VII

Першая ноч падарожжа мiнула спакойна. Абедзьве роты затрымалiся ў прыдарожнай вёсцы ды, накармiўшы й напаiўшы коней, павячэраўшы, разьмясьцiлiся па сялянскiх пунях на начлег. Хаця пах падгнiлай леташняй саломы ня дзейнiчае так дадатна на сон, як водар сьвежаскошанага сена, няпрывыклы да маршаў i змучаны рэкрут заснуў вельмi хутка. Цiхая й цёплая чэрвеньская ноч прыносiла гул i грукат снарадаў з неспакойнага ўсходу. Часты й працяжны, рэдка паадзiночны, глуха разьлягаўся ён у начной цемры, улiваючы трывогу ў сэрца жыхара й падвойваючы нэрвовасьць нефартуннага ўцекача. Дарма, што было вельмi цёмна - дарога жыла й рухалася. Ехалi ўпоцемках, вобмацкам. Бясконцы гул мэханiчных вазоў, часта кароткiя й адрывiстыя крыкi нямецкае каманды або адзiнотны стрэл быццам-бы дапаўнялi адгалоскi гармат з усходу i пасоўвалiся разам зь iмi на захад.

Яшчэ добра не разьвiднелася, як чорныя начлежнiкi былi на нагах. Па кароткiх раньнiх падрыхтоўках пакiнулi вёску. Таму што вайсковыя мэханiчныя эшалёны займалi цэлую шырыню дарогi, дазволена iм было маршыраваць калёнаю па аднаму бочнай сьцежкай. Марш быў вольны, але агульны парадак быў захаваны. Калёна хутка расьцягнулася на добрую пару кiлямэтраў. Каля кожнае з каламажак, што былi наладаваныя харчамi, амунiцыяй i зброяй, iшло па колькi чалавек. Там, дзе дарога спускалася ў далiну, яны карысталi i з задаваленьнем пад'язджалi, усмiхаючыся й махаючы рукамi абмiнаным сябром. Дзень, як i ўчора, быў вельмi гарачы, сонца ўжо паднялося на некалькi пядзяў, на небе ня было нiводнае хмаркi, а смага й дарожны пыл сушылi горла пехацiнцаў. Якраз узыходзiлi пад горку. Нахiл быў нязначны, але надта-ж даўгi, й канюхi былi яўна незадаволеныя неабходнасьцю iсьцi пехатой.

Пры адным з заднiх вазоў плялося чацьвёра юнакоў. Адзiн зь iх, правай рукой прытрымоўваючыся каламажкi, у левай трымаў дубец i штохвiлiны падахвочваў сьцёбаньнем свайго лянiвага гнядога конiка. Пагрубелыя ад пылу чорныя кучаравыя валасы няроўна ападалi на расшпiлены брудны започаны каўнер. Аб выглядзе сваiм, здавалася, ён зусiм ня дбаў. Задаволены, што атрымаў хурманку, ён паклiкаў сваiх трох калегаў, што вельмi ахвотна датрымоўвалi канюху (так называлi хурманаў) сяброўства. Трое гэных сяброў паходзiлi зь Дзiсьненшчыны, а ён пазнаў iх пад час вайны як вучняў Вiленскае Беларускае Гiмназii. Жылi ўтрох на адной кватэры зараз за Вяльлёй каля Кальварыйскай вулiцы насупраць Замкавай гары.

Сам ён называўся Камовiч i быў роджаны ў Вiльнi. Зблiзiўшыся зь iмi, часта заходзiў на кватэру, дзе найчасьцей у бескарысных гутарках трацiў пазашкольны час. Зрэшты, у гiмназiю таксама прыходзiў рэдка, а дырэктар школы ўжо колькi раз абяцаў выкiнуць яго за дзясяты парог, калi будзе наведваць лекцыi, як дагэтуль. Але Камовiч чамусьцi не апынуўся ня толькi за дзясятым, але навет за першым парогам, а пагрозы дырэктара так i ня прыносiлi жаданых вынiкаў, бо вучань зусiм не рупiўся. Сяброўства зь дзiсьненскiмi хлопцамi было важным плюсам, бо было ад каго сьцягваць лекцыi. Тыя надта не супярэчылi, i здаецца, што вiленчук быў з гэтага задаволены. Апрача таго, меў яшчэ адзiн, i ўжо шмат важнейшы, мiнус - любiў выпiць. Ня быў даслоўна п'янiцай, але знаходзiўся на простай дарозе, каб iм стацца ў будучынi. Апавядалi, што бацька ягоны шмат з гэтай прычыны пацярпеў. Часьценька ў хаце зьнiкала з вачэй якаясьцi дробная, дый не заўсёды ўжо такая дробная, рэч i чамусьцi нiколi на старое месца не вярталася. Аб таямнiчым зьнiкненьнi ведаў адзiн сын.

Бацька - калiшнi выкладчык у тэй гiмназii, куды цяпер хадзiў Коля, палагоджваў усе справы адносна сына ў школе зь яе цяперашнiм дырэктарам, што калiсьцi быў ягоным вучнем. Ведаў аб гэтым Коля надта-ж добра, з пратэкцыi карыстаў аж залiшне й да навукi ня рупiўся. Хоць бацька й гнаў сына вучыцца, мала памагала.

- Бацька пагутарыць з Грышкам (так празвалi дырэктара Пранука Грышкевiча), - казаў Коля, - i ўсё будзе ў парадку.

I запраўды, як ня дзiва, усё было ў парадку. Шмат сяброў напрыканцы школьнага году былi зьдзiўлены Камовiчавымi ацэнкамi й пераводам яго ў наступную клясу. Магчыма, што дзiвiла тое й самога вучня, але ўдаваў, што на такiя ацэнкi поўнасьцю заслужыў.

Але вернемся да iншага. Як ужо было ўспомнена, з хаты зьнiкалi ў розныя часы розныя рэчы. Звычайна ў днi, калi гэта здаралася, матка ламала галаву над тым, чаму Коля вяртаўся зь места дахаты пазьней нармальнага. Жанчына хоць тое-сёе й здагадвалася, сама сабе старалася запярэчыць, ня верачы, што зь некалi добрага й маленькага сынка вырас цяпер зусiм не такi, як-бы яна жадала.

Аднойчы бацьку спатрэбiўся мiкраскоп. Звычайна стаяў ён у шафе на палiцы, побач кнiжак, абкручаны паперай. Адчынiўшы шафу, стары Камовiч зьняў паперу й пры немалым зьдзiўленьнi замест цэннае прылады знайшоў нейкую iмiтацыю са шмацьця й палачак. Мiкраскоп зьнiк - калi й куды, няведама. Апавядалi, што пасьля была вялiкая авантура, што сын часьцей сядзеў дома, што сядзеў дома ён не з сваёй волi, а на загад бацькi й што прайшло цi мала часу, пакуль Коля йзноў пачуў поўную вольнасьць. У нiкога ня было сумлеву, што няўдалым майстрам iмiтацыi мiкраскопа быў якраз Коля.

Сваiх трох сяброў ён наведваў часта. Сядзеў, бывала, доўга, й неяк напрыканцы гутарка заўсёды зыходзiла на тэму: як-бы здабыць пляшку "сiвухi". Ягоны найблiжэйшы з гэных трох сяброў, Кастусь Дзежка, вывучыў i даўно ведаў Камовiчаў падыход. Недарма, седзячы на балконе i ўбачыўшы ў вузенькiм завулку Камовiча, Косьця рагатаў:

- Гэй, хлопцы, зiрнiце! I хто гэта, вы думаеце, пляцецца вунь да нас па дарожцы, калi не сам пан Камовiч чарачку жабраваць! Ха-ха-ха! Калi-ж ня верыце, дык зiрнiце вунь на паўаршынны чырвоны нос!

Камовiчаў нос быў зусiм у меру. Тут Косьця пераўвялiчваў. Хоць адведзiны такiя былi нярэдкiя, чарачка знаходзiлася амаль заўсёды. Купiць "сiвухi" ў Вiльнi было лёгка, хiба што грошай не ставала. Пасьля п'янства прыходзiлi песьнi, а часамi й спрэчкi.

Звычайна пасьля такога вечару гаспадарова сястра, пяцiдзесяцiгадовая дэвотка, прыходзiла ў пакой студэнтаў i чытала iм маралi, якiх яны не слухалi.

Далёка заавансаванымi сябрамi з гэтай тройкi былi Сымон Спарыш i Вiктар Караткевiч. Паходзiлi з суседнiх вёсак i сядзелi на адной школьнай лаўцы ад пятае клясы пачатковае школы ды разам трапiлi ў Вiленскую гiмназiю.