Так працягвалася некалькi тыдняў. На шчасце, я хутка пераканаўся, што быў страшэнна вiнаваты перад гэтым шчырым юнаком.

Пакуль я падазраваў яго ў здрадлiвых i каварных намерах, ён па-ранейшаму адносiўся да мяне з адданасцю; у кожным слове яго было столькi дабрынi i дзiцячага даверу, што ў рэшце рэшт мне зрабiлася брыдка ад маiх падазрэнняў. Я зноў адчуў у iм вернага сябра i пастараўся ўсяляк загладзiць перад iм сваю вiну. А ён нават не заўважыў мае халоднасцi да яго, i гэта было для мяне самым яскравым сведчаннем яго сардэчнай шчырасцi.

Аднойчы, калi мы з Пятнiцай зноў падымалiся на пагорак (гэты раз над морам стаяў туман i супрацьлеглага берага не было вiдно), я спытаў у яго:

- А што, Пятнiца, табе хацелася б вярнуцца на радзiму, да сваiх?

- Вядома, - адказаў ён, - я быў бы яшчэ як рады вярнуцца туды!

- Што б ты там рабiў? - працягваў я. - Зрабiўся б зноў крыважэрным i пачаў бы, як i раней, есцi чалавечае мяса?

Мае словы, вiдаць, усхвалявалi яго. Ён пакруцiў галавой i адказаў:

- Не, не! Пятнiца сказаў бы ўсiм сваiм: жывiце, як трэба, ешце хлеб са збожжа, малако, казiнае мяса, не ешце чалавека.

- Ну, калi ты скажаш iм гэта, яны цябе заб'юць.

Ён зiрнуў на мяне i сказаў:

- Не, не заб'юць. Яны будуць рады вучыцца добраму.

Затым ён дадаў:

- Яны многа вучылiся ў барадатых чалавекаў, што прыехалi ў лодцы.

- Дык табе хочацца вярнуцца дадому? - паўтарыў я сваё пытанне.

Ён усмiхнуўся i сказаў:

- Я не здолею плысцi так далёка.

- Ну, а калi б я даў табе лодку, - спытаў я ў яго, - ты паехаў бы на радзiму, да сваiх?

- Паехаў бы! - горача адклiкнуўся ён. - Але i ты павiнен паехаць са мною.

- Як жа мне ехаць? - запярэчыў я. - Яны мяне адразу ж з'ядуць.

- Не, не, не з'ядуць! - прамовiў ён палка. - Я зраблю так, што не з'ядуць! Я зраблю так, што яны будуць цябе многа любiць.

Пятнiца хацеў гэтым сказаць, што ён раскажа сваiм землякам, як я забiў яго ворагаў i выратаваў яму жыццё. Ён быў упэўнены, што за гэта яны будуць моцна любiць мяне.

Пасля гэтага ён расказаў мне, з якой дабрынёй яны аднеслiся да семнаццацi белых барадатых людзей, якiх прыбiла бураю да берагоў яго радзiмы. З таго моманту ў мяне з'явiлася страснае жаданне паспрабаваць, чаго б гэта нi каштавала, пераправiцца ў краiну дзiкўноў i адшукаць там тых белых "барадатых чалавекаў", пра якiх казаў Пятнiца. Не магло быць нiякага сумнення, што гэта гiшпанцы цi партугальцы, i я быў упэўнены, што, калi толькi я здолею пабачыцца i пагутарыць з iмi, разам мы прыдумаем спосаб вырвацца адсюль на волю. "Ва ўсякiм выпадку, - думаў я, - на гэта будзе болей надзеi, калi нас будзе васемнаццаць чалавек i калi мы пачнём дружна дзейнiчаць дзеля агульнай справы. А што здолею зрабiць я, адзiн, без памагатых, на маёй выспе, за сорак мiляў ад iх берага?"

Гэты план моцна засеў у мяне ў галаве, i праз некалькi дзён я зноў загаварыў пра яго.

Я сказаў Пятнiцу, што дам яму лодку, каб ён здолеў вярнуцца на радзiму, i ў той жа дзень павёў яго да той бухтачкi, дзе была мая лодка. Вычарпаўшы з яе ваду, я падвёў яе да берага i паказаў Пятнiцу. Мы абодва селi ў лодку, каб выпрабаваць яе ход. Пятнiца, як выявiлася, быў цудоўны вясляр i працаваў вёсламi не горш за мяне. Лодка хутка iмчалася па вадзе. Калi мы адышлi ад берага, я сказаў яму:

- Ну што ж, Пятнiца, паедзем да тваiх землякоў?

Ён паглядзеў на мяне неяк сумна i паныла: вiдаць, на яго думку, лодка была занадта малая для такога плавання. Тады я сказаў, што ў мяне ёсць другая, большая. I на другi дзень мы з iм накiравалiся ў лес, на тое месца, дзе я пакiнуў сваю першую лодку, якую не здолеў спусцiць на ваду. Пятнiцу гэта лодка спадабалася.

- Такая згодзiцца, згодзiцца, - паўтараў ён. - Тут можна многа класцi хлеба, вады i ўсяго.

Але з дня пабудовы гэтай лодкi мiнула дваццаць тры гады. Увесь гэты час яна правалялася без усякага догляду пад адкрытым небам, яе пякло сонца i мачылi дажджы, уся яна рассохлася i згнiла. Аднак гэта не пахiснула майго намеру ажыццявiць паездку на мацярык.

- Нiчога, не бядуй, - сказаў я Пятнiцу. - Мы пабудуем гэткую ж лодку, i ты паедзеш дадому.

Ён не адказаў нi слова, але вельмi засмуцiўся i зрабiўся маўклiвы. Кiлi я спытаў у яго, што з iм, Пятнiца прамовiў:

- За што Рабiнзон Круза сярдуе на Пятнiцу? Што я кепскае зрабiў?

- Чаму ты надумаў, што я сярдую на цябе? Я нiколькi не сярдую, - адказаў я.

- "Не сярдую. Не сярдую!" - паўтарыў ён разоў шэсць цi сем запар. - А навошта пасылаеш Пятнiцу дадому, да яго землякоў i родных?

- Дык ты ж сам казаў, што табе хочацца дадому, - заўважыў я.

- Так, хочацца, - адказаў ён, - але толькi з табою. Каб ты i я. Робiн не паедзе - Пятнiца не паедзе! Пятнiца не хоча без Робiна!

Ён i слухаць не хацеў пра тое, каб пакiнуць мяне.

- Але, памяркуй сам, - сказаў я, - навошта я паеду туды? Што я там буду рабiць?

Ён горача запярэчыў мне:

- Што ты будзеш там рабiць? Многа рабiць, добра рабiць: вучыць дзiкiх чалавекаў быць добрымi, разумнымi.

- Мiлы Пятнiца, - сказаў я i ўздыхнуў, - ты сам не ведаеш, пра што кажаш. Куды ўжо такому няшчаснаму невуку, як я, яшчэ вучыць некага!

- Няпраўда! - горача запярэчыў ён. - Мяне вучыў - будзеш вучыць i iншых чалавекаў.

- Не, Пятнiца, - сказаў я, - едзь без мяне, а я застануся тут адзiн, без людзей. Жыў жа я неяк адзiн да гэтага часу!

Гэтыя словы, вiдаць, здалiся яму вельмi крыўднымi. Ён iмклiва кiнуўся да сякеры, што ляжала непадалёку, схапiў яе, прынёс i падаў мне.

- Навошта ты даеш мне сякеру? - спытаў я.

Ён адказаў:

- Забi Пятнiцу!

- Навошта мне цябе забiваць? Ты ж нiчога кепскага мне не зрабiў.

- А навошта праганяеш Пятнiцу адсюль? - горача ўсклiкнуў ён. - Забi Пятнiцу, не праганяй яго адсюль!

Ён быў страшэнна ўсхваляваны. Я заўважыў на вачах у яго слёзы. Словам, адданасць яго была такая моцная, што, калi б я нават хацеў, я не здолеў бы прагнаць яго. Я тут жа сказаў яму i часта паўтараў потым, што нiколi больш не буду гаварыць пра яго ад'езд на радзiму, пакуль ён хоча заставацца са мною.

Такiм чынам я канчаткова ўпэўнiўся, што Пятнiца назаўсёды адданы мне.

Калi ён нават i хацеў вярнуцца на радзiму, то толькi таму, што ўсiм сэрцам любiў сваiх аднапляменнiкаў: ён спадзяваўся, што я паеду да iх i навучу iх дабру.

Але я добра разумеў, што мне гэта, вядома, не пад сiлу.