Вось вы, дарагi суайчыннiк, падумайце, якая была б шыльдачка ў вас? Маўчыце? Ну добра, адкажаце крыху пазней. А я сваю шыльдачку ведаю: двухаблiчны, чароўны Янус, i наверсе - дэвiз: "Не давярай!" А на вiзiтнай картцы: "Жан-Батыст Кляманс, камедыянт". Дарэчы, неўзабаве пасля таго вечара, пра якi я вам расказаў, я адкрыў сабе адну рэч. Развiтваючыся са сляпым, якому я дапамог перайсцi дарогу, я зняў капялюш. Вядома, сляпому гэты жэст прызначацца не мог, бо ён бы ўсё роўна яго не ўбачыў. Але каму ж тады? Публiцы! Выканаў ролю - i раскланяўся. Няблага, праўда? I яшчэ быў выпадак, таксама ў гэты час: аднаму аўтамабiлiсту, якi горача падзякаваў мне за дапамогу, я адказаў, што на маiм месцы кожны зрабiў бы iначай. Я, вядома, хацеў сказаць: нiхто не зрабiў бы iначай. Але гэтая агаворка яшчэ доўга мне кроiла сэрца. Бо ў сцiпласцi мне сапраўды не было роўных.

Аднак, калi сказаць шчыра, дарагi суайчыннiк, я заўсёды лопаўся ад самахвальства. "Я, я, я", - вось лейтматыў майго чароўнага жыцця, якi чуўся ва ўсiм, што б я нi казаў. Я не мог прамовiць i слова, каб не пахвалiцца. Але рабiў гэта з нечуванаю сцiпласцю, сакрэтам якой валодаў дасканала. Сапраўды, усё жыццё я адчуваў сябе ўсемагутным i вольным. Я лiчыў сябе вызваленым ад абавязкаў да iншых па той простай прычыне, што, на маю думку, я быў вышэйшы за iх. Мне заўсёды ўяўлялася, што я разумнейшы, я ўжо гэта казаў, але, апроч таго, я меркаваў, што я i болей чуллiвы, болей спрытны, што я высакакласны стралок, непараўнальны вадзiцель, найлепшы каханак. Нават у тых абласцях, дзе мне было лёгка выявiць сваю слабасць, напрыклад - у тэнiсе, дзе я быў не больш чым пасрэдны партнёр, я не мог перашкодзiць сваёй думцы, што, каб у мяне стала часу патрэнiравацца, я пераўзышоў бы найлепшых гульцоў. Я прызнаваў у сабе толькi свае перавагi, i гэтым тлумачылiся мае лагоднасць i дабрадушнасць. Калi ж я i займаўся справамi iншых, дык толькi з чыстай паблажлiвасцi, абсалютна дабравольна, што яшчэ больш павялiчвала мае заслугi, i я падымаўся на новую прыступку ў любвi да самога сябе.

Разам з гэтымi я адкрыў сабе некаторыя iншыя iсцiны. I ўсё гэта адбылося пасля таго вечара, пра якi я вам гаварыў. Не адразу, не, i не ўсе яны былi мне аднолькава ясныя. Спачатку мне трэба было знайсцi сваю памяць. I толькi тады ўжо, патроху, я пачаў бачыць выразней, я паступова адкрываў сабе тое, што раней ужо знаў. Дагэтуль мне дапамагала мая дзiўная здольнасць усё забываць. Я, сапраўды, забываў усё, i перш за ўсё - свае ж рашэннi. Увогуле, нiчога для мяне не мела значэння. Вайна, самагубства, жабрацтва, любоў - усяму гэтаму я, вядома, надаваў пэўнае значэнне, калi таго вымагалi абставiны, але рабiў гэта вельмi далiкатна i, як бы мовiць, павярхоўна. Часам я прыкiдваўся, нiбыта мяне зацiкавiла справа, якая зусiм не датычылася майго будзённага жыцця. Але ў глыбiнi душы я заставаўся да яе абыякавы. Выключэнне складалi хiба тыя выпадкi, калi закраналася мая свабода. Ну як бы вам сказаць? Усё слiзгала па мне. Так, слiзгала, не пакiдаючы нiякiх слядоў.

Але будзем справядлiвыя: здаралася, i мая няпамятлiвасць была вельмi пахвальнаю. Вы заўважалi, напэўна, што ёсць людзi, якiя свята вераць таму запавету, паводле якога трэба дараваць усякую крыўду, i яны сапраўды яе даруюць, але нiколi не забываюцца пра яе. Я ж быў не настолькi высокай натуры, каб дараваць, але нарэшце забываў нават сама чорныя абразы. I майго абражальнiка, якi лiчыў, што я люта яго ненавiджу, лiтаральна збiвалi з панталыку маё нечаканае прывiтанне i шчырая ўсмешка. Тады, у залежнасцi ад свайго характару, ён або захапляўся маёю шырокай душою, або пагарджаў маёй баязлiвасцю, не падазраючы, што прычына намнога прасцейшая: я не памятаў нават, як яго зваць. Такiм чынам, тая самая прыродная загана, якая рабiла мяне абыякавым i няўважлiвым да людзей, адначасова забяспечвала мне высакароднасць.

Вось так я i жыў дзень пры днi, не ведаючы нiякай iншай рэальнасцi, апроч свайго "Я". Дзень пры днi - жанчыны, дзень пры днi - велiкадушныя ўчынкi i юр, дзень пры днi - усё кулём, але кожны дзень - толькi я, надзейны вартаўнiк у сябе ж на пасту. Я слiзгаў па паверхнi жыцця, жыў на словах, калi так можна сказаць, i нiколi не апускаўся да рэальнасцi. Тыя кнiгi, што я гартаў, я амаль не чытаў, тых сяброў, з якiмi сыходзiўся, амаль не ведаў, гарадоў, у якiх пабываў, амаль не бачыў, жанчын, з якiмi я спаў, амаль не меў! Усё, што я рабiў, - я рабiў ад нуды цi дзеля забавы. Побач праходзiлi людзi, яны хацелi за мяне ўхапiцца, але iм не было за што, i гэта было няшчасце. Няшчасце для iх. Бо я - забываў. Я нiколi не помнiў нiчога, апроч самога сябе.

Але патроху памяць вярнулася да мяне. Цi не - я сам да яе вярнуўся, i я знайшоў у ёй успамiны, якiя мяне чакалi. Але раней чым расказаць вам пра гэта, дазвольце, я паведамлю яшчэ некалькi прыкладаў з таго, што я адкрыў падчас сваiх пошукаў. Я ўпэўнены, вам яны прыдадуцца.

Дык вось, аднойчы, седзячы за рулём свайго аўтамабiля, я на хвiлiну задумаўся перад зялёным сiгналам светафора. Нашы цярплiвыя суайчыннiкi адразу пачалi гудзець мне ў спiну, i раптам мне прыгадалася адно здарэнне, якое адбылося ў такiх самых абставiнах. У той дзень мяне абагнаў на матацыкле маленькi сухарлявы чалавечак у акулярах i ў нагавiцах для гульнi ў гольф. Ён спынiўся на чырвоны сiгнал i дарэмна стараўся завесцi матор, якi чамусьцi заглух. Калi запалiўся зялёны сiгнал, я папрасiў яго, са сваёю звычайнаю ветласцю, адцягнуць матацыкл трошкi ўбок, каб я мог праехаць. Чалавечак, якi ўсё яшчэ раздражнёна поркаўся са сваiм наравiстым маторам, паводле ўсiх правiлаў парыжскай галантнасцi, адказаў, што я магу кацiцца да д'ябла. Я паўтарыў сваю просьбу, па-ранейшаму ветлiва, але ўжо з пэўнай нецярплiвасцю ў голасе. Да майго ведама было адразу даведзена, што, калi мне так карцiць, мне зараз намыляць карак. У гэты момант за спiнай у мяне пачулася некалькi гудкоў. З яшчэ большай настойлiвасцю я папрасiў свайго субяседнiка быць ветлiвым i ўлiчыць, што ён замiнае руху. Тэмпераментны пан, безумоўна, раззлаваны цяпер ужо яўнай упартасцю свайго матора, паведамiў, што, калi я хачу, як ён сказаў, "зарабiць па пысе", то ён зробiць гэта з вялiкiм задавальненнем. Такое цынiчнае нахабства мяне добра ўгнявiла, i я выйшаў з машыны, каб накруцiць фанабэрыстаму грубiяну вушы. Я нiколi не лiчыў сябе за баязлiўца (але чаго толькi чалавек не ўяўляе сабе!), апроч таго, я на цэлую галаву быў вышэйшы за працiўнiка i мае бiцэпсы мяне яшчэ нiколi не падводзiлi. Я i цяпер упэўнены, што па пысе хутчэй за ўсё зарабiў бы ён, а не я. Аднак ледзь я ступiў на дарогу, як вакол нас вырас натоўп, i нейкi чалавек падбег да мяне i пачаў крычаць, што я сама апошнi нягоднiк i што ён забараняе мне бiць чалавека, якi сядзiць на матацыкле i знаходзiцца, такiм чынам, у нявыгадным становiшчы. Я павярнуўся да нязванага мушкецёра, але нават не паспеў яго разгледзець як след. Бо толькi я павярнуў галаву, як матацыкл адразу затрашчаў, i я атрымаў важкi ўдар у вуха. Раней чым я ўсвядомiў, што адбылося, матацыкл ужо знiк. Разгубiўшыся, я машынальна рушыў да д'Артаньяна, але ў гэты самы момант пачуўся сярдзiты хор гудкоў - за маiм аўтамабiлем выстраiлася доўгая чарада машын. Зноў запалiўся зялёны сiгнал. I я, яшчэ крыху збянтэжаны, замест таго каб адлупцаваць нахабнага дурня, якi так недарэчы да мяне прычапiўся, паслухмяна сеў у машыну i ад'ехаў. А дурань наўздагон абазваў мяне "нiкчэмным баязлiўцам", i гэта таксама далося мне ў знакi.