Намер пашукаць сабе iншую працу, iншае асяродзьдзе, успрымаў ён як сьвядома адкiнутую спробу самагубства, якое ўяўлялася яму як павешаньне ў пятлi, замацаванай на круку, паiржавелым, але няўломным, што ў дзяцiнстве ён бачыў у сьцяне хлеўчыка; тады чаплялi на iм зарэзаную авечку, прывезеную зь вёскi; сьвежавалi яе.

Той хлеўчык, пахiлы, у прыгарадным заплоцьцi, прэтэнцыёзна накрыты чырвонай чарапiцай, на якой узiмку навiсалi курганiкi сьнегу, надакучлiва ўспамiнаўся Сьцяпану праз усё пасяджэньне ўправы; ён правёў яго па просьбе старшынi. Не было спрэчак над пытаньнямi, якiя ён ставiў пад развагу. Намесьнiк старшынi згодлiва кiваў галавою; ён вырысоўваў на пачку запалак тлустыя выкрутасы накшталт галавы мужчыны з вусамi. Калi, быццам зосну, ужо ўставалi з-за стала, нехта сказаў, што гэтая нарада была самай кароткай. Сьцяпана зьдзiвiла не заўвага, прыхiльная яму, але радаснае значэньне выказанага.

"Нашто я згадзiўся правесьцi пасяджэньне ўправы?"

Зручным яму выйсьцем з узьнiклага становiшча было-б выехаць у адпачынак, на тыдзень i бяз Кiры. Ранiшнiм аўтобусам, сiнiм i запыленым, якi - праз дзьве гадзiны - спыняецца ў маладняку. На панадворку ён застаў-бы палахлiвую гаспадыню, небясьпечна прыгожую, пра якую чуў вельмi зласьлiвае, што яна зьяўляецца дзiцём вайны, народжаным пасьля згвалтаваньня салдатамi яе маткi... Купiўшы малака, Сьцяпан накiраваўся-б сьцяжынаю ў ягадную далiнку, за якою цямнее ў ельнiку кiмсьцi недакончаная вiла, панурае страшыдла, што нагадвае сваiм выглядам разбураную цэркаўку. Сьцяжынка даходзiць да затокi Сiвай Чаплi; кожнай затоцы тут Сьцяпан даў iмя, расьсьмяшаючы гэтым Кiру. Яна, калi сьмяецца, выглядае незвычайна панаднай. У такую хвiлiну, калi ён глядзiць на яе, усю заплаканую ад усьцешанасьцi, узнаўляецца ў ягонай памяцi франтавая стралянiна, выбухi снарадаў, шлёнская гаворка нямецкiх аўтаматчыкаў, iх закасаныя па локцi рукавы, пабiтыя савецкiя палонныя (на выгане, у лiпеньскую сьпёку), схаваныя ад марадзёраў у малiньнiку дзяўчаты ды маладзiцы, пажар на загуменьнi, вывалачаная артылерыстамi суседава дачка (здаецца, Зося), малiтвы мацярок i, па-над крыкам, жахлiвая навiна: "Не плач, матко, праз два тыднi будзем у Москаў!"

Уласна кажучы, ён штосьцi страцiў, праводзячы пасяджэньне ўправы.

- Чаго, Сьцяпанка, не разумееш?

- Мне, Кiрачка, ясна.

- Не, мой галубок, ты чагосьцi не разумееш!

- Калi мышцы добра жывецца, трэба выкiнуць яе на мароз. Схапiць за хвосьцiк - i, выбегшы зь ёю на балькон, шпурнуць у гурбу сьнегу, найлепш на вiдавоку кошкi...

- Неразумна ты жартуеш.

- Самая разумная - размова аб сьмерцi.

- Не засмучай мяне.

- Няма болей глыбокага пачуцьця, чымсьцi смутак.

- Табе нядобра са мною?

- Радасьць лiчу я тым асаблiвым няшчасьцем, якога чалавек сабе не ўсьведамляе. Таму не люблю сьмеху, бо ад яго падымаюцца мне валасы, - Сьцяпан пагладзiў палыселую галаву, памкнуўшыся такiм чынам разьвесялiць жонку; ён зайшоў задалёка.

Кiра расчынiла шафу з адзеньнем i дастала адтуль сьвiтар.

- Я павiнна зарабляць, - сказала яна.

- Грошы - апошняе, пра што можам гаварыць, Кiра, - ён чакаў, пакуль яна нацягне на сябе сьвiтар, карычневы: "Яна дрыжыць!" - Чаму ты хочаш працаваць? Баiсься за сваю квалiфiкацыю?

- Грошы ўводзяць гармонiю ў жыцьцё.

- Што ты хочаш гэтым сказаць?

- Табе няясна?

- Гарманiзацыяй жыцьця займалася дзевятнаццатае стагодзьдзе, ствараючы закончаныя тэорыi й... раманы, якiя ты, Кiрачка, з захапленьнем чытаеш. Мы, сто гадоў пасьля, ведаем, што гэта была iлюзiя. Табе ясна?

- Пачастую цябе, Сьцяпулёк, чорнай кавай. Яна праясьняе розум, - Кiра выйшла ў кухню, уключыла газавую плiту й паставiла чайнiк.

- Дзякую, Кiра. З прыемнасьцю пап'ю.

- Мiла пачуць, калi мужчына праяўляе ўдзячнасьць жанчыне, якая, гэта слушна заўважыў ты, - яшчэ не абтрэсла зь сябе шалупiньне мiнулай...

- Кiра, - ён перабiў ёй, - я не хацеў абражаць цябе.

- Я, хiба, абразiлася?

- А цi не?

- Сьцёпа, - са знарочнай упартасьцю. - Памiж намi адбыўся паядынак.

- Спадзяюся, нiхто ня выйграў...

- Так яно, сапраўды, i ёсць.

- То-ж... - паступова ён абцiхаў. Учытваўся ў забыты тыднёвiк, знаходзячы ў iм блiзкiя да праўды здагадкi. Сёе-тое цытаваў. Другi дзень запар крапаў дождж, цубанiў па блясе. Як напамiнак часу.

Перамова з Кiрай не спадабалася яму: хутчэй за ўсё iншасказальнасьцю, чымсьцi начытаным. Адкуль i ўзялося ў яе такое? Памiж iмi даўно, тады, мела месца нядобрае; яно непапраўна разьдзяляе iх. Як струменьчык вады, якi размывае гару, утвараючы спачатку раўчук, што разьдзяляе нешта напалову. У iх жыцьцi ўзьнiкала западзiна й адчувалiся павевы чужога. Сьцяпан зьбiраўся прадумаць тое здарэньне, так i не дабiўшыся ад сябе неабходнай настойлiвасьцi.

Яго займалi справы. Пастаянна ўзьнiкалi цяжкасьцi на працы; быў нават выпадак, калi ён пазванiў у высокапастаўленцкi габiнэт з просьбай аб гутарцы. Сiплы голас у тэлефоннай трубцы пазнаў Сумленевiча, i гэта зьбянтэжыла яго; вiдавочна, размаўляў з колiшнiм знаёмым, ад якога, вядома, ня мог чакаць нiчога добрага. Сумленевiчу запрапанаваў ён пазванiць яму праз тыдзень, у аўторак а дзевятай гадзiне. Не, няма сэнсу, цiха вырашыў Сьцяпан. Сутыкненьне ягонае са старшынёй прыгасла, угладзiлася, i тая тэлефонная размова асела ў Сьцяпане прыкладной прымаўкай: "Сем разоў адмерай, пакуль раз адрэжаш". Ён не захапляўся народнай мудрасьцю; ведаў зь яе сёе-тое, пераважна - бяз сувязi.

5

Да сутыкненьня Сьцяпана са старшынёю, гэта так, дайшло неяк нечакана й - з далечынi лепей вiдаць - цалкам беспатрэбна. Паспрачалiся яны памiж сабою за дробязь, пра якую абодва ўжо даўно забылiся. Не ў ёй, аднак-жа, сутнасьць падзеi. (Няма дыму без агню.) Старшыня, заслужаны й стары чалавек, доўга сядзеў на адной пасадзе. Хтосьцi першым сказаў гэта; той кучаравы член управы, якi надарэмна намагаўся ўзначалiць аддзел - дзесьцi пад Беластокам, блiзка. Ён выказаў тое, маючы на ўвазе канкрэтнае. Атрымалася з таго праўда агульнага значэньня - iначай, Сьцяпан не запамятаў-бы яе. Зрэшты, памятаецца важнае сабе. Верыцца або ня верыцца. Чытаць або слухаць пра кагосьцi, як пра доўгагадовага ды знакамiтага - што й казаць - дзiўна! Хоць - усё адноснае, падпарадкаванае адзiнкаваму, iндывiдуалiзацыi.