У Добрае Козачкi быў такi суровы выгляд, што Бландзiна не асмелiлася болей нiчога спытаць.
Дзень скончыўся сумна. Бландзiна адчувала сябе няёмка, Добрая Козачка была незадаволеная, а Каток-Вуркаток - журботны.
Назаўтра Бландзiна, прачнуўшыся, падбегла да акна i ледзь паспела яго адчынiць, як у пакой уляцеў Папугай.
- Ну, што, Бландзiна, - спытаў ён, - бачыла, як збянтэжылася Добрая Козачка, калi ты спытала ў яе пра Ружу? Я абяцаў табе расказаць, як здабыць гэту чароўную кветку, дык вось: табе трэба выйсцi з парка i пайсцi ў лес. Я палячу разам з табой i пакажу месца, дзе расце найпрыгажэйшая Ружа ў свеце.
- Але як жа я выйду з парка? Са мной на шпацыр заўсёды ходзiць Каток-Вуркаток.
- Пастарайся яго адаслаць, - сказаў Папугай. - А калi ён заўпарцiцца, усё роўна не слухай яго i выходзь за агароджу.
- Але ж калi гэтая Ружа расце далёка, у палацы абавязкова заўважаць, што мяне надта доўга няма.
- Iсцi трэба сама большае адну гадзiну. Добрая Козачка паклапацiлася, каб Ружа была як мага далей i каб ты нiколi не змагла вырвацца з яе палону.
- Але нашто ёй мяне трымаць? Яна такая магутная, няўжо яна не магла знайсцi сабе iншых уцех, апроч майго выхавання?
- Гэта ты зразумееш потым, Бландзiна, калi вернешся да свайго бацькi. А цяпер табе трэба быць вельмi рашучаю. Пасля снедання пазбаўся ад Катка-Вуркатка i выходзь у лес. Я буду цябе там чакаць.
Бландзiна паабяцала, што ўсё так i зробiць, i хуценька зачынiла акно, баючыся, каб iх не ўбачыла Добрая Козачка.
Пасля снедання Бландзiна, як зазвычай, пайшла на шпацыр у сад, i Каток-Вуркаток пайшоў разам з ёю. Некалькi разоў яна прасiла Катка, каб ён пакiнуў яе адну, але той жаласна мяўкаў i iшоў следам. Калi яны збочылi на дарожку, якая вяла да выхаду з парка, Бландзiна зноў паспрабавала пазбавiцца ад Катка-Вуркатка.
- Я хачу пагуляць адна, - сказала яна. - Iдзi адсюль, Каток-Вуркаток, чуеш?
Але Каток-Вуркаток зрабiў выгляд, быццам не разумее. Тады Бландзiна зусiм раззлавалася i, забыўшыся, што яна робiць, ударыла Катка-Вуркатка нагой.
Ад моцнага ўдару Каток-Вуркаток страшна крыкнуў i стрымгалоў кiнуўся да палаца.
Роспачны крык Катка-Вуркатка прымусiў Бландзiну апамятацца; яна была ўжо гатовая паклiкаць Катка-Вуркатка назад, адмовiцца ад Ружы i расказаць усё Добрай Козачцы. Але зрабiць гэта яна пасаромелася i, павярнуўшыся, рушыла да паркавай агароджы. Дрыготкай рукой яна адчынiла браму i выйшла ў лес.
Да яе зараз жа падляцеў Папугай.
- Смялей, Бландзiна! - закрычаў ён. - Яшчэ гадзiна, i ты атрымаеш Ружу, а потым зможаш нарэшце ўбачыць свайго дарагога бацьку.
Гэтыя словы зноў надалi Бландзiне рашучасцi, якую яна пачала была трацiць. I яна смела рушыла па сцяжынцы, якую ёй паказваў Папугай, пералятаючы наперадзе з галiнкi на галiнку. Лес, якi з паркавай альтанкi здаваўся такiм прыгожым, усё болей гусцеў i ператвараўся ў непралазную нетру. Вакол раслi калючкi, сцежку перагароджвалi вялiзныя камянi. Птушак было ўжо не чуваць, i кветкi кудысьцi знiклi. Бландзiна пачала адчуваць незразумелую млосць, але Папугай прыспешваў яе:
- Хутчэй, Бландзiна, хутчэй! Час iдзе! Калi Добрая Козачка заўважыць, што цябе няма ў парку, яна кiнецца ў пагоню i скруцiць мне шыю, а ты нiколi ўжо не ўбачыш свайго бацькi.
Бландзiна была стомленая, яна задыхалася, рукi ў яе былi падрапаныя, чаравiкi падралiся. Яна была гатовая ўжо сказаць, што нiкуды болей не пойдзе, калi Папугай закрычаў:
- Ну, вось мы й прыйшлi, Бландзiна! Вунь за тым невысокiм плотам i расце твая Ружа.
I сапраўды за павароткай сцяжыны Бландзiна ўбачыла невысокi плот. Папугай падляцеў да яго i адчынiў маленькiя дзверцы.
Зямля за плотам была сухая i камянiстая, але пасярэдзiне буйнеў цудоўны ружовы куст з найпрыгажэйшаю ў свеце Ружай.
- Бяры яе, Бландзiна, цяпер яна па праву належыць табе, - сказаў Папугай.
Болей не разважаючы, Бландзiна ўзялася за галiнку i, хоць у пальцы ёй балюча калолi шыпы, сарвала прыгожую кветку.
Як толькi Ружа апынулася ў яе ў руце, пачуўся нечый гучны смех. Ружа выслiзнула ў яе з рук i закрычала:
- Дзякуй табе, Бландзiна, што ты вызвалiла мяне ад чараў Добрае Козачкi! Я твой злы дух, i цяпер ты належыш мне!
- Ха-ха-ха! - засмяяўся Папугай. - Дзякуй табе, Бландзiна! Цяпер i я нарэшце магу набыць свой звычайны выгляд - выгляд чарадзея. Угаварыць цябе аказалася зусiм не так цяжка, як я ўяўляў. Досыць было толькi трошкi пацешыць тваё самалюбства, як ты адразу зрабiлася злая i няўдзячная. Ты сама прынесла пагiбель сваiм сябрам, якiя былi мае смяротныя ворагi. Бывай, Бландзiна!
I прамовiўшы гэтыя словы, Папугай разам з Ружай знiк i пакiнуў Бландзiну адну пасярод дрымучага леса.
Глава 8
Раскаянне
Ад нечаканасцi таго, што адбылося, Бландзiна стаяла, не ведаючы, што рабiць. Толькi цяпер яна зразумела, як дрэнна сябе паводзiла, якою аказалася няўдзячнай сваiм сябрам, якiя былi ёй настолькi адданыя i цэлыя сем гадоў прысвяцiлi яе выхаванню i навучанню. Цi захочуць яны цяпер убачыцца з ёю зноўку, цi даруюць ёй гэты ганебны ўчынак? Што з ёй будзе, калi яны не захочуць яе ўпускаць? I што азначала гэтая фраза, прамоўленая брыдкiм Папугаем: "Ты сама прынесла пагiбель сваiм сябрам"?
Бландзiна вырашыла як мага хутчэй вяртацца да Добрае Козачкi. Шыпы i калючкi раздзiралi ёй рукi, ногi i твар, але яна ўпарта прабiралася скрозь непралазны гушчар i праз тры гадзiны няспыннай хады дайшла нарэшце да замка Катка-Вуркатка i Добрае Козачкi.
Але што яна адчула, убачыўшы, што на месцы чароўнага замка ляжалi адны руiны, а замест прыгожых кветак i дрэваў раслi брыдкiя калючкi, ваўчкi ды крапiва?!
У жаху i вялiкае роспачы Бландзiна паспрабавала прабрацца памiж руiнаў, каб паглядзець, што сталася з яе сябрамi. Але раптам з-пад каменя вылезла вялiкая Жаба, якая села перад ёй i прамовiла:
- Што табе трэба? Цi не ты сваёю няўдзячнасцю прынесла пагiбель сваiм сябрам? Iдзi ж прэч i не зневажай iхняй памяцi сваёю прысутнасцю!
- Ах! - закрычала Бландзiна. - Бедныя мае сябры, Добрая Козачка i Каток-Вуркаток! Няхай я лепей памру, толькi б гэта магло выправiць гора, якое я вам прычынiла!
I горка заплакаўшы, яна ўпала на зямлю сярод камення i калючага пустазелля. На душы ў яе быў такi боль, што яна не адчувала ўколаў вострых камянёў i шыпоў. Яна плакала вельмi доўга, але нарэшце села i пачала шукаць якога-небудзь прытулку, дзе можна было б схавацца. Але вакол былi толькi камянi ды калючкi.