Изменить стиль страницы

Ён глядзеў ужо на поле не як на звычайнае поле, а як на нейкую пазіцыю, адваяваную ў тых, хто несумленна захапіў яе, хто думаў утрымацца на дарозе.

"Пазіцыя, — думаў ён, цешачыся сваёй перамогай пановаму. — Пазіцыя i — вельмі важная пазіцыя, якая багата перамяніла ў становішчы абодвух бакоў! Якая многіх заставіць задумацца сур ёзно, што жыццё паварочвае на сто восемдзесят градусаў!.."

Міканор падышоў да самай Васілёвай паласы, цвёрда ўціскаючы ботамі рунь, пераступіў яе ўпоперак, ступаючы, вылучыў з мокрай шэрані наперадзе яшчэ дзве зялёныя паласы, рашыў раптам: "Пераараць зразу ж, штоб не карцело пасеянае! Штоб зразу знаку не було ніякаго! Ніякаго знаку i ніякай надзеі тым, ад каго адрэзалі!" З гэтай хвіліны Міканор пазіраў на поле ўжо з практычнай клопатнасцю: разважаў, дзе i што лепш пасеяць. "Там — клін жытні… А тут, паўз дарогу, — ячмень… А туды, к балоту, — картоплю. Картопля там заўсягды радзіла…" Думаючы гэта, ён быццам бачыў ужо, як зелянее шырокім прасцягам калгаснае жыта, як каласіцца, варушыць вусамі, даспяваючы, ячмень, як радамі бяжыць да балота, да лесу бульба…

Ішоў, мяў разношанымі, стоптанымі ботамі мокрую, чэзлую пожню. Ішоў шырокім крокам, цвёрда, гаспадаром. Пераможна глядзеў на саламяныя стрэхі, што выходзілі насустрач…

У той дзень Васіль дапаў да Юравіч. Да апошняга дня, хоць i няпэўна, Васіль спадзяваўся, што, можа, пераменіцца яшчэ што-небудзь: вельмі ж цяжка, амаль немагчыма было згадзіцца, прымірыцца думкамі, што зямлі, адзінай добрай зямлі няма ўжо i не будзе. З нецярплівасцю чакаў разам: якую ж, калi на тое, удзеляць замену; без зямлі, казалі ж, пакінуць не павінны. Дачакаўся: з добрай ласкі суседа, Міканора, удзялілі такую, што i глядзець не хацелася: ледзь не адзін пясочак…

Бядуючы, грозячыся, што так не папусціцца, што таксама ведае законы, Васіль кідаўся думкамі: што рабіць, куды падацца, каб заступіліся, памаглі. Добра вядома было, што ў сельсавет няма чаго i сунуцца: там Гайліс ды Міканор — уся ўлада. Думкі разважна i абнадзейліва вялі ў раён, да самога Апейкі, які, чым больш разважаў Васіль, бачыўся яму адзінай, жаданай надзеяй.

Калі хмурным, дажджыстым ранкам у свіце, у лапцях, унураны, невідучы, імкліва рушыў слізкаю грэбляю, пустым ветраным шляхам, Васіль, перабіраючы ў думках крыўды, якія прыбівала да яго двара няскладнае жыццё, якія рабіў яму Міканор, не чуў роспачы. Думкі гэтыя палілі менш, як апошнімі начамі i днямі, ён думаў пра крыўды з адчуваннем дужасці, з настроем дзейным, гатоўнасцю адолець, змагчы ўсё. У ім было такое адчуванне, быццам крыўды гэтыя не такія непадатныя, не вечныя. Ён рушыў цвёрда i ўпэўнена. Смелаю была не толькі хада яго, смелымі былі яго думкі; ён яшчэ дарогаю рэзаў разважна i гнеўна Апейку: "Так ето буць павінно? Па савецкаму ето закону?!" Захоплены сілаю гэтых слоў, ён загадзя, нецярпліва радуючыся, бачыў, як Апейка ціха, згодна казаў: "Не па закону! Не павінна так быць!" Зрэдку, праўда, брала i ў гэтай дарозе Васіля апаска, што Апейка можа стаць на бок Міканора i Гайліса, але Васіль сам гнаў гэтыя маладушныя думкі. Не хацелася, каб яны i чапляліся.

Хутка, цвёрда кіраваў ён шляхам. Але калі падышоў да аблезлай цэркаўкі, калi стаў спускацца з гары, калі падступіў да колішняй воласці — выканкома, у якім блізка, блізка ўжо чакала сустрэча з Апейкам, ад якой залежала цяпер жыццё, Васіля апанавала паганая кволасць. У грудзях пачуў брыдкі, трывожны халадок, сама сабой, хоць ішоў з гары, пачала цяжэць, прыцішвацца хада. Перад будынкам воласці i зусім захацелася стаць, сесці.

Не было ўжо ні дужасці нядаўняй, ні ясных i такіх пераканаўчых думак. Галава нібы не хацела думаць. Ён заўсёднай упартасцю перамог сваю нясмеласць, пачужэлымі нагамі ўвайшоў у будынак, пачаў падымацца па гулкай лесвіцы на другі паверх, дзе, ведаў, быў Апейкаў кабінет. Каб трапіць у Апейкаў кабінет, трэба было ўвайсці ў маленькі пакойчык: дзверы ў пакойчык былі адчынены, i Васіль, стараючыся паказваць сябе смелым, адразу ступіў у яго. Ступіў так, быццам рабіў самы адказны крок. У пакоі, за столікам у кутку, сядзела немаладая жанчына, разглядвала нейкія паперы. Яна падняла вочы на Васіля, як бы пытаючыся. Васіль даў "добры дзень", адразу, смела сказаў, што яму трэба пагаварыць з Апейкам.

— Івана Анісімавіча няма, — ветліва сказала яна. Потым дадала: — Ён у Мінску, на сесіі. Будзе дзён праз шэсць.

Васілю гэта было такім неспадзяваным, што ён разгубіўся.

Жанчына нібы пашкадавала яго, запыталася:

— А што у вас? Можа, друпя могуць рашыць, без Івана Анісімавіча?..

Васіль, не гледзячы на яе, заявіў:

— Мне трэба було з ім.

Жанчына яшчэ раз ветліва i спачувальна паўтарыла, што Апейка будзе праз шэсць дзён. Васіль адразу выйшаў з пакоя, але на пляцоўцы перад лесвіцай стаў; не мог, проста не мог вяртацца назад, нічога не высветліўшы. Шкадуючы, што Апейка так не ў час паехаў, думаў, гадаў: што ж рабіць? Можа, дарэмна адказаў так жанчыне, можа, праўда, i без Апейкі здолеў бы хто-небудзь памагчы? Можа, трэба было самой расказаць, каб параіла хоць, куды падацца?..

Калi ён стаяў у роздуме, на яго, выскачыўшы з блізкага пакоя, амаль наткнуўся жвавы, дзейны чалавек з папкаю. Ён хацеў быў ужо абмінуць Васіля, але спыніўся раптам, зірнуў уважна, запытаўся, каго ён чакае. Даведаўшыся, што Апейку, весела, зычліва сказаў: "А можа, я памагу?" Ён адчыніў дзверы i паказаў Васілю, каб заходзіў.

Толькі тут, у светлым пакоі, Васіль пазнаў добра, што чалавек з папкай — быў той, які калісьці праводзіў перадзел у Куранях, які разбараняў яго з Яўхімам. Васіль умомант згадаў, як чалавек гаварыў з ім, як гразіўся турмою i яшчэ немаведама чым. Васіль, насцеражыўшыся, хацеў адразу ж павярнуцца да дзвярэй, але чалавек апярэдзіў яго, ласкава запрасіў сесці. Васіль спыніўся, недаверліва зірнуў на яго, няўпэўнена сеў. "Што ж вас прывяло?" — весела, быццам i не помніў колішняй гразьбы, сказаў чалавек, сядаючы за столік насупраць. Светлыя, уважлівыя вочы быццам упіліся ў Васіля. Лагодна, абнадзейліва чакаў чалавек, пакуль Васіль, упяўшы вочы кудысьці ў падлогу, нядобра маўчаў. Доўга не мог загаварыць Васіль, i загаварыў важка, неахвотна, быццам пад прымусам, на допыце. Не верыў яго спачувальным: "Ага, так-так… Разумею… Натуральна…"

"Усё гэта па-чалавечы зразумела, — дзіўна мякка, нібы добразычліва загаварыў чалавек пасля допыту. — Зразумела i, можна сказаць, зусім натуральна… Зямля — самая дарагая істота селяніну. Самая жывая істота, душа яго… Яна — аснова, найпершая аснова сялянскага жыцця… І селянін мае права, вядома, лічыць яе законна сваёй… Правільна, натуральна… — Васіль глядзеў спадылба, ні зычлівы тон, ні самі развагі не супакойвалі, чакаў усё горшага. Слухаў так, быццам гэта была толькі подступка. І не памыліўся, тым жа спачувальным, добранькім голасам Зубрыч павёў зусім іншае: — Усё гэта натуральна. Але ёсць — кірунак, генеральная лінія на калгасы! Генеральная лінія, каб увесь аднаасобны сектар ліквідаваць, знішчыць. Сцерці з зямлі мужыка як аднаасобніка… Усё будзе рабіцца толькі для калектыўнай, сацыялістычнай гаспадаркі. І зямля ўся ім!.. Такая лінія… Так. От так…"

Васіль не ведаў, што сказаць. Не мог неяк спрачацца. Моўчкі ўстаў, не развітваючыся, выйшаў. Спустошаны нейкі, саступіў па лесвіцы, выйшаў на двор, пацягнуўся па дарозе на гару. Павольна, цяжка ўздымаўся, мокрая гліна ліпла на лапці, слізгала пад нагамі. Як усцёгся на гapy, стаў, аддыхваючыся. "Гаворыць шчэ як, — прайшло ў галаве. — Як спачувае. A напраўду — бы здзекуецца!.."

Маркотна павёў вачыма. Сеяла імжою, якой, здавалася, не будзе канца. За імжою не было відаць знаёмай далечы.

Імжа была нібы i ў душы. Імжа i абыякавасць. Не затульваючыся, нявесела пацёгся па дарозе.

Калі ён падыходзіў да цагельні, браліся поцемкі. Нядобра цямячы, Васіль звыкла збочыў з дарогі — зірнуць на сваю рунь. Яшчэ не дайшоўшы, разгледзеў, сумеўся: рунь чарнела нейкімі пачварнымі камякамі. Ён, устрывожаны, падбег i знянацку ўпаў на калені: рунь была паарана! Падрапана, парэзана, засыпана камлыгамі,— як бы знарок.