- Я не тваёй натуры, - адсек ён.

- Што ты маеш на ўвазе?

- Хочаш ведаць?

- Ня скажаш мне?

- Падумаю, - Сьцяпану ўсё здавалася, што ўблытваецца ён у лiшняе. I непапраўна шалёнае, у чым будзе потым шкадавацца.

- Дзякую табе за тое, што хоць у дачыненнi да мяне ты думаеш, - зьедлiва адказала яму Кiра. Гэта быў яе намёк.

Сьцяпанам панесла:

- Я не пацярплю, Кiра, твайго зазнайства, круцельства й, наогул, адносiнаў да мяне звысоку!

- Го-го, - пакiвала яна галавою, не адхiляючыся ад люстра. - Ты дасканала ахарактарызаваў сябе. Не дасьцiпна, праўда, ды затое коратка. Наступную тыраду прашу вымаўляць цiшэй - людзi сьпяць.

- Можаш мне сказаць, дзе ты была? - ён запытаў яе амаль шэптам. Яму перасохла ў горле.

- Пра тое-ж я запытала цябе, - зашаптала яна, крыўляючы яго зь неспадзяванай весялосьцю.

"Яна шчасьлiвая!" - зразумеў Сьцяпан. Ён нахiлiўся, каб разбуцца (ад запэцканых пантофляў адвальвалiся камякi гразi). З-над вушэй выцякаў у яго пот, утвараючы на барадзе кроплi.

- Я, Кiра, хадзiў на шпацыр i бачыў, як вывалiлiся тыя два на матацыклi... - ён паглядзеў на яе спадылба, ня могучы разьвязаць шнуроўку, якая безнадзейна зашмаргнулася.

- Вывалiлiся?.. Дурнi!

Гаварылi яны далей шэптам. Ды ня гэта ўразiла Сьцяпана; яна, адразу прыкмецiў ён тое, страцiла на сваёй самаўпэўненасьцi i ўзялася, зусiм бяз сэнсу, прырэзваць свае маляваныя пазногцi. I ўся яна неяк адразу стаiлася.

- Я клiкаў цябе, - махляваў Сьцяпан. - Ты ня чула мяне?

- Не-а, - Кiра ня здолела сабрацца ў сабе, пстрыкала манiкюрнай прыладаю, прыкiдваючыся ўважлiвай да робленага. - А дзе ты мяне клiкаў? - яна не падняла галавы. У яе чырванела шчака.

- Калi ты не пачула, дык рэшта няважная, - адказаў ён галасьней: "Божа мой, я суцяшаю сябе тым, што Кiра не захлусiлася? Што ёй не ўдаецца вылгацца й яна выдае сябе? У яе няма прадуманай хiтрасьцi, якая зьнiшчае пачуцьцi. Але, што здарылася?" - Кiра, скажы, ты разьлюбiла мяне? - Сьцяпану падабалася расейскае "разьлюбiла". (Мацi, часамi, сьпявала падчас сваяцкiх застольляў пад Беластокам...)

- Гэта што? - адказала Кiра. - Новы варыянт тваёй барацьбы за шчасьце? Цi мо' гэта спроба перавыхаваць жонку, якая зазналася? Шантажам! - яна падыйшла да шафы. - Адыйдзi, дай мне месца...

- Гэта спроба, Кiра, запытаць цябе, чаго ты сядзела ў домiку на агародах? - выказаў ён словы, якiх баяўся. Яна павярнулася да яго з адчайнасьцю ў вачох:

- Ах, во, што цябе мучыць... Сочыш ты за мною? - глуха крыкнула яна на яго. - Нiчога лепшага ты ня ўмееш рабiць?! Чалавек вялiкай амбiцыi, ха-ха, зважае, каб ня стацца раганосцам, ха-ха-ха... Манiфэст усекаапэратыўнай рэвалюцыi павесiў ён на цьвiчок i стрымгалоў паiмчаў за нявернай палавiнай, каб адпужаць ад яе ў поле магутнага адзiнца, што самотна рохкае ў разорах. Якi ўпадак!

- Жартуеш! - бялеў Сьцяпан.

Ён, пастрашнелы, выпрастаўся ва ўвесь рост.

- Гэта ты жартуеш, калi ня ведаеш таго, - яна падступiлася да яго ўпрытык. - Заводзiш гульню ў дабрадзея, за якую iншыя плацяць. Табе няясна, га? Ах, табе нiшто й нiколi ня будзе яснае, - Кiра раптоўна адвярнулася ад Сьцяпана й выйшла ў пакой, скiдаючы зь сябе блюзку. - Няшчасная я...

- Адну хвiлiнку, - пратэставаў Сьцяпан. - Ты, Кiра, мае справы кiнь i адказвай на пытаньнi. Чуеш?

- Што гэта значыць, твае справы й мае справы?

- З кiм ты сустракаесься?

- Хочаш запытаць: каму я яшчэ даю, апроч цябе?

- Не грубiянь...

- Ты, Сьцяпан, мае справы таксама кiнь, - яна аглянулася на яго ад атаманы. - Так будзе нам лепш.

- I гэта гаворыць мая жонка?

- Як i ты, мой муж...

- Я маю права ведаць...

- Як i я, чаму ў цябе мокрыя нагавiцы!

- Iшоў я цераз збожжа...

- Прытуляючы дзеўку да грудзей?

- Якую дзеўку?! Я... я...

- Ведаю - ты нюхаў за мною, бы чырвананосы сышчык, - сказала Кiра са спакоем. Яна расьсцiлала пасьцель.

- Ня буду я з табою спаць.

- Слушна. Другiм быць - ня гонар.

- Хто ён?

- Малады, моцны i сьвядомы сваёй мэты.

- Гэтай мэтай зьяўляесься, вядома, ты?

- Яму - так.

- А табе - ён?

- Не.

- Не?

- Не.

- Дык хто? Або - што?

- Не, хто. Ты!

- Я?

- Ага.

- Скажы мне гэта яшчэ раз, - ён зацiснуў кулакi.

- Калi ласка: ты!

- Як гэта я павiнен разумець?

- Звычайна, стасуючыся да тваёй тэрмiналёгii - зло перамагаю я... злом!

- Ты, мабыць, п'яная?

Сьцяпан нацэлiўся ўдарыць Кiру па шыi, ззаду. Перашкодзiў гэтаму воклiч цешчы: "Лягайце вы спаць! Ужо ноч сьвятая!"

- З маладым можна прахлiснуць i паўлiтра, - Сьцяпан сказаў гэта Кiры з абыякавай iронiяй. - Тады адбываецца сьмялей...

- Так?

- Пытаеш?

- У вопытнага - чаму-б не?

- Кiра, не рабi зь мяне такога, як сама ты.

- Згодна. Хоць адно з нас захавае чысьцiню.

- Я цябе не пазнаю, Кiра. - У яго галаве мацнеў шум, i, ад слабасьцi, яму падкошвалiся ногi. - Што з табою?

- Сачыў-жа - ведаеш.

- Але: чаму, чаму?

- Чаму? - яна зьняважлiва надзьмула губкi. - Бо я не жадаю стацца саламянай удавою! Не разумееш, што я ратую цябе ад змураванага яшчэ за царом беластоцкага цэнтрала? - Кiра спалохана змоўкла; энергiчна падбiла падушку, ажно пасыпалася зь яе пер'е.

- За што?!

- За абняслаўленьне старшынi ўчынiлi-б яны табе наступны суд. Сьведкi ўжо падрыхтаваныя. I дакумэнтацыя.

- Дакумэнтацыя? Якая?

- А такая, на падставе якой было-б табе даказана, што ты публiчна ганьбiш добрае ймя кiраўнiка ўстановы, трэба дадаць, узорнай установы. Сьцямiў?

- Гм, - зьдзiвiўся Сьцяпан.

Кiра расшпiлiла станiк.

- Ёсьць пiсьмовыя паказаньнi наконт таго, як ты ляпаў языком розную ерась ды неверагоднiцу пра каапэратыў i яго старшыню, актывiстаў i кiраўнiчых работнiкаў, у рэшце рэшт, i пра асобы, выконваючыя ўладу... Яны, твая сябрына, на ўсе чатыры капыты каваныя, Сьцяпан, - яна апусцiла майткi й, голая, скамандвала: - Падай мне пiжаму, я памыюся...

- Хi...

"I як цяпер цалаваць яе, адбымаць, тулiцца? Гэта-ж будзе ашуканае каханьне! Падробленае яно, бы мёд ад пчолаў, якiх круглы год кормяць нечым штучным, цукрам, - боль пранiзваў Сьцяпана, быццам пазалетась, перад вясельлем, калi, пакутуючы ад запаленьня падкосьнiцы, апынуўся ён у iнстытуце зубной хiрургii, дзе з дапамогай доўгiх шпiлек праводзiлi яму блякаду нерваў скiвiцы. Халодны боль! - А з кiм-жа яна? Божа, дай мне цярплiвасьцi! Стары гаварыў, што разводу ня будзе. Мо' й ня будзе?.. Прызналася яна аднаму мне? Я-ж кахаю яе, халеру! - Сьцяпан заплакаў нема, па-мужчынску. - Ну, Кiра фiзычна аддалася... Якая розьнiца - ва ўяўленьнi цi фiзычна? Або хiба раз я марыў пра тое, як гэта навалiцца-б на тую цi iншую прыгажуню! I, несумненна, сталася-б яно так, калi-б была на тое нагода. Так. Але з жанчынай, кажуць, iначай... У яе не бывае раздваеньня душы й цела, у ёй гэта - адзiнае. Яна, чаго добрага, гатовая спадабаць i гвалтаўнiка, калi ён праявiць невядомае ёй умельства. Гм, да чаго-ж можна дадумацца! - ён выцерся насавой хустачкай, бруднай i прапацелай. - Кiра хоча мяне, й гэта самае галоўнае. Ды чаму яна пайшла да якогасьцi мужчыны? Кажа: гэта я ратую цябе! Як? Даючы раскошу камусьцi, хто намераны спляжыць мяне? Каму, каму, каму, чорт вазьмi??!"