Изменить стиль страницы

— Адзінае — калі Юдыцкі пачне ў які закалот намаўляць, не лезь! — задумліва прамовіў Лёднік. — Пане Каханку зараз у эміграцыі, але ж сувязь тут мае ўвесьчасную. Чуў, можа, што на гузіках ягоных быў выціснены дэвіз — «Fiducia amicorum fortis», моцны вернасцю сяброў?

— Але не жончынай, — зласліва зазначыў Пранціш. — Пані Тарэза з Ржавускіх за мужам у выгнанне не паехала, на балях у Панятоўскага скача, каралю амуры строіць. А атрыманыя ад Радзівіла лісты ў каралеўскім палацы ўслых зачытвае, каб усе пасмяяліся.

Лёднік уздыхнуў.

— Што ж, дзе густа, дзе пуста. Мне расказвалі, што ў гэтай пані ў спачывальні вісіць жалезная клетка, куды яна садзіць ворагаў — каб цешыцца іхнімі стогнамі ды крыкамі, зусім як князь Геранім Радзівіл. Нездарма Пане Каханку ад жонкі ў кляштары хаваўся. Затое альбанчыкі, сябры радзівілаўскай банды, маёнткі пана ў арэнду бяруць, пільнуюць, прыбытак пану пасылаюць… Так што Радзівіл пусціў чутку па ўсёй Еўропе, што ў яго маецца неразменны залаты дынарый памерам з жорнаў. Патоцкія і Браніцкія таксама лезуць смаліцай у вочы, пра карону мараць. І Панятоўскаму яшчэ доўга давядзецца за моц свайго трону змагацца. А грошай у яго на гэта няма.

Вырвіч здзівіўся.

— Як гэта — у караля ды грошай няма!

Васковы чалавек з адзіным вырачаным вокам дакорліва глядзеў на Лёдніка, сына полацкага гарбара, які разважаў пра палітыку без усялякай трапятлівасці.

— Тое, што шляхцюку — гара залатая, каралю абакрадзенай дзяржавы, які хоча рэформаў — каціныя слёзы, — стамлёна гаварыў Лёднік. — Сам падумай: прыбыткі ад партоў, капальняў ды падаткаў ідуць толькі на дзяржаўныя патрэбы. Уласных жа маёнткаў у караля паменела, дый ладу ў іх няма. А расейцы, хоць зброяй падтрымаюць, рэформы фінансаваць не стануць. Нашто ім добрыя законы ды моцная эканоміка ў дзяржаве, якую яны зжэрці збіраюцца? Вось, прызначыў Цялок сябрука, Антона Тызенгаўза, адміністратарам сваіх уладанняў, а той узяўся люстрацыі, рэвізіі зямельныя, праводзіць. А ты ўяві, колькі каралеўскіх земляў патрошку паадразалі сабе ўсялякія! Так што незадаволеных нават па гэтым будзе шмат. Дысідэнцкае пытанне таксама так проста не вырашыцца…

— Дык расейцы ж уціск праваслаўя галоўным злачынствам абвяшчаюць, а ягоную абарону — сваёй галоўнай задачай! — нагадаў Пранціш. — Мяне ў харугве за тое, што я не каталік, ледзь у расейскія шпегі не запісалі.

Лёднік цяжка ўздыхнуў.

— Разанцаў распавёў мне па сакрэце, канцлер Панін гаварыў, што не варта асабліва пашыраць тут правы пратэстантаў ды праваслаўных — бо сяляне з Расіі пачнуць збягаць. Патрэбна толькі з дысідэнтаў партыю, прыхільную імперыі, стварыць. Нікому насамрэч справы няма, добра нам ці блага жывецца. А тут, што ў Кароне, што ў Літве — нават у адной партыі няма згоды. Кароль марыць скасаваць ліберум вета, ягоныя дзядзькі Чартарыйскія баяцца з гэтае нагоды страціць сімпатыі шляхты… Пане Каханку з-за мяжы прыхільнікаў вярбуе… Карацей, на гэтым тле такія можна закруціць інтрыгі, што край крывёй зальецца. Заўтра пойдзеш да Юдыцкага — будзь асцярожны.

— Што ты мяне за дурня маеш? — пакрыўдзіўся Пранціш. — От зараз пану суддзі душу пачну адкрываць, як куфры са старымі кілімамі, ажно моль паляціць. І ўвогуле — як ты з гэтым расейскім графчыкам-баярынам так сышоўся? Не б’ецеся за палітыку?

Лёднік паціснуў плячыма.

— Разумны чалавек заўседы будзе паважаць перакананні іншага. А наконт баярына ты не маеш рацыі. Бацька Міхайлы простым купцом быў, яго цар Пётр Першы дваранінам зрабіў, у Галандыю вучыцца паслаў. І Міхайла ўсяго дамогся без пратэкцыі, уласным розумам.

Вось яно што… «Новыя дваране» — балючая тэма і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Расеі. Лёднік са сваім «свежым» шляхецтвам не быў выключэннем — яшчэ ў 17 стагоддзі, пасля Гадзяцкае уніі, шляхецтва ад сойму Рэчы Паспалітае атрымалі некаторыя камандзіры сялянскіх атрадаў, якія біліся з маскоўцамі. Напрыклад, Мурашкі, Драні, што ў шляхоцтве зрабіліся Дранеўскімі. Але шмат было і тых, хто яшчэ «за Сасамі» проста купляў патэнт набілітацыі, ці выслужваўся не вайсковым подзвігам, а фаварыцтвам. А Панятоўскі, відаць, маючы на ўвазе прыклад Пятра І, шчодра надаваў шляхецтва невысакародным саслоўям, вядома, спадзеючыся прыдбаць сабе верных прыхільнікаў.

За што старая шляхта яго яшчэ больш зненавідзела. Гэтак жа, як і ягоных «хроснікаў на шляхецтва».

Вырвіч заўважыў у куце нешта, накрытае зялёным сукном. Ужо здагадваючыся, падыйшоў, прыўзняў цяжкую тканіну. На яго зірнулі шэрыя шкляныя вочы з дасканала прыгожага васковага твару. Пандора… Лялька-аўтамат, сакрэт якой калісьці змусіў іх з Лёднікам цягнуцца аж за мора. Доктар паспешліва падыйшоў і акуратна ўхутаў васковую прыгажуню.

— Што, успамінаецца ледзі Кларэнс? — здагадаўся драгун. Прафесар памаўчаў, відаць, прагортваючы ў памяці прыгоды ў Ангельшчыне, падчас якіх яму давялося звесці блізкае знаёмства з чароўнай, але капрызлівай пані з абліччам гэта лялькі.

— Як такое забудзеш… Ведаеш, — былы алхімік трохі павагаўся, відаць, не ведаючы, ці варта прамаўляць тое, што прасілася, — я часта разважаў, як мне патрапіла паддацца чарам той лэдзі… Ну так, прыгажуня, арыстакратка, угневаў бы адмовай — загадала б яшчэ ўсіх нас забіць… Але ж і я не хлопчык. І Саламея мне даражэй за ўсіх царыцаў свету. І я зразумеў, што каб не было гэтай лялькі, каб не мучыўся я столькі над разгадкай таямніцы мехзанізму, не ўразіўся б сустрэчай з жывым арыгіналам. А тады, у Лондане, калі я пабачыў, як ажыла мая механістычная задача, мая навуковая перамога… Ды што цяпер апраўдвацца…

Лялька маўчала пад зялёным сукном, але здавалася, што ў любы момант тканіна варухнецца.

Між тым Лёднік трохі павагаўся і палез у шуфляду сакрэтніка з чорнага дрэва, упрыгожанага выявамі купідончыкаў — антычныя бажаняты мелі таўсманныя хітраватыя абліччы і зблытаныя кудзеры. Здавалася, гэтыя шкадлівыя стварэнні цэлілі не ў сэрцы залатымі стрэламі, а ўхапіць з чужога стала булку альбо жменьку разынак, як віленскія шкаляры.

— Ёсць тут яшчэ адзін ліст да пана Вырвіча… Па-праўдзе, дык не вельмі хацеў я пану яго аддаваць. Чаго вярэдзіць старыя раны…

Пранціш выхапіў з рук былога свайго слугі сціплы канверцік, запячатаны зялёным сургучом з адбіткам знаёмага гербу «Агінец».

— Давай я сам буду вырашаць, што мне вярэдзіць, а што не.

Драгун не ўтрымаўся, каб не паднесці ліст да твару: калі прынюхацца, можна ўлавіць слабы пах мора, а яшчэ — вярбены. Пах улюбёнай парфумы панны Паланэі Багінскай, цяпер — пані Агалінскай. Колькі ж міляў і вёрстаў паміж імі цяпер! Моры-акіяны…

Пранціш паспешліва дастаў з канверту аркушык, прачытаў, і гнеўна павярнуўся да Лёдніка, які з трывогай назіраў за былым вучнем.

— Калі гэта прыйшло?

— Ды прынеслі перад Вялікаднем, — з некаторай няёмкасцю адказаў Лёднік.

— І ты не пераслаў мне! — абурыўся Вырвіч. — Не паведаміў! Аберагаў хлапчыску ад нервовага зрыву! Можа, хопіць на лейцах мяне вадзіць? З-за твае дурной перасцярогі іншыя людзі пацярпелі! На, чытай!

Раззлаваны драгун кінуў ліст з далёкай Амерыкі Лёдніку, як мог бы кінуць кароль Ягайла данос падкаморага Гневаша на дабрадзейную каралеву Ядзвігу.

«Заўсёды памятаю шаноўнага пана Вырвіча, а наважылася нагадаць яму пра сябе вось з якой прычыны… З цягам часу шмат што пераацэньваецца, дарагі пан Вырвіч, і рэчы, якія раней здаваліся нязначнымі, усведамляюцца вельмі істотнымі, і робіцца сорамна за тое, што ты імі пагарджаў. Калі я ад’язджала, мая камерыстка Ганна Макавецкая ўсё яшчэ заставалася ў кляштары, дзе па маім загадзе мусіла выдаваць сябе за мяне, каб я магла бесперашкодна адправіцца ў наша ангельскае падарожжа. Па-праўдзе, у мітульзе падзеяў я зусім забылася на лёс Ганны, у якой ніякіх сваякоў не засталося. Буду вельмі ўдзячная пану Пранцішу, калі ён выканае, няхай са спазненнем, мой абавязак: даведаецца пра лёс беднай Ганулькі і перадасць ёй тое, што захоўваецца ад майго імя ў банкіра Мамоніча ў Вільні: банкіру я пасылаю асобны ліст з адпаведным загадам. Няхай панна Макавецкая прабачыць мяне за ўсё і скарыстаецца тым, што я ёй перадаю.