11 снежня. З сённяшняга дня ўзяўся за работу. Пакуль што паставiў дзве палi i на кожнай па дзве дошкi крыж-накрыж.
17 снежня. Канчаткова ўмацаваў першыя дзве палi i паставiў яшчэ некалькi, таксама з дошкамi наверсе, як i першыя дзве. Цяпер мяне ўжо не палохае нiякi абвал. Палi я паставiў у рад, так што яны будуць служыць у маiм склепе i за перагародку. Гэта праца забрала ў мяне цэлы тыдзень. З гэтага дня па 20 снежня прымацоўваў я ў склепе палiцы, забiваў у перагародку цвiкi i развешваў усе рэчы, якiя можна павесiць.
20 снежня. Перанёс у пячору ўсё начынне i расклаў на месца. Цяпер мая гаспадарка ў парадку. Зрабiў яшчэ адно крэсла i прыбiў некалькi маленькiх палiчак для правiзii - атрымалася нешта накшталт буфета. Дошак у мяне застаецца вельмi мала.
24 снежня. Усю ноч i ўвесь дзень iшоў лiвень. Не выходзiў з дому.
26 снежня. Дождж спынiўся. Праяснела. Пахаладнела.
27 снежня. Падстрэлiў двое казлянят: адно забiў, а другое паранiў у нагу, так што яно не здолела ўцячы. Злавiў яго i прывёў дадому на вяроўцы. Дома агледзеў яго нагу: яна была перабiта; я забiнтаваў яе.
Заўвага: я адхаяў гэтае казляня; перабiтая нага зраслася, i казляня пачало цудоўна бегаць. Але ад мяне яно не ўцякала: я так доўга даглядаў яго, што яно прызвычаiлася да мяне i не хацела мяне пакiдаць. Яно хадзiла на пашы непадалёк ад мае палаткi. Назiраючы за iм, я падумаў, што добра было б мне развесцi хатнюю жывёлу, каб падрыхтаваць сабе харч к таму часу, калi ў мяне скончацца зарады i порах.
28, 29, 30 i 31 снежня. Страшэнная спякота, i зусiм няма ветру. Выходзiў з дому на паляванне толькi вечарам. Навёў канчатковы парадак у сваёй гаспадарцы.
1 студзеня 1660 года. Гарачыня не спадае, i ўсё роўна сёння я хадзiў двойчы на паляванне: на досвiтку i вечарам. Днём адпачываў. Пад вечар прайшоўся далiнаю ў глыбiню выспы i бачыў многа коз, але яны такiя палахлiвыя, што падысцi да iх блiзка зусiм немагчыма. Хачу паспрабаваць паляваць на iх з сабакам.
2 студзеня. Сёння ўзяў сабаку i нацкаваў яго на коз, але нiчога не атрымалася: увесь статак павярнуў раптам насустрач сабаку. Сабака, напэўна, выдатна зразумеў небяспеку, якая яму пагражала, кiнуўся наўцёкi i нiзашто не хацеў больш наблiзiцца да коз.
3 студзеня. Вырашыў зрабiць агароджу i насыпаць вакол яе земляны вал, таму што ўсё яшчэ баюся раптоўнага нападу ворага. Паспрабую зрабiць гэты вал як мага мацнейшым...
Сваю агароджу я апiсаў ужо на папярэднiх старонках i таму не паўтараю нiчога з таго, пра што iдзе гаворка ў маiм дзённiку.
Разам з тым, памiж справаю i калi, вядома, дазваляла надвор'е, я працягваў сваё штодзённае блуканне па выспе, адшукваючы дзiчыну. У час гэтых блуканняў я зрабiў нямала карысных адкрыццяў. Я, напрыклад, натрапiў на пароду дзiкiх галубоў, якiя, у адрозненне ад нашых, майстравалi свае гнёзды не на дрэвах, а ў расколiнах скал, так што чалавеку дабрацца да iх было куды лягчэй.
Аднойчы я забраў з гнязда птушанят i прынёс iх дадому, каб выкармiць i прыручыць. Я многа патрацiў на iх часу, але як толькi яны падраслi i ў iх падужэлi крылы, яны паляцелi адно за адным. Магчыма, аднак, гэта адбылося таму, што я не меў для iх адпаведнага корму.
Пасля гэтага выпадку я нярэдка забiраў птушанят з гнязда, таму што яны былi вельмi смачныя i з iх можна было прыгатаваць цудоўны абед.
За гэты час я зрабiўся сапраўдным сталяром i дзейнiчаў сякераю i рубанкам ужо з вялiкiм майстэрствам.
Але ўсё ж былi i такiя рэчы, якiя я так i не здолеў змайстраваць. Напрыклад, бочачкi. У мяне было, як я казаў раней, дзве цi тры бочачкi з карабля, якiя маглi паслужыць мне ўзорам, але колькi я нi бiўся, хоць i патрацiў на гэта некалькi тыдняў, у мяне нiчога не атрымалася. Я не здолеў нi ўставiць дно, нi падагнаць настолькi шчыльна клёпкi, каб яны не прапускалi вады. Так я i кiнуў гэту сваю задуму.
Вельмi цяжка было абыходзiцца без свечак. Здаралася, што, як толькi змеркне (змяркала а сёмай гадзiне), я вымушаны быў класцiся ў пасцель. Я часта ўспамiнаў той кавалак воску, з якога мы разам з Ксуры рабiлi свечкi ў час нашых вандровак каля берагоў Афрыкi. Але воску ў мяне не было, i адзiнае, што я мог прыдумаць, гэта выкарыстаць тлушч тых коз, якiх я страляў на паляваннi. I я сапраўды змайстраваў сабе свяцiльнiк з казiнага тлушчу: каганец зляпiў уласнаручна з глiны i як мае быць высушыў яго на сонцы, а кнотам мне паслужыла старая канапляная аборка. Каганец гарэў вельмi цмяна, куды горш, чым свечка з воску. Да таго ж ён вельмi мiгаў i раз-пораз патухаў.
Аднойчы, будучы заняты ўсiмi гэтымi справамi па ўладкаванню свае гаспадаркi, я шукаў нейкую патрэбную мне рэч у сябе на складзе i раптам наткнуўся на невялiкi мяшэчак з ячменем; гэта быў той самы ячмень, якi мы везлi на караблi нашым гусям i курам. Усё збожжа, якое яшчэ заставалася, было з'едзена пацукамi; так ва ўсякiм разе мне здалося, калi я зiрнуў у мяшэчак: мне здалося, што там адна труха. Мяшэчак спатрэбiўся мне на порах, я вынес яго на двор i вытрас непадалёку ад пячоры.
Гэта было незадоўга ад таго, як пачалiся лiўнi, пра якiя я казаў ужо ў сваiм дзённiку. Я даўно забыў пра той выпадак, я нават не памятаў, дзе я вытрасаў мяшок.
Але вось прайшло з месяц, i я ўбачыў пад гарою, ля самае пячоры, некалькi зялёных парасткаў, якiя толькi што выбiлiся з зямлi. Спачатку я падумаў, што гэта якая-небудзь туземная траўка, якую я раней не заўважаў. Але мiнула некалькi дзён, i я са здзiўленнем убачыў, што зялёныя сцяблiнкi (iх было штук дзесяць - дванаццаць, не болей) закаласiлiся i хутка аказалiся каласамi звычайнага ячменю, якi расце ў нас, у Ангельшчыне. Немагчыма перадаць, як усхвалявала мяне гэта адкрыццё. Ад радасцi я ледзь не страцiў розуму: у першы момант мне здалося, што здарыўся цуд i ячмень вырас сам па сабе, без насення, каб падтрымаць маё жыццё ў жудаснай пустынi.
Гэта недарэчная думка так мяне ўзрушыла, што я заплакаў. I "цуд" на гэтым не скончыўся: хутка памiж каласамi ячменю паказалiся сцяблiнкi другой раслiны, а менавiта рысу: я iх лёгка пазнаў, бо, калi жыў у Афрыцы, часта бачыў рыс на палях.
Я не толькi быў упэўнены, што гэты рыс i гэты ячмень пасланы мне самiм богам, якi клапоцiцца, каб я не памёр з голаду, але не сумняваўся ў тым, што на выспе мне прызапашана яшчэ нямала такiх каласоў. Я аблазiў усе куточкi сваёй выспы, агледзеў усе лагчынкi i пагорачкi, але нiдзе не знайшоў нi рысу, нi ячменю.