...Зашумела-загудзела ўгары, i са столi вылузаўся чорт валахаты.

- Ах, во куды ты забiўся, гэ-гэ-гэ, - раскiрачыўся ён над Сьцяпанам, сыплючы наўкола смуроднымi iскрамi. - Ну й як? Як табе сьпiцца? Маўчыш. Не жадаеш размаўляць са мною. Сказаць табе прымаўку? Скажу, паслухай: "Языком хоць i сраку лiжы, а рукам волi не давай". Га? Нядурна кiмсьцi запрыкмечанае, га? Я зараз яшчэ адну прымаўку...

- Пайшоў вон, рагаты! - крыкнуў Сьцяпан. - Пырскаеш мне ў вочы ядавiтай сьлiнаю, бадзяга!

- Добра, даражэнькi: мой клiент - мой пан! Зраблю я так, як ты загадаеш мне, - чорт адыйшоўся да бiблiятэчкi й з асалодаю пачухаўся капытцам па жываце. - Сьпiш? Змарыўся ты, дамоў не пайшоў, а я чакаў цябе на рагу Садовай. Стаяў там, выглядаў, а Сьцяпана Сумленевiча ўсё не было... Думаю сабе, куды гэта ён мог падзецца? Давай я шыбаваць па-над Беластокам, праляцеў над вакзалам раз i другi ў надзеi, што пабачу цябе ля пiўнога кiёску. Адзiн знаёмы мне праваднiк, калi я сеў на плячо яму, нараiў: "Ты, чарнамазы, у мiлiцыю або пракуратуру наведайся. Няйначай, як гэта туды твой Сумленевiчык паiмчаў шукаць апоры для праўды, мазгаўнёю ягонаю выдуманай". Так я й зрабiў: залятаю я гэта ў камiсарыят, а там, гляджу, п'янiцу валакуць за каўнер i лаюць... Гiдкае вiдовiшча! Давай я нюхаць па сяржанцкiх пакоях, але ў iх даўно прапаў пах, э, тваёй справы. Дык зьлётаў я ў пракуратуру. Вельмi, э, прыкрае пра цябе давялося мне пачуць там! Пракурор, ведаеш ты, копцiць тыя свае палавiнкi ды ходзiць з кута ў кут, пагаворваючы: "Непраўдападобнае! Усяго на сьвеце я паспытаў, але такога балвана не сустракаў у сваёй практыцы!.." Ён, як трапна ты здагадваесься, меў на ўвазе тваю асобу, дарагi Сьцяпанка, - нячысты прыгледзеўся, з кашэчай чуйнасьцю, да Сьцяпанавых рук. - Нiчога, фраер Сумленевiч, ня падай ты духам. Сторажы законнага ладу яшчэ не адзiн раз вырачаць вочы на, э, твае ўчынкi. А ты не аглядайся на iх - чаўпi сваё, гэ-гэ-гэ... Сумленевiч ня быў-бы Сумленевiчам, калi-б узяў ды раптам уцiхамiрыўся.

- Падла ты, а ня чорт!

- Гэ-гэ-гэ, дзеля таго я i ёсьць, каб людзям не падабацца. Мы, я з табою, як бы ў нечым i падобныя да сябе, э... У чым, га? О ля, я ўжо ведаю, ведаю: мяне любяць толькi некаторыя - i цябе, Сьцяпанка, таксама. Таксама, таксама... Так, ты не пярэч гэтаму. Во калi мне высьветлiлася твая загадка! Усё думаў я й думаў, э, чаму ў сьцiжме народу якраз з Сумленевiча не магу зьвесьцi вока? Ты мяне, кроўны, ужо ў свае юнацкiя гады абнадзеiў. Зьдзiўляесься? Разумею, пра дрэннае вы неахвотна памятаеце на Зямлi - але ад чаго-ж гэта мы, чэрцi! Такая наша служба. Я табе зараз прывяду на памяць выпадак, дзякуючы якому, можа, э, пасябруем мы... Было гарачае лета тысяча дзевяцьсот шэсьцьдзесят чацьвертага году. Сьцяпанка купаўся ў Супрасьлi за Васiльковам, за гэтым разбойнiцкiм мястэчкам. На беразе стаяла чарада гусей, якiя мiрна паскубвалiся. Наш малойчык - гэта было добра вiдаць з-за чорнай хмары - цiхенька падплыў да тых бязьвiнных хатнiх птушак i, намацаўшы на плыткаводзьдзi ўчарнелую дубовую крывулю, шпурнуў цяжменю ў пародзiстага гусака. Белы птах роспачна залапатаў крыламi ад нечаканага ўдару й неўзабаве сканаў, задзёршы лапкi ўгору. Тым часам наш герой, адплыўшы на прыстойную адлегласьць, зь любасьцю прыглядаўся, як чужы чалавек, выпадковы сьведка зладзеяньня, мiтусiўся ў пошуках забойцы...

- Няпраўда! - выстагнаў Сьцяпан. - Я адганяў таго гусака, каб ён не задзюбаў малых гусянятаў! I незнарокам...

- Апраўдваесься! Ты майстар на гэта, але, пакуль, э, няхай твой чорт будзе старэйшы, калi другога маеш... Возьмем iншае здарэньне. Сьцяпан Сумленевiч, вучань шаноўнага тэхнiкума, аднойчы дакладна засланiў вокны, як толькi яго мацi выйшла з дому. Калi-б гэта было ўвечары, дык я, мабыць, прасьляпiў-бы як-жа каштоўную рысачку да бiяграфii майго падапечнага... На дварэ стаяла мiготкая гарачынь? Сьлiзгануў я ў комiн, каб з попельнiка ў печы падгледзець, чым гэта хлопчык займаецца. Цюкнула мне нядобрае, i я не памылiўся: Сьцяпанка, э, замест урокаў пiсаў ананiмку клясаваму выхавальнiку, у якой ён страшыў яго, што пакончыць самагубствам, атруцiцца, калi той паставiць Марысi двойку па хiмii...

- Чорце ты, чорце! - задрыжэў ад абурэньня Сьцяпан. - Ты нават дзiцяцi не даруеш.

- Напiсанае застаецца, дарагi, э, пагаворвалi старажытныя рымляне. Рэкi маюць крынiцы свае, а людзi - дзяцiнства. Пакажы мне дзiця й хiбы ягоныя, а я прадкажу яму будучыню. Чалавек - як расьлiна, зь якой ён, дарэчы, i выйшаў: усё ягонае ў зярняцi знаходзiцца. Вырастаюць зь яго ня якасьцi, а памеры гэтых якасьцяў. Вывучай генэтыку, э, брацец...

- Я кахаў Марысю! - вывiскнуў Сьцяпан. - Кахаў яе, як толькi можа кахаць хлопец сваiм першым чыстым пачуцьцем...

- Безумоўна, безумоўна... Назавi ты мне такога, якi ня ведае, што такое першая дзяўчына. I старшыня меў першую, э, i бухгальтар, э, i член камiсii. I нiкому зь iх гэта не перашкодзiла стацца сабою - аднаму старшынёй, другому бухгальтарам, трэцяму членам камiсii. Хочаш, я складу дасье iх дзяцiнству? Хочаш?

- Не-е-э-э!!!

- Ня хочаш, э, хоць аж дрыжыш ад цiкавасьцi да гэтага. Баiсься ты, што я маю рацыю наконт цябе. Бойся, бойся... Страх, калi не ачышчае, дык прынамсi запруджвае ручаiну нечысьцi, якая ўлiваецца ў душу. Стварае ён iлюзорны ратунак. Поскудзь усё роўна разьлiваецца паводкай, якая мае тую ўласьцiвасьць, што размывае й затапляе яна ў кароткае iмгненьне...

- Я цябе паб'ю, чорце лазаты!

- Брава, брава!.. Нарэшце ты прарваўся.

- Ня муч мяне!

- Крыху пацярпi, мой ты душэўны абадранец.

- Як доўга?! - узмалiўся Сьцяпан.

- Ужо хутка будзе па ўсiм, пакутнiчак ты безгаловы. А цяпер я прапаную пяць хвiлiнаў адпачынку, - i чорт уключыў радыёпрыёмнiк, што стаяў на палiцы.

Цiха зайграла музыка, даючы блаславёны спакой. Сьцяпан услухоўваўся ў таемныя гукi, i перад яго вачыма перасоўвалiся пушчанскiя зацiшшы й квяцiстыя лугi, празрыстыя завадзi з чародкамi рыбы й пясчаныя берагi, ваколiца, замкнёная аблавай ядлоўцаў на ўзьлесьсях, i зарэчны галёп каня, што ўцякае ад паўднёвай заедзi. Спаленая лесьнiчоўка ля гасьцiнца з Букшталю ў Супрасьлю й тужлiвы профiль матчынага твару...

- Стоп! - перапынiў Сьцяпана чорт i ўдумлiва пакалупаў кiпцюром у аброслых ворсаю храпах. Ён запытаў: - Цябе, Сьцяпан, бачу я, цiкавiць сьмерць твайго бацькi? Вось, э, Сьцяпанка...