• 1
  • 2
  • »

Усе трое, прытулiўшыся адно да другога, яны цiхенька плачуць. Яны грызуць нейкi гнiлы кавалачак дрэва... i слязьмi праганяюць яго, каб не засядала ў горле... Убачыўшы свайго татку, яны, як маладыя ластавачкi, разявiлi свае роцiкi, працягнулi ўсе да яго ручкi, худыя i пасохшыя, як каласкi ў полi, i пачалi плакаць i прасiць:

"Татачка дарагi... есцi... есцi хочам... дай кавалачак хлеба... ратуй нас... ратуй маму... яна таксама памiрае... iдзi папрасi ў людзей хоць крошачку хлеба, а як у нас будзе - мы больш iм дадзiм. Татачка, хочацца есцi... ратуй нас... ратуй..."

I шэсць худых ручак працягвалася да Габруся, а ён упаў на стол, закрыўся рукамi i пачаў сам плакаць, не ведаючы сам, што рабiць, куды iсцi, хто паможа яму ратаваць жонку, дзетак i жывёлу...

Вось раптам на печы замяўкаў сумную песню галодны кот, а ў сенцах, нiбы перад вялiкiм няшчасцем, завыў сабака. У Габруся сэрца пачало разрывацца ад жалю... Ён хацеў накласцi на сябе рукi, але шкадаваў кiдаць жонку i дзетак, хацеў бегчы, але не ведаў, куды i чаго?..

У хаце не было нi пылiнкi, нi крупiнкi.

I вось чуе Габрусь, што ўжо доўгая рука галоднай смерцi сваiмi чорнымi пальцамi адчыняе дзверы... Ён бачыць, як яна паволi бярэ за шыю яго жонку... як ласкава гладзiць па галоўцы яго дзетак i блiзiцца да яго... Габрусь мацней пачынае плакаць, захiляецца шчыльней вопраткаю... Але чуе, што ўжо халодныя пальцы рукi смерцi бяруць яго за шыю i пачынаюць цiснуць... Ён пачынае вырывацца i з усiх сiл крычыць: "Прэч, паганая! я не дамся!.." I раптам прачынаецца...

- Айца i сына i святога духа!.. - жагнаецца Габрусь i спужана пазiрае на ложкi i на печ, дзе i што ён? Цi жыва жонка i дзеткi...

- А... Ды гэта ж сон!.. Божа ласкавы!.. Няўжо кара мне твая за тое, што я адмовiўся даць хлеба галодным людцам, якiя не ў сне, а сапраўды памiраюць з голаду?!

З гэтымi словамi Габрусь саскочыў з ложка, хутка апрануўся i пачаў будзiць жонку.

- Ты жывеш, Адэлька?.. Ах, каб ты толькi ведала, якi я сёння бачыў сон!.. Гэта ўсё грэх мучыць мяне за маю бязлiтасць i бяздушнасць...

- Што ты плявузгаеш? - адазвалася Адэля, высунуўшы галаву з-пад коўдры. Што гэта? Яшчэ чуць золак, а ты ўжо ўскруцiўся? Звар'яцеў, стары, цi што?

- Эх, баба, баба! Каб ты толькi ведала, колькi я набраўся страху!.. Але гэта нiчога... Дзякую табе, божа, што ўсё гэта ў сне бачыў я, а не сапраўды. Гэтак жа можа быць i ў жыццi сапраўды!.. Гэтак жа, мусiць, цяпер жывуць i памiраюць там, адкуль даносяцца аж сюды енк i плач гаротнага народу. Праўду стары Ахрэм казаў, што ўсе мы пад богам i з усiмi гэтак можа стацца. А я больш не буду такiм, якiм быў дагэтуль...

Я першым унясу ахвяру на дапамогу i аддам усё, толькi пакiну столькi, колькi патрэбна для пражыцця сямейкi... А можа, мой фунцiк хлеба выратуе там памiраючага... Я пабягу, Адэлька, скажу старшынi, што першым унясу, колькi змагу...

- Ды што ты, Габрусь, звар'яцеў?

- О, не!.. Гэтак няможна, кабецiна, жыць, як мы жылi... Я хутка вярнуся...

Адэля ад здзiўлення разявiла рот i не ведала, што казаць, калi Габрусь зачыняў за сабою дзверы.

Яшчэ не пачынала ўсходзiць сонейка, як Габрусь бягом прабег вулiцу i пачаў моцна стукацца ў дзверы да старшынi вёскi.

1921 г.