Изменить стиль страницы

Гэта яе проста ашаламіла. Яна падскочыла, наблізілася і пільна ўгледзелася ў мой твар.

«Божа мой! Цяпер я, здаецца, успамінаю. Вы прыходзілі да таты здаваць экзамены, калі яго аперыравалі з прычыны тромбафлебіту».

І раптам стала задумліва-сур'ёзнай. Спытала:

«Скажыце, вы ведалі, што тата працуе ў немцаў?»

«Ведаў».

«Ведалі і прыйшлі ў наш дом?»

«Ведаў і прыйшоў, бо ўпэўнены, што доктар Савіч не прадасць мяне».

Яна доўга глядзела мне ў вочы, а потым нахілілася і… пацалавала ў шчаку. Пацалавала не па-дзявочы, сарамліва ці гарэзліва, а па-даросламу, сур'ёзна, з удзячнасцю.

Мая першая падпольная клічка была «Віктар», і я чамусьці сказаў яе, а не сапраўднае імя, хоць пасля зразумеў, што гэта недарэчна, непатрэбна і няшчыра перад Зосяй.

«Дзякую вам, Віктар. Цяпер вы мне брат. І я вас схаваю, як брата. Так схаваю, што фрыцы за сто год не знойдуць. Хадземце. А то праз гадзіну прыйдзе Грот. Ён дакладны».

Тады я спытаў:

«Думаю, у доме, дзе жывуць два лекары, знойдзецца скальпель і пінцэт?»

«Скальпель? Навошта вам скальпель?»

«У бядры маім сядзіць асколак гранаты».

Вельмі магчыма, што толькі ў той міг яна адчула ўсю сур'ёзнасць барацьбы, свайго мімавольнага ўступлення ў гэтую барацьбу, небяспекі, якая цяпер пагражала ёй, бацьку. Трусы, фармалін, балбатня з гестапаўцамі — усё гэта, відаць, рабілася ў парыве, у захапленні незвычайнасцю, усё гэта была амаль гульня ў хованкі маладога здаровага хлопца. А тут яна зразумела. І разгубілася, спалохалася, замітусілася.

«Што ж рабіць? Хадземце ў бацькаў кабінет, там усё ёсць. Не, не… Нельга. Могуць прыйсці. Давайце сюды… на гару. Аўтамат паставім на месца… Вось так… Крыві не накапала?» — агледзела падлогу. Потым адчыніла невялічкія сцянныя дзверы, і мы апынуліся ў каморы, завешанай вопраткай. Дзесяткі паліто, касцюмаў, плаццяў. Нешта зашыта ў прасціны, мабыць, футры. Пахла нафталінам.

«Багата жыве доктар Савіч. Шкада дабра, таму і да немцаў падаўся», — падумаў я нядобразычліва.

Мы падлезлі пад вопратку і яшчэ праз меншыя дзверкі выйшлі на гарышча — вузкі тунель паміж сцяной мансарды і дахам. Аднекуль здалёк цадзілася святло, і было відаць, што тут сапраўды «чорт зламае нагу». Старыя крэслы, карціны, дываны, верстакі, рыбацкія сеткі, мяшкі, посуд — усё гэта было нагрувашчана абы-як. Мы ледзь прабраліся. Нават паўзлі праз нейкую шчыліну. Гэта быў праход пад выступам акна. Такім чынам мы перабраліся на другі бок, за глухую сцяну мансарды, дзе было больш прасторна і светла.

Тут на старым матрацы Зося зрабіла мне прытулак. Праз другі ход, праз люк у столі над кухняй, яна прынесла прасціну, падушку, коўдру, інструменты, бінты, вату, ёд.

І я зрабіў сабе аперацыю — дастаў асколак. З яе дапамогай. Перад гэтым мы паспрачаліся. Я лічыў сябе ўжо закончаным медыкам. Медтэхнікум, як тады называлі, курс інстытута… Ва ўсякім разе, даўно ўжо пазбавіўся фальшывай сарамлівасці, калі што тычылася хваробы. Але, ведаеш, перад гэтай дзяўчынкай мне стала сорамна агаляць сябе. Я папрасіў яе адысці. Яна запярэчыла.

«Я ніколі не хацела быць лекарам. Але я дачка лекараў», — сказала яна рашуча.

І такі добра памагла мне. Ва ўсякім разе, крыві не баялася і павязку зрабіла прафесійна.

А потым прыйшоў Грот. Мы пачулі, як ляпнулі за сцяной дзверы. Зося нырнула ў люк. Цяжкія крокі. Іх галасы, яго і яе. Словы глухлі ў сцяне. Пра што яны гаварылі? Я ненавідзеў немца двайной нянавісцю: і за тое, што ён афіцэр гітлераўскай арміі, і за тое, што адарваў Зосю і не дае ёй з'явіцца сюды. Аднаму мне было цяжка. Вечарэла. Узняўся вецер. Стары бляшаны дах грымеў на тысячу ладоў. А мне здавалася, што над горадам ідзе страляніна, што крычаць жанчыны, дзеці. Уявіліся павешаныя, так, як ні разу яшчэ за гэты доўгі і страшны дзень. Вецер гойдае іх целы. Счарнелыя твары. Счарнелы твар Паўла. Той жывы, ясны твар, па якім заўсёды гуляла ўсмешка, то гарэзлівая, вясёлая, то хітрая, то сумная. Ён стаяў перада мной жывы і прасіў: «Антоша, калі са мной што здарыцца, не забудзь Тарасіка». Я не знайшоў Тарасіка. І мне хацелася раўці ад крыўды і болю.

Пачуўся глухі барытон Савіча. Недзе ўнізе. Туды ж спусціўся немец. Галасы сціхлі. Напэўна, селі вячэраць. У светлай сталовай, за круглы стол, накрыты белым абрусам. Упершыню я ўспомніў, што цэлыя суткі нічога не еў. Але есці не хацелася. Гудзела ў галаве. Хто такі Савіч? Зося горача падзякавала, калі я сказаў, што ўпэўнены, што доктар Савіч не прадасць мяне. Але яна не сказала: прыйдзе тата і зробіць вам аперацыю, не павяла ў бацькаў кабінет. Чаму? Ці скажа яна яму пра мяне?

Тысячы думак адразу. Яны палілі мозг. Я адчуваў, што пачынаецца гарачка. Калі страчу прытомнасць, пачну трызніць — выдам сябе, выдам яе… І я напружваў усе сілы…

Сцямнела. А вецер не сціхаў. Асенні. Халодны. Злы. І я такі праваліўся ў жудасную яму. Там, клубком сплёўшыся, качаліся ваўкадавы. Гледзячы на іх, іржалі эсэсаўцы, і морды ў іх таксама сабачыя. Раптам Лучынскі страшэннай доўгай рукой, як у Вія, паказаў на мяне: «Вось ён!» Я ўцякаў. А яны гналіся за мной. З надзвычайнай лёгкасцю я скакаў цераз парканы, цераз дамы нават. А яны не адставалі. У мяне калацілася сэрца. Вось-вось дагоняць.

Апрытомнеў я ад дотыку да твару халоднай мяккай далоні і шэпту над вухам:

«Родненькі мой! Што з табой? Гарачка? На, выпі вось гэта. І з'еш».

У поўнай цемры дзяўчына сунула мне цёплую пляшку. Памагла падняць галаву. Я выпіў салодкую вадкасць, ад якой пахла парэчкамі і вермутам. Яна падбадзёрвала:

«Пі, пі. Ты стагнаў. Не трэба стагнаць. Нельга. Каб я магла застацца тут з табой! Я пільнавала б цябе. З'еш вось гэта».

У руцэ маёй апынуўся кавалак мяса, відаць, трусяціны.

«Яны селі гуляць у шахматы, бацька і Грот. Абодва нечым усхваляваны, нешта хаваюць ад мяне. А я — ад іх. Каб мне застацца з табой, Віктар. Я пільнавала б цябе».

Пітво і ежа падмацавалі. Я зразумеў, чаго яна баіцца. Прыйшлося заспакоіць яе, што я не буду больш стагнаць і крычаць:

«Гэта ў сне. Больш спаць не буду».

Яна бясшумна знікла. Але пакінула мне сілу і заспакоенасць. Цяпер я адчуваў яе прысутнасць, яе клопат. І мне не было страшна ў цемры, пад дахам, які гудзеў і ляскатаў. Каб толькі не залішні быў яе клопат, а то якраз яна, а не я, можа праваліць нас. Цяпер ужо я думаў не пра сябе — пра нас.

Мне сапраўды стала лепш. Ва ўсякім разе, прытомнасць больш не траціў.

Недзе апоўначы пайшоў дождж. Тысячы малаткоў загрукалі па блясе. Потым па маёй галаве. Аглушылі. І я праваліўся ў пустую яму, дзе не было ні сабак, ні гестапаўцаў.

Прачнуўся, калі развіднела. Адчуванне ранішняе — здаровае. Нават нага не вельмі балела. Больш балеў палец на руцэ, і я доўга не мог успомніць — ад чаго. У думках — цішыня. І на двары ціха. Ляпнула фортка. Галасы. Нехта пайшоў. Хутка з'явілася Зося. Прынесла сняданак — кашу, малако, яблыкі. Смачна і многа. Была яна засяроджаная, сур'ёзная, не такая гаварлівая, як учора. Паведаміла з болем і смуткам:

«Яны павесілі адзінаццаць чалавек. На плошчы. Якое зверства! А нашы задушылі начальніка паліцыі», — і таксама з болем.

«Сабаку — сабачая смерць», — не вытрымаў я.

Яна глянула на мяне і… здагадалася:

«Ах! Гэта — вы?!»

Цяжка зразумець, чаго больш было ў яе воклічы: здзіўлення, захаплення, інтэлігенцкай грэблівасці ці страху? Я спалохаўся, што цяпер гэтае аранжарэйнае дзіця будзе баяцца мяне. Страшна стане ёй заставацца адзін на адзін з чалавекам, які можа вось так проста задушыць другога.

«Я выканаў прыгавор народа. Гэтаму гаду даўно быў вынесены прысуд. У мяне не было другой зброі…»

Гэта было як апраўданне, і самому мне стала непрыемна. Чаму я апраўдваюся? Не, яна зразумела. Уздыхнула цяжка і сказала:

«Я хачу ненавідзець іх, як вы. Хачу і не магу. Грот добры чалавек. Культурны, ветлівы».

Яна меркавала аб фашыстах па адным нямецкім лекары.

«Для таго каб ненавідзець іх так, трэба ўбачыць тое, што бачыў я!» — і горача пачаў расказваць ёй пра расстрэл ваеннапалонных у кар'ерах цагельнага завода, пра катаванні нашых людзей у сутарэннях гестапа, пра жудасці жыдоўскага гета, пра зверскае забойства дзевяцігадовага хлопчыка, майго суседа, віна якога заключалася ў тым, што, гуляючы на вуліцы, ён напісаў на снезе слова «Гітлер»… І пра барацьбу, якую вялі армія, народ, партызаны. Пра падполле ў горадзе. Пра Паўла. Як крычаў ён да людзей апошнія словы перад карай. Не, яна жыла не так ужо ізалявана. Многія факты даходзілі да яе. Але паводзіны бацькі, якога яна любіла і з маленства верыла кожнаму слову яго і ўчынку… А потым гэты Грот. Ён хітра капаў на дзявочы розум. Быццам асуджаў жорсткасці ўлад. Але тут жа апраўдваў іх тым, што нібыта з нашага боку вайна вядзецца антыгуманна, у парушэнне ўсіх канвенцый. Факты фанатычнага забойства нямецкіх салдат і чыноўнікаў вымушаюць улады да такой жорсткасці. Вайна ёсць вайна. А вось каб наш народ скарыўся, яны, немцы, рабілі б толькі адно: неслі б сваю высокую культуру. Ён многа і часта казаў ёй пра вялікую культурную місію нямецкай нацыі.