"Бушмар - вынiк, аканчальны лагiчны вынiк ляснога спрадвечнага хутара. Гэта звер, навокал якога павiнны быць пакрыўджаныя. Iначай нельга, пакуль жыве на свеце Бушмар. Навакольны лес i дзiкi хмызняк валодае Бушмарам, а праз яго адвечная прыродная дзiч спрабуе авалодаць усiмi тут людзьмi. Бушмар, каб i хацеў, не можа даць рады нi лесу, нi хмызняку - засталася ж навек няскончанаю дзеля яго раскарчоўка прылеску! Бушмараў лад - гэта пастка i вечная вайна, бо ж нават з сваiм, можна сказаць, жыццёвым братам Вiнцэнтым была ў яго смяртэльная спрэчка. У звяроў заўсёды ў адным нават логаве - вайна... Вось ён жыве на свеце, жыве спрадвеку, робiць нават гiсторыю свайго часу, гiсторыю крыўдаў слабейшых, ад якiх маюць крыўду яшчэ слабейшыя... Чалавечая гiсторыя нялюдскасцi! Дзе расплоджваюцца звяры i каля iх чэрвi!"

II

Андрэй за гэтыя гады пастарэў крыху, але не змянiўся. Засталася ў iм i яшчэ больш асталявалася мяккая жартаўлiвасць i, дзе трэба, ясная цвёрдасць. Ён крыху меў натуру iншую, як Амiля, а можа, гэта не натура, а проста iншае дачыненне да ўсяго. Ён увесь падаўся быў у клопат за ўсю тую справу, якую тут рабiлi, адкiнуў нават ад сябе неспакой за ўсялякую сваю ўласную гаспадарскую драбязу. Тут ён зусiм свядома вучыцца пачаў у Ўладзi. Той бязлiтасна кпiў з "усялякае мышы ў сваёй цеснай нары", жыў апошнiя гэтыя гады гэтак, што старыя нават навучаць яго бралiся:

- Гэтакi ты ўдалы хлапец, а вецер у тваёй натуры нейкi ёсць. У гады ўбiраешся, дык пара табе пра сябе падумаць, паставiў бы ты сабе хату, узяў бы зямлi, меў бы сваю сям'ю, як усякi чалавек...

- Няма зямлi, - аджартоўваецца ён.

- Мала?

- Мне мала. Мне каб усяею заўладаць.

- Дзiўны хлопец, - гаварылi адыходзячы, - от усё жартамi абыходзiцца.

А пасля хтосьцi кiнуў на людзi здагадку:

- Ён гэта сабе хлеба лёгкага шукае. Службы дзе якое.

- Вось гэта яно i ёсць, - сказаў быў ён раз на гэта, смеючыся. - Хачу нiчога не рабiць i добра жыць.

- От зноў жартуе!

А тым часам Уладзя вырас зусiм, больш яшчэ пасталеў, больш зблiзiўся з Андрэем. Стаў ён рослым i моцным, i хто ўспамiнаў таго ранейшага хутарскога пастушка, дык гаварыў:

- От як вырастае чалавек.

Яны з Андрэем i ўзялi на сябе ўвесь той цяжкi клопат - арудаваць з людзьмi, з зямлёю, з дзiкiм хмызняком, з трухлiнаю старых хат... Калгас зрабiлi ўвосень, калi рыхтавалiся сеяць жыта. I ўсе гады пасля гэтага даводзiлi яго да ладу. Кожны год вырастаў на ўзлеску новы вялiкi дом, туды перабiралiся патроху кожны год людзi, i шмат хат iшло на знос. Цяпер гэта рабiлася радасна, ахвотна, але першы раз одум браў некаторых:

- Увесь век гараваў, гараваў, збiраў па саломiне, i нават котла роднага адцурацца трэба.

Аднак iшлi, бо, шкадуючы чагосьцi невыразнага ў старым, пачыналi ўжо баяцца яго.

Гэтак вось i Амiля спахмурнела была, калi чарга прыйшла i да Андрэевай старой хаты:

- Мне не шкода гэтых катухоў i пакут ранейшых, але так нешта, я i сама не ведаю, што гэта.

Андрэй, можа, i зразумеў яе, але нiчога сказаць не мог iншага, як толькi:

- Гэта так з чалавекам бывае.

Але Ўладзя пасля сам загаварыў пра гэта з Амiляю:

- Гэта ведаеш што? Гэта спадчыннасць старая. Гэта, калi хочаш, дык рэшткi бушмараўшчыны, якiя спрадвеку ўкаранiлiся ў нас. У таго больш, у таго менш, але яны ёсць. Табе гэта не шкада трухлявага кута гэтага, але ты тут жыццё, хоць цяжкае, пазнала...

- Тут я ўспамiнаю пра ўсё, што было, тут паўмiралi бацькi, тут...

- Вось гэта самае. Але мы роднае нам возьмем з сабою, а непатрэбнае адкiнем.

Уладзя бываў цяпер шмат на людзях, даводзiлася яму i далёка выязджаць адсюль, ён меў цiкавыя сустрэчы, чытаць пачаў шмат, гадаваў у сабе новую нейкую чалавечую iмклiвасць, часта задумваўся i навучыўся гаварыць новае тут, у гэтых лясах. Ён гаварыў з Амiляю:

- ...Нам от, можа, i думаецца часам пра ўсё гэта вось так, як ты кагадзе гаварыла. От жоравы ўвосень ляцяць, i мы чагосьцi шкадуем. Нам можа шкада бывае яшчэ, што калi вось усюды будзе поле вырабленае, калi згладзiм мы з зямлi ўсе дзiкiя зараснiкi, выкарчуем дзiкiя ўзлескi - i жоравы тады пазводзяцца ў нас, не будзе iм дзе тады вясцiся, i не будуць тады яны курлыкаць увосень, не будзем мы бачыць тады i чуць гэтага iх лёту ўвосень цi ўвясну. Нам часам i шкада цi то якраз гэтага iхняга лёту, цi то чаго iншага разам з гэтым...

- Бо мы прывыклi да гэтага, - здагадалася ўсмешкай Амiля.

- Прывыклi, з гэтым мы жылi, вырасталi. Гэта было разам у нас з уцехамi i з слязьмi. Амiля думала i маўчала.

- ...Я ж ведаю, што прыйдзе штосьцi новае, што будзе дзецям нашым ды i нам яшчэ такiм, з чым нам таксама будзе не лёгка адразу, каб прыйшлося разлучыцца. Новы час нясе i ўсё новае. Толькi што яно не будзе для нас часта, а то, можна сказаць, заўсёды цяжкiм, як было ўсё дагэтуль.

Ён гаварыў доўга i цешыў Амiлю гэтым сваiм новым дзеля яе, чалавечым, словам. Яна аж захапiлася гэтым, пачула ў сябе прылiвы непераможнай радаснай сiлы.

- Нашы дзецi ўжо не будуць гэтакiмi, - зноў здагадалася яна. - Толькi нам трэба, можа, нават дзе i з цяжкасцю, назаўсёды адвязацца ад старога. Вырваць яго з сябе. I дзеля сябе i дзеля дзяцей трэба, каб мы гэтую работу рабiлi. Я от табе скажу гэта адным словам - забiць i вытруцiць бушмараўшчыну. Табе гэта вядома добра, бо ты ж сама доўга была жыла ў самай бушмараўшчыне...

Ён гаварыў як бы не адной толькi Амiлi, пасля змоўк i пра штосьцi думаў. Доўга гэтак стаялi ў старой хаце, што дажывала апошнiя днi свае. Пасля ён, як бы адумаўшыся, глянуў на Амiлю. У яе ружавеў ад узбуджанасцi твар, яна была рада гэтакай гаворцы. Тады на адвiтаннi Ўладзя моцна сцiснуў яе руку. I першы раз, зусiм iначай, як дагэтуль, яны паглядзелi адно аднаму ў вочы.

III

Як жа жыў цяпер Бушмар? Каб не збегла тады была ад яго жонка, ён, можа б, i яшчэ сяк-так трымаў бы добрага таго каня свайго, можа, па-воўчы б гаспадарыў на сваiм куце, якi яму пакiнулi, але, застаўшыся адзiн, ён, як нi стараўся, не мог даць рады. Брат да яго прыязджаў часта. Бушмар раз пачаў раiцца з iм, каб як гэта зноў ажанiцца. Брат параiў яму:

- Гэта то трэба, але бяры сабе жонку па сваёй натуры. Бо табе ўжо наверыла абы-якая жонка.

Дык ён так заставаўся адным, не могучы дабраць сабе жонкi. Да якой хутаранкi i сватаўся, дык не лiшне ўжо квапiлiся iсцi за яго - слава пайшла пра яго гэтакая, гэтак гаварылi пра яго ранейшае жыццё з дзвюма жонкамi, што ён толькi адно думаць пачаў.