Сьцяпан запалiў сьвятло й пашукаў сабе кнiжку. Але не ўкладвалася яму чытаньне. I не было-ж як пайсьцi на шпацыр, праветрыцца: час ад часу чулася гаворка мацi з дачкою, у кухнi.

Кiра сама прыйшла да Сьцяпана.

- Што чытаеш? - запытала яна.

- Ня ведаю, Кiра.

- Трымаеш-жа кнiжку ў руках!

- Зараз скажу табе... - ён адгарнуў тытульны лiст у кнiжцы.

- Сьцяпан, - Кiра падыйшла блiзка да яго, але не прыхiлiла, як зазвычай, яго галаву да сваiх пругкiх грудзей. - Што ты, Сьцяпан, нарабiў?! Людзi сьмяюцца зь цябе. Скажы: ты сапраўды спалiў аўтамабiль старшынi?

- Спалiў, Кiра.

- Навошта?

- Так трэба.

- Цябе будуць судзiць за гэта!

- Я таго й чакаю.

- Суду?

- Суду, Кiра.

- Што ты зноў задумаў?

- Зьнiшчыць падлюгу.

- Значыць, каго? Старшыню?

- Ага.

- Самому трапiўшы ў суд?

- Няма iншага спосабу, Кiра.

- Зь цябе ўчыняць злачынца! Разумееш? I прысудзяць - адкупiць машыну!..

- Хто акажацца злачынцам - пабачым. А машыну, калi трэба будзе, а адкуплю.

- За сваё?

- За сваё, Кiра.

- Цi ты, Сьцяпан, хоць памятаеш, якiя ў цябе заробкi?

- Так, Кiра.

- Ты адкупiш - за iх?

- Калi трэба будзе...

Села яна ў крэсла, насупроць Сьцяпана.

- Ты ненармальны.

- Не разумееш мяне, Кiра.

- Не разумею? Як можна разумець...

Зьявiлася цешча.

- Крычы, не крычы - сталася, - загаварыла яна. - Мусова цяпер думаць нам, як бяду збыць...

Сьцяпан зноў разгарнуў кнiжку.

- А балячку, хiба, хто збыў? Прадаў яе? Узяў ды прадаў, га? - узлавалася Кiра.

- Ты гаворыш, як пра чужога, - не адступалася ад свайго цешча.

- А ён, калi вычаўпаў такое, падумаў пра мяне?

- Падумаў, не падумаў, але Сьцяпан - твой муж, дочка.

- Твой... Твой... Ах, мама, iдзеце вы разам са сваiмi павучэньнямi... Кiра вытузнула кнiжку са Сьцяпанавых рук. - Слухай ты, булава, калi да цябе гавораць! Не адзiн-жа жывеш тут!..

- А ну вас! - цешча, выцiраючы далонi аб хвартух, павярнула назад.

- Ну, - Сьцяпан трымаўся.

- Ведаеш, на каго ты падобны?

- Ведаю.

- Перастань ты дурня клеiць ды йдзi да старшынi, чуеш? Прасi яго - мо' прабачыць табе, адпусьцiцца...

- Прасiць гэтага лайдака - не ў маiм пляне.

- Тады - што?

- Я-ж табе, Кiра, казаў...

- Не, я ўтаплюся ад гэткай размовы!

- Кiра, калi-б старшыня ўмеў думаць, дык ён сам не дапусьцiў-бы да суда. Ён павiнен дасканала прадчуваць тое, куды я хiлю. Ня выключана, што ён ужо бегае, куды трэба... - Сьцяпан закурыў. - Але - дудкi, запозна: я быў у мiлiцыi!

- Што?!

- Зараз яму не выкруцiцца ад сьледзтва.

- Ты прызнаўся?..

- Гэта вельмi важнае, Кiра: стварыць падставу.

- На сваю галаву?

- Дакладней - на яго.

- Вар'ят ты! Палесьцiнец! - Кiра захадзiла па пакоi. - Ну, капцы ўсяму...

- Кiра! Як табе гэта вытлумачыць? - ён паклаў кнiжку на палiцу. - Факт скандалу сьведчыць не ў карысьць нашага высока пастаўленага праныры. Праўда, я захулiганiў, але чаму? Якiя прычыны склалiся на тое? I я раскажу пра iх на судзе. Публiчна, гэта табе не на нарадзе... З маленечкага зробiцца вялiкае! Прападу я, але й ён прападзе. З той розьнiцай, што ён правалiцца на нечым значна, беспараўнальна, большым, Кiра.

- Паважаны Сьцяпан Сумленевiч, - iранiчна скрывiла яна губкi. - Па-першае, як я ўжо неаднаразова гаварыла табе, зьяўляешся ты жывым экспанатам наiўнасьцi, надзвычай каштоўным сваёй рэдкасьцю ў нашу захiрэлую эпоху, i таму, адразу, падлягаеш квалiфiкацыi ў музэй. Па-другое, ты вiнаваты ў акце тэрору ў дачыненьнi да iншай асобы, што ня зможа апраўдаць нiякая, нават сусьветная, матывацыя. Па-трэцяе, гэта акампраметуе цябе, прынамсi, на пэрыяд аднаго пакаленьня кiраўнiкоў грамадзкага жыцьця, у якiх прозьвiшчу Сумленевiча будзе спадарожнiчаць даданы сказ: "А, гэта той дурань, якi калiсьцi спалiў аўта, ну, таго..." Па-чацьвертае, ашчасьлiвiш ты наступнага праныру, якому, мабыць, i абрыдла чакаць нагоды заняць месца старшынi. Па-пятае, у каапэратыве нiчога ня зьменiцца ад твайго рэвалюцыйнага ўчынку. Браток, цароў стралялi, а iмпэрыя нi трошкi не пахiснулася...

- Усё?

- У васноўным - усё.

- Калi-б паверыць табе, Кiра, дык дзеяньне чалавека павiнна быць накiраванае безумоўна на асабiстую карысьць. Не пратэстуй, бо iншай высновы са сказанага табою, звычайна, ня можа быць. Страчваньне сiлаў дзеля агульнай...

- Ты ахвяроўваеш сваю будучыню й будучыню жонкi на алтар грамадзкасьцi, прыгожа кажучы.

- Не бачу я ў гэтым нiчога сьмешнага.

- I я. З другога боку.

- Свайго.

- Невядома, хто з нас абаiх чысьцейшы эгаiст, Сьцяпан...

- Што, Кiра, маеш на ўвазе?

- Тваё "я".

- Ах, во яно як!

- Прытым, куды гэта падзелася Сумленевiчава перамаганьне зла дабром, га? Ды, наогул, адно ты гаворыш, а другое робiш. Дзiця, выдатнiк па тэорыi й двоечнiк па практыцы, анархiст, вулiчны, камiчны ў задуманым... Жыцьцё не пажартуе з табою! Крымiнальная служба падлiчыць твае векапомныя зьдзяйсьненьнi. Будзе рогату ў судзе, калi абвiнавачаны Сумленевiч пачне растлумачваць, што ён спалiў прыватнае аўта свайго шэфа, каб выкрыць яго нядобрасумленнасьць. Заплача публiка ад рагатаньня! Сэнсацыйны мэтад зьнiшчаньня камбiнатараў: спальваньне iх маёмасьцi. Стварайце брыгады сумленных падпальшчыкаў уласнасьцi людзей, у адрас якiх iснуюць маральныя закiды! Толькi справядлiвыя сядзяць у турмах! Сьвет - зварухнiся! Прачнiся!..

- Выйдзi, Кiра!

20

На працы, здавалася, нават стары бухгальтар паказаў спагадлiвасьць да Сьцяпана, не настойваючы на тэрмiновае афармленьне iм разьлiкаў у расходваньнi каапэратыўнымi аддзеламi будаўнiчых матэрыялаў, прызначаных на пабудову асабнякоў у Петрашоўскiм квартале ды ў Бельску й Саколцы.

Сакратарка падала Сьцяпану справаздачу камiсii, чысьценька перапiсаную. "Няўжо забыўся ён перахапiць крамолу?!" - падумаў Сьцяпан пра старшыню й падпiсаўся на ўсiх пяцi экзэмплярах, быццам спадзеючыся, што вось-вось расчыняцца дзьверы й зьявiцца ў iх ён, каб парваць на дробненькiя кавалачкi гэты нязручны яму дакумант.

Сумленевiч пазванiў членам камiсii, каб i яны падпiсалi. На жаль, нiкога зь iх ён не застаў на месцы: двух знаходзiлася ў каманьдзiроўцы, а трэцi хварэў.

"Пачнем ад хворага, якi, ёсьць надзея, пра нiшто яшчэ ня ведае", - Сьцяпан хутка сабраўся ў горад.

Ля пераходу цераз вулiцу, побач рэстарану "Гродна" мурашыўся людзкi натоўп. Прычэпа ад грузавiка, нахiленая, стаяла на тратуары, бокам падняўшы колы на сьцяну, бы вялiзны сабака. Мiлiцыянты мералi. Бамбiза ў юхтавых ботах пужнуў адурэлага ад вiдавоку крывi ката зь вiхрастай поўсьцю; хтосьцi загiнуў ля газону. Грузавiк-жа з галавастаю шафёркаю вiнавата чакаў, загарадзiўшы замурзаным сваiм тулавам дарогу машынам, якiя, спадцiшка, сыгналiлi й аб'яжджалi завалу Юравецкай. Праходжыя выцягвалi шыi, каб угледзець, як i дзе нехта крычаў аб чымсьцi да кагосьцi... Шайка вучняў з тлусьценькiмi мордачкамi, разявiўшыся, наглядала за замяшаньнем; адзiн зь iх, непаваротлiва, фатаграфаваў.