэтае наданне. Рымскi папа аб'явiў крыжовы паход супраць прусаў, яго ўдзельнiкам адпускалiся грахi нароўнi з крыжакамi, якiя хадзiлi ваяваць за Святую зямлю.

Забяспечыўшы сабе "прававую" падставу для заваёвы зямлi, жыхароў якой забылiся спытаць аб iх жаданнях, рыцары пачалi дзейнiчаць.

У 1231 г. Герман Балк з невялiкiм войскам на лодках перабраўся цераз Вiслу i дайшоў да аднаго з прускiх свяцiлiшчаў. Там стаяў дуб, якому пакланялiся мясцовыя жыхары. Крыжакi ўмацавалi гэтае месца - акружылi яго валамi i равамi, павесiлi на дубе сваю харугву i адбiвалiся ад насядаўшых прусаў, якiя iмкнулiся адагнаць чужынцаў ад святынi. Праз нейкi час на гэтым месцы быў закладзены замак i горад Торунь.

У хуткiм часе Герман Балк з дапамогай прыбыўшых з Эўропы крыжакоў выгнаў прусаў з усёй Хэлмiнскай зямлi. На месцы спаленага прускага гарадзiшча збудаваў горад Хэлмна, прызначыўшы яго на сталiцу Прусii. У 1234 г. аб'яднанае войска ордэна, Конрада Мазавецкага, сiлезскага князя Генрыка Барадатага, паморскага князя Святаполка, вялiкапольскага Ўладзiслава нанеслi прусам цяжкую паразу на рацэ Дзежгонь (Сiргуна). Пачалi будавацца новыя крыжацкiя замкi. 1237 год - Эльбланг, 1239 - Балга i г.д. Ордэн павольна прасоўваўся ўздоўж Вiслы, Нагаты, затым Вiслянскага залiва, каб не губляць воднай сувязi з базамi на Хэлмiнскай зямлi.

Так закладалiся асновы ордэнскай дзяржавы ў Прусii. Заваёвы новых земляў ажыццяўлялiся па простай i надзейнай схеме. На мяжы тэрыторыi, прызначанай для захопу, будаваўся замак, якi выкарыстоўваўся як апорны пункт для войска. Затым на адлегласцi 15-30 км углыб варожай зямлi (адзiн дзень дарогi) закладваўся новы замак i гэтак далей. Так стваралася сетка, якая з часам пакрыла ўсю Прусiю. У ХIII ст. крыжакi яшчэ не ставiлi шмат мураваных замкаў, бо не хапала сродкаў. Звычайна рабiлi ўмацаваннi з двух паралельных сценаў з ляжачых бярвенняў. Прамежак памiж iмi запаўнялi каменнямi i глiнай. Зверху адсыпалi вал з глiны i будавалi драўляныя вежы. Мураваныя замкi пачалi пашырацца пазней, у XIV ст. Вакол замка праводзiлi роў з вадой, праз яго да брамы вёў мост. Тэўтонскi ордэн прыняў нарманска-сiцылiйскi тып замкаў: квадрат з вежамi ў чатырох кутах. У ХIII ст. будавалiся i нерэгулярныя замкi з адной - дзвюма вежамi цi акрамя кутнiх мелася вежа i над брамай. Там, дзе быў поўны канвент, узводзiўся ўласна замак з будынкамi па ўсяму перыметру сценаў i падзамча за мурамi са стайнямi, iншымi гаспадарчымi пабудовамi. Там, дзе не набiралася поўнага канвента i кiраваў не комтур, а войт або пракуратар, замак меў адзiн цi два корпусы каля сценаў. На замку заўсёды была каплiца i агульная сталоўка. Звычайна яны размяшчалiся на другiм паверсе. Першы паверх займалi збраёўня, сядлярня, жыллё абслугi, кладоўка. Нiжэй былi скляпеннi. Комтур жыў на другiм паверсе. Пад дахам знахозiўся абарончы ярус з байнiцамi.

Прусiю наведваў хохмайстар Герман фон Зальца. Гэты чалавек справу рабiў заўсёды грунтоўна. Былi прыдуманыя меры для заваблiвання сюды каланiстаў, у першую чаргу нямецкiх. Для гэтага новым гарадам i жыхарам надавалiся ўсялякiя iльготы i прывiлеi. Гарады Хэлмна i Торунь атрымалi самакiраванне па магдэбургскаму праву. Была арганiзавана вайсковая служба на феадальнай аснове. Той, хто атрымлiваў у лен ад ордэна пэўную колькасць зямлi i iншую маёмасць, павiнны быў па заклiку станавiцца ў войска ў поўнай зброi i самае меншае з двума збраяносцамi. Хохмайстар загадаў бiць у Хэлмне манету з найчысцейшага срэбра.

Вялiкую дапамогу ў заваёве Прусii Тэўтонскаму ордэну давалi крыжакi з Эўропы, галоўным чынам з Германii, а таксама польскiя князi. Толькi па гэтай прычыне заваёва адбывалася так хутка.

Наступiла чарга iншых вобласцяў: Вармii, Натангii i Бартыi. У крыжакоў здаралiся i няўдачы. Пад час адной з выпраў у 1237 г. у Вармii залога прускага гарадзiшча Балга амаль цалкам знiшчыла ордэнскi атрад. Аднак крыжакi хутка адпомсцiлi - захапiлi Балгу i выразалi ўсiх, хто там быў. Прусы абклалi ў гэтым гарадзiшчы ландмайстра Балка з яго войскам i той выратаваўся толькi дзякуючы нечаканай падмозе крыжакоў з Германii. У хуткiм часе жыхароў Вармii, Натангii, Бартыi прымусiлi скарыцца i прыняць каталiцкую веру. Каб замацаваць перамогу, спешна будавалiся замкi: Кройцбург у Натангii, Бартэнштайн, Рэзель, Вiсемберг у Бартыi, Брунзберг i Хейлзберг у Вармii. Тутэйшыя землi падзялiлi памiж нямецкiмi шляхцiцамi, якiя далi згоду пасялiцца ў Прусii на аснове леннай службы. Мясцовых жыхароў старалiся па-ўсякаму зняволiць, маладых людзей пасылалi ў Германiю, дзе з iх выхоўвалi прапаведнiкаў хрысцiянства.

У 1237 г. да Тэўтонскага ордэна ўлiўся ордэн рыцараў Хрыста, якiх па выяве мяча на плашчы звалi яшчэ мечаносцамi. Гэтае рыцарскае аб'яднанне больш вядома як Лiвонскi ордэн. Мечаносцы перажывалi цяжкiя часы. Ваюючы з русiнамi, лiвамi, курамi, эстамi, семiгаламi, яны пастаянна канфлiктавалi яшчэ з рыжскiм архiбiскупам. Ордэн мечаносцаў займаў у Лiвонii даволi сцiплае месца - з усiх заваяваных земляў ён атрымлiваў толькi трэцюю частку, а мясцовыя бiскупствы дзве астатнiя. Аб'яднаннем з Тэўтонскiм ордэнам рыцары Хрыста спадзявалiся паправiць свае справы. Цяжкая параза ад лiцвiнаў у 1236 г. (тады загiнуў магiстр мечаносцаў) паскорыла аб'яднанне. Лiвонскiм правiнцыйным магiстрам (ландмайстрам) быў прызначаны нястомны заваёўнiк Прусii Герман Балк. Нейкi час ён заставаўся i прускiм ландмайстрам.