Разбураюцца прадчуванні чужымі супакойлівымі словамі. Ды і хто правядзе тонкую рысу паміж цьмянымі прадчуваннямі і тугой? Калі споўняцца, скажуць - прадчуванне, калі абыдзецца, скажуць - туга. Ды і як адгукнуцца на прадчуванні, калі няма вопыту? Тлумачаць іх з мінулага, а яны пра будучыню, пра тое, што чуе сэрца. Хто зразумее, калі самой няўцям, чаму ў хмарах бачыцца табе ваўкалак, чаму ніхто не зважае, а ты чуеш, як страшна рыпіць асіна ў цябе за спінай, чаму плывуць па Палаце нікому акрамя цябе не бачныя крывавыя струмяні, чаму менавіта на тваёй сцежцы кот упаляваў дразда і раздзірае кіпцюрамі цёплую тушку, а потым ноч у ноч табе сняцца рассыпаныя чорныя пёры, што азначае смерць... Чаму цесна душы ў целе, чаму так мала бачыць вока ў сонечны дзень? Няма адказу. Няма нікога, хто раскрыў бы таямніцу тваёй маркоты. Толькі распаляюць яе недарэчныя адказы: было, чакай, пройдзе! Усё загадкава і невыразна; непраглядным туманам зацягнута пустка паміж першым, пражытым, ужо беззваротным жыццём і новым, якое паціху набліжаецца з Яраполкам на чаўнах, што адольваюць дняпроўскую плынь...

Знянацку ўсё абрынулася; аднаго ранку запалымнеў на лысых пагорках ланцуг вогнішчаў, якія распальвалі ў адзіным выпадку - калі Полацку пагражала вайна. І княжыя вестуны пацвердзілі: рухаецца па Ловаці з-за волакаў ноўгарадскае войска. І не засталося часу раздумваць і рыхтавацца - нічога за тыдзень не зробіш. Князь Рагвалод паслаў людзей паведаміць Яраполку і паспяшаўся збіраць полацкі полк.

Перад выйсцем войска стала вакол капішча на высокім дзвінскім беразе, дзе векам пазней збудуюць Сафійскую царкву. Сем валуноў атачалі тут круглую пляцоўку з падрыхтаваным ахвярным кастром. Прывялі на жалезных ланцугах буйнага быка, які роспачна роў, чуючы блізкую смерць. Да быка павольным поступам наблізіўся дужы скатабой і выцяў яго па лобе між рагоў пудовым молатам. Аглушанага быка звязалі, вяшчун доўгім нажом правёў па яго шыі, і гарачая кроў сышла ў вялізную жалезную місу. Чэрпаючы прыгаршчамі, вяшчун апырскаў крывёю натоўп, потым падпаліў галлё пад быком. Пацягнуўся да неба ахвярны дым. Ваяры ж падыходзілі да місы, прыгублівалі крыві. Доўга палала вогнішча, задобрываючы багоў. Калі агонь загас, вяшчун выбраў з попелу некалькі неперагарэлых костак. Не ўсё прынялі багі, цяжка прыйдзецца палачанам у бойцы.

Полк выступіў, і пачаў свой адлік для сем'яў і ваяроў час нямой невядомасці. Князь шпарка вёў войска да вярхоўя Ловаці, ды хісталі цвёрдасць яго рашэння весткі дазорцаў пра мноства праціўніка. Смутак асуджанасці прачытваўся Рагвалодам у вачах дазорцаў, і войска, чуючы сваю няўдачу, сцішыла крокі. Дык ці трэба біцца пры вядомай няроўнасці? Ці лепш будзе закрыцца ў горадзе і вытрымаць аблогу, пакуль не прыйдзе Яраполк? Але калі ён прыйдзе? Мелася і трэцяя магчымасць - ісці на дняпроўскія волакі, сустрэць Яраполка, дачакацца Тура з дрыгавічамі; запрасіць за плату ці якія саступкі Літву і ўжо тады прымаць бой. І што з таго, што Ўладзімір возьме і спаліць дзядзінец, - новы прасцей зрубіць, чым страціць усё. Але разумная гэтая развага ўпіралася ў простую перашкоду - а людзей куды? Не з сабой жа вадзіць сем'і да Дняпра, а потым назад. Ды і хто пойдзе за князем, які пакідае горад на разгром і гвалт! Ды і сорамна ўцякаць ад юнака, якім кіруе прываротнік Дабрыня. І няма гонару для Рагвалода імчаць пад крыло Яраполка - няхай будзе як будзе.

Толькі на полі, калі палкі сышліся, стала зразумела, каго і колькі прывёў ноўгарадскі князь. Апроч ноўгарадцаў, што займалі сярэдзіну, стаялі з левай рукі дружыны чудзі, меры, весі - на траціну вярсты і ў глыбіню дзесяткам радоў. З правай рукі не меншым лікам блішчэлі каванымі шлемамі варагі. А наперадзе войска застылі на конях Уладзімір і мядзведжага аблічча ягоны дзядзька Дабрыня. Так, бачыў Рагвалод, па трох прыходзілася на аднаго палачаніна: яшчэ не пачаўшы бойку, князь зразумеў, што яго паб'юць. Помсцілі багі за легкадумства, прывялі на пагібель. Ды ўжо не стала зваротнай дарогі. Дык нашто цягнуць час? Не большала ў яго людзей ад чакання. Рагвалод узняў меч, і полацкія шэрагі скрануліся ўслед за князем - у сваю смяротную сечу. Хацелася князю сустрэць першым і засекчы ўдачлівага рабыніча. На яго і вёў ён каня. Але сустрэў яго Дабрыня з роўнай па сіле рукой, і абодва абрушвалі адзін на аднаго мячы, прыкрэктваючы для цяжкасці ўдару. Але не вырашылася іхная бойка, развяло іх клінамі пешых ваяроў, і ўжо сякуць яны галовы ў простых шлемах. Ды і не да сечы хутка стала князю Рагвалоду - гінула ягонае войска, хоць частку мусіў ён вярнуць у Полацак для непазбежнай цяпер абароны. Князь павярнуў дружыну, а за імі паспяшаліся бегчы астатнія ратнікі. Загрымела ім услед абразамі зборнае разнамоўнае Ўладзімірава войска, ды секчы ў спіну не кінулася - не прыжыўся яшчэ на поўначы гэты стэпавы звычай...

Прапусцілі полацкія вароты разбітае войска, і пачаўся ў горадзе плач - хто не вернуўся з князем, таго дзяўблі ўжо груганы на полі над Ловаццю. І пайшлі па дварах злосныя абгаворы. Чаму ў бітве не перамаглі - лёгка прыняць: на аднаго трое - хто вытрымае; таму нельга вінаваціць князя за паводзіны ў полі. Але сама бітва чаму здарылася? Нашто ідуць ноўгарадцы з Уладзімірам і вядуць варагаў ды чудзь? Абразу прыйшоў змываць Уладзімір, гаварылі па хатах, хто ж не помсціць за крыўду? Вось і адгукнулася ліхам нашая ганарлівасць; някемлівая князёўна дурное слова выгукне, а кроў ліць усім. «Рабыніч!». Вось табе і рабыніч. Ну, а дзе ж ваш Кіеў, дзе кіеўскі жаніх? Не надта спяшаецца па нявесту гэты Кіеў... Ахапіла гэта незадаволенне ўвесь горад, але ўслых, у вочы князю яго не выказвалі. Толькі не ўсё маўклівае маўчыць; хадзіла Рагнеда па горадзе і чытала людскія дакорлівыя думкі: слухай, князёўна, як стогнуць жонкі і галосяць маткі; для цябе князь - непрыстойны, а ваярам за гэта давялося з смерцю жаніцца. За ўсё цяжэй перажывала Рагнеда гора Руты, якая пасля бітвы аўдавела. Пра Соха дакладна ведалі, што нежывы, - былі сярод дружыннікаў відавочцы Сохавай смерці пад варажскай сякерай. Як патрабаваў звычай, прыйшлі ягоныя сябры на Сохаў двор, знялі магеркі і сказалі бацькам і жонцы: «Трэба вам галасіць - забілі Соха ноўгарадцы». А ў Руты дзіцёнак у жываце ножкамі б'е, яму яшчэ на свет выйсці, а ён ужо сірата. Плача Рута, а Рагнеда спрабуе яе суцешыць і слухае папрокі: ад твайго злога слова пачалося, табе добра - не Яраполк, дык Уладзімір возьме; а мне як жыць з дзіцем, куды ісці, якога шчасця чакаць?.. Плача і Рагнеда, шкадуючы сяброўку і не разумеючы сваёй віны: не яна думала, не яна выбірала, не яна пралічылася...

4

У горад перачакаць нашэсце шчыльна набіваўся народ. Князь разлічыў, што да падыходу Яраполка прыйдзецца трываць асаду не менш за месяц, і загадаў сабраць усю навакольную скаціну і харчы; усё гэта шпарка гналі і везлі ў Полацак, каб хоць крыху забяспечыцца да з'яўлення ноўгарадскага войска. І сапраўды, не прымусіла яно сябе чакаць, паведаўшы пра сваю блізкасць слупамі дымоў над вёскамі. Хутка, як гнаныя ветрам, гэтыя вынішчальныя дымы наблізіліся, потым узніклі на палях і дарогах вершнікі, а за імі - аддзелы пешых - і вось ужо атачылі горад тысячы чужакоў. І з дзесятак стругоў прыплылі па Дзвіне, увайшлі ў вусце Палаты і замкнулі кола. Звычна, без поспеху ўладкоўвалі палкі Ўладзіміра свой стан; будаваліся павеці, падалі ў лесе сухастоіны, хадзілі па полацкіх выпасах стрыножаныя коні, павіслі над вогнішчамі ёмістыя катлы, нешта ўжо і гатавалі, вясёлым шумком даляталі знаёмыя і незразумелыя словы - усё проста, будзённа, нават быццам з лагоднай увагай да палачанаў, якія сачылі пачатак асады з горадзен... Бліжэй да ночы вогнішчаў пабольшала; яркім сярпом абнялі яны Полацак, і барвовае зарыва асвятляла прыціхлы, насцярожаны горад. Ахвяраю на вялізным агні здаўся Рагнедзе ў гэтую ноч Полацак; білі ў неба злавесныя, крывавыя водбліскі, шугалі роем іскры і праглыналіся цемраддзю, як прарочы знак сканчэння жыццяў...