Памятаю, перад тым, як мяне пачалi разглядаць, Глёбус сказаў: "Ня бойся, сядай побач, калi што - абаронiм". Я сеў на вольнае крэсла поруч зь iм. Больш за ўсё мне дасталося за мiнiмалiстычные вэрлiбры, маўляў, яны не паэтычныя гэта сухая канстатацыя рэчаiснасьцi, без "мастацкай апрацоўкi". Як i абяцаў, Глёбус пачаў баранiць, ваяўнiча паглядаючы на апанэнтаў з-пад насупленага брыва. Падтрымаў i Кавалёў. Абмеркаваньне скончылася неяк вяла й пасьпешлiва.

На паседжаньнi прагучала абвестка, што сябрам ТМЛ трэба падрыхтаваць адмысловыя тэчкi з дакумэнтамi: заява, анкета i г.д. Усё як у СП.

На паседжаньнi 22 траўня я здаў сваю тэчку. Ня памятаю хто, цi не Янушкевiч, зрабiў спавешчаньне на тэму гiсторыi адраджэньня: "Наша Нiва", браты Луцкевiчы, Жылуновiч, 20-я гады, рэпрэсii, гулаг. Адкрыцьцё Курапатаў было наперадзе. У гэты дзень разглядалi апавяданьнi Андрэя Федарэнкi. Федарэнку падтрымлiваў Сыс, Глёбус скрытыкаваў хлопца ўшчэнт.

Апошнi раз я прысутнiчаў на паседжаньнi ТМЛ 29 траўня. Разглядалi апавяданьне Глёбуса, вершы Людкi Сiльновай i хоку Мiраслава Шайбака. Чамусьцi я "незалюбiў" Мiрыкавы трохрадкоўi, i сказаў, што не ўяўляю паэтычны зборнiк толькi з хоку, маўляў, гэта будзе аднастайна й сумна.

Вось тагачасныя мае развагi, выкладзеныя ў лiсьце да Галубовiча за 30.05.87: "29 траўня было апошняе паседжаньне Таварыства перад летнiмi вакацыямi. Пасьля яго багата набегла думак - i ўсе як хмары.

Непакоiць ваяўнiчасьць, зь якой прапiхваюць сваю "гарадзкую хвалю" Глёбус i К°. Я прыхiльна да яго стаўлюся - i як да творцы, i як да чалавека. Але ўзьнiкае небясьпека... Няхай сабе працавалi ў гэтай хвалi Глёбус, Сьцяпан ды Клiмковiч. А то зьбiраецца "гайня". Моладзь - як матылькi. Бо рэкляма ў iх гучная i нават (паўтаруся) ваяўнiчая.

Я прадбачу, што хутка будзе багата гвалту наконт усяго гэтага ў крытыцы. А гэта зноў рэкляма.

Я супраць "групаўшчыны" - аднак нiчога не застаецца, як уздымаць iншую "хвалю". Гэта будзе ня цяжка - яна ўжо iснуе (Мiнкiн, Сыс, Сокалаў...) Толькi яе неяк трэба абгрунтаваць тэарэтычна - як у "г.х." Ад гэтага залежыць (магчыма, я перабольшваю) далейшае разьвiцьцё беларускай лiтаратуры.

Аднак нiякiх боек. Нават падтрымаць адна адну. Сумленнае спаборнiцтва. Час разьбярэцца..."

Гэты мой юначы, наiўны лiст, пасьля прачытаньня яго сёньняшнiмi вачыма, зьдзiвiў мяне неверагодна. Атрымлiваецца, ужо тады я думаў пра Таварыства Вольных Лiтаратараў. Дзiўна тое, што менавiта Галубовiч, атрымальнiк гэтага лiста, напiсаў у часопiсе "Крынiца", што ТВЛ паўстала з-за крыўды Аркуша, якога не прынялi ў СП.

Сьмерць "Тутэйшых" iмклiва наблiжалася. Сама форма дзейнасьцi лiтаб'яднаньня сябе вычарпала. Ну, абмеркавалi творчасьць усiх сваiх сяброў. А што далей? Далей было два варыянты: або пачаць змагацца са старэйшымi пiсьменьнiкамi за часопiсную "плошчу" i пазыцыi ў тэмпляне выдавецтва "Мастацкая лiтаратура", або заняцца палiтыкай. Па гэтым пытаньнi зноў адбыўся раскол: частка пачала ствараць "кантору" - з сакратарамi, намесьнiкамi i намесьнiкамi намесьнiкаў, другая частка, разам з чальцамi "Талакi", пайшла на мiтынгi. Любая "кантора" павiнна мець свой статут. Вось радкi з праекту "Статута Таварыства Маладых Лiтаратараў": "Таварыства ўтворана з iнiцыятывы маладых творцаў у адпаведнасьцi з пастановаю ЦК КПСС "Аб рабоце з творчай моладзьдзю" i дзейнiчае пры Саюзе пiсьменьнiкаў БССР, каардынуючы сваю дзейнасьць з адпаведнымi ворганамi СП. (...) Таварыства мае права рэкамэндаваць сваiх членаў для ўступленьня ў Саюз пiсьменьнiкаў БССР i iхнiя кнiгi для выданьня. (...) Правадзейным членам Таварыства (з правам вырашальнага голасу) можа быць любы, хто мае ня меньш за 2 лiтаратурныя публiкацыi ў рэспублiканскiм друку. (...) Прыём у члены ТМЛ праводзiцца Радай ТМЛ на падставе пiсьмовае заявы. Апроч заявы аўтар прадстаўляе Радзе публiкацыi або рукапiсы лiтаратурных твораў. Пытаньне аб прыёме ў ТМЛ вырашаецца Радай у адкрытым галасаваньнi. Члены ТМЛ атрымлiваюць членскiя бiлеты. (...) Члены ТМЛ могуць быць выключаны з Таварыства рашэньнем Рады ТМЛ. Падставай для выключэньня ёсць дзейнасьць або ўчынкi, несумяшчальныя з прынцыпамi i задачамi, сфармуляванымi ў Статуце ТМЛ. (...) У пэрыяд памiж зьездамi кiраўнiцтва Таварыствам належыць Радзе Таварыства маладых лiтаратараў". Ня ведаю, хто аўтар гэтага дакумэнта, але пра "Тутэйшых" у iм ужо нi слова.

Другая частка "Тутэйшых" занялася палiтыкай. А якая палiтыка без партыйнага друку?! З гэтае нагоды быў заснаваны бюлетэнь "Кантроль". Калi верыць зьвесткам з кнiгi "Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусi (1971-1990)" (Менск, БГАКЦ, 1998), выдавалi пэрыёдык Сяргей Дубавец i Алесь Бяляцкi. Першы нумар "Кантроля" (выйшаў прыканцы 1988 г.) пачынаецца вялiкiм артыкулам "Дзяды былi за намi", у якiм падрабязна апавядаецца пра ўсе акалiчнасьцi, зьвязаныя са славутымi Дзядамi 30 кастрычнiка 1988 г., якiя былi жорстка разагнаныя менскай мiлiцыяй. Як сьведчыць бюлетэнь, Дзяды-88 ад пачатку рыхтавалiся "Тутэйшымi". Заяўку ў Цэнтральны райвыканкам Менску падавалi Алесь Бяляцкi i Анатоль Сыс. Дазволу апазыцыянэры на правядзеньне Дня памяцi продкаў не атрымалi. Вось як ананiмны аўтар артыкулу апiсвае тыя падзеi: "Яшчэ да пачатку Дзядоў пачаўся "хапун". Людзi ў цывiльным тыцкалi пальцам у мастакоў М.Купаву i А.Марачкiна. Была спроба затрымаць старшыню Мартыралёгу Беларусi З.Пазьняка. Ратуючы яго, "заляцелi" адразу аж трое "Тутэйшых": В.Мартыненка, А.Дэбiш, А.Бяляцкi. Iх забралi, затое Пазьняка народ адбiў. А.Бяляцкага "апрацавалi" сьлезацечным газам з 10 сантымэтраў аэразолем проста ў вочы. Ужо на Курапатах, куды дабралася некалькi групаў, правёў Дзяды тутэйшавец I.Бабкоў, пасьля чаго яго таксама пасадзiлi ў машыну. А.Сыс вырваўся з-пад кантролю i прыбег з працы, калi ўсе ўжо разыходзiлiся. Астатнiя "Тутэйшыя" хадзiлi, рассыпаныя мiж народу. Бачылi, як у прастору памiж мiлiцыянтамi i народам нехта кiнуў плястмасавую цацку-аўтамат: "Страляйце!" Бачылi, як курсанты, счапiўшыся i цiснучы людзей, бiлi дзяўчынак чаравiкамi па лытках, а тыя крычалi. Бачылi, як у ланцугу з плястыкавымi шчытамi i каскамi нехта пасклiзнуўся i чалавек пяць, як дамiно, павалiлiся адзiн на аднога. Скандавалi разам з народам: "Ван-дэ-я! Ста-лi-нi-сты!" (...)