Чаму гэта адбылося? Чаму Рэфармацыя, так хутка i так паўсюдна ахапiўшая Вялiкае Княства, пачала iмклiва губляць пазыцыi? Можна выказваць розныя меркаваньнi, але нават не праводзячы спэцыяльных дасьледваньняў магчыма назваць асноўныя прычыны падобнай сытуацыi. Па-першае, войны з Маскоўскай дзяржавай аслабiлi Вялiкае Княства i прымусiлi шукаць больш цеснага саюзу з Польскiм Каралеўствам, адкрываючыся такiм чынам на ўсялякiя ўплывы свайго саюзьнiка. Перамога Контррэфармацыi ў Польшчы прадвызначыла падобныя працэсы i ў Вялiкiм Княстве. Другой, ня менш важнай прычынай адступленьня Рэфармацыi была несалiдарнасьць рэфарматараў. Багаслоўскiя канфлiкты разьдзялялi эвангельскiх хрысьцiянаў, якiя часта лiчылi важнейшым давесьцi, што iншыя рэфарматары памыляюцца, чым у адзiнстве выступаць супраць агульнага працiўнiка. Акрамя таго ў грамадзкiх i палiтычных пытаньнях эвангельскiя хрысьцiяне, у адрозьненьнi ад iхнiх братоў па веры ў iншых краiнах Эўропы, не выступалi адзiным фронтам, i таму часта не маглi абаранiць свае правы або дамагчыся выгаднага для сябе рашэньня цi разьвiцьця падзеяў. Такая нязгода мiж прыхiльнiкамi Рэфармацыi кантраставала з багаслоўскiм i арганiзацыйным адзiнствам, якое дэманстравала каталiцкая царква i якое iмпанавала шляхце. Яшчэ адной прычынай перамогi Контррэфармацыi ў Вялiкiм Княстве стала малая ўвага, якую ў апошнiя дзесяцiгодзьдзi XVI стагодзьдзя рэфарматары надавалi сваiм служыцелям. Адукаваныя, сусьветна вядомыя мiнiстры, такiя як Волан, Судровiй, Ласiцкi, не пакiнулi пасьля сябе настолькi ж адукаваных i руплiвых настаўнiкаў. Езуiцкая прапаганда выстаўляла эвангельскiх служыцеляў нiкчэмнымi людзьмi, а самiм рэфарматарам не хапiла мудрасьцi сур'ёзна заiнвэставаць у тое, каб падняць статус мiнiстраў свайго вызнаньня ў грамадзтве. У вынiку на пачатку XVII стагодзьдзя рэфармацыйны рух адчуваў вялiзарную нястачу служыцеляў, i дзесяткi збораў былi зачыненыя з-за банальнай адсутнасьцi пастара. Вернiкi, ня маючы духоўнай апекi з боку сваiх мiнiстраў, лёгка знаходзiлi яе з боку каталiцкiх сьвятароў i прымалi вучэньне i практыкi каталiцкай царквы.

Вялiкае Княства ўсё больш адыходзiла ад бiблiйных прынцыпаў, i гэта выяўлялася на ўсiх узроўнях грамадзкага жыцьця. Перасьледваньнi дысыдэнтаў, распачатыя ў краiне, захiсталi мараль грамадзтва. Калi ты можаш рабаваць, зьбiваць, зьдзеквацца з суседа, бо ён верыць ня так, як ты, то што можа табе перашкодзiць рабiць тое самае ў адносiнах да любога iншага чалавека. Iмклiвае падзеньне маралi стала характэрнай рысай пачатку XVII стагодзьдзя. Усё гэта выклiкала крызыс палiтычнай сыстэмы краiны. Дзеячы Рэфармацыi XVI стагодзьдзя, якiя стварылi канстытуцыйны лад Рэчы Паспалiтай Двух Народаў, маглi паўтарыць словы, сказаныя праз 200 гадоў Джэймсам Мэдысанам, адным са стваральнiкаў Канстытуцыi ЗША: "Мы паставiлi будучыню ўсiх нашых палiтычных установаў у залежнасьць ад здольнасьцi чалавецтва да самакiраваньня, ад здольнасьцi ўсiх разам i кожнага з нас кiраваць самiм сабою, стрымлiваць сябе, кiруючыся дзесяцьцю прыказаньнямi Божымi". Калi грамадзяне краiны ў значнай сваёй частцы кiравалiся ў жыцьцi Божым Словам, а не сваiмi жаданьнямi, краiна разьвiвалася i была прыкладам для ўсяго сьвету. Калi грамадзтва адыйшло ад Бiблii, ад Эвангельля, краiна пачала скатвацца ў хаос i бязладзьдзе. У 1573 годзе пад час першых выбараў караля на элекцыйным полi некалькi тыдняў стаяла 50 тысячаў збройнай шляхты, якая сабралася з усёй Рэчы Паспалiтай, каб выбраць сабе манарха. I за гэты час ня стрэлiла нiводная стрэльба, нiводзiн шляхцiч ня бiўся на шаблях з другiм. У канцы панаваньня Жыгiмонта Вазы не было такога сойму цi павятовага соймiку, калi б асабiстыя цi палiтычныя пытаньнi не вырашалiся з ужыцьцём сiлы. Кароль першы даў прыклад беззаконьня сваiм падданым, адкрыта парушаючы пастановы Варшаўскай канфэдэрацыi i падтрымлiваючы ўсякiя перасьледваньнi эвангельскiх хрысьцiянаў. Як зьнешняя, так i ўнутраная палiтыка Рэчы Паспалiтай характарызавалася тым, што iдэалёгiя Контррэфармацыi была ня толькi па-над маральлю, але i па-над здаровым сэнсам. Жыгiмонт Ваза, жадаючы пашырыць уладу каталiцкай царквы, распачаў вайну Рэчы Паспалiтай са Швэцыяй, вайну, непатрэбную нiкому, апрача Рыму. Палаючы гэтым жа жаданьнем, кароль падтрымаў маскоўскую авантуру Iлжэдзьмiтрыя, iдучы насуперак волi сэнату i грамадзтва Рэчы Паспалiтай. Безсэнсоўныя войны з суседзямi, рэлiгiйныя нецярпiмасьць унутры краiны, безадказнасьць на дзяржаўным узроўнi вось вынiкi караляваньня вялiкага князя i караля Жыгiмонта Вазы, "слугi дактрынаў", як назвалi яго сучасьнiкi. Калi ў 1632 годзе Жыгiмонт Ваза памёр, "увесь сойм, сэнат i народ больш занятыя былi змаганьнем са сваiмi суайчыньнiкамi, заражанымi герэзiямi, чым бясьпекай i цэласнасьцю Бацькаўшчыны, чым выбарамi новага валадара", - пiсаў да папы рымскага канцлер каронны Ежы Асалiнскi.

Залаты Век адыйшоў у гiсторыю...

У сярэдзiне XVII стагодзьдзя выбухнулi бомбы, закладзеныя недальнабачнай палiтыкай Жыгiмонта Вазы. Украiну ахапiла казацкае паўстаньне на чале з Багданам Хмяльнiцкiм, Польскае Каралеўства заатакавалi швэды, а Масква кiнула свае войскi на Вялiкае Княства. Рэч Паспалiтая, ня маючы грошаў у дзяржаўным скарбе, магла спадзявацца толькi на мужнасьць i пасьвячонасьць сваiх грамадзянаў, але панаваньне Жыгiмонта Вазы, а пасьля яго сына, Уладзiслава, зрабiлi тое, што гэтага акурат i не хапала. Падзеi вайны 1654-1667 гадоў былi катастрафiчнымi для Вялiкага Княства. Амаль уся краiна была акупаваная маскоўскiм войскам, Вiльня была захоплена i спалена. Брандэнбургскi пасол Лазар Кiтэльман, якi ў той час прыехаў да цара Аляксея ў Вiльню, убачыў жахлiвае вiдовiшча: "Усе гарады i вёскi былi спаленыя; кучамi ляжалi трупы пабiтага мiрнага лiцьвiнскага насельнiцтва, таксама жанчын i дзяцей, непахаваныя i загнiлыя". Маскоўская агрэсiя каштавала Беларусi стратай больш чым паловы жыхароў. Кожны другi беларус загiнуў у гэтай вайне, названай Патопам, на месцы гарадоў засталiся толькi попел i чорнае вугольле. Толькi на пачатку XIX стагодзьдзя колькасьць жыхароў Беларусi дасягнула ўзроўню першай паловы XVII стагодзьдзя. Вайна зьнiшчыла практычна ўсё мяшчанства. Зьнiк цэлы пласт рамесьнiкаў, прадпрыймальнiкаў, гандляроў. Калi ў Магiлёве ў 1645 годзе было каля 2 тысячаў рамесьнiкаў, дык у 1745 годзе iх было толькi 45. Дэмаграфiчная катастрофа i эканамiчны заняпад краiны суправаджалiся культурным крызысам ў грамадзтве. Магнаты i шляхта выракалiся свайго грунту запусьцелага краю, адкiнутага на стагодзьдзi назад. Усё цяжэй было гаварыць пра нейкую самастойнасьць Вялiкага Княства ў складзе Рэчы Паспалiтай. Усё часьцей, гаворачы пра сваё паходжаньне, беларуская арыстакратыя ўжывала словы "Gente Lithuanae, natione Polonae" (лiцьвiн родам, польскай нацыi). Урэшце пастанова сойму 1696 году надала польскай мове статус дзяржаўнай у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм.