- Так, - сказаў Дару. - Ну i куды гэта вы кiруеце?

Бальдучы выцягнуў вусы са шклянкi:

- Сюды, сынку..

- Вось дык вучнi! Будзеце тут начаваць?

- Не. Я зараз вяртаюся ў Эль-Амёр. А ты даставiш таварыша ў Тынгiт. Там яго чакаюць у акруговым судзе.

Бальдучы глядзеў на Дару з лёгкай сяброўскай усмешкай.

- Ты што гэта надумаў? - сказаў настаўнiк. - Ты часам не кпiш з мяне?

- Не, сынку. Такi загад.

- Загад? Ды я ж не... - Дару запнуўся, ён не хацеў пакрыўдзiць старога карсiканца. - Урэшце, гэта не мой абавязак.

- Гэх! Ну дык што з таго? На вайне даводзiцца выконваць усе абавязкi.

- Тады я пачакаю, пакуль аб'явяць вайну.

Бальдучы пакiваў галавой.

- Добра. Але загад ёсць загад, i цябе ён датычыцца таксама. Яны, здаецца, пачынаюць варушыцца. Ходзяць чуткi, што неўзабаве будзе паўстанне. Так што ўсе мы, можна лiчыць, мабiлiзаваныя.

У Дару быў па-ранейшаму ўпарты выгляд.

- Слухай, сынку, - сказаў Бальдучы, - ты мне вельмi падабаешся, але ж ты разумей. Нас у Эль-Амёры нейкi тузiн, а вартаваць мы павiнны па ўсёй акрузе. Мне трэба вярнуцца. Мне сказалi даверыць гэтага шалахвоста табе i адразу вяртацца. Мы не маглi яго трымаць у сябе. Яны там, у ягонай вёсцы, пачалi хвалявацца i хацелi яго ў нас адбiць. Таму ты заўтра ж павiнен завесцi яго ў Тынгiт. Што такому асiлку, як ты, нейкiя дваццаць кiламетраў. А потым вернешся, i будуць у цябе зноў твае вучнi i спакойнае жыццё.

Было чуваць, як за сцяной пырхае i стукае капытамi конь. Дару глядзеў праз акно. Надвор'е прыкметна лепшала, па заснежаным узгор'i разлiвалася святло. Калi ўвесь снег растане, сонца запануе зноў i будзе гэтак жа палiць каменныя прасторы. I зноў дзень за днём спякотнае неба будзе сляпiць задушлiвым святлом самотны абшар, дзе нiчога не нагадвае пра iснаванне чалавека.

- Слухай, - сказаў настаўнiк i павярнуўся да Бальдучы, - а што ён такое зрабiў? - I раней, чым жандар разявiў рот, запытаўся: - Ён гаворыць па-французску?

- Не, нiводнага слова. Мы шукалi яго больш за месяц, але ён хаваўся. Гэты шчанюк забiў свайго стрыечнага брата.

- Ён супраць нас?

- Не думаю. Але хто iх ведае...

- За што ж ён забiў?

- Крэўныя справы, па-мойму. Здаецца, адзiн быў вiнаваты другому зерня. Але гэта яшчэ не пэўна. Карацей, зарэзаў свайго брата, як авечку, ведаеш - так, нажом: ш-шах!..

Бальдучы зрабiў рух, нiбы праводзiць сабе лязом па горле, i гэта прыцягнула ўвагу араба, якi з трывогай зiрнуў на жандара. I раптам Дару апанаваў гнеў, ён ненавiдзеў гэтага араба, ён ненавiдзеў усiх людзей за iх агiдную злосць, за iх неспатольную лютасць, за iх прагу крывi.

Але на печы ў гатавальнiку зашумела вада. Дару налiў Бальдучы яшчэ шклянку, потым нерашуча спынiўся, гледзячы на араба, але налiў гарбаты i яму. Той пачаў пiць з ранейшаю прагай. Калi ён узняў рукi, крыссе халата трошкi разышлося, i Дару ўбачыў яго худыя i жылаватыя грудзi.

- Дзякуй табе, хлопча, - сказаў Бальдучы. - Ну, цяпер я пабег.

Ён устаў i рушыў да араба, выцягваючы з кiшэнi матузок.

- Што ты хочаш рабiць? - суха запытаўся Дару.

Бальдучы збянтэжана паказаў вяроўку.

- Не варта.

Стары жандар нерашуча сказаў:

- Як сабе хочаш. Але, спадзяюся, у цябе ёсць зброя?

- Паляўнiчая стрэльба.

- Дзе?

- У чамадане.

- Я б табе раiў трымаць яе побач з ложкам.

- Навошта? Мне няма чаго баяцца.

- Дурны ты, сынку? Калi яны ўздымуцца, лiтасцi нiкому не будзе: для iх мы ўсе аднаго поля ягадкi.

- Я абаранюся, у мяне будзе час, каб заўважыць iх яшчэ здалёк.

Бальдучы засмяяўся, але раптам яго яшчэ белыя зубы схавалiся за шчэццю вусоў.

- У цябе будзе час? Ну-ну. Што я i кажу. Ты заўсёды быў трошкi ненармальны. За гэта я цябе i люблю, мой сын быў такi самы.

Кажучы гэта, ён выцягнуў рэвальвер i паклаў яго на стол.

- Вазьмi сабе. Каб даехаць да Эль-Амёра, мне два не спатрэбяцца.

Рэвальвер блiшчаў на чорнай фарбе стала. Бальдучы павярнуўся да настаўнiка, i той адчуў, як ад жандара тхне скурай i конскiм потам.

- Слухай, Бальдучы, - нечакана сказаў Дару, - мне агiдна ўсё гэта, i гэты твой хлопец - перш за ўсё. Але я яго не павяду. Бiцца - няхай, я згодны, калi тое спатрэбiцца. Але не гэта.

Стары жандар стаяў побач i строга глядзеў яму ў твар.

- Ты кажаш глупства, - павольна прамовiў ён. - Мне гэта таксама не падабаецца. Вязаць чалавека вяроўкай не прывыкнеш нiколi, нiякiя гады тут не дапамогуць. I часам нават робiцца сорамна, так, сорамна. Але ж нельга дазволiць iм рабiць усё, што яны хочуць.

- Я не павяду яго, - паўтарыў Дару.

- Гэта загад, сынку. Я паўтараю табе: загад.

- Я чую. Дык паўтары iм тое, што сказаў табе я: я яго не павяду.

Было вiдаць, як Бальдучы напружыўся, шукаючы слоў. Ён пазiраў то на араба, то на Дару i нарэшце вырашыў:

- Не. Я нiчога iм не скажу. Калi хочаш падкласцi нам свiнню, калi ласка, я цябе не выдам. У мяне ёсць загад даставiць арыштаванага табе, што я i зрабiў. Зараз ты мне падпiшаш паперку.

- У гэтым няма патрэбы. Я не буду адмаўляць, што ты пакiнуў араба ў мяне.

- Не крыўдуй. Я ведаю, што ты скажаш праўду. Ты ж тутэйшы, i ты сапраўдны мужчына. Але трэба падпiсаць - такое правiла.

Дару выцягнуў шуфляду, дастаў маленькую кантовую бутэлечку з фiялетавым чарнiлам, чырвоную драўляную ручку са звычайным вучнёўскiм пяром, якiм карыстаўся, каб выводзiць узоры прыгожых лiтар, i паставiў подпiс. Жандар акуратна згарнуў паперу, паклаў яе ў пулярэс i пайшоў да дзвярэй.

- Я правяду цябе, - сказаў Дару.

- Не трэба, - адмовiўся Бальдучы. - Цяпер ужо не варта паказваць сваю ветлiвасць. Ты звяважыў мяне.

Ён зiрнуў на араба, якi нерухома сядзеў на тым самым месцы, сумна ўздыхнуў i павярнуў да дзвярэй. "Бывай, сынку", - сказаў ён. Дзверы грукнулi. Бальдучы прайшоў пад акном i знiк. Снег прыглушаў яго крокi. За перагародкай павецi страпянуўся конь, заквакталi куры. Праз нейкi час Бальдучы зноў прайшоў пад акном, ведучы за лейцы каня. Ён iшоў да стромы i не азiраўся. Неўзабаве ён знiк, потым схаваўся i конь. Было чуваць, як па строме пакацiўся вялiзны камень. Дару вярнуўся да вязня. Той сядзеў па-ранейшаму нерухома, не зводзячы з настаўнiка вачэй. "Чакай", - сказаў Дару па-арабску i рушыў да пакоя. Ужо збiраючыся пераступiць цераз парог, ён перадумаў, вярнуўся да стала, узяў рэвальвер i засунуў яго ў кiшэню. Потым не азiраючыся пайшоў да сябе.