Изменить стиль страницы

Бедаваць, здавалася, не было чаго, а маркота дзіўна не адыходзіла. І чула сябе Хадоська ўсё адзінокай, пакінутай. І ніяк не магла даўмець: што будзе далей?..

У старога Глушака пад цьмянай, з прыкручаным кнотам, лямпаю сядзелі Яўхім i маўклівы, пануры Пракоп. Пракоп моцнымі локцямі ўпіраўся ў стол, вялізнымі чорнымі далонямі трымаў важкую, зарослую да вачэй галаву.

Яўхім, трохі горбячыся на ўслоне, па-дамашняму ўвесь у зрэбным, у лапцях, прыжмурваючы вока, дыміў папяросаю.

— Дзядзько, не думайце багато, — казаў, пасміхваючыся, Яўхім. — Вам, ей-бо, няма чаго голаву ламаць!.. Вам, дзядзько, самы мамент — у калгас!..

Пракоп варухнуў брывом, коса i люта зірнуў на яго. Ён апошнімі днямі быў заўсёдным госцем у Глушаковай хаце, бавіў тут дымныя вечары, слухаючы развагі i парады старога. Стары быў рады яму; калі сядзелі ўдваіх, гаворка ішла заўсёды ў добрым ладзе. Трывожыў гэтыя вечары толькі Яўхім, што іншы час не прападаў недзе, a ўвальваўся ў бацькаву хату. Яўхім век падкусваў Лесуна.

— Ей-бо, дзядзько, самы мамент — у калгас!

Глушак на другім услоне абстругваў, забіваў калкі ў граблі, глянуў на сына недавольна.

— Не трывож чалавека! — вялеў Яўхіму суха, цвёрда.

— Час такі, тато, — лагодна, нібы паслухмяна запярэчыў Яўхім, — думаць трэба. Хочаш не хочаш, а трэба трывожыцца. Думаць трэба. Балото над нагамі зараз прарвецца. Штоб не було позно!.. — Ён зноў жмурыўся на Лесу на. — Ей-бо, адзін выхад, дзядзько, калгас!

Пракоп важка выкаціў мацюк.

— Ето не трэба, дзядзько! Ето дзелу не паможа, — i вам штоб шкоды не нарабіло! Да й ні на што усё: вам, як трудавому чалавеку, калгас — адзіная дарога! Ісці трэба, падскокваючы ад радасці, маліць, штоб скарэй забралі ўсё! Ісці да й другіх шчэ весці з сабою!.. Прыклад другім паказуваць, каторыя несазнацельныя. Каторыя дабра свайго для савецкай уласці шкадуюць. Ето ж е такія гады, каторыя коней, кароў, авечак сваіх для савецкай уласці шкадуюць!..

— Яўхім! — зноў загадаў Глушак.

— Ей-бо, тато, е такія шчэ гады!.. Трэба ж, дзядзько, карміць начальнікаў, каторыя ў гарадах. Дзяцей ix, жонак, палюбоўніц ix, да й не абы-чым, не расолам якім. А мясам, мукою, булкамі, каклетамі!..

Сазнацельным трэба буць, дзядзько! Бегці скарэй, падскакуючы да й другіх шчэ цягнучы! А вы, эх вы, дзядзько, нашто толькі галава ў вас на плячах! — думаеце шчэ!.. Скарэй у калгас бяжыце! Ей-бо!.. Не бойцеся, што Міканор не дасць рады! Ён — спрытны, скора знайдзе збыт усяму! Вам голаву ламаць не прыйдзецца!.. Не бойцеся!.. Бяжыце!..

— Што ж ето, праўда, будзе? — адгукнулася ад палацяў старая, якая то драмала, то абуджалася.

— Будзе, што хоча савецкая ўласць. Што хоча, тое i будзе!.. — Яўхім дакурыў, плюнуў на акурак, растаптаў лапцем на падлозе. — Савецкая ўласць — уласць цвёрдая. Што намерыцца — тое i зробіць!.. — Адолеў сур’ёзнасць, зноў загаварыў з насмешачкай: — Я, калi б не цвёрдае заданне, з радасцю б у калгас!.. А то ж не прымуць — элемент класавы! Не паглядзяць, што i жонка з трудзяшчаго элемента!

Устаў, сабраўся ісці. Задумаўся чагосьці, неспадзявана сур’ёзна сказаў:

— Такі i праўда, пайшоў бы. Усе адно жыць не жывеш. А там — хто знае. Mo i будзе нешто… Толькі ж, — зноў прамовіў з насмешкай, — не просяць! А лезці — калі б’юць — не люблю!

— Наплёў! — пакруціў галавою стары, калi Яўхім бразнуў сенечнай клямкаю.

Стары ў гэты вечар быў нязвыкла маўклівы i пануры. Так i бавілі рэшту вечара: адзін корпаўся з граблямі, другі толькі час ад часу шалёна варушыў брывамі ды жаваў чорную пасму вусоў.

Думны i розны быў куранёўцам гэты вечар.

4

Пад вечар Зайчыха i Вольга падаілі кароў, сталі раздаваць малако калгасаўскім жанкам. Пад прыглядам старшыні, які явіўся асабіста праверыць, як будуць выконваць яго ўказанне, Вольга карцом мерала малако, налівала ў гладышкі, якія йрынеслі жанкі.

— Строго па колькасці едакоў! — нагадваў важны, цвёрды Міканор Вользе, што зачэрпвала з вядра. — Штоб — па справядлівасці!..

Ён казаў не так для Вольгі, якая ўсё ўжо ведала i якая, канешне, будзе рабіць так, як трэба, — новы старшыня казаў для тых, што цікаўна тоўпіліся навокал, назіралі.

— Па справядлівасці штоб. Пароўну. А не так — каму густо, каму — пусто!

Міканор быў давольны: чуў, што кожнае слова яго ловяць, панясуць па хатах, будуць абмяркоўваць, думаць над кожным словам. Давольны быў, што ўсе бачылі: калгас жыве, ён, Міканор, недарэмна біўся; ужо не словамі, справаю можна было паказваць прыклад, як трэба жыць i тым, што стаялі ўбаку, глядзелі. Няхай глядзяць, думаюць, можа, таксама за розум возьмуцца!

Блізка была матка, перахапіў нейкі маркотны i чакальны позірк яе, але не падаў знаку, што заўважыў: не месца для сямейных спраў, не сын тут, а старшыня. Сам, можна сказаць, бацька.

— Ну, дак — як першы дзень рабілася? — павярнуўся старшыня да Зайчыкавай, што, склаўшы рукі на жываце, глядзела, як Вольга дзеліць малако. Была, прыкмеціў Міканор, узрушаная, шчаслівая, але шчасце стрымлівала, таіла. І нібы ніякавела пад людскімі позіркамі.

— Да чаго ж. Рабілася добра. — Яна ўзрадавалася, даўгаваты, худы твар засвяціўся, ніякавасць прапала. — Рабілася весело… Толькі Алёшава, — зноў узрадавалася нібы, — не даецца! Не прызнае быццам! Я i так, i так да яе — не хоча! Адну Арыну падпусціла!

— Яна i дома адну мяне прызнавала! — сказала Арына.

— Не прывыкла. Старыя прывычкі! — уставіў хтосьці з жанок.

— Прывыкне! — заявіў Міканор спакойна i паважна. З той жа паважнасцю загадаў Хведару, даяркам:

— Давайце корму нанач. І можно — дадому. Заўтра штоб рано, як паложано па рэжыму.

— Не бойся. Не апознімся, — паабяцаў Хведар.

— Ну, дак я — пайду, — сказаў заклапочана. — Трэба шчэ паглядзець, што там на канюшні!

Мерна, упэўнена ступаючы, прайшоў паўз цікаўных, падаўся вуліцаю. Па тым, як ішоў, у шэрым, у пасачку, пінжаку, у картовых святочных, першы раз надзетых, штанах, у добра намазаных дзёгцем ботах, у кепцы, насунутай на лоб, было відаць, што ідзе чалавек заклапочаны, чалавек, на якога паклалі нялёгкі абавязак. Мерна, дзелавіта выйшаў з двара, па-гаспадарску стала рушыў вуліцаю. Востра заўважаў позіркі з-за платоў, з вокнаў.

На Хоневым двары, каля хлява, таксама купчылася чародка. Як i ўдзень, чародка была з мужчын, каля якіх круціліся, шнырылі дзеці; з жанок тырчала адна Сарока.

— Пара ўжэ, не сакрэт, i разыходзіцца! — нібы распарадзіўся Міканор; не прыпыняючыся, дзелавіта падаўся ў хлеў.

— Не гані! Прыйдзе пара — самі пойдзем да двара! — пачуў услед, але не стаў, не адказаў нічога.

У хляве было ўжо цемнавата, упоцемак, вылучаючы Хоневу i Зайчыкаву постаці, бадзёра кінуў:

— Як тут у вас, канюхі?

— А так што, — нібы рапартуючы, звонка адгукнуўся Хоня, — можно сказаць: служба ідзе!..

— Усё як трэба, братко!

— Не братко, а — старшына! — паправіў Зайчыка Хоня. — Адказуваць не знаеш як!

— Малады шчэ! Не навучыўся! — захіхікаў Зайчык.

Далі коням сена, Міканор прайшоў, праверыў, як прывязаныя. Разам з Хонем i Зайчыкам выйшаў з хлява.

— Не вельмі, старшына, пабагацелі! — пачуў Міканор з чарады злараднае.

Стаў, рэзка адказаў:

— Не радуйся, дзядзько! Будзем — багацей! Пародзістых скора прывядзем з Юравіч!

— Ждуць вас там!

— Ждуць! Прывесці павінны скора! З коннаго завода!

— Занудзіліся там, ждучы вас!

— Ето паглядзім, як прыйдуць!

Міканор з Зайчыкам i Хонем пайшлі ад хлява. Следам паслухмяна рушыў i натоўп. Хоня зачыніў вароты за ўсімі, вярнуўся к Зайчыку i Міканору, што курылі перад ганкам.

Міканор ужо збіраўся падацца дадому, але Зайчык сказаў:

— Такі дзень грэх пускаць сухім, братко, ей-бо!

— Не Мікола святы, дзядзько Іван, — штоб піць канешне! — запярэчыў Міканор.

Зайчык кінуў вачыма да Хоні, што ішоў да ix, загаварыў жвавей, гарачэй:

— Не кажы, старшына! Свято шчэ большае, дак i выпіць больш трэба б!