- Не iдзi.
- Я пайду, - сказаў ён з горкай трывогай.
- Не iдзi, нiчога табе ад мяне не будзе. I нiчога табе ад мяне не можа быць.
- Можа быць, - сказаў ён з пачуццём блiзкiм да пачатку злосцi.
- Ну-ну! - сказала яна горда з фальшывай сталасцю.
- Нонна! - пазваў ён яе.
Яна здзiўлена паглядзела на яго i зноў пайшла. I, дайшоўшы да самай будкi, яшчэ раз азiрнулася i з такой жа фальшывай сталасцю, але ўжо са смехам у вачах, пакiвала на яго пальцам i схавалася ў будку.
Ён некалькi хвiлiн стаяў на адным месцы, з прытупленаю вастратою ў пачуццях, пасля пайшоў назад i стаў на мосце i глядзеў моўчкi на ваду. Пасля яму стала брыдка перад ёю, што ён стаiць тут i не адыходзiць; пачаткi гордасцi заварушылiся ў iм, i ён плюнуў унiз i пайшоў кустамi на палявую дарогу.
- А ну яе к чорту, - сказаў ён моцна, з патугаю, несучы ў душы смутак.
I ахвацiў гэты смутак думкамi, выйшаўшы ў поле. Тады яскрава i выразна думаў, што гэта ж па гэтай цыганскай дзяўчыне такi востры смутак у яго.
V
У тую ноч Нонна доўга не спала. Была ў яе журба i даходзiла да мяжы са смуткам...
Тады свяцiў над паплавамi месяц, i ясна, i пуста, i страшна цiха было ў прасторах. Бялела нейк далёкая роўнасць зямлi, не шумела трава, i iншых нiякiх не было зыкаў. I моцна пахла вясенняю ноччу... Некалькi разоў звечара пачыналi плакаць далёкiя птушкi, а пасля толькi раз адна крыкнула... Так i свяцiлася ноч i цiха драмала...
Брат Нонны звечара доўга хадзiў каля будак, гаварыў з старым цыганом з другое будкi, пасля хадзiў путаць конi i доўга там свiстаў iм i, як пачаў узыходзiць месяц, лёг у будцы i зразу моцна заснуў. I ў суседняй будцы спалi. Тады Нонна выйшла босая i неадзетая, i села пры рэчцы, i сядзела так, не варушачыся. Яе некуды цягнула, хацелася некуды iсцi, нешта рабiць, дзейнiчаць, нешта i некага пакiнуць, нешта i некага знайсцi. Але было гэта нявызначаным у свядомасцi, як пункт. Нешта давiла ёй душу, i падобна было, што як бы гэта нешта было добрае, патрэбнае i слаўнае i цяпер няма яго... I трудна было ёй прывясцi ў парадак пачуццi. Давiла яе i тое, што свяцiў над паплавамi месяц, i разам з тым нейк i важна i патрэбна было тое, што свецiць ён. Давiла цiшыня i размах пустых прастораў, i разам з тым дарагою i любаю была гэтая шырокая цiш.
Плылi ў галаве кавалкi думак аб тым, што было дагэтуль, i думалася нейк нутром аб тым, чаго i не было, што было нязнаным, нябачаным. У смутку варушылася нездавальненне нейкае i журба аб усiм, журба вострая, рухавая, жывая, i цяжкая, i любая, журба аб жыццi. Такая няроўная, якою бывае i радасць аб жыццi, такая ж патрэбная для абнаўлення жыцця...
Было журботна i ад таго, што адзiноцтва было вакол i як бы гэта залазiла яно ў душу. Было гэта непрывычным i можа ад таго, што паехалi ўсе, пайшлi адгэтуль назаўсёды маладыя i блiзкiя i цяпер вось недзе нешта думаюць, робяць i адчуваюць... I раптам вынiкла думка аб сваёй згубленасцi тут, бо нейк цьмяна адчулася, што недзе нешта iснуе iншае, якое - невядома, але ўявiлася яно, як пункт здавальнення для чалавека.
"Можа гэта нашы там зусiм вясёлыя, i думаць iм нiчога не трэба", выразней за ўсё раптам падумала Нонна.
А пасля iзноў сядзела i ўсё адчувала i знанае, i нязнанае i толькi не адчувала таго, што ад адзiноцтва асенняй ночы i маладой чуласцi гэта ўсё ў яе... I яшчэ было ў яе, але больш у думках, нездавальненне ад таго, што адна яна тут, нiхто яе не бачыць, нiхто на яе не глядзiць, не гавораць пра яе, не захапляюцца ёю... I ў сярэдзiне ночы пачала ў яе спець думка, сперш няроўная, а пасля з адзнакамi мала калi быўшай дагэтуль рашучасцi... I часамi ёй хацелася, доўга i цiха...
Месяц высока падняўся i пабялеў, i пабялела нiзкая трава; холадам дыхала рэчка, i недзе лёгкiм стукам абазвалася дарога. Ноч пераламалася на другую палавiну, i больш востра запахла ўсё. Нонна ўстала i паволi пайшла па беразе рэчкi. Дайшла яна далёка, да нейкай чорнай раллi, у задуменнi пастаяла там на адным месцы i пайшла назад. Раптам усё пачало кiпець у яе настроях, узнялася нервовасць, i яна пайшла хутчэй. I проста ўвайшла ў цёмную будку. Там лягла пры халодным палатне i пачала плакаць, стараючыся не пабудзiць нiкога. Пасля яна сцiхла, але з плачам у душы сцiшылася, i пад самы дзень дрымота агарнула яе...
Прачнулася яна, як было ясна ад сонца. Брат збiраўся ехаць у горад, каб прадаць там конi i шукаць там на зiму кватэры, i яна вяла пачала памагаць яму. I ў час гэтай работы вярнулiся з горада дзве дзяўчыны, што нядаўна жылi тут. Вярнулiся, каб сказаць ёй, што нанялiся яны ўсе на цэлую зiму спяваць у кафэ i што без яе няможна абысцiся для танцаў. I што трэба спяшаць выехаць той у горад.
Бесклапотная гуллiвасць i вышыня настрояў раптам ахвацiлi Нонну. Яна пачала спяваць i дурэць, як дзiця. I такi настрой не пакiдаў яе доўга, хоць трохi пасля прытупiўся...
Папоўднi яны даехалi да горада. Брат Нонны там застаўся, а тры дзяўчыны селi пад вечар на поезд i выехалi ў дальнi горад... Брат кiўнуў Нонне галавою; у яго нядобра i сумна было на душы...
VI
Два днi не мог прыйсцi да сябе Андрэй. Каб забыцца, моцна ўвайшоў ён у работу, стаў маўклiвы i вечарамi выходзiў на вулiцу слухаць, як гаварылi над старым дахам жоўтыя клёны. Нейк не па сабе яму было i ад таго яшчэ, што, як дазнаўся ён, што няма ўжо на беразе палатняных будак, а значыцца, няма блiзка i Нонны, цьмяна i неаформлена адчуў, што нават сумна-тонкiя i вострыя перажываннi засталiся нават як бы i не па Нонне, а так нейк па нечым, можа па тым, што ёсць, а можа па тым, чаго няма зусiм i чаго не хапае ў свеце i па чым сумуе i ад чаго кiпiць глыбiня чалавечай iстоты. Многа тады пачало з'яўляцца ў яго новых думак, небывалых дагэтуль. Было чаканне нечага i нецярплiвасць. А на трэцi дзень прыйшоў да яго лiст з дальняга горада ад земляка. Звалi яго ў горад, i ад гэтага перавярнулася ў iм тое, што навявала папярэднi настрой. Раптам ён ясна прыпомнiў Нонну, як яна ўсмiхалася, а пасля не дазволiла яму iсцi за сабою, i раптам вырасла ў iм упэўненасць, што ён нейк вышэй яе стаiць на зямлi; што ён больш значны, i гордасць яе не важна нiкому. Сум у iм астаўся шырокi, але нейк раптам выйшла з яго круга Нонна i зрабiлася нечым асобным. I зноў яна неўзаметку пачала вырастаць i аддзяляцца ад усяго. Тады ён стараўся зняважыць яе ў думках сваiх, а яна яшчэ больш вырастала. I ён доўгiмi i настойлiвымi думкамi вызваў у сабе на яе нешта падобнае да злосцi. Сiлаю ўпэўнiў сябе, што гэта злосць i што так трэба, што гэта абсалютная сапраўднасць. Пасля ж набеглi, згусцiлiся пачуццi i заглушылi ўсё гэтае, што было ў думках. Тады з'явiлася толькi мяккая крыўда на Нонну, i ад гэтага прыйшло сапраўднае ўжо ўзвышэнне над ёю, затаенае ў самiм толькi сабе. Тады яму зрабiлася самому перад сабою брыдка i нядобра за тое, што паддаўся ён быў у той першы дзень слабасцi - у сувязi з тым, што ўбачыў яе першы раз, варушыў сваю душу, паднiмаў з яе дна ўсё перажытае, востра-пакутнае i цяпер ужо святое; што плакаў ён вечарам на халоднай зямлi. I нават нядобра адчуваў ён сябе перад братам... Пасля раптам наплылi на яго ўсякiя думкi, у якiх патроху знiкаць стала Нонна i патроху апускацца пачалi пачуццi. Ён ужо з братам гаварыў аб усякiх справах, вырашалi ўдвух час яго ад'езду, i ў апошнi дзень перад ад'ездам ездзiў ён з братам на поле. У думках яго ўжо малявалася шырыня новай працы, вельмi важнай i патрэбнай, усякiя магчымасцi i новая прывабнасць.