Изменить стиль страницы

— Па дакладу таварыша Галадзеда, — перадыхнула яна момант, кінулася наперад, — я скажу некалькі слоў… Таварыш Галадзед, кажучы аб нарыхтоўках, казаў, што нарыхтоўку па льносемю вы выканалі добра. Але мы не ўсё наша льносемя ўзялі…— Зноў была хвіліна маўчання. — Цяпер — аб калектывізацыі. Таварыш дакладчык казаў, што мы ўжо меркаванні па пяцігадоваму плану, намечаныя на першы год, перашагнулі, але не адзначыў, што гэта не ва ўсіх акругах. Калі я закрану Віцебскую акругу, то там па калектывізацыі непачаты край работы, там мала актыву, мала кінута культурных сіл, як аграномаў i гэтак далей. Тры раённыя аграномы ёсць, але i тыя слабыя… Вось у гэтым самае галоўнае, што ў нас мала работнікаў. Трэба кінуць усе сілы ў адсталыя раёны!..

Заружавелая, яна з палёгкай i радасцю, як чалавек, што выканаў свой няпросты абавязак, хутка сышла ў залу. З гэтага часу Апейка толькі назіраў, слухаў, зрэдку для памяці тое-сёе запісваючы ў блакнот.

— Таварыш Галадзед указаў у сваім дакладзе, што ён як быццам сумняваўся. Што план па калектывізацыі, які намечан, будзе, можа, не выканан. — Барытон дужага з абветраным тварам, з кароткай шыяй чалавека, старшыні калгаса з Бабруйшчыны, гучаў цвёрда, упарта. — Я, таварышы, запэўняю, што пры такім тэмпе i пры такіх настроях сялянства, якія мы маем у цяперашні момант, мы не толькі можам выканаць, але i перавыканаць. І сумнявацца тут няма чаго!.. Але ў гэтай працы мы часта сутыкаемся з нашымі класавымі ворагамі. І нам тут трэба абмеркаваць, якія мерапрыемствы трэба ўжыць да гэтых кулацкіх элементаў. Бо тыя законы i тыя кодэксы, якія існавалі да гэтай пары, з’яўляюцца недастатковыя. Нам трэба на ix так нажаць, штоб у ix кроў з вачэй палілася!.. Трэба даваць кулакам зямлі не максімальную норму, a мінімальную! Даваць ім вучасткі з сыпучымі пяскамі. Няхай там папрацуюць!.. — Сціпла, быццам пра асабістае, не цікавае для іншых, сказаў крыху Пугачоў — такое было ў старшыні прозвішча — пра справы калгаса. Паведаміў, што ёсць вялікі клуб, папрасіў, каб прыслалі дакладчыка, "які б там зрабіў даклад аб культурным выхаванні". Асцярожна зачапіў жывёлагадоўлю, намёкам адзначыў, што "ёсць вялікі крызіс"; падтрымаў Галадзеда, што трэба, каб заводы рабілі машыны для калгасасаў.

— Сёлета мне прыйшлося гаварыць з дзядзькамі з Урала, — пявуча, лагодна апавядала прыгожая з твару, паўнаватая жанчына ў чырвонай касынцы, Анішчанка. Апавядала, абапершыся аб трыбуну локцямі, падаўшыся ўперад, пасміхваючыся, так спакойна i вольна, нібы гаварыла з сяброўкамі. Было відаць, што за трыбунай не першы раз i рада гаварыць. — Гаманілі мы, i я пыталася ў ix: як — пыталася — на Урале будуюць камуны i калгасы. Яны гаварылі мне: "Цётка, калі б вы пабачылі нашы камуны, якія былі арганізаваны дзесяць гадоў назад, дак вы не сказалі б, што гэта была сялянская веска. Зараз там жанчыны амаль што не работаюць на полі. Мы ўсё абрабатваем — казалі — машынамі, а жанчыны даглядаюць толькі быдла. У нас — хваліліся — добрае стада свіней, кароў i дробнай скаціны. Дак чаму б i нам, таварышы, на Беларусі не арганізаваць так сельскую гаспадарку?!. Некаторыя дзядзькі нам i сёння яшчэ кажуць, што ў нас не можна будаваць калгасы, бо там балоты, там горы. Там — тое, там — другое. Я думаю, што можна ў нас на Беларусі ўсю землю выкарыстаць, на сто працэнтаў… Таварыш Галадзед расказваў тут пра Асінбуд. Дзе ж вы бачылі, штоб у старыя часы ўздумалі на балоце будавацца?.. Мы самі нядаўна туды ездзілі, на экскурсію. Дак бачылі, што на гэтым балоце, якое займае пяць тысяч гектараў, можна ўжо не толькі торф здабываць, але ўжо i трактар пусціць. Там так добра землю асушылі, што мы хадзілі амаль не цэлы дзень i не маглі налюбавацца!..

Разумна, збалела непакоілася яна пра сялянскую бяду: бясконцыя пажары, няшчасныя пагарэльцы.

— Дзядзькі будуюць добрыя хаты, — шчыра бедавала i сама, — але будуюць так густа, што між імі i аршыну дзецца няма куды. Лепяць хаты адна каля другой, i што ж выходзіць? Дах саломай накрыем, — ад адной іскры гарыць уся веска. Часам баба жару прынясе сабе ад другой цёткі, а то ў свірані самагонку пачнуць гнаць — i так бывае. Селянін гаруе, будуецца, а за дзве гадзіны ўсё дабро яго гіне!.. Я думаю, калі пяройдзем на калгасы, тады зробім з нашых гор чарапіцы i будзем хаты крыць не саломаю, a чарапіцаю. Тады не будзем гарэць штогод. І дабро не будзе гінуць, i лес трапйчь не будзем попусту…

Стрыманы, здавалася, педантычны Некрашэвіч, што гаварыў паважна, роўна, як на лекцыі, нібы тлумачыў тую частку даклада, дзе Галадзед казаў пра дзейнасць некаторых "спецаў". Буйны рост сацыялістычнага будаўніцтва завастрае класавыя супярэчнасці, i гэта ў выніку, тлумачыў Некрашэвіч, прыводзіць да ўзмацнення нацыяналістычных i праваапартуністычных тэндэнцый. Нацыяналістычныя тэндэнцыі, казаў прамоўца, маюць у Беларусі розныя формы: беларускі нацдэмакратызм, яўрэйскі, польскі, расійскі шавінізм. У наш час, калі ворагі розных колераў кансалідуюцца на агульнай платформе шкодніцтва, — а гэта ў нас, як сказаў таварыш Галадзед, мае месца, — павінна быць узнята самая жорсткая барацьба з усякай варожай пралетарыяту ідэалогіяй. З асаблівай увагай тлумачыў Некрашэвіч шкоду так званых "лаяльных", бо "пад маскай лаяльнасці гэтыя асобы могуць каваць самыя варожыя для пралетарыяту ідэалогіі". "Лаяльных" трэба пільна выкрываць, бо з адкрытым ворагам лягчэй ваяваць, чым са скрытым. Некрашэвіч заявіў, што такіх "лаяльных" у Беларусі, безумоўна, многа; але калі пачаў тлумачыць характар "лаяльных", то выйшла, што "лаяльным" можна абвясціць любога, хто буркнуў, што мала мяса, мануфактуры ці — няма табакі. Усё ж, хоць Некрашэвіч не падаў ні аднаго факта, Апейка слухаў яго востра: тое, што ён даведаўся з паведамлення пра выкрыццё "Саюза вызвалення Украіны", быццам падмацоўвала Некрашэвічавы тлумачэнні, прыдавала ім грознага сэнсу, тым больш што пад канец Некрашэвіч багата гаварыў пра такую "лаяльнасць", як нацдэмакратызм, пры згадках пра які Апейку заўсёды прыходзілі трывожныя думкі пра Алесеў лес.

2

Адзін за адным да трыбуны ішлі людзі з розных раёнаў i акруг, — яны нібы далучалі яго да тых палёў, краёў, якіх ён не бачыў, але якія бачыць яму вельмі хацелася. Апейка пільна сустракаў кожнага новага прамоўцу; яго ўвага была асабліва вострая адтаго, што ён не проста назіраў, што робіцца ў нязнаных краях, — ён шукаў, ён хацеў уведаць, што робіцца ў другіх, каб лепш зразумець сваё, тое, над чым столькі думалася i што яшчэ не ва ўсім было добра высветленае.

Амаль з кожным прамоўцам шырылася шматгалоссе вялікага жыцця. У гэтым шматгалоссі былі разам i святочныя паведамленні пра зробленае, пра тое, што "бядняк i серадняк ужо асазналі карысць калектывізацыі", i голая — з гаркатою, з болем — трывога, што ў новых арцелях у мястэчку "сядзяць без хлеба i бульбы"; што батракі не атрымліваюць норму хлеба; за клопатам, што слаба ідзе змаганне з цемраю, асабліва сярод жанчын, увайшоў у залу клопат пра тое, што цяжка распаўсюджваць трэцюю пазыку індустрыялізацыі. Селянін гаворыць: "Мы ўсё даём, даём, a ў нас нічога няма", — не бачыць — бяда — таго, што робіцца за вёскай. Работніца з Мазыра, чарнявая, з тонкай, доўгай шыяю, у гімнасцёрцы, — спачатку няёмка, збіваючыся, потым смялей, шчыра — падзялілася скрухаю: трэба многа, старанна працаваць, a работніцы не могуць, бо няма сілы. "Калі б нам далі магчымасць даставаць прадукты па таннай цане!" Малады, з рашучым, хударлявым тварам: усё точанае, рэзкае, з рашучым, нелагодным голасам, старшыня райвыканкома паставіў рубам пытанне: чаму дасюль не спыняецца знішчэнне жывёлы! Пра якое многія гаварылі яшчэ два-тры гады назад! Сам дзелавіта, дакладна выкрывае прычыны: першая — дасюль не вырашана пытанне пра кармы — жмыхі, караняплоды i гэтак далей. "Было багата размоў,— гаварылі, пісалі,— аднак канкрэтна ў нашых саўгасах i калгасах яно ўсё яшчэ не вырашана!.." "Другая прычына — гэта тое, што зараз, пры аб’яднанні ў калектывы, некаторыя сераднякі стараюцца збыць жывёлу, хочуць ліквідаваць сваю маёмасць, атрымаць грошы i гэтымі грашыма ўнесці пай…" Нелагодным, заклапочаным голасам не параіў, патрабаваў: трэба паставіць справу эканамічна, палітычна, тэхнічна так, каб жывёла ў нашай краіне не иамяншалася ні ў якім разе!..