Ён сеў за столiк i няўцямным поглядам утаропiўся ў меню.

"Так, я б не адмовiўся апынуцца на месцы гэтага жыда, - думаў мiстэр Пiтэрс, пакуль анёл цiшынi лунаў наўкол. - Яму дасталася неблагая спаднiчка. Неблагая! Але i не скажаш, што дужа прыгожая. Ну, нельга сказаць, што прыгожая, але зграбная, дый усё, як кажуць, на месцы, - разважаў ён сам сабе, азiраючы доўгую, вуглаватую постаць жонкi, нагадваючы яе бурклiвы страўнiк. - А гэта самае галоўнае".

Дзiўна. Ён выбiраў узоры асаблiва старанна. Можна дапусцiць, вядома, што нават разынкi Стэйна могуць быць не ўсе нiзкай якасцi, але ў гэтым шмат што выклiкае падазронасць. Дапусцiм, напрыклад, што Экман, маючы на ўвазе нейкую карысць сабе, перадаў Стэйну партыю разынак iх фiрмы - гэта на нейкi час павысiць якасць яго тавару, i дзякуючы палепшанай якасцi Экман пераканае фiрму Моўлта вызначыць вышэйшую цану за гэту фiрму. Экман, пэўна, перажывае непрыемныя хвiлiны, гартаючы расклад руху цягнiкоў, глядзiць на гадзiннiк, прыкiдвае, цi праехаў ужо Майет палавiну дарогi. "Заўтра дам тэлеграму i даручу ўсю справу Джойсу, - думаў Майет. - Экману трэба даць адпачынак на месяц, а за гэты час Джойс хай праверыць бухгалтарскiя кнiгi". Ён уявiў сабе, якая пачнецца мiтусня, туды-сюды, нiбыта ў мурашнiку, патрывожаным нагой чалавека: тэлефонны званок ад Экмана да Стэйна цi ад Стэйна да Экмана, таксi, выклiканае ў адным месцы i адпушчанае ў другiм, абед, на гэты раз без вiна, а потым крутая лесвiца ў канторы, а наверсе адданы, недалёкi Джойс правярае бухгалтарскiя кнiгi. I ўвесь гэты час мiсiс Экман будзе сядзець у сваёй мадэрнавай кватэры, на моднай канапе i вязаць дзiцячыя кофтачкi англiканскай мiсii, а вялiзная пашарпаная Бiблiя - першая хлусня Экмана пачне пакрывацца пылам на неперагорнутай старонцы.

К.С.Сейвары нацiснуў на кнопку, якая падымала пры дапамозе спружыны штору, i святло месяца ўпала на яго твар, праслiзнула па рыбным нажы i пасерабрыла сталёвыя чыгуначныя рэйкi цiхага паўстанка. Снег ужо перастаў, сумёты ляжалi ўздоўж адхона i памiж шпаламi, паблiскваючы ў цемры. З некалькiх ярдаў, нiбыта ртуць, зiхацеў Дунай. Мiстэр Сейвары бачыў, як высокiя дрэвы ляцяць назад, тэлеграфныя слупы праносяцца мiма i ловяць святло месяца сваiмi жалезнымi рукамi. Пакуль у вагоне панавала цiшыня, ён пакiнуў убаку думкi пра Джанет Пардаў i пачаў разважаць пра тое, якiмi словамi ён апiсаў бы гэтую ноч. Усё залежыць ад адбору i расстаноўкi слоў. "Мне не трэба апiсваць усё, што бачу, трэба выказаць сваё ўспрыманне, падабраўшы нейкiя характэрныя, яркiя дэталi. Няма патрэбы апiсваць ценi на снезе - iх абрысы i фарбы неакрэсленыя, але я магу выхапiць пунсовы агонь святлафора, якi ззяе на фоне белага покрыва зямлi, полымя ачага ў зале чакання на вясковай станцыi, пацерынкi агнёў на баржы, якая цяжка паўзе супраць цячэння".

Ёзеф Грунлiх пагладжваў нагу ў тым месцы, дзе яе намуляў рэвальвер, i разважаў: "Колькi гадзiн засталося ехаць да гранiцы? Цi паведамяць пагранiчнiкам пра забойства? Але мне нiчога не пагражае. Мой пашпарт надзейны. Нiхто не бачыў, як я ўкраў сумачку. Нiякiх доказаў супраць мяне ў кватэры Кольбера. Можа, трэба было выкiнуць рэвальвер? - падумаў ён, але тут жа пераканаў сябе: - Ён мог бы навесцi на мой след. Цяпер высвятляюць нават па драпiнах на канале ствала любое забойства. З кожным годам злачынства робiцца ўсё больш небяспечнай справай: ходзяць чуткi пра нейкi новы фокус з адпячаткамi пальцаў, нейкiм чынам умудраюцца атрымаць iх, нават калi рука была ў пальчатцы. Але ж мяне яшчэ пакуль што не злавiлi, нягледзячы на ўсю iх навуку".

"Адно, да чаго кiнематограф прывучыў наш зрок, - думаў мiстэр Сейвары, - гэта бачыць прыгажосць пейзажу ў руху, бачыць, як царкоўная званiца бяжыць прэч, узвышаючыся над дрэвамi, як яна апускаецца i ўздымаецца ў такт няроўнай хадзе чалавека, як самотны комiн цягнецца ў неба i хаваецца за лесам такiх самых комiнаў. Адчуванне руху можна перадаць i ў прозе". Мiстэр Сейвары адчуў пiльную патрэбу паспрабаваць зараз жа, яму вельмi карцела ўзяць паперу i аловак, пакуль яго не пакiнула натхненне, i ён пашкадаваў, што запрасiў Джанет Пардаў сустрэцца пасля абеду i пагаварыць. Яму хацелася працаваць, хацелася на некалькi гадзiн вызвалiцца ад суседства любой жанчыны. "Мне яна зусiм непатрэбная, - падумаў ён i рыўком зноў апусцiў шторы, аднак тут жа адчуў прылiў неадольнага жадання ўбачыць яе, Джанет Пардаў. - Яна добра, з густам апранаецца, размаўляе, як свецкая дама, i захапляецца маiмi кнiгамi". Гэтыя тры рэчы скарылi яго, ён усё яшчэ памятаў, што нарадзiўся ў Балхемi, дый прыкметны акцэнт лонданскага кокнi выдаваў месца яго нараджэння. Пасля шасцi год выдатнай пiсьменнiцкай кар'еры, поспех якой можна было прасачыць па тыражах яго кнiг: 2000, 4000, 10 000, 25 000, 100 000, ён усё яшчэ здзiўляўся, калi бачыў побач з сабой добра апранутых жанчын, не аддзеленых ад яго тоўстым шклом рэстараннай вiтрыны цi шырокiм прылаўкам моднай крамы. Пiшаш дзень у дзень па сотнi тысяч слоў, часта з напружаннем, але i з радасцю. Якi-небудзь клерк запiсвае столькi ж у канторскую кнiгу, аднак словы, якiя пiша ён, К.С.Сейвары, колiшнi прыказчык у краме, даюць такi вынiк, якога не можа даць нават самая цяжкая праца тых, хто сядзiць на канторскiм табурэце. Калупаючы вiдэльцам рыбу i крадком паглядаючы на Джанет Пардаў, ён думаў не пра рахункi, ганарары i акцыi, не пра чытачоў, якiх даводзяць да слёз кранаючыя эпiзоды яго раманаў i весялiць яго гумар кокнi, а пра парадныя пад'езды, пра лесвiцы, якiя вядуць у лонданскiя гасцёўнi, пра тое, як гучна аб'яўляюць яго прыход, пра твары жанчын, што паварочваюцца да яго з цiкаўнасцю i пашанай.

"Хутка, праз некалькi гадзiн, ён будзе маiм палюбоўнiкам". Ад гэтай думкi i ад цьмянага страху перад невядомай блiзкасцю гэты смуглы, спагадлiвы мужчына раптам зрабiўся ёй чужы. Калi яна страцiла прытомнасць на калiдоры, ён выказаў спагаду да яе, рукi яго захуталi яе ў цёплае футра, голас яго прапанаваў адпачынак i камфорт. Вострае пачуццё ўдзячнасцi выклiкала слёзы ў яе на вачах, i, калi б не цiшыня, якая панавала ў вагоне, яна вымавiла б: "Я вас кахаю". Але ўтрымалася - гэтымi словамi яна баялася парушыць iх маўчанне, калi знiкне гэтая ўсеагульная цiшыня.

"Там будзе прэса, - думаў Цынер, i перад яго вачыма паўстала журналiсцкая ложа на працэсе над Камнецам: людзi ў ёй нешта шпарка пiсалi, а адзiн накiдваў алоўкам партрэт Камнеца. - Цяпер гэта будзе мой партрэт. Суд будзе апраўданнем доўгiх гадзiн, праведзеных мною на халоднай пляцоўцы для прагулак, дзе я шпацыраваў туды-сюды, разважаючы над тым, цi правiльна я зрабiў, што пакiнуў радзiму. Кожнае маё слова павiнна быць неабвержным, мне трэба ясна ўсведамляць, за што я змагаюся, памятаць, што справа не толькi ў бедняках Белграда, а ў бедняках усёй зямлi". Шмат разоў ён пратэставаў супраць нацыяналiстычных поглядаў ваяўнiчай фракцыi сацыял-дэмакратычнай партыi. Нават iх выдатная песня "Iдзiце, славяне, iдзiце!" была нацыяналiстычная - яе зрабiлi гiмнам, нягледзячы на яго пратэст. Яму было прыемна, што пашпарт у яго ў кiшэнi - ангельскi, схема ў чамадане нямецкая. Ён купiў гэты пашпарт у маленькай канцылярскай краме каля Брытанскага музея, гаспадаром крамы быў паляк. Пашпарт аддалi яму за столiкам у заднiм пакоi, i худы прышчаваты чалавек - прозвiшча яго ён ужо забыўся - папрасiў прабачэння за цану. "Выдаткi надта ўжо вялiкiя, скардзiўся ён i, дапамагаючы клiенту апрануць палiто, спытаў машынальна i без усякай цiкаўнасцi: - Як у вас?" Па ўсiм было вiдно, што ён прыняў яго за злодзея. Потым гаспадару давялося пайсцi ў краму i прадаць нумар французскага парнаграфiчнага часопiса школьнiку, якi зайшоў у краму крадком. "Iдзiце, славяне, iдзiце!" Чалавека, якi стварыў музыку гэтага гiмна, праткнулi штыхом каля сартавальнай залы.