ТРЫ ТРУПЫ Ў ВАСКОВЫМ МУЗЕI.

Клайву найбольш спадабаўся апошнi падзагаловак. Ён купiў усе тры газеты i спынiўся каля стойкi бара, папiваючы пiва.

"Сёння ранiцай у 9 гадзiн 30 хвiлiн бiлецёр па прозвiшчы Фрэд Дж. Кармадзi i некалькi наведвальнiкаў "ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО" - славутай мясцiны гэтага горада - натыкнулiся на тры сапраўдныя трупы, што былi сярод экспанатаў. Гэта былi забiтыя Мiлдрэд Вiэры, 41 год, Джордж О. Харчлi, 43 год i Рычард К. Макфадэн, 37 год. Усе яны служачыя музея. Абодва мужчыны загiнулi ад моцных удараў i нажавых ран, жанчына - ад удушэння. Палiцыя займаецца на месцы злачынства пошукам ключоў да яго разгадкi. Выказваецца думка, што забойствы адбылiся неўзабаве пасля дзесяцi гадзiн учора вечарам, калi трое служачых збiралiся iсцi дадому. Забойца або забойцы маглi быць сярод апошнiх наведвальнiкаў музея, якiя былi там перад закрыццём у 9 гадзiн 30 хвiлiн. Мяркуецца, што ён цi яны маглi схавацца дзе-небудзь у музеi, пакуль апошнiя наведвальнiкi не выйшлi з музея..."

Клайв быў задаволены. Ён усмiхаўся, папiваючы пiва. Схiлiўшыся над газетамi, ён хацеў тым самым ад усiх адгарадзiцца, каб нiхто iншы ў свеце не змог падзялiць з iм асалоду, але на справе было iнакш. Праз некалькi хвiлiн Клайв устаў i паглядзеў па баках, каб даведацца, цi чытае яшчэ хто-небудзь з мужчын i жанчын, што былi ў бары, тую самую iнфармацыю. Газеты чыталi два мужчыны, але Клайв не бачыў, цi пра яго яны чытаюць, бо газеты былi складзеныя.

Клайв запалiў цыгарэту i прагледзеў усе тры газеты, каб даведацца, цi выяўлена нешта такое,што магло вывесцi на яго след. Нiчога такога ён не знайшоў. У адной газеце ў сувязi з гэтым было адзначана, што Фрэд Дж. Кармадзi не заўважыў асобы цi асоб памiж наведвальнiкамi, што заходзiлi ў музей учора вечарам, якiя б здавалiся падазронымi.

"...У вынiку таго, што ахвяры былi размешчаны вельмi дзiўным чынам замест васковых фiгур, якiя былi спецыяльна выняты са звыклых месцаў, палiцыя ў сваiх пошуках сыходзiць з думкi, што забойца быў псiхапат. Жыхароў навакольнага раёна папярэдзiлi па радыё i тэлебачаннi аб неабходнасцi прытрымлiвацца спецыяльных мер перасцярогi на вулiцах i замыкаць дзверы дамоў на замок".

Прачытаўшы гэта, Клайв рагатнуў. Псiхапат! Шкада, што ўсiм тром аўтарам бракавала ведання дэталяў гумару. Яны ж маглi напiсаць што-небудзь наконт старога на ўнiтазе. Альбо пра таго тыпа, што з патрушчанай патылiцай падпiсвае перамiр'е. У гэтым жа адразу быў вiдаць почырк генiя. Чаму ўсё гэта так недаацанiлi?

Дапiўшы пiва, Клайв выйшаў на тратуар. Было ўжо цёмна, i на вулiцы свяцiлi лiхтары. Ён з цiкавасцю прайшоўся па незнаёмым горадзе, зазiраючы ў вiтрыны крамаў. Але яму ўвесь час карцела зайсцi ў якую-небудзь закусачную, i ён зайшоў у першую, што трапiлася на яго шляху. Гэта быў чыгуначны вагон, перароблены з прэтэнзiяй на стыль "рэтра" ў нешта тыпу вагона-рэстарана.

Клайв замовiў бiфштэкс на булачцы i кубак кавы. Па суседству з iм сядзелi два мужчыны - на выгляд тыповыя жыхары Захаду ў сваiх каўбойскiх ботах i даволi зашмальцаваных капелюшах з шырокiмi палямi. "Можа, адзiн з iх шэрыф", падумаў Клайв. Але яны гутарылi, расцягваючы кожнае слова, наконт нейкiх надзелаў зямлi. Яны сядзелi, схiлiўшыся над сваiмi бiфштэксамi i кубкамi з кавай, так блiзка, што адзiн нават дакранаўся локцямi Клайва. Клайв перачытваў газеты, абапёршы iх аб скрынку з папяровымi сурвэткамi.

Аднаму мужчыну спатрэбiлася сурвэтка, i ён перарваў Клайву чытанне, але той усмiхнуўся i спытаў прыязна:

- Вы чыталi пра забойствы ў васковым музеi?

Чалавек, здавалася, спачатку не зразумеў пытання, а потым адказаў:

- Ага, бачыў загалоўкi.

- Нехта забiў трох чалавек, што там працавалi. Зiрнiце.

У адной газеце была фатаграфiя, але яна не вельмi падабалася Клайву, бо трупы на ёй былi складзены ў рад. Яму больш спадабаўся б здымак Мiлдрэд у ванне.

- Так, - адгукнуўся жыхар Захаду, адсоўваючыся ад Клайва, нiбы той нечым яму не спадабаўся.

- Трупы былi размешчаны сярод экспанатаў. Як васковыя фiгуры. Тут пра гэта напiсана, вось толькi здымкаў няма, - працягваў Клайв.

- Вось як, - адгукнуўся жыхар Захаду i зноў пачаў есцi.

Клайва ахапiла пачуццё расчаравання i нават абражанасцi. Ён крыху пачырванеў i зноў утаропiўся ў газету. На самай справе, у ягонай душы закiпала злосць, ад якой сэрца пачало бiцца ўсё часцей, як гэта здаралася кожны раз, калi ён праходзiў каля "ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО", хоць, на гэты раз, адчуванне было не зусiм прыемнае.

Клайв, аднак, прымусiў сябе ўсмiхнуцца i зноў звярнуўся да свайго суседа злева:

- Я завёў пра гэта гаворку, таму што гэта зрабiў я. Гэта справа маiх рук. - Ён ткнуў пальцам у фотаздымак з трупамi.

- Слухай, хлопча, - абыякавым тонам сказаў каўбой, - займiся ты сваiмi справамi. Дамовiлiся? Мы да цябе не чапляемся, дык i ты адчапiся ад нас. - Ён засмяяўся, глянуўшы на свайго суразмоўцу.

Той уважлiва глядзеў на Клайва, але адразу ж адвёў вочы, калi сустрэўся з iм позiркам. Атрымаўся двайны адпор, дастаткова моцны для Клайва. Ён дастаў з кiшэнi грошы i расплацiўся за недаедзеную вячэру даляравай паперкай. Пакiнуўшы рэшту, ён накiраваўся да аўтаматычных дзвярэй на выхадзе.

- Але, ведаеш, можа, хлопец не жартуе, - даляцеў да Клайва голас аднаго мужчыны.

- А я i не жартую! - сказаў, павярнуўшыся, Клайв i знiк у начы.

Ён пераначаваў у iнтэрнаце Хрысцiянскага саюза моладзi. На наступны дзень Клайв быў ужо напалову ўпэўнены, што яго затрымае першы ж патрульны палiцэйскi, але той прайшоў мiма. Ён пад'ехаў да другога мястэчка, што знаходзiлася ў напрамку яго горада. У той дзень у газетах не згадвалася яго прозвiшча i нiчога не пiсалася наконт таго, цi натрапiла палiцыя на якi-небудзь след. У другой кавярне вечарам таго ж дня адбылася аналагiчная размова памiж Клайвам i двума хлопцамi яго ўзросту. Яны не паверылi. "Дурнi", - адзначыў сам сабе Клайв, падумаўшы, аднак, што тыя маглi зрабiць выгляд, што не вераць. Цi гаварылi няшчыра.

Клайв дабраўся з перасадкамi да свайго горада i адразу ж пайшоў да палiцэйскага ўчастка. Яму было цiкава ведаць, што скажуць там. Ён уяўляў, што скажа мацi пасля таго, як ён прызнаецца. Вiдаць, тое самае, што часам гаварыла сваiм сяброўкам, цi тое, што гаварыла палiцэйскаму, калi ў шаснаццаць год ён украў машыну.