- Яго трэба пакласцi ў пасцель, пане, толькi i ўсяго, ён засне, а заўтра ўсё будзе чын чынам.

- Але ж ён ледзьве языком варочае, - усумнiўся доктар.

- Э, нiчога страшнага, гэта ў яго ад хмелю. Ён жа нiчога не еў у абед, каб спрытнейшым быць, затое кульнуў ажно дзве чаркi - для настрою. Гарэлка, уявiце сабе, развязвае яму ногi, але скоўвае думкi i мову. Ах, не ў яго гады ўжо лётаць на танцулькi. Не, папраўдзе, ну хоць ты плач, i калi ўжо адумаецца чалавек?I

- Але чаму ён гэтак утрапёна танцуе ў такiя гады? - запытаўся здзiўлены доктар.

Яна пацiснула плячыма i пачырванела ад гневу, якi спакваля апаноўваў яе.

- Ах, Божачкi, чаму?! Ды таму, смех сказаць, каб думалi, што ён i пад маскаю маладзён, каб жанчыны лiплi да яго ды нашэптвалi ўсялякую брыду яму на вушка, каб ён мог хоць даткнуцца да iх, да iх паскуднага цела, хоць падыхаць iх пахамi, пудрамi ды памадамi... Во дзеля чаго ж яшчэ?! Ах, пане, во якая ў мяне жытка, цэлыя сорак гадоў ужо ўсё гэта цягнецца... Але найперш трэба ўкласцi яго ў пасцель, каб яму не стала кепска. Цi не памаглi б вы мне? Вельмi цяжка спраўляцца адной, калi ён у гэтакiм стане.

Стары сядзеў на ложку, асалавелы, з доўгiмi сiвымi валасамi, звiслымi на твар.

Яго палова i абурана, i замiлавана глядзела на яго.

- Ну, гляньце, хiба ён не прыгожы на свае гады? - зноў загаварыла яна. Дык не, трэба строiць з сябе блазна, каб людзi думалi, што ён яшчэ малады. Гора дый годзе! А праўда, ён харошанькi, пане? Адну хвiлiнку, зараз убачыце, пакуль ён не лёг.

Яна падышла да стала, дзе месцiлiся тазiк, збан з вадою, грэбень i шчотка, узяла шчотку, вярнулася да ложка, адкiнула ўгору зблытаныя кудлы п'янага мужа - i вось ужо яны, як на мадэлi мастака, буйнымi кучарамi леглi на патылiцу. Старая адступiла на крок i залюбавалася:

- Праўда, ён харошанькi на свае гады?

- Вельмi, - пацвердзiў доктар, якога ўсё гэта пачынала дужа забаўляць.

- А каб вы толькi бачылi, якi ён быў дваццацiпяцiгадовы! - дадала яна. Але ж трэба хутчэй укласцi яго, пакуль тая гарэлiца не вывернула вантробаў. Калi ласка, пане, памажыце сцягнуць рукаў... трохi вышэй... во гэтак... добра... цяпер штаны... пачакайце, я зараз скiну чаравiкi... Ну вось i ўсё. А цяпер пастаўце яго на ногi i хвiлiначку патрымайце, пакуль я рассцялю пасцель... вось так... цяпер паложым... Вы, можа, думаеце, што зараз ён пасунецца, каб i мне было дзе легчы? То дзiва. Мне ўжо трэба шукаць сабе месца абы-дзе. Гэта ўжо яго зусiм не цiкавiць. Ну, спi, гулёна!

Як толькi стары адчуў, што ляжыць у пасцелi, ён адразу ж заплюшчыў вочы, потым расплюшчыў, заплюшчыў зноў, i на ўсiм яго здаволеным аблiччы вымаляваўся рашучы намер спаць.

Доктар разглядваў яго з растучай зацiкаўленасцю.

- Значыць, ён ходзiць на маскарады, каб прыкiдвацца там юнаком? перапытаў ен.

- Нiводнага не прамiнае, пане, а ранiцаю вяртаецца ў такiм стане, што i ўявiць немагчыма. А ўсё ад роспачы! I ляцець туды ён мусiць, i на свой твар гэтую кардонку напiнаць мусiць. Ад роспачы, што ён ужо не той, якi быў, i што ўжо не карыстаецца поспехам, як некалi!

Стары цяпер ужо спаў i нават пачынаў пахропваць. Яна са шкадаваннем глядзела на яго i прадаўжала:

- О, а поспехам ён карыстаўся, гэты чалавек! Такiм, што i не падумаў бы, пане! Большым, чым усе на свеце прыгажуны, спевакi ды генералы!

- Няўжо? Чым жа ён займаўся?

- О, вас гэта, канешне, можа здзiвiць, тым болей што вы не былi знаёмыя з iм у яго маладосцi. Мы ўпершыню сустрэлiся таксама на балi, ён адвеку любiў iх. Калi я першы раз убачыла яго, адразу зразумела: ну ўсё, хана мне, як рыбцы на гачку. Ах, якi ён быў прыгожы, пане, да таго прыгожы, што плакаць хацелася, гледзячы на яго смуглявыя такiя валасы, чорныя як смоль, кучаравыя-кучаравыя, а вочы таксама чорныя i вялiзныя - бы вокны! Дзiвосны хлопец! Ён у той жа вечар павёў мяне з сабою, i я засталася з iм назаўжды, нiколi i на дзянёк не кiнула, нягледзячы нi на што! А колькi ўсяго перажыць давялося!..

- Вы павянчалiся? - запытаўся доктар.

- Канешне, пане, iнакш ён i мяне кiнуў бы, як iншых кiдаў, - проста адказала яна. - Я была яму i жонка, i служанка, i - усiм, усiм, кiм ён толькi хацеў... Колькi слёз я пралiла з-за яго. Але пры iм я век бы не заплакала!.. Ён мне расказваў пра ўсе свае прыгоды, разумееце, пане?.. Мне, мне... Да яго проста не даходзiла, як балюча мне было ўсё гэта слухаць...

- Ды чым жа ён урэшце займаўся, што рабiў?

- Ой, праўда!.. Я i забылася сказаць. Ён быў першы Мартэлеў падручны другога такога на ўсiм свеце не было... Сапраўдны мастак, зарабляў па дзесятку франкаў за гадзiну...

- Мартэль? Хто такi Мартэль?

- Цырульнiк, пане, знакамiты цырульнiк оперы, у яго прычэсвалiся ўсе актрысы. Усе-ўсенькiя, нават самыя шыкоўныя жадалi, каб прычоску рабiў iм Амбруаз, а потым адвальвалi яму такiя чаявыя, што ён стаў страшэнна багаты. Ах, пане, усе жанчыны з аднаго цеста, праўда-праўда. Калi яны ўжо ўпадабаюць сабе мужчыну, дык iдуць на ўсё... Так проста зразумець усё гэта i так цяжка... Бо ён расказваў мне ўсё... Ён проста не мог змаўчаць... Не мог - i ўсё тут. Гэта ж такая асалода мужчынам! А пасля яшчэ i расказаць каму-небудзь пра гэта - дык, можа, нават яшчэ большая асалода!

Калi ён вечарам вяртаўся дахаты, трохi бляднейшы, чым звычайна, такi самазадаволены, вясёлы, я адразу ж думала: "Ну вось, яшчэ адна. Напэўна яшчэ адну падчапiў". Мяне апаноўвала жаданне выпытаць у яго ўсё, ажно сэрца папялела ад гэтага жадання, але было i другое: не ведаць нiчога, не даць яму гаварыць пра гэта, калi пачне. I мы толькi паглядвалi адно на адно.

Я добра ведала, што ён не вытрывае, не абыдзе гэтага. Я бачыла гэта па iм, такi ён быў смешны ў сваiм намаганнi, каб я сама ўсё зразумела. "Я такi ўсцешаны сёння, Мадлен!" - гаварыла ўсё яго аблiчча. Я прыкiдвалася, што нiчога не заўважаю, не здагадваюся; я ставiла на стол вячэру, сядала насупраць яго...

У такiя хвiлiны мне здавалася, што ў маю душу ляцяць камянi i разбiваюць маю любоў да яго. Так балюча было мне, пане, страшэнна. А яму i не ў галаве было, ён i не здагадваўся; яму трэба было падзялiцца з кiм-небудзь, пахвалiцца, паказаць, як усе падаюць за iм... А дзялiцца не было з кiм, адна я была ў яго, адна я... Вось i... Мусiла выслухоўваць, мусiла каўтаць усё, як атруту...

Ён браўся вячэраць, а потым казаў:

- У мяне новенькая, Мадлен.

А я думала: "Значыць, праўда. Божа мой, што за чалавек?! I навошта толькi я яго спаткала?!"