- Дык як гэта можна забiваць чалавека ў той час, калi ён папаў найбольшую рыбiну на свой кручок? - грымучым голасам быццам дакараў Джова Капшун, калi той сустрэў яго пры дзьвярох.

- Цiхххх! Шшшшш! - папрярэдзiў Джоў.

- Окэй, раскажы што сталася.

- Я яго не забiў. Я нават да яго не даткнуўся. Усё, што я зрабiў, дык толька выцягнуў з похвы свой паляўнiчы нож, а гэта для убеждения. Понимаеш? А ён, пракляты дурань, iспугаўся, давай шаг назад ды зачапiўся цi спатыкнуўся аб камень, тады ўпаў назад i мазгi сабе высадзiў. Пакуль я тут скумекаў, што случылася, дык ён у ваду скацiўся i на маiх вачох тут яму капец. Хочаш, каб табе расказаў усё астальное?

- Я-ж дзеля гэтага прыехаў. Давай спачатку.

Джоў цяпер пачаў больш дакладна: як сьлядзiў рыбака, як загадаў яму закрыць "ягоную фашыстоўскую морду", як адабраў i паламаў вудзiльна, як выцягнуў нож, каб яго "убедить", ды пасьля, калi ўжо скончыў усё, як уцёк адтуль i вярнуўся.

- Цi ты перакананы, што нiхто цябе ня бачыў? - правяраў яго Капшун.

- Совершенно! Праўда, у папярэднi дзень я захадзiўся ў iхны рэстаран. Там было поўна людзей, нiхто на мяне не зьвярнуў увагi. Аўтамабiль свой я схаваў быў у лесе, далей ад дарогi, каб нiхто ня бачыў яго. Ня думаю, каб я пакiнуў якi сьлед.

- Добра. Ну а што пра паломанае вудзiльна? Там адбiткаў тваiх пальцаў ня знойдуць?

- Прызнаюся, тут мая памылка была. Але як мне было ведаць, што дурань сам сабе вупусьцiць мазгi? А ты не забоцься: палiцыя ня мае адбiткаў маiх пальцаў, я ня быў за крымiнал нiдзе ўзяты.

- Усёроўна. Паломанае вудзiльна дасьць iм прычыну да сьледзтва.

- Перастань ты, няма прычыны забоцiцца, - запэўнiў Джоў.

- Нам папалося-бы, калi-б што якое...

- Як? Хто iм раскажа?

Настала нязручнае маўчаньне.

- Добра, - сказаў Капшун. - Толькi мы ведаем пра гэта i так яно мае астацца. Нават нашыя вярхi не павiнны пра гэта чуць. Згода?

- Окэй! - згадзiўся Снiкi.

- Яшчэ адно, - прадаўжаў Капшун. - Гэтыя фашыстоўскiя вырадкi разьдзьмухаюць той выпадак да вялiкiх разьмераў, каб зрабiць са Шпака гэроя i мучанiка, а сабе капiтальчыку ў карман. На нас пальцамi пакажуць i людзi будуць распытвацца.

- Ад цябе такога не чакаў. Якая ерунда! - казаў Джоў. - Будуць падазраваць... Ну й што з таго? Няма ў iх на нас нiякiх сьветкаў i доказаў. Людзi наплююць на тую бебурнацкую балбатню. Я-ж кажу, - нечего заботиться!

Калi вяртаўся ад Снiкi, Капшуну прыгадалася, што была яшчэ адна асоба: Вера Мак. Што яна зробiць? Цi будзе трымаць язык за зубамi? Калi яна закаханая ў Якiмовiча, калi той яе ў нечым падазрае ды пастараецца нацiснуць, дык цi ня выдасьць яна яго, Капшуна? Што рабiць? - вось пытаньне. Магчыма, што дзяўчына, - калi яна ўстрывожаная ды яму давярае, - прыйдзе да яго, каб гэту справу выясьнiць? А можа пацягнуць Нiну Ляскiн за язык, каб што даведацца цi дзяўчына заiнтрыгаваная гэтым выпадкам? Але-ж Нiне пра гэта нiчога не гаварыў... Няхай так будзе. Пабачым, пачакаем.

37

Калi Вера, дзякуючы Алесю, зблiзiлася з новай беларускай iмiграцыяй, нярэдка давялося ёй чуць адну й тую самую апiнiю пра сацыялiзм i камунiзм, або, як яны найчасьцей называлi, бальшавiзм у Савецкiм Саюзе. Вусны гэтых новых Канадыйцаў казалi й паўтаралi, быццам змовiўшыся, адну думку: Маскоўшчына - гэта няволя, тэрор, масавы генацыд паняволеных народаў, бязбожнiцтва, варварства, масавае прамываньне мазгоў усiх грамадзян крывадушнай марксiстоўска-ленiнска-сталiнскай прапагандай. Коратка гаворачы, ленiнская "дзяржава рабочых i сялянаў", згодна гэтых бебурнацаў, ледзь ня пекла на зямлi. I прыгадалася Веры тая экскурсiя ў Савецкi Саюз, калi ня было ў тым арганiзаваным падарожжы нiякай цяплынi, а ўсё, як на заказ, толькi казённае, службовае, штатнае, калi прапаганда сустракала iх на кажным кроку, калi не далi iм нават магчымасьцi сустрэцца iз тымi шчасьлiвымi рабочымi й сялянамi ў iхных хатах i гасьцiнных сем'ях. Былi ў галаве тады пытаньнi. Нiхто на iх ня мог адказаць, бо не хапала сьмеласьцi, каб спытацца. А як-жа! Навошта рызыкаваць? Усе-ж адказы, - як бесканечна паўтаралi iм мудрыя палiтрукi, - ужо былi апрацаваныя i самым Марксам, i ягонымi насьледнiкамi. Унь як! Чаго-ж ламацца ў адчыненыя дзьверы? Трэба верыць. Калi яшчэ, пасьля такой разбуральнай вайны, гэткая магутная дзяржава не адбудавалася, дык пачакайце, дапамажыце, супольнымi сiламi адбудуем i прыйдзе той абяцаны рай. Значыцца, паводле той марксiстоўскай i ленiнска-сталiнскай навукi, усе справы былi-б даўно вырашаныя, i сяньня ўжо быў-бы суцэльны рай у Савецкiм Саюзе, толькi вось вайна, - каб на яе гаручка! - замiнала. Але, усёроўна ня турбуйцеся, так усё будзе, як у тым школьным вершы дзетак вучылi: "Вот от завтрашнего дня все по плану у меня".

А гэтта, з другога боку, людзi, якiя жылi ў тым сталiнскiм "прыгоне", якiя страцiлi сваякоў у канцлагерах, што старалiся як маглi, каб дабрабыт нейкi здабыць, якiя ворагамi савецкае ўлады некалi ня былi, - а ў Заходняй Беларусi, калi iх "бацька ўсiх народаў" спад белапольскага панскага iга вызваляў, дык чырвонаармейцаў з кветкамi вiталi, - гэтыя людзi цяпер аднагалосна называюць той рай пеклам. Дзьве цалкам супрацьлеглыя крайнасьцi. А дзе сярэдзiна? А што, калi гэтыя бебурнацы запраўды гавораць праўду?

Ад некаторага часу Вера пачала ўважней прыслухоўвацца да тых i iншых, асаблiва ўважна прыглядацца i ацэньваць палiтычныя падзеi i факты, рабiць параўнаньнi. Вялiкую ўвагу зьвяртала i на навiны пасьля таго, як Сталiна "карыфэя ўсiх навукаў" - зрабiлi вялiзным злачынцам, лiквiдавалi Бэрыю, а на пярэднюю арэну вылез Мiкiта кукурузьнiк. I гэнай ранiцай, ужо на працы, уключыла радыё з надзеяй, што пачуе нешта пра новыя палiтычныя падзеi ў мэццы камунiзму. Вядома-ж, ад кукурузьнiка ўсяго можна было спадзявацца пасьля таго, як ён на сусьветнай арэне, у асамблеi Аб'еднаных Нацыяў у Ню-Ёрку, сваiм чаравiкам гэтак ворагаў сацыялiзму насьмяшыў.

Гэнай ранiцай казённы голас дыджэя з радыёпрыёмнiка паведамiў пра сьмерць беларускага пiсьменьнiка Шпака. Палiцыя ня выключвала магчымасьцi, што на яго нехта напаў i забiў... Гэтая вестка кальнула Веру ў самае кволае. Яна-ж дала пра Шпака дакладную справаздачу Капшуну. Цi гэта магчыма, што ён?.. А калi так, дык i ў яе нячыстыя рукi. Сказала, што балiць галава й пакiнула працу, пайшла ў парк, дзе заглянула ў газэту ды разважала што рабiць. Адно ясна: яна не магла простым пытаньнем паставiць Капшуна ў кут. Небясьпечна. Наважылася пакуль што маўчаць.