- Ведаеце што, - сказаў тады прынц, - дапамажыце нам, вы пра гэта не пашкадуеце! Дайце нам кавалачак кашулi, якую вы носiце на целе!

Пачуўшы гэта, пастух з жонкай неяк дзiўна пераглянулiся. А пастух сказаў:

- Бачыць Бог, мы з радасцю далi б вам не толькi па шматку, але i цэлую кашулю, калi б яна ў нас была. Але ў нашай хаце няма нават нiякай анучы.

Давялося прынцу з прынцэсай выправiцца далей з пустымi рукамi. У рэшце рэшт доўгiя i марныя блуканнi надакучылi iм, i яны скiравалi дамоў. Калi прынц з прынцэсай ехалi мiма хацiны мудраца, яны папiкнулi яго за тое, што ён даў iм такую дрэнную параду, i расказалi пра сваё падарожжа.

Усмiхнуўся на гэта мудрэц i сказаў:

- Няўжо вы i на самай справе змарнавалi час? Хiба не вярнулiся вы дамоў умудроныя вопытам?

- Гэта праўда, - адказаў прынц, - я даведаўся, што шчасце i задаволенасць сваiм лёсам - рэдкi дар на гэтым свеце!

- А я, - сказала прынцэса, - зразумела: каб быць шчаслiвым, трэба толькi адно - быць шчаслiвым!

Тут прынц працягнуў прынцэсе рукi i зiрнулi яны адно на аднаго з зайздросным замiлаваннем i каханнем. Блаславiў iх мудрэц i сказаў:

- У вашым уласным сэрцы знайшлi вы сапраўдны талiсман! Беражыце яго, i тады злы дух незадаволенасцi нiколi не завалодае вамi!

РУСАЛАЧКА

Далёка ў моры вада сiняя-сiняя, як пялёсткi самых прыгожых васiлькоў, празрыстая-празрыстая, як самае чыстае шкло, толькi вельмi глыбокая, такая глыбокая, што нiякага якарнага каната не хопiць. Шмат званiц трэба паставiць адна на адну, тады толькi верхняя выгляне на паверхню. Там на дне жыве падводны народ.

Але не падумайце, што дно голае, адзiн толькi белы пясок. Не, там растуць незвычайныя дрэвы i кветкi з такiмi гнуткiмi сцяблiнамi i лiсцем, што яны варушацца, нiбы жывыя, ад самага малога руху вады. А мiж галiн ходзiць туды-сюды рыба, вялiкая i маленькая, зусiм як птушкi лятаюць у паветры ў нас наверсе. У самым глыбокiм месцы стаiць палац марскога цара - сцены яго з каралаў, высокiя стральчатыя вокны з самага чыстага бурштыну, а дах увесь з ракавiн; яны то адкрываюцца, то закрываюцца, у залежнасцi ад таго, прылiў цi адлiў, i гэта вельмi прыгожа, бо ў кожнай ляжаць зiхатлiвыя жамчужыны i любая была б цудоўным упрыгожаннем у кароне самой каралевы.

Марскi цар даўным-даўно аўдавеў, i гаспадаркай у яго кiравала старая мацi, жанчына разумная, толькi надта ўжо ганарылася яна сваёй знатнасцю: на хвасце старая насiла аж дванаццаць вустрыц, тады як iншым вяльможам дазвалялася толькi шэсць. У астатнiм жа яна заслугоўвала ўсялякай пахвалы, асаблiва таму, што душы не чула ў сваiх маленькiх унучках - прынцэсах. Iх было шэсць, усе прыгожанькiя, але мiлейшай за ўсiх была самая малодшая, са скурай чыстай i пяшчотнай, як пялёстак ружы, з вачыма сiнiмi i глыбокiмi, як мора. Толькi ў яе, як, зрэшты, i ў астатнiх, ног не было, а замест iх быў хвост, як у рыбы.

Цэлы дзень гулялi прынцэсы ў палацы, у прасторных пакоях, дзе са сцен раслi жывыя кветкi. Расчынялiся вялiкiя бурштынавыя вокны, i ўсярэдзiну заплывала рыба, зусiм як у нас ластаўкi залятаюць у хату, калi вокны адчынены насцеж, толькi рыба падплывала проста да маленькiх прынцэс, брала з iх рук ежу i дазваляла сябе гладзiць.

Перад палацам быў вялiкi сад, у iм раслi агнiста-чырвоныя i цёмна-сiнiя дрэвы, плады iх ззялi золатам, кветкi - гарачым агнём, а сцяблiны i лiсце бесперастанна гайдалiся. Зямля была суцэльным дробным пяском, толькi блакiтнаватым, як сернае полымя. Усё там унiзе адлiвала якойсьцю асаблiвай сiнечаю, - можна было падумаць, быццам стаiш не на дне марскiм, а ў паветранай вышынi, i неба ў цябе не толькi над галавой, але i пад нагамi. У бязветраны дзень з дна вiдаць было сонца, яно здавалася пурпурнай кветкай, з чашы якой лiецца святло.

У кожнай прынцэсы была ў садзе свая мясцiнка, тут яны маглi капаць i садзiць, што хацелi. Адна зрабiла сабе градку для кветак у выглядзе кiта, другой уздумалася, каб яе градка выглядала русалкай, а самая малодшая зрабiла сабе градку, круглую, як сонца, i кветкi на ёй садзiла такiя ж пунсовыя, як яно само. Дзiўнае дзiця была гэта русалачка, цiхае, задуменнае. Iншыя сёстры ўпрыгожвалi сябе ўсякай усячынай, якую знаходзiлi на затопленых караблях, а яна толькi i любiла, што кветкi ярка-чырвоныя, як сонца, там, наверсе, ды яшчэ прыгожую мармуровую статую. Гэта быў цудоўны хлопчык, высечаны з чыстага белага каменя, якi апусцiўся на дно марское пасля караблекрушэння. Каля статуi русалачка пасадзiла ружовую нiцую вярбу, яна пышна разраслася i звешвала свае галiны над статуяй да блакiтнага пясчанага дна, дзе атрымлiваўся фiялетавы цень, якi зыбаўся ў лад гайданню галiн, i ад гэтага здавалася, быццам верхавiна i каранi лашчуцца адно да аднаго.

Больш за ўсё русалачка любiла слухаць расказы пра свет людзей там, наверсе. Старой бабулi давялося расказаць ёй усё, што яна ведала пра караблi i гарады, пра людзей i жывёл. Асаблiва дзiвосным i незвычайным здавалася русалачцы тое, што кветкi на зямлi пахнуць, - не тое, што тут, на марскiм дне, - лясы там зялёныя, а рыба сярод галiн спявае так гучна i прыгожа, што проста заслухаешся. Рыбай бабуля называла птушак, iнакш унучкi не зразумелi б яе: яны ж зроду не бачылi птушак.

- Калi вам споўнiцца пятнаццаць гадоў, - казала бабуля, - вам дазволяць усплываць на паверхню, сядзець у месячным святле на скалах i глядзець на вялiзныя караблi, якiя праплываюць мiма, на лясы i гарады!

У гэтым годзе старэйшай прынцэсе якраз спаўнялася пятнаццаць гадоў, але сёстры былi пагодкамi, i выходзiла так, што толькi праз пяць гадоў самая малодшая зможа падняцца з дна марскога i ўбачыць, як жывецца нам тут, наверсе. Ды кожная абяцала расказаць астатнiм, што яна ўбачыла i што ёй больш за ўсё спадабалася ў першы дзень, - бабулiных расказаў iм было мала, хацелася ведаць як мага больш.

Нiводную з сясцёр не вабiла так на паверхню, як самую малодшую, цiхую, задуменную русалачку, якой даводзiлася чакаць даўжэй за ўсiх. Ноч за ноччу праводзiла яна каля адчыненага акна i ўсё глядзела наверх праз цёмна-сiнюю ваду, у якой плёскала хвастамi i плаўнiкамi рыба. Месяц i зоркi бачылiся ёй, i хоць свяцiлi яны зусiм цьмяна, затое здавалiся праз ваду нашмат большымi, чым нам. А калi пад iмi нiбы плыло цёмнае воблака, ведала яна, што гэта цi кiт праплывае, цi карабель, а на iм шмат людзей, i ўжо, канешне, iм i ў галаву не прыходзiла, што ўнiзе пад iмi прыгожанькая русалачка цягнецца да карабля сваiмi белымi рукамi.