Зноў пачалi даходзiць у вёску чуткi пра Вольку. Гаварылi, што начальнiк той установы, дзе яна працуе, прыслаў сюды ў сельсавет запытанне. Але нiхто не ведаў, што Дзядзюля зноў уцёрся ў гэтую справу. Поўны задавалення, ён слухаў гаворкi, што Волька нiбы без працы. Але праз нейкi час Волька пачала раптам прысылаць бацьку грошы. Устрывожаны Дзядзюля пачаў збiраць весткi пра Вольку, але бацька яе раптоўна памёр, i пахавалi яго суседзi: Волька не прыехала. Больш таго, яна нават не адказала на тэлеграму, якую ёй далi. У тым, значыцца, горадзе яе ўжо не было. Рад - няволя, а Дзядзюлю прыйшлося забыцца на ўсю гэтую справу. Праз некаторы час Волька прыслала бацьку грошы, але iх нiхто з пошты не забiраў, i яны пайшлi назад. Узнепакоеная Волька напiсала бацькаваму суседу, i той адказаў, што бацька памёр i пахаван побач магiлы мацi. Пра Вольку больш нiчога не было чуваць.
Жывая карцiна ўсяго гэтага i паўстала перад Дзядзюлем, калi незнаёмая жанчына нагадала яму Вольку. З задаваленнем думаючы аб тым, што ён сваiмi заявамi адпомсцiўся Вольцы за колiшнюю знявагу, Дзядзюля спакойна клаўся спаць, акруглiўшы свае думкi фразай: "Цяпер мы з ёю квiты".
Назаўтра быў ясны дзень. Стаяла восень. Высока ўзнiмалася неба, i сонца залiвала зямлю. Прыемны лёгкi холад адчуваўся ў подыху ветру.
Сафрон Дзядзюля зранку iшоў на сваю працу. Цяпер ён быў начальнiк усёй кааперацыйнай сеткi па сельсавеце. З таго часу ён пастарэў, i дробная хада яго набыла большую выразнасць: цяпер ужо кожны мог заўважыць, што ступае ён дробна i цiха. Апрануты ў бобрыкавае палiто, ён нёс свой партфель, мiнаючы шырокiя завулкi новага калгаснага пасёлка. За апошнiя гады на ранейшай вулiцы асталося не больш палавiны хат: хто будаваўся, хто выходзiў на шырэйшую разлегласць. Стаяла многа новых дамоў. Сафрон Дзядзюля таксама жыў ужо ў новым сваiм доме, з чорным i чыстым ходам. З поўдня ад пасёлка, як вокам акiнуць, цягнуўся нядаўна засаджаны калгасны сад. З другога боку iшлi калгасныя гаспадарчыя пабудовы. Маладыя таполi, клёны i каштаны стаялi жоўтыя паабапал дарогi. Каб Волька Макаркавых з'явiлася сюды, тут яна ўжо зусiм не пазнала б роднай сваёй мясцовасцi.
Кааперацыйнае праўленне было ў новым доме, за калгасным садам. Пешаходная сцежка вiлася паўз самы могiльнiк. Падыходзячы да паркана, Сафрон Дзядзюля заўважыў раптам, што на царкоўнай сцяне вiсiць нейкае палiто. Зацiкаўлены, ён пералез цераз жэрдкi i падышоў. Царква была зусiм трухлявая. Гнiлая шалёўка не трымалася на цвiках i сыпалася ўнiз спарахнелымi кавалкамi. Доўгiя цвiкi скрозь тырчалi па сцяне. На адным з гэтых цвiкоў i вiсела палiто.
Палiто было жаночае, на ваце, з прышытым поясам i коцiкавым каўняром. Шустры верабей шаргануўся аб гэты мяккi каўнер, улятаючы з заўзятым шчэбетам у акно, якое ўжо было без рамы i шкла. Сафрон Дзядзюля стаяў, задзёршы галаву, здзiўлена разглядаючы палiто. Раптам ён пачуў шоргат рыдлёўкi аб жвiр. Азiрнуўшыся, ён убачыў жанчыну. Пазнаў цi здагадаўся, але ён з першага моманту быў упэўнен, што гэта тая самая, учарашняя. Каб блiжэй яе разгледзець, ён iнстынктыўна падаўся ў той бок i раптам спынiўся як ашаламонены: перад iм была Макаркавых Волька.
Гэта была маладая жанчына. Прывабнай сталасцю поўнiлiся ўся яе пастава, рухi i рысы. Яна працавала. Рыдлёўкай капала яна зямлю i даводзiла да парадку дзве магiлы пад жоўтымi вязамi. Постаць яе была мажная, i хараство, здаецца, яшчэ большае, як тады, калi яна была маладой дзяўчынай.
Ахоплены незразумелай трывогай, Сафрон Дзядзюля цiхом павярнуўся i шмыгануў за рог царкоўнай сцяны, поўны радасцi, што яна яго не заўважыла. Выглядаючы паловай твару з-за сцяны, ён бачыў, як Волька некалькi разоў разгiналася, каб адпачыць, а пасля зноў бралася за працу.
Штосьцi новае было ў ёй. Гэта не была тая ранейшая простая i вясёлая Волька. Наiўнасцi тут ужо не было. Хоць Дзядзюля i не разбiраўся лiшне ў тонкасцях тых адлюстраванняў, якiя кладзе душа на твар, усё ж ён, стоячы тут за сцяной, падумаў, што гэтая жанчына ўжо, мусiць, глыбока ведае цану з'явам свету i людскiм учынкам. У гэтую хвiлiну ў яго з'явiлася такое пачуццё, быццам яго асарамацiлi перад усiм светам. Сцiснуўшы зубы, ён шпарка выскачыў з могiльнiка i рушыў да сваёй канцылярыi.
Да самага вечара ён быў неспакойны. За паўгадзiны да канца сваёй работы ён сядзеў у самым цёмным кутку канцылярыi i нехаця корпаўся ў паперах. Сонца спускалася за стагi саломы, i, увайшоўшы ў гэты пакой знадворку, адразу здавалася, што тут зусiм змрочна.
Цiхом адчынiлiся дзверы i хтосьцi ўвайшоў. Дзядзюля не падняў галавы. Ён толькi ўздрыгануўся, калi пачуў проста перад сабою пявучы голас:
- Выбачайце, мне параiлi зайсцi да вас. Справа такая, што я прыехала сюды пабыць на магiлах сваiх бацькоў. Я хацела прывесцi магiлы ў парадак. Чалавек, у якога я начавала, зробiць балясы, каб агарадзiць магiлы, але ў яго няма цвiкоў. Ён гаворыць, што ў краме цвiкоў так мала, што iх не кожнаму прадаюць. Я i прашу вас, каб вы адпусцiлi цвiкоў, iх трэба не многа.
Змянiўшы голас так, каб яго не пазналi, i зацiскаючыся глыбей у цёмны кут, Дзядзюля абазваўся:
- Можна падумаць, што вы вельмi шануеце памяць сваiх бацькоў! Аднак жа на пахаванне бацькi не прыехалi.
- Я тады толькi што скончыла медыцынскi iнстытут i адбывала ў раёне першую практыку. Тэлеграма да мяне не дайшла.
- Няма цвiкоў, - хрыпла раўнуў Дзядзюля. - Нiводнага цвiка няма. I не будзе!
Маладая жанчына шпарка выйшла. Сафрон Дзядзюля, сцяўшы зубы, падняўся. Ён аж счарнеў ад злосцi i гневу. Як! Нягледзячы на ўсе заявы, яна скончыла iнстытут i цяпер ужо доктар? Гэта жывы здзек з яго! Можна сказаць, што нiколi яшчэ раней ён не ненавiдзеў Макаркавых Волькi так, як цяпер. Пануры, як кавалак хмары, ён дацягнуўся дадому i, каб асвяжыць гарачую галаву, перад сном выйшаў у адной бялiзне на двор. Неба схмурнела, ужо iшоў халодны асеннi дождж. Сумысля ён прайшоў пад дажджом па садзе. Iрвануўся вецер, дождж лiнуў густа i, пакуль Дзядзюля дабег да сянец, ён увесь быў мокры. Падлазячы ў сенцах пад коўдру, ён адчуваў холад. К канцу ночы ў яго пачало балець горла, зранку яму зусiм нездаровiлася, а пад вечар высока паднялася тэмпература. Ён пачаў гаварыць з гарачкi, i сям'ю яго апанавала трывога.
Быў вечар. Волька сядзела ў свайго колiшняга суседа за сталом. Ёй было прыемна слухаць успамiны гэтай сям'i аб бацьках яе. У хату ўвайшла жанчына i пачала расказваць, што Дзядзюля вельмi хворы, а па доктара далёка ў такое надвор'е ехаць, i ў Дзядзюлi ў хаце аж рукi ломяць з адчаю. Маладая жанчына адразу ўстала i папрасiла правесцi яе да Дзядзюлi.