- Я свiння. Вы прабылi на калiдоры цэлую ноч, - мякка сказала яна.

Ён вiнавата пацiснуў плячыма, нiбы лiхвяр, якi назначыў надта нiзкую цану за дарагi гадзiннiк цi багатую вазу.

- Той бяды! Я хацеў, каб вы адпачылi спакойна. Мне ўсё адно трэба было дачакацца кандуктара. Можна мне ўвайсцi?

- Калi ласка. Гэта ж ваша купэ.

Ён усмiхнуўся, не ўтрымаўся i шырока развёў рукi, схiлiўшы перад ёю галаву ў лёгкiм паклоне.

- Прашу прабачэння. Яно ваша. - Ён дастаў з рукава насоўку, узмахнуў рукамi: - Увага! Глядзiце! Бiлет першага класа.

Бiлет вылецеў з насоўкi i ўпаў на падлогу памiж iмi.

- Ён - ваш.

- Не, ваш.

Ён весела засмяяўся, убачыўшы яе здзiўлены твар.

- Што вы? Я не магу ўзяць яго. Слухайце, вiдаць, ён каштуе дорага.

- Дзесяць фунтаў, - выхваляючыся, сказаў ён. - Дзесяць фунтаў. - Ён паправiў гальштук i нядбала кiнуў: - Мне гэта дробязь.

Аднак яго самаўпэўненасць i самахвальства насцярожыла яе.

- Чаго гэта вы дамагаецеся? Вы за каго мяне прымаеце? - спытала яна з непрыхаваным глыбокiм падазрэннем. Бiлет ляжаў каля iх ног. Нiшто не прымусiла б яе падняць яго. Яна тупнула нагой - золата патухла i зрабiлася жоўтай плямаю на шкле i падушках. - Я iду на сваё месца.

- Мне няма нiякай справы да вас. Хапае мне свайго клопату. Калi вам бiлет не патрэбны, можаце яго выкiнуць, - з выклiкам сказаў ён.

Корал бачыла, што ён назiрае за ёй. Яго плечы зноў самаўпэўнена ўзнялiся, самаўпэўнена i нядбала. Яна адвярнулася да акна, да ракi i да моста, што праплывалi мiма, да аголенай бярозкi, усыпанай раннiмi пупышкамi, i цiха заплакала. "Вось уся мая ўдзячнасць за спакойную, доўгую ноч салодкага сну, вось як я прымаю падарункi. - I яна з сорамам i смуткам нагадала свае дзявочыя сны пра цудоўных, славутых куртызанак, якiя прымалi падарункi ад прынцаў. - А я лаюся на яго, як стомленая афiцыянтка".

Яна пачула, як Майет паварушыўся ў яе за плячыма, i зразумела, што ён нахiлiўся па бiлет. Яна хацела павярнуцца да яго, падзякаваць яму, сказаць: "Як цудоўна было б ехаць увесь час на гэтых мяккiх падушках, спаць на гэтым месцы, забыцца на тое, што едзеш працаваць, уявiць, што ты багатая. Нiколi i нiхто не быў да мяне такi добры, як вы". Але словы, сказаныя раней, вульгарнасць яе падазрэнняў нiбыта класавы бар'ер паўсталi памiж iмi.

- Дайце мне вашу сумачку, - сказаў ён. Яна, не павярнуўшыся да яго, перадала сумачку i пачула, як яго пальцы адчынiлi замок. - Я кладу яго туды. Калi не хочаце скарыстацца iм, - не трэба. Проста прыходзьце пасядзець тут, калi захочаце. Цi паспiце тут, калi стомiцеся.

"Я ўвесь час стомленая, - думала яна. - Я магла б спаць тут гадзiны".

- Але ж цi змагу я? - сказала яна здушаным голасам, ледзь стрымлiваючы слёзы.

- За мяне не турбуйцеся, - сказаў ён. - Я знайду сабе другое купэ. Ноччу я спаў на калiдоры толькi таму, што вельмi хваляваўся за вас: раптам вам спатрэбiлася б мая дапамога.

Яна зноў заплакала, прыхiлiўшыся лбом да акна, прыплюшчыўшы вочы, так што павекi нiбы фiранкамi адсланiлi яе ад перасцярог абазнаных у жыццi сухецкiх бабуль: "Мужчыне трэба толькi адно. Не бяры падарункаў у незнаёмых мужчын". Ёй заўсёды казалi: "Чым даражэйшы падарунак, тым большая небяспека. Нават шакалад i паездка ў аўтамабiлi пасля тэатра, у цемры, вядуць да пацалункаў у губы цi ў шыю, ды яшчэ, бадай што, сукенку памнуць". Ад дзяўчыны чакаюць платы - на гэтым сыходзяцца ўсе парады: на дармаўшчыну нiчога не робiцца. Пiсьменнiкi наконт Рубi М. Эйрэс* могуць сцвярджаць, што цнота каштуе даражэй за рубiны, аднак на самай справе цана нявiннасцi футра цi якаясь iншая каштоўная рэч. Нельга ж узяць футра ў мужчыны i не пераспаць з iм: не пераспiш - ён будзе незадаволены. Так кажуць усе пажылыя жанчыны. А гэты чалавек заплацiў дзесяць фунтаў.

* Рубi М. Эйрэс (1883-1962) - папулярная ў 20-я гады ангельская пiсьменнiца, аўтар бульварных раманаў.

Ён узяў яе за локаць.

- Што з вамi? Вам блага?

Яна згадала руку, якая ўзбiвала падушкi, шоргат яго крокаў, калi ён выходзiў з купэ. I паўтарыла:

- Але ж цi змагу я? - Аднак на гэты раз яна нiбыта прымушала яго сказаць нешта i абвергнуць увесь яе жыццёвы вопыт, падказаны беднасцю.

- Ведаеце што, давайце мы зараз сядзем, i я вам нешта пакажу, - сказаў ён. - Гэта Рэйн.

Ёй раптам зрабiлася смешна.

- Я ўжо здагадалася.

- Вы заўважылi скалу, амаль на сярэдзiне ракi, - мы яе толькi праехалi? Гэта скала Ларэляй. Гейнэ.

- А што гэта - Гейнэ?

- Адзiн жыд, - задаволена ўдакладнiў ён.

Яна пачала забываць пра рашэнне, якое мусiла была прыняць, i з цiкавасцю сачыла за iм, iмкнучыся знайсцi што-небудзь новае ў рысах яго твару, да якога ўжо прывыкла: маленькiя вочкi, вялiкi нос, чорныя напамаджаныя валасы. Часта сустракала яна такiх мужчын, то ў першых радах правiнцыйнага тэатра - ён мог быць афiцыянтам у смокiнгу, то за пiсьмовым сталом у канторы агента па найме, то за кулiсамi пад час рэпетыцыi, то каля службовага ўвахода пасля прадстаўлення; у тэатральным свеце паўсюль гучаў яго то мяккi i лiслiвы, то ўладарны голас. Звычайна такiя мужчыны былi жмiнды i скнары, хоць часам i ў iх здаралiся прыступы высакародства i шчодрасцi, але давяраць iм нельга нiколi. Зычлiвая ўхвала на рэпетыцыi нiчога не значыла: пасля гэтага, седзячы ў сваiм кабiнеце i пацягваючы вiскi, такi чалавек мог сказаць: "Тое дзяўчо з першага рада нiчога не вартае". Яго нельга было ўзлаваць, ён нiколi нiкога не абразiць, нiколi не скажа слоўца больш зняважлiвага, чым "дзяўчо", а паведамленне пра звальненне прыходзiла ў выглядзе надрукаванай на машынцы паперкi, кiнутай у тваю паштовую скрынку.

Магчыма, што ўсе гэтыя рысы характару не перашкаджалi ёй ставiцца да жыдоў добра, бо яны ва ўсiх абставiнах захоўвалi дзiўную абыякавасць, а магчыма, таму, што яна лiчыла, што кожная дзяўчына павiнна быць далiкатная. Корал сказала ветлiва:

- Жыды надта артыстычныя, праўда? Ведаеце, амаль увесь аркестр ансамбля "Ата Гёрл" быў з жыдоў.

- Так, - адказаў ён з незразумелай ёй горыччу.

- А вы любiце музыку?

- Я iграю на скрыпцы, праўда, не надта добра.

Ёй здалося, што ў даўно знаёмых вачах з'явiлася нейкае не зусiм зразумелае ажыўленне.

- Мне заўсёды хацелася заплакаць, калi спявалi "Санi Бой", - сказала яна. Яна ведала, што нiколi не можа знайсцi патрэбных слоў, адпаведных яе пачуццям, - яна не магла выказаць словамi, што адчувае, i таму часта гаворыць недарэчы. Вось i тут яна заўважыла, як незразумелае ажыўленне знiкла з яго вачэй.