Изменить стиль страницы

— Так, мая мілая. Ты мне дужа дорага абышлася, каб я цябе вось так проста пакінуў у спакоі, каб ты і далей магла ламаць сваю камедыю. Зараз ты мне раскажаш усё. Праўду раскажаш. Я чакаю.

— А што… сказаў доктар? — ціха спытала яна. Гэта былі першыя яе словы. І так дзіўна было чуць іх тут, сярод гэтых сцен! Крушынскі аж уздрыгнуў. Разам з тым ён не мог не адзнычыць, што голас у яе прыемны, нейкі падманліва анёльскі; не псавала яго нават лёгкая асіпласць ад прастуды.

— Доктар сказаў, ты абсалютна здаровая. Так што я цябе ўважліва слухаю. Хто ты, адкуль, як апынулася ў лесе, чаго замярзала там? І галоўнае — што ты думаеш рабіць далей?

Адказ прыгучаў толькі на апошняе пытанне.

— Нічога. Мне няма куды йсці…

— Ну-ну! Гэта ты мне кінь адразу! Няма куды йсці… Што ты гэтым хочаш сказаць?

Яна маўчала.

— Можа, ты сабралася тут жыць? Я правільна зразумеў? Ты думала пра гэта, прызнайся? А ты дапускаеш, што такі варыянт можа не задавальняць некага? У прыватнасці, мяне, гападара?

«Навошта я з ёю так рэзка?» Крушынскі вырашыў змяніць тактыку.

— Добра, — сказаў ён мякчэй. — Давай спачатку. Як цябе завуць?

— Віка.

— Ну вось, ужо лягчэй. Дзе ты жывеш, Віка?

— Нідзе…

— Так, пачынаецца! Добра — а дзе ты жыла раней? Жыла ж ты недзе?

— У Гомелі.

— Ну вось! Так памалу і наблізімся да ісціны. Ужо нешта, ужо можна да нечага прывязацца. Віка з Гомеля, трынаццаць гадоў. Хто ў цябе бацькі? Ну, што ізноў не так? Чаму маўчыш? У цябе ёсць бацькі?

— Не ведаю, як сказаць…

— Кажы праўду.

— Тады — няма ў мяне нікога.

— Стоп-машына!

Крушынскі ўжо бачыў, што кожнае слова давядзецца выцягваць з яе як абцугамі. Але ён быў упарты, да таго ж верыў, што такім спосабам — задаючы ёй пытанні і хвалячы за кожны адказ, ён свайго даб'ецца.

Так і адбылося. Пакрысе дзяўчынка разгаварылася. За ўвесь час, пакуль пераказвала невясёлую сваю гісторыю, яна ні разу не паглядзела на Крушынскага. Уставілася ў адну кропку — ў вакенца насупраць тапчана, нібы там вісеў якісьці экран, з якога яна і счытвала свой тэкст.

Спачатку Крушынскі слухаў уважліва. На кожнае слова ківаў галавою — так, так, разумею, бывае. У той жа момант ён стараўся не прапусціць ніводнае дэталі, вычэкваючы момант, калі дзяўчынка саб'ецца, заблытаецца і каб на гэтым злавіць яе.

Але яна не збівалася. Гладка, роўна, як па пісаным ліўся прыемны яе голас. І чым больш слухаў Крушынскі, тым больш аповед яе расчароўваў яго. Нейкай дужа сентыментальнай, слёзнай атрымоўвалася гісторыя, занадта ўжо біла на шкадаванне. Мноства такіх гісторый у газетах і па тэлевізары. З імі ўжо настолькі звыкліся, што цяжкавата нават бывае ўвайсці ў страшны іх сэнс — менавіта ад таго, што так многа іх. І ўжо ўспрымаюцца яны як штосьці нармальнае, будзёнае, як прагнозы сіноптыкаў ці праграма тэлебачання.

Нарадзілася і гадавалася наша Віка (калі ёй верыць, канечне) у горадзе Гомелі. Бацькі ў яе не было, а быў айчым, які больш часу праводзіў па турмах, чым на свабодзе. Жылі ўдвух з маці ў маленькім пакойчыку камунальнай кватэры; акрамя іх яшчэ тры сям'і. Кухня, прыбіральня, душ — усё агульнае. Маці ў рабочай сталовай мыла посуд. Словам, добра ці кепска, але жыць неяк можна было. І толькі калі на кароткія перыяды вяртаўся з турмы айчым, гэтае жыццё ператваралася ў кашмар. Пакойчык рабіўся нейкім прытонам. Чужыя людзі — «сябры», лаянка, п'янкі, разборкі. Толькі і засталося з тых часоў у памяці, што заслона цыгарэтнага смярдзючага дыму ды бразканне парожніх бутэлек пад сталом. Напіваючыся, айчым любіў паказаць сваю праўду і сілу — лупцаваў кожнага, хто пад руку, не глядзеў ні жонкі, ні падчаркі, ні «сябра», ні суседа.

Канчаліся гэтыя гулі заўсёды адным і тым жа. Міліцыя, пратакол, суд — і доўгая камандзіроўка ў казённы дом, які быў для айчыма бліжэй чым родны. Толькі тады нарэшце ўздыхалася ім з маці вальней. Хоць паспаць можна было, хоць урокі спакойна павучыць, хоць паесці — маці часта прыносіла са сталовай аб'едкі (так і сказала Віка Крушынскаму — аб'едкі). Тады ж наладжвалася і справы ў школе, Віку пачыналі хваліць, ставілі добрыя адзнакі. Аднойчы іхні клас вазілі ў Мінск, у цырку там былі, гулялі па скверы Янкі Купалы, які насупраць цырка. Гэта запомнілася, як адна з нямногіх радасцей. Яшчэ неяк на Новы год раздавалі ў школе гуманітарную дапамогу, і ёй таксама дасталіся дзве вельмі прыгожыя мяккія лялькі, прысланыя добрымі людзьмі з Галандыі.

Апошні суд «упаяў» айчыму аж чатыры гады. За гэты час можна было б і забыцца на яго; аднак ён на іх не забыўся. Патрапіў пад амністыю, ужо ўлетку выйшаў на волю. Мала таго, яшчэ і з нейкімі грашыма вярнуўся. Яны там, у турме, рабілі мэблю, вось ім і налічвалі грошы, а пры выхадзе аддавалі. Айчым не пытаў, ці ёсць у падчаркі сукенка, абутак, ці можа яна якую шакаладку хоча. Усё да капеечкі ішло на выпіўку. Адразу ж, нюхам чуючы, паспаўзаліся ўвечары такія, як сам. І назаўтра, і напаслязаўтра. А жнівень канчаецца, у школу вось-вось — і няма ў чым ісці ў тую школу! Аднак і гэта можна было б перажыць неяк, каб не самае страшнае. Не вытрымала маці. І без таго затурканая, бязвольная, хворая, цяпер яна проста пачала співацца разам з айчымам і яго кампаніяй.

Апусцілася, пачала лаяцца, зрабілася раздражнёнай, часценька таксама спаганяла злосць на дачцэ, нібы тая была вінаватая. Страціла працу ў сталовай, а разам і мачымасць нешта прыносіць дамоў. Жылі і «гулялі» на айчымавы грошы, і канца не было відаць гэтаму пеклу.

Паступова дзяўчынка проста перастала з'яўляцца дадому. Бадзяжнічала, добра што верасень быў цёплы. Ні ў якую школу, вядома, не хадзіла. Начавала ў парку на лаўцы, на вакзале, ў падвалах, на паддашшах, у кінутых — пад знос — дамах, нават аднойчы ў скірдзе саломы за горадам «жыла» цэлы тыдзень. Дома яе адсутнасць нікога не трывожыла. Калі заяўлялася зрэдку, каб хоць што перахапіць паесці, бачыла там адно й тое: цыгарэтны дым, пустыя пляшкі і такія ж пустыя вочы людзей, што сядзелі за сталом, а некаторыя і ляжалі пад ім. Ніхто не спытаў, дзе ты прападаеш, дзе начуеш, што ясі? А ёй спачатку сяброўкі-аднакласніцы насілі сякую-такую перакуску, потым перасталі, і зразумела чаму — ім, хатненькім, чысценькім, дагледжаным было сарамна важдацца з ёй, бяздомнай бадзяжкаю. Пачала хадзіць па чужых кватэрах, хлусіла, што яны з бежанцаў, або пагарэльцы. Хто даваў — грашыма, прадуктамі, хто зачыняў перад носам дзверы, некаторыя лаяліся, пагражалі выклікаць міліцыю. Адзін стары хрыч запрасіў у кватэру і хацеў пацешыцца з яе, ледзьве паспела ўцячы.

Тым часам айчым даканаў свае не такія і вялікія грошы. А піць трэба ж неяк! Хтось з кампаньёнаў прапанаваў мудрае выйсце: прадаць пакойчык, адзінае, што яшчэ можна было прадаць. Тут жа, як з-пад зямлі вырасшы, з'явіліся дабразычліўцы, ветлівыя маладыя людзі, прапанавалі свае паслугі ў афіцыйна-бюракратычным афармленні здзелкі; і праўда — уміг пакой аказаўся прыватызаваны (суседзі, шчаслівыя, што пазбавяцца нарэшце ад абрыдлай сямейкі, падпісвалі ўсе паперы, не чытаючы), потым прададзены, а ранейшыя гаспадары, айчым з маці, атрымалі свой «барыш» — суму, за якую купілі роўна дваццаць пляшак гарэлкі! Калі Віка чарговы раз прыйшла, як яна лічыла, дамоў, высветлілася, што нават такой дамоўкі ў яе больш няма. У пакоі жылі чужыя людзі. Айчым, расказала добрая суседка, якая заўсёды любіла Віку, за тыдзень прагуляў барыш, узяўся «чысціць» чужыя дачы. Асабліва любіў ён паядаць марынаваныя гуркі з памідорамі ў слоіках. За гэтым заняткам у адной з дач міліцыя яго і заспела, а хуткі суд вярнуў яго ў родныя сцены турмы. Што да маці, дык спачатку яна ашывалася каля крамаў, збірала пляшкі, затым знікла. Бачылі яе нібыта на аўтобусным вакзале, нібыта на чыгуначным.

Канчалася восень. Пачыналася зіма, а з ёю — вятры, снягі, сцюжа… Удзень Віка бадзялася па горадзе, заходзіла ў магазіны і ў тыя ж вакзалы пагрэцца, жабравала па кватэрах. А ўвечары ехала электрычкай за горад, у адну пустую дачу — там выцягваўся з дзвярэй прабой. Закутвалася ў лахманы і начавала на падлозе. Памятаючы горкі айчымаў вопыт, ні да якіх слоікаў з марынадамі і кампотамі нават не дакраналася, хоць часта якая брала спакуса! Усё ж вечна так цягнуцца не магло. Хтосьці высачыў яе, сказаў гаспадарам. Тыя замянілі не тое што прабой з замком, а нават і дзверы — з драўляных на металічныя. Заставаўся адзін шлях — на вакзал. Там аднойчы яны і сустрэліся, бяздомныя маці з дачкою. Віка ледзь пазнала яе. Матуля была цвярозая, плакала, кляла айчыма, скардзілася, што зусім хворая. Але чым магла памагчы ёй дачка? Маці раптам дастала з адной са сваіх сумак, якімі вечна абчапляныя бамжы, абрывак навагодняй паштоўкі, настолькі стары, пашарпаны, што нічога, што там напісана, амаль нельга было разабраць, толькі прозвішча. «Гэта нейкая айчымава цётка. з Сімферопаля, — праз кашаль казала маці, — найдзі яе. Можа, і прыме. Пра мяне не думай, ратуйся, дачушка, сама! Падай у ногі, прасі, малі.» — «Ды як мне яе знайці, тую цётку?!» — «Мо ў якім адрасным стале, мо ў міліцыі, мо так хто падкажа. Прозвішча ж вядома!» На развітанне Віка дала ёй грошай, што настарцавала па людзях, сабе пакінула адну драбязу — у лазню схадзіць, ды ў танную цырульню, ды купіць што ў дарогу.