- Быў у мяне конь Буланы, от цягавiты быў, пакуль не з'ездзiўся.

Грыз сабе Буланы траву...

"Спазнiўся на вячэру, - думаў Бяляк, - чорт яго ведае, як шкода, ах каб ты згарэла, каб ты... гэткая работа".

"Хутчэй бы знайсцi ды кончыць, - думаў Карась, - а тады вечарам запрагу каня, ды ехаць трэба ў горад".

* * *

Няпэўная пара - восень. Зноў узнiмацца пачаў вецер, зноў пагнаў ён хмары. Ды ўжо сагнаў iх усе за далёкiя лясы, за зямныя далi.

I глянула на зямлю зусiм яснае неба. Як бы гэта летняя шырыня адчулася ў iм. Як бы гэта прасторы свету разгарнулi некую вялiкую думку.

Беглi па зямлi зыкi, чуўся з дарогi звон тэлеграфных дратоў, стукалi недзе калёсы ды гаварылi людзi. Можа гэта Карась з Беляком выказвалi сваё нездавальненне, а можа так гаварылi аб сваiм iншым...

I ўсё дзьмуў ды дзьмуў вецер, i ўсё ясней i ясней рабiлася на зямлi ад яснага неба, бо зусiм зышлi хмары.

Яны ўдвух падышлi да дарогi. Раптам выйшлi да яе праз кусты. А там вiдаць ужо была вёска, а за ёю бегла далёка ржышча.

- Хто яго ведае, - сказаў раптам Бяляк, - от неяк не разабраць, як паглядзiш - цi гэта восень, цi вясна.

- Дай закурыць, - адказаў Карась.

Пры дарозе на каменнях яны селi i пачалi курыць. Курылi сабе пацiху, курылi, а пасля ўсталi ды зноў пайшлi шукаць Буланага. I можа гэта ад таго, што спакойна на каменнях пакурылi яны, прапалi ў iх сляды злосцi на Буланага за тое, што ўцёк з-пад нажа, i на самiх сябе, што няспрытна кожны рабiў тое, што трэба.

Так i шукалi Буланага...

Знайшлi яны яго за кустамi каля дарогi. Ён стаяў на некай пакарпанай раллi i выгрызаў нешта з аднаго месца - можа да смаку яму прыйшлася халодная трава, з'едзеная раней каровамi. Ён не даваўся iм - яны зноў прабудзiлi ў iм некую, аб нечым i ад нечага трывогу, i ён кiнуўся бегчы, а пасля як бы раздумаўся, адчуў раптам, што ногi неяк дрыжаць i слабыя i недзе ў глыбiнi жывата нешта моцна сцiснулася. Як бы паплыло што над iм, цераз яго галаву, i ад гэтага галава сама апусцiлася ўнiз, але занечым трэба было трымаць яе ўгары. Тады ён толькi вушамi пашавялiў трохi ды раптам стаў.

- Кось-кось, - пазваў яго Бяляк, - косенька Буланы...

I раптам хвацiў яго за валасы, што звесiлiся над левым вухам.

I тады павялi яго.

З такою ж трывогаю ва ўсёй сваёй iстоце i з такою ж цяжкасцю ў жываце пайшоў ён за iмi, некалькi разоў спатыкнуўся аб высокую мяжу... I ўсё ж скрозь трывогу калацiлася ў iм нешта падобнае да адчування, што пасля поля гэтага i гэтых людзей будзе нешта вельмi добрае - пачынаў канчацца дзень, i загэтым iнстынкт прывык да спакойнага начлегу... I па меры таго як iшлi яны, усё спакайнеў ён - адчувалася ўжо iм нешта добрае, звычайна-спакойнае.

Канчаўся дзень, як яны прыйшлi...

VII

Бяляк забыўся, што вакол адзiноцтва асенняга дня, поле ды вецер, - як бы гэта адчуў ён вакол сябе тысячы людзей, тысячы зацiкаўленых вачэй, i сам ён у цэнтры ўсяго. Свет прыслаў вялiкiх сваiх прадстаўнiкоў, каб бачыць тое, што робiць тут Бяляк Мiкалай. I ён мацней, як тады, хвацiў Буланага за морду.

У Карася быў такi выгляд, як бы гэта ён стаяў адзiн, ахвачаны цеменню ночы, так што нiхто яго не бачыў, нiхто аб iм не ведаў i не думаў. Ён спакойна, з каменным выразам твару, дастаў з халявы нож, папрабаваў пальцам вастрату яго i, як бы што раптам уцямiўшы, даў гэтым нажом Буланаму ў грудзi...

Буланы не то што каб гэта адчуў боль, яе неяк асаблiва i не было. У першую хвiлiну было нейкае як бы непаразуменне перад усiм тым, што робiцца, што робяць, што ёсць... У наступную хвiлiну далечыня зямлi, якая вiдна была, паплыла ўгору, пасля пайшла нек набок, i па ёй забегалi чорныя кроплi. Пасля ўсё стала цёмна-шэра-сiнiм, паплылi ў iм чырвоныя лапiны, з нейкаю страшною зеленню ды яшчэ з нечым такiм, што i ўсё, i нiчога; тады моцна застукала нешта шумнае i тупое ў вушы, i раптам, у тры, пяць момантаў усё пачало рабiцца нiчым. I ўсё стала нiчым.

I стаў такi выгляд у Буланага: чаму гэта яму канечне сагнуць пярэднiя ногi ў каленях, каб апусцiць на зямлю, чаму не ўпасцi яму проста, як стаяў, i чаму яму канечне трэба падаць?!

Бяляк азiрнуўся на кусты i плюнуў убок, бо было яму прыемна пляваць. Карась абцёр нож аб шыю Буланага i зноў папрабаваў пальцам яго вастрату.

Канчаўся дзень.

Буланы абсунуўся неяк наперад, ткнуўся мордаю ў зямлю...

За кустамi ляжала дарога. Была яна шырокая i шэрая i неяк яшчэ белая на фоне асенняй зеленi, вясёлай пустаты ржышча ды задуменнасцi чорнай раллi. Гэта яна, раней трохi, гэтым сваiм выглядам весялiла вочы двух чалавек.

Цяпер яны, блiзка тут, здзiралi з Буланага шкуру.

А па дарозе шэраю масай праехалi конна сотнi шэрых людзей... Адзiн, што меў у той час уладу над чужымi настроямi, уздумаў раптам, што iснуе на свеце вясёласць неабдымная, нястрыманая, радасць нявымераная. Ён падняў угору руку, патрос ёю там, пасля раптам ускiнуў яе яшчэ вышэй, як бы гэта пiхнуў ёй угору некi цвёрды, як дыямент, жмут, з якога павiнна рассыпацца па свеце тая вясёласць.

I раптам ажыло ўсё, што здавалася нежывым, што было нежывым: загаварыла ўсё, што маўчала дагэтуль; заслухалася ўсё, што не слухала дагэтуль. Пабег нястрыманымi хвалямi той фон, на якiм павiнна была развярнуцца тая вясёласць. I на iм загаварылi флейты. Зверху яны беглi ўнiз у зыках сваiх i, не дабегшы туды, а ўжо будучы там, кацiлiся ўвыш, i ўсё насiлася i крывымi, i простымi лiнiямi ўшыр. I мог з'явiцца смутак, што гэта калi-небудзь скончыцца...

Выйшаўшы на дарогу, Мiкалай Бяляк раптам адчуў, як яму, як перад смерцю, жыць захацелася, усё тое, што ў тую хвiлiну чуў, адчуў i ўявiў схвацiць, каб паказаць усяму свету або самому растаць у iм. Не было ўжо больш нi таго, што трымала дагэтуль думкi ў няволi, нi таго, што вось кагадзе зрабiў важную справу з канём. Як бы расцвiла гэта зямля ўсiм сваiм хараством i радасцю над усiм тым, што было кагадзе смуткам...

Так i насiлася ўсё гэта над абодраным i цёплым яшчэ, крывавым Буланым.

Карась улажыў у халяву нож i сказаў:

- Але ж конi ў iх якiя сытыя. О, гэта дык конi!..

Мiкалай Бяляк нiчога не адказаў яму i пайшоў у свой бок, куды яму трэба было.

VIII

На вйсну на тым месцы, дзе ўпаў Буланы, вырасла густая трава. Яшчэ восенню мяса яго, у першую ж ноч, з'елi ваўкi, косцi расцяглi сабакi, i цяпер ляжаў толькi адзiн чэрап, глыбока схаваны ў кусце сiняй травы. У гэтым чэрапе мурашкi заснавалi свой горад i жылi сабе там. У кусце травы расцвiў высокi чартапалох, над якiм гулi пчолы. На самых яго карэннях, у траве, птушкi некiя звiлi сабе гняздо, але сабакi, якiя прабягалi дарогай, мелi патрэбу, а можа толькi проста жаданне (хто iх ведае) прыпыняцца каля гэтага куста травы i перашкодзiлi птушкам вывесцi птушанят. Загэтым птушкi хутка пераляцелi жыць на той бок канавы, у куп'я.