- Э, э, Генрых! - пачаў абзывацца той другi дзесьцi за танкам. Яна шатнулася ад немца i з нейкага iнстынкту хапiла з-пад яго падол светлай жаночай сукенкi i два разы шмарганула сябе па мокрых губах. Не трапляючы дрыжачымi i аслабелымi рукамi куды трэба, яна, з яснай думкай, адарвала ад немца тры гранаты, якiя добра бачыла ў бялявым святле, што падала сюды.

- Генрых! - моцна сказаў за танкам немец i нешта засвiстаў. Свiст яго пачаў аддаляцца. Яна вылезла з танка, са страхам шукаючы вачыма немца. А ён стаяў за дарогай i ачышчаў рукаў ад засохлай гразi. Ён убачыў яе, штосьцi сказаў i паказаў пальцамi сабе на грудзi. Тулячы пры боку гранаты так, каб не бачыў iх немец, яна пайшла ад танка ў лес. Немец закрычаў, шпарка падышоў да танка i зазiрнуў у сярэдзiну. Яна збялела тварам, ледзьве перадыхнула, шпурнула гранату да немцавых ног. Калi яна апамяталася, абсыпаны зямлёй танк стаяў на месцы, каля яго была яма, i цераз дарогу, памiж двух дрэў, ляжала немцава рука разам з кавалкам пляча i мундзiрным каўняром у крывi i зямлi. Яна шпурнула пад танк дзве гранаты зараз. Танк падняўся адным бокам угару, а другiм асеў у зямлю. Зад яго палаў i пасля атух. Так ён i астаўся стаяць адным бокам. Лiзавета подбегам пайшла, думаючы пра тое, што з кожным крокам яна аддаляецца ад гэтага месца. Так мiнула яна вялiкую бярозу з першымi жоўтымi лiсткамi на ёй i iшла ўсё далей. Пасля гранатных узрываў пад танкам гэтае месца на доўгi час зноў аставалася цiхiм i пустым. Толькi пасля таго як у суседняй акрузе Акаловiч забiў Палiводскага, гэтым месцам зноў пачалi праходзiць нямецкiя танкi. Бяроза тады стаяла зусiм ужо голая, i зямля пад ею пачынала прымярзаць. У тыя часы на гэтым месцы з'явiўся старэйшы Густаў Шрэдэр у выглядзе такiм жа дзiўным, як i страшным. Гэтае новае падарожжа яго пачалося i скончылася вось як.

Перабродскi лагер апусцеў бадай што больш як на палавiну да тых дзён, калi Ракуцькава жонка пачала выгалошваць сваё гора i калi Лукашэвiчава Лiза як бы адчула сябе лепш ад свае крываўкi i сядзела дзень i ноч на зямлi каля слупа з позiркам, якi мог скалынуць душу кожнага.

Многа людзей з лагера немцы адправiлi на работу. Ночы былi ўжо доўгiя i халодныя, але днём яшчэ грэла сонца, i пад iм вяў i запыльваўся трыпутнiк i спарыш на сцежцы, па якой уваходзiлi ў лагерную загарадзь. Тая ноч, якую Лiза ўсю праседзела з накiраваным у прастору позiркам, была нешта вельмi халодная. Перад самым рассвiтаннем Лiза прыпала шчакой да слупа. Можа гэта было самаашуканства, але ёй здалося, што так цяплей. Узбуджанне нерваў у яе павялiчвалася. Позiрк стаў вастрэйшы i стаяў на мяжы з адчаем. Яна не заўважала, як зашарэла ноч i неба на ўсходзе пабялела. Не вывелi яе з забыцця i частыя выстралы. Немцы для смеласцi часта тут стралялi. Пасля пачаў гарэць знадворку ад агароджы, у полi, салдацкi барак. Агонь выбухнуў так высока, што тут, на зямлi, стала вiдно, як у сонечны дзень. Лiза ўсё сядзела i раптам убачыла: сюды пабеглi людзi. Па той бок агароджы немец упаў. Яна ўсё глядзела туды i не магла здагадацца. Позiрк яе аставаўся яшчэ ранейшы. Праз разгароджанае месца сюды ўбег Ракуцька з аўтаматам. Твар яго быў чырвоны, i вочы свяцiлiся белым полымем. Перад iм неяк дзiўна, то задам, то бокам бег немец з паднятымi рукамi i нешта лапатаў. Ракуцька не бег, а iмчаўся, неяк калоцячыся, iрвучыся. I раптам яму дарогу загарадзiў Лiзiн позiрк. Ён быццам даўся ў сцяну i на момант застыў аслупянелы. Трэба думаць, што Лiзiн позiрк уразiў яго з найвялiкшай сiлай. Можа, i гэта напэўна так, тут было закранута балючае месца яго душы. Можа няўяўны прывiд Лiзаветы паўстаў перад iм. Ён увесь як бы закалацiўся перад Лiзiным позiркам. У наступны момант ён закрычаў немцу:

- Стой! Падай!

Немец угнуў галаву i рынуўся яму ў ногi. Можа ён хацеў збiць сабою Ракуцьку з ног. А можа ён шалеў ад страху. Ракуцька хапiў яго за плечы, i можа нават тады, калi апошнi раз ён глядзеў на свайго малога Тамаша ўночы пад навальнiцай, у яго не было такога вялiкага ўтрапення. Душа яго калацiлася, i думка ўзнiмала пакутныя вобразы мiнуўшчыны. Уся iстота яго прагла расплаты. Немец ляжаў у яго пад нагамi. Руляю аўтамата ён раструшчыў яму твар i адчуў яшчэ большую прагу сеяць смерць. Можа, якраз у гэты момант у iм нарадзiўся той чалавек, што блiзкiм часам узвысiў сваё iмя, пасля чаго Лiзавета пачула пра яго i прыйшла да яго. Цяпер ён падбег да Лiзы. Яе позiрк з'iначыўся ў гэты момант. Тонкая i хiсткая, як травiна ў суш, яна разам з iм пайшла ў натоўп, дзе раптам загаласiла Ракуцькава жонка i закрычаў Тамаш:

- Хто можа бiцца?! Хто хоча зброю?!

А пасля Тамаш сказаў усё невядомым Лiзе людзям:

- Кiруйцеся вы на гэты маёнтак, дзе немец, забiрайце ўсе конi i вазы i назад сюды! Тут многа хворых.

У гэты момант толькi яшчэ заружавела неба на ўсходзе. Калi ж узышло сонца i паднялося так, што цень ад хвоi быў толькi напалову даўжэйшы за яе, людзi цiха пачалi выходзiць адусюль з поля i збiрацца ў адным месцы за старым паркам. Нямецкi салдат ляжаў там у дрэвах з прабiтымi штыхом грудзьмi. Густаў Шрэдэр старэйшы чакаў у гэты дзень прыезду свайго сына. Ён хадзiў навокал дома. Калi грунуў першы залп з вiнтовак i закрычаў каманду сваiм падначаленым старшы палiцай, Шрэдэр выйшаў за глухую сцяну дома i ўбачыў многа людзей памiж стайнямi i свiрнам. Душа яго заныла, i ён пачаў беспарадна азiрацца. Як i кожны дзень, у Гертруды быў дрэнны настрой. У незашнураваных чаравiках яна хадзiла па пакоi i падлiчвала, праз колькi гадзiн можа прыехаць яе сын. Ёй здалося падазроным, што па малым дворыку перад домам нешта занадта часта прабягаюць людзi. Залп з вiнтовак яе ўстрывожыў не больш як i заўсёды: салдаты i палiцаi тут часта практыкавалiся ў стральбе. Яна зазiрнула ў памежны пакой, дзе павiнна была быць служанка, тутэйшая жанчына, цiхая i працавiтая, якая ўсё тужыла аб сваiм мужу, якi мабiлiзаваўся ў армiю ў першыя днi вайны. Яна збiралася прасаваць i ладзiла ля акна прасавальную дошку. Гертруда сумна на яе глянула i, цераз дзесятае ў пятае трапляючы на пакалечаныя расейскiя словы, папрасiла жанчыну пайсцi даведацца, чаго па двары ходзяць людзi. Жанчына нiчога не зразумела, але выйшла сама, з свайго жадання. Гертруда асталася чакаць адна ў пакоi. Раптам у дзвярах паказалася служанка. На злёгку васпаватым твары яе было штосьцi падобнае да ўсмешкi.