Кастусь Тарасаў
Тры жыцці княгіні Рагнеды
Лёсы людзей, якія паўстануць у аповесці, здзейсніліся тысячу гадоў назад. Але галоўныя дзеячы таго часу ўсім вядомыя: Уладзімір, Яраполк, Дабрыня, Святаполк, Яраслаў Мудры... Ёсць і менш вядомыя: у летапісным аповядзе пра жыццё князя Ўладзіміра праходзяць яны беглымі ўзгадкамі, як нейкія тычкі яго бурлівага веку. Для князя сустрэча з імі - выпадковая падзея, для іх сустрэча з ім - фатальны заварот лёсу. Менавіта такімі сталіся адносіны Ўладзіміра з Рагнедай - полацкай князёўнай і адной з жонак князя ў «дахрысціянскія» яго гады. Уладзімір гвалтам злучаў у адзінае гаспадарства асобныя плямёны, пашыраў дзяржаўныя межы, радніўся з Візантыяй, прымаў хрышчэнне і хрысціў Русь, разбураў старую і мацаваў новую свядомасць - ён пражыў яскравае, насычанае, як мы зараз гаворым, выдатнае жыццё. І побач з ім у чарадзе шасці жонак - Рагнеда: па правах паходжання яна мае быць дастойнай удзельніцай усіх дзяржаўных спраў і здзяйсненняў, у рэальнасці ёй пакінуты адзіны абавязак - нараджаць, у іншай якасьці яна князю непатрэбная. Жыццё падпарадкаванай істоты не можа быць бліскучым, нават цікавым; яно здзяйсняе не сябе, не сваё - чужое. Гэта шэрае, разбітае жыццё, яно разбурана разрывам паміж жаданым і магчымым. Але Рагнеда паўстала, і гэта ярка асвятліла яе мяцежны дух, натуру, характар. Не ўзніміся яна ад слёз і нараканняў да бунту - і канула б яна ў невядомасць, як іншыя жонкі князя, ад якіх захаваліся толькі скажоныя імёны...
Адным часам гісторыя жыцця Рагнеды здавалася аўтару зразумелай; потым адназначнасць прынятых тлумачэнняў («рэўнасць», «гонар») неяк расплылася з-за недакладнасці і неакрэсленасці сэнсу. І аднойчы ў Полацку ў сонечны чэрвеньскі дзень, калі з густатой завеі нёсся па горадзе тапалёвы пух, раптам мінулае сышлося з цяперашнім і быццам расчынілася акно з відам на Дзвіну і Палату, дзе стаяў у дзесятым стагоддзі сталічны крывіцкі дзядзінец і дзе нарадзілася дзяўчынка, якой было наканавана прайсці ўсе кругі бедстваў...
А яшчэ бліз Менска і штучнага Менскага мора знаходзіцца мястэчка, а ў даўніну сталіца ўдзельнага княства - Заслаўе, ці, як менавалі яго першыя летапісы, - Ізяслаўль. Тут захаваліся курган Рагнеды, ручаі, названыя старажытнымі насельнікамі ў памяць пра Рагнеду, - Княгінька і Чарніца, ёсць тут паблізу Свіслачы пагорак на месцы старадаўняга дзядзінца і высокі, зарослы травой вал былога замка. Чарніца і Княгінька ўпадаюць у Свіслач - у Бярэзіну, тая - у Днепр, а Днепр у той час быў галоўнай магістраллю. Вось па гэтых рэках і прыбыла Рагнеда ў Заслаўе з Кіева пасля замаху на жыццё мужа. Неўзабаве пасля таго Ўладзімір ахрысціўся, ажаніўся, і Рагнеда, па словах царкоўнага храніста, «испечалясь», прыняла манаства. І ўсё - болей пра яе ні слова. Быццам дванаццаць наступных гадоў, пражытых у Заслаўі, Рагнеда адно толькі і рабіла, што малілася. Што ж мелася яна замольваць? Якая горыч прымусіла яе кінуць на чужы клопат пяцёх сваіх дзетак і замкнуцца? Ці не толькі малілася? Ці наогул не малілася, і не гаворыць пра маркоты яе адзінокага жыцця чарнец-летапісец дзеля большай славы праваслаўнай царквы, у якой Рагнеда лічыцца першай на Русі манашкай. Не па сваёй, аднак, волі...
Лёс наш нараджаецца раней за нас; яшчэ не загукаў чалавек аб сваім з'яўленні на белы свет, а ўжо ён стаіць напагатове. Нябачны ён; наперад глядзяць людзі, а лёс за спінай, - кіруе, як вознік, запрэжкай нашых жаданняў; ужо потым, калі позна і непапраўна, здагадваемся, чый няпэўны рух чуўся ззаду і чый неадчэпны позірк ляжаў на патыліцы... Так і з Рагнедай. Ніколі не бачыла яна князя Ігара, княгіні Вольгі, Святаслава, але іхныя справы і клопаты моцна яе закранулі. Таму абысці ўвагай гэтую лінію ніяк немагчыма. Пра князя Алега, дзякуючы Пушкіну, усе ведаюць, што ён «на череп коня наступил и молвил: «Спи, друг одинокий... Не ты под секирой ковыль обагришь и жаркою кровью мой прах напоишь». Але здзейснілася слова чараўніка, і сканаў «внезапно ужаленный князь». Здарылася гэта ў 912 годзе, а падзеі нашай аповесці адбываюцца гадоў на семдзесят пазней. Крыху раней наканаванай пагібелі Алег правёў паход на Царгорад, дзе прыбіў свой шчыт да брамы візантыйскай сталіцы. Хадзіў «на грэкаў» і Алегаў наступнік на кіеўскім пасадзе князь Ігар у 941 і 944 гадах.
Ён таксама скончыў «жывот свой» не сваёй смерцю; узлаваныя яго празмернай сквапнасцю драўляне забілі князя, і здарылася гэта ў існуючым і сёння горадзе Малін, у якім княжыў тады драўлянскі князь Мал. А потым драўлянаў пакарала княгіня Вольга. Выказала яна цвёрдасць жаночага сэрца, моц любові да мужа, безлітаснасць вярхоўнай улады, і згарэлі драўлянскія баяры ў вогненнай яме жыўцом. Вогнішча тое па сённяшні дзень гарыць на летапісных старонках, пазначаючы крутасць гістарычных пераменаў. Ні над кім не злітавалася Вольга з драўлянскіх баяраў - як птушыныя спевы, слухала яна іхныя крыкі з ахвярнага агню; ды ўсё ж памілавала дачку і сына забітага Мала. Таму, відаць, злітавалася над імі, што былі яны ў самых малых гадах. Наўрад ці Дабрыня навучыўся добра хадзіць, а сястра ягоная Малуша вырасла з пялёнак. З цягам часу стала княжна Малуша ключніцай на Вользіным двары. І можна думаць, што весялела на сэрцы княгіні Вольгі, калі назірала яна, як дачка князя Мала выконвае халопскую службу, а сын ягоны стаіць прываротнікам - расчыняе і зачыняе ўязную браму. Ды жыццё - дзіўны распарадчык: ціхая ключніца спадабалася сыну Вольгі князю Святаславу, і нарадзіўся ад іх любові князь Уладзімір, названы потым рускай царквой «роўнаапостальным» за хрышчэнне Кіева.
Апроч пабочнага Ўладзіміра, былі ў Святаслава сыны Яраполк і Алег - ад «законных» жонак. Тут да месца ўявіць, што князь Святаслаў любіў сваіх дзетак, як любіць кожны бацька сваіх сыноў, і яны любілі тату, увіхаліся каля яго, калі сыходзіў ён з каня пасля пераможных паходаў; што браты любілі адзін аднаго, гулялі разам, гарэзнічалі, вучыліся, слухалі бацькава слова, і прыемна было Святаславу глядзець на тройцу малайцоў, якія ў будучыні павядуць далей ягоную справу. Але да братоў яшчэ вернемся; перамогі князя Святаслава таксама патрабуюць ўпаміну. Гэта ён прайшоў да Каспійскага мора, разбіў хазараў. І печанегі, якія выцеснілі з Прычарнамор'я мадзьяраў да Дунаю, гэтаксама паспыталі сілу яго мяча. Святаславу абавязаны ўзнікненнем Белгарад на Чорным моры ў Днястроўскай губе. Гэта ён быў неадольны ў бітвах, але і ён жа з лютай жорсткасцю пакараў пераможаных балгараў - дваццаць тысяч палонных былі ці распятыя на крыжы, ці пасаджаны на палі...
Не ведаў той век літасці...
На сілу ёсць хітрасць. У 972 годзе на дняпроўскіх парогах асадзілі малую дружыну Святаслава палкі печанегаў, і загінуў адважны князь, а печанежскі хан Курэй загадаў зрабіць з чэрапа ворага чару. Піў хан з гэтай золатам аздобленай ёмістай чары, верачы, што сіла Святаслава пераходзіць у яго разам з віном. Ці не піў, а трымаў чару ў руцэ, разважаючы пра кароткасць жыцця і крохкасць славы, - хто ведае!..
Тры згаданыя сыны Святаслава, на той час падрослыя, атрымалі па старшынству гарады для княжання: Яраполк, пераняўшы вярхоўную ўладу, застаўся ў Кіеве, Алегу дасталася драўлянская зямля, Уладзімір разам са стрыем сваім Дабрынем ад'ехаў у Ноўгарад... Жывуць Святаслававы сыны па сваіх кутах, думаюць кожны сваю думу, і пакрысе блізіцца пачатковая дата нашай аповесці - 980 год. Што яшчэ адбылося паблізу гэтага памятнага вузельчыка на нітцы часу? А вось што: браты пасварыліся, пачалася вайна малодшых са старэйшым за аддзяленне. Загінуў на гэтай вайне князь Алег, а Ўладзімір быў выгнаны з Ноўгарада і ўцёк да варагаў. Праз два гады ён вярнуўся, ноўгарадцы яго прынялі, і, такім чынам, Кіеў і Ноўгарад зноў пайшлі да сутычкі.
Трэцім значным горадам таго часу была сталіца крывічоў Полацак, які стаяў на шляху з варагаў у грэкі. Валадарыў у ім князь Рагвалод. І вось конавы збег абставінаў: Уладзіміру мінула васемнаццаць гадоў, Яраполку - дваццаць, а дачка Рагвалода полацкая князёўна Рагнеда дасягнула ўзросту нявесты.