- Я хачу распачаць працу iз добрай арыентацыяй, - казала дзяўчына. Цiкавiць мяне, як Трыфты Тонi апэруе... Тут, як бачу, заўсёды поўна людзей, дзьверы ламаюць у той час, як некаторыя iншыя крамы падобнага профiлю амаль пустыя. Я хацела-б...

- Ведаеце, - сказаў Алесь, зацягнуўшыся дымам цыгары, - гэта ня ёсьць нiякiм сакрэтам. Умеем прапанавацьлюдзям патрэбныя iм тавары ў даступных iм цэнах. Важнымi ёсьць i шмат апэрацыйных дэталяў, асаблiва рэклямы. Калi будзеце ўважна й аддана працаваць у нашай хутка растучай кампанii, дык па нiтачцы да галоўнага клубочка дабярэцеся.

- Дзякую вельмi, - сказала дзяўчына.

Алесь ня спускаў вачэй зь ейнага твару. Бачыў там пэўнасьць i сьцiпласьць, якраз тое, што выклiкае да чалавека давер.

- Жадаю, каб вы правiльна мяне зразумелi, - гаварыў Алесь. - Выглядае, што маеце добрую адукацыю i калi будзеце старацца працаваць, посьпехi вас не абмiнуць. Цяпер пра гэты самы бiзнэс... Апэрацыя на прынцыпе прынады, так сказаць. Выдаём нямала грошай на рэкляму. Кажны дзень маем некалькi тавараў, якiя называем "дар дня" або "адчыненыя дзьверы". Яны iдуць у рух за зусiм нiкчэмныя цэны. Ствараюць адразу-ж ранiцай вялiкую чаргу. Такiм чынам прынаджваем людзей i напаўняем краму.

На кажным паверсе i ў кажным дэпартамэньце ёсьць гэта званыя "iмпулс айтэмс" - патрэбныя кажнаму тавары, па якiя хаця-нехаця выцягнецца кажная рука, асаблiва калi цана нiзкая. Аднак-жа, каб дайсьцi да тых "iмпулсаў", якiя таксама разрэклямаваныя i знаходзяцца ў стратэгiчных месцах, падарозе сустрэнеш тавары, што iдуць больш марудна. Каротка гаворачы, усё можна падсумаваць так: прынаджвай людзей да дзьвярэй, як найхутчэй напоўнi iмi краму; зноў-жа iншымi прынаднымi i неабходнымi таварамi цi зьнiжанымi цэнамi розных распродажаў зьмякчы iхнае супрацiўленьне, завайстры iхны апэтыт, ашаламi колерам i вялiкiм выбарам. Такiм чынам касы твае засьпяваюць звонам манетаў.

Нашае заданьне ўнутры, вядома, памагаць купляньнiкам. Усе гешэфты фiнальныя. Няма вымены цi звароту грошай. Таму якраз наш кошт абслугi i адмiнiстрацыi належыць да найнiжэйшых у бiзнэсе. Вялiкi i хуткi тавараабарот лiквiдуе павышаньне цэнаў i прыносiць нам патрэбны працэнт даходу. Будзеш старацца працаваць, дык тваё пiльнае вока заўважыць шмат чаго цiкавага, хутка спанатрыш што трэба.

- Я-ж, як вам ведама, дагэтуль сэйлс клеркам (прадаўшчыцай) не працавала нiколi, - сказала Вера.

- Табе тут падабаецца? - спытаўся ў яе Алесь.

- Вялiкая зьмена ў параўнаньнi з тым месцам, дзе я была.

- Раю табе трымацца напагатове. Наш Трыфты Тонi, гэта значыць Давiд Зэлман мае зыркае вока. Ён сам надзвычайна энэргiчны чалавек i любiць жвавых, бадзёрых людзей.

Дзяўчына слухала надта ўважна. Алесю чамусьцi не хапала ахвоты гаварыць зь ёю пра бiзнэс. Ён ужо ўяўляў яе ў сваiх абдымках, заслуханую ў розную салодкую трасянку, што выклiкае на гэтым прывабным аблiччы гарэзьлiвую ўсьмешку. Алесь добра яшчэ не пазнаў яе, але ўжо падазраваў, што суадносiны мiж iмi некалi пяройдуць афiцыйную бiзнэсавую штодзённую мяжу.

- Я папрашу Мэры, наглядчыцу на тваiм паверсе, каб вытлумачыла табе ўсю рэшту. Цяпер скажы мне, калi ласка, мiс Мак, дзе такiя прыгожыя дзяўчаты, як ты, гадуюцца, гэта значыць адкуль ты ўзялася?

Дзяўчо пачырванела i першы раз у ейных вялiкiх круглых прамянiстых вачох Алесь заўважыў быццам iскру перасьцярогi: уважай, воўк на гарызоньце!

- Я паходжу з гораду капальняў на поўначы... Чулi вы калi пра Балтаву?

- Здаецца, што не. Але будзем знаёмымi, - усьмiхнуўся Алесь. - Хтосьцi мне сказаў, што твае бацькi ёсьць цi былi маймi суродзiчамi.

- Я пра гэта памятаю. Мае бацькi зь Беларусi, але я мала ведаю пра iхную краiну.

Алесю ў гэны час мiльганула ў галаве думка, каб тут-жа пераключыцца на беларускую мову. Вырашыў гэта зрабiць пры iншай нагодзе.

- Гэта надзвычайна цiкава, - гаварыў ён. - Можна сказаць, што мы радня, бо паходзiм з аднаго карэньня. Што-ж такога ты ведаеш пра Беларусь?

- Я сёе-тое чытала пра яе, бачыла савецкiя фiльмы й люблю надта сяброўскiх i мiлых людзей, каторыя адтуль.

- Уключна са мной, спадзяюся?

- Пачынаючы ад учарашняга.

- Ага, ну так...

- Дарэчы, цi знайшлi вы адпаведны лiфчык для вашай раднi?

- Яшчэ шукаю. Магу спадзявацца на вашу помач?

- Я да вашых паслуг.

- Дзе тваё пальто? Iдзi вазьмi.

- А навошта?

- Запрашаю цябе голад замарыць.

- Добра.

- Любiш сiняе? - спытаўся Алесь у Веры, калi яна вярнулася зь сiнiм пальтом.

- Так, люблю. Куды iдзём?

- Перш iдзём да майго аўта. Пасьля едзем.

- Дык навошта ехаць, калi вось тут пераз вулiцу ёсьць рэстараны. I танна...

- Нонсэнс, заедзем некуды ў лепшае.

Узяў яе за руку i ўжо ўнiзу адчынiў ёй дзьверы, пасадзiў у Олдсмабiл, дарагое аўта, якое летась атрымаў як падарак за пiльную працу ад Трыфты Тонi.

- Не супрацiўляйся, будзь добрай дзяўчынай, а я буду добрым хлопцам. Згода?

- Згода, чаму-ж не.

Дзяўчына ўсьмiхнулася. Алесь уважна пазiраў на яе. Што за загадка? Прыгожая. Яна ў любой грамадзе дзяўчат трапiць кажнаму на вока. Магчыма, магла мець ужо тузiн бойфрэндаў. Пра гэта трэба будзе разьведаць. Паволi, асьцярожна, - мяркаваў Алесь, улiваючыся сваiм лёгка пырхаючым Олдсмабiлем у шырокi вулiчны паток машынаў. Захмаранае неба на захадзе перасякалi залатыя разгалiнаваныя маланкi.

У адносiнах да дзяўчат Алесь меў, можна сказаць, набiтую руку. Хутка распазнаваў тых, што палявалi на лёгкае жыцьцё, намагаўся трымацца воддаль ад iх. Але вось гэтта побач яго зусiм нейкi асаблiвы, можна сказаць, экспанат. Прыгажосьць, сьцiпласьць. У вачох проблiск спрыту й розуму. Пачыналася - Алесь адчуваў гэта - падарожжа па нейкай замiнаванай тэрыторыi.

9

Антон Шпак тупаў па сваiм малым пакоi, як учадзелы. Вярнуўшыся з начной працы, дрэнна спаў. Цяпер нiяк ня мог сканцэнтравацца на тым прадмеце, якi намагаўся апрацаваць. Абрыўкi думак кружылiся ў галаве цi ў паднябесьсi, цi на сёмай плянэце. Часам падказвалi яны зусiм здаровы сэнс, але калi Шпак намагаўся зарганiзаваць iх у лягiчную пасьлядоўнасьць, разьбягалiся, прападалi. А пiсьменьнiк ведаў, што тут не падапрэшся абы якiмi эрзацамi. Патрэбнае нешта салiднае, арыгiнальнае. Калi трымацца праекту-пляну, адлюстраваць няпростую загадку ў яе суцэльнай абыйме, дык трэба трымаць зыркае вока на дробязах, захоўваючы сваю творчую манеру паказу галоўных гэрояў сюжэту. Як на тое лiха, Шпак ад нейкага часу апынуўся на душэўным спадзе.