Изменить стиль страницы

— М-ма, м-ма-ма, м-мма-ма… кх… кх… Тфу… Горра… Го-о-ра… Гора табе, Серазін… Го-ра… Гора табе, Віфсаіда.

І так яны зніклі за ўзгоркам. Некаторы час яшчэ даносіўся мядзведжы, яловы голас. Пасля засталіся толькі цішыня і зарыва.

РАЗДЗЕЛ ХLVІІІ СІВАВУСЫ

Каля мяне кулі, як пчолкі, гулі,
Ля мяне дружочкі, як мост, ляжалі.

Беларуская песня

…схапіў святое распяцце і так стукнуў ім па чэрапе святога айца, што той адразу адправіўся ў пекла.

Сярэдневяковая навела

Серазіну і Віфсаідзе, гэта значыць Гародні, сапраўды было гора. Забойства і сеча не спыняліся, а, наадварот, нібыта набіраліся сілы і злосці. Забівалі ўсіх, ледзь не да колавай загваздкі. І калі значная частка жанок і дзяцей уратавалася з дамоў, адзначаных крыжамі, у гэтым была вялікая заслуга сівавусага.

Гародзенцы ведалі, куды, у выпадку чаго, уцякаць тым, хто не можа трымаць у руках зброі. Пад горадам лабірынтам цягнуліся старыя, даўно спустошаныя і закінутыя каменяломні. Самы блізкі ўваход у іх быў з вуліцы Стрыхалёў, і менавіта туды кінуўся напаўапрануты, спалоханы натоўп жанчын, старых і дзяцей. Толькі б спусціцца пад зямлю, а там — лаві за хвост вецер, за месяц не знойдзеш.

Лотр, аднак, таксама памятаў аб вуліцы Стрыхалёў і даслаў туды чалавек сорак прыспешнікаў. Безабаронны натоўп сустрэлі мячамі. І, пэўна, бойня не мінула б і слабых, каб не нарваўся выпадкова на брыдоту сівавусы з невялічкім атрадам мяшчан. Яны змялі мечаных, выкінулі іх з вуліцы і сталі заслонам па абодва яе канцы, прапускаючы толькі ўцекачоў. На ўсю даўжыню вуліцы варушыўся, крычаў, плакаў натоўп. Вялікіх сіл каштавала не дапусціць цісканіны: драўляныя дзверы ў каменяломні вялі не з вуліцы, яны былі ў канцы вузкага — рукі расстаў і загародзіш — і доўгага, сажняў на дваццаць, апендыкса, сціснутага між глухіх муроў. Вельмі павольна ўцягваўся натоўп з вуліцы ў гэты апендыкс. А тыя, каго яны прагналі, прывялі між тым дапамогу, процьму людзей з белымі крыжамі на рукавах. Добра, што вуліца Стрыхалёў была вузкая і «крыжы» не маглі скарыстацца са сваёй перавагі.

На абодвух канцах вуліцы Стрыхалёў віравала сеча. Людзі спінамі прыкрывалі ўцекачоў і павольна, па меры таго як натоўп уцягваўся ў тупік, адступалі. Адступалі і падалі. З таго канца, дзе біўся сівавусы, кіраваў «крыжамі» і сам секся ў першых радах закуты ў сталь Рыгор Гародзенскі, а ў міру Гіляр Балвановіч. Куды падзелася ягоная друзласць. Нездарма яго параўноўвалі з нападаючым кракадзілам: толькі што было бервяно, і вось — страла. Ён арудаваў мячом са спрытам і ўмельствам.

Сівавусы думаў, што ўсе ўжо забітыя, што яны засталіся адны. Ён не схільны быў дарэмна геройстваваць і вырашыў, што і яны адступяць у катакомбы следам за жанчынамі.

І якраз у гэты момант зараўла дуда. Раўла няспынна, трывожна, грозна. Значыцца, людзі былі жывыя.

— Бач, — здзекаваўся Грынь. — У слове ісціны… Са зброяй праўды ў правай і левай руцэ… Карынфянін.

— Хрэн Вельзевулаў, — выплёўваў лаянку сівавусы.

Побач з ім біліся мяшчане — майстры з Разьбярнага Кута, пераважна каталікі. І хаця яны спявалі псалмы іншай веры — сівавусы разумеў іх як братоў:

Не ўбаюся полчышчаў, што абступілі мяне!

Пачуй мя, Пане Божа, уратуй мя, Божа мой!

Былі ў іх беларускія твары. Яны біліся разам з ім і гінулі як належыць. Хай сабе словы псалмаў былі лацінскія.

Узляталі над іхнімі галовамі двухручныя даўжэзныя мячы, і пяціліся яны не ад недахопу мужнасці, а таму, што было іх мала.

З глыбіні пекла ўзлямантаваў я да цябе,

і голас мой быў пачуты.

— Каталіцкія свінні, — лаяўся Балвановіч. — Дзе вашы… мулы ватыканскіх блудніц?!

— Закрый пашчу, прыблуда, — раўнуў сусед сівавусага.

Яны сышліся каля тупіка. Сышліся ўдвух. Іншыя перасталі быць. І вось так, плячо да пляча, прыкрываючы апошніх уцекачоў, пачалі адступаць, думаючы аб людзях і яшчэ аб дабрадзейнай цемры, куды за імі не пасмеляцца торкнуцца. Па вусах і грудзях сівавусага сплывала кроў, сусед быў не лепшы. На сярэдзіне завулка ён упаў, прыўзняўся на руках і натужна прахрыпеў апошнія словы псалма:

І хвалі абступілі мяне.

Упаў галавою на брук.

Сівавусы ведаў: бегчы нельга, хаця нікога ўжо не было за яго спіною і дзверы зеўралі чорнай пашчай. Добра, што тут можна біцца — многа што адзін супраць дваіх… Вось зараз адступіць, спусціцца спіною да мяжы між святлом і цемрай, і тады кінуцца ў змрок, і тады…

…Нейкі грукат аддаўся за ягонай спіною. З аркі над тупіком упалі краты, якімі ў небяспецы перагароджвалі вуліцы: прабраўшыся па дахах, пастараўся нехта з ворагаў. Сівавусы адчуў спіною іхні холад і зразумеў, што гэта канец.

Балвановіч узнёс меч — сівавусы адбіў яго. Ён не збіраўся танна прадаваць апошнія хвіліны жыцця. І так яны біліся ў звоне і бразгаце, хаця сівавусы слабеў і слабеў.

— Ты памрэш, пёс. Ты здохнеш.

Сівавусы пачынаў хрыпець. Чырвонае марыва стаяла перад вачыма. Ён хацеў нешта сказаць, вылаяцца, але чамусьці ўспомніў напышліва:

— Смелыя не паміраюць.

Балвановіч ударыў яго мячом пад сэрца, адступіў, апусціўшы меч.

— Так. Героі не паміраюць. Іх проста аддаюць забыццю, герояў.

Смех ягоны захлынуўся, таму што сівавусы, сабраўшы апошнія сілы, ударыў яго вастрыём мяча ў глотку, не прыкрытую кальчугай.

— Мы яшчэ даспрачаемся аб гэтым… Там.

Пахістаўся трохі і з маху ўпаў ніцма на слізкую ад крыві зямлю. Усталі перад вачыма палі, разор за нарогам, буслы ў паветры, твар Хрыста, царква ў агні. А пасля ўжо нічога не было.

РАЗДЗЕЛ ХLІХ ФАМА, ЗВАНЫ БЛІЗНЮК

Богам клянуся, модлы сёння непатрэбныя… Хто любіць віно — хай правіцца за мной. Клянуся святым Антоніем, мы не пакаштуем болей вінца, калі не адстаім наш вінаграднік.

Рабле

Атрад, які вартаваў Лідскую браму, адрэзалі з самага пачатку, і таму яны толькі чулі роў дуды над горадам, але нічога не ведалі пра астатніх. Фама, што праўда, як толькі пачалася разня, кінуў маладому:

— Бяжы да Хрыста, вядзі сюды. Нас тут болей. Ратуй ты яго.

І малады прабіўся праз строй. Яго схапілі за плашч, але ён, напаўголы, усё ж вырваўся, пабег.

Але пабег ён ужо даўно. Паўтары гадзіны абаронцы брамы не ведалі пра іншых. Не ведалі, што за гэты час схапілі Іуду і Анею, што малады выпадкова сутыкнуўся з Хрыстом і яны збіраюць вакол сябе разрозненыя групкі мяцежнікаў. Не ведалі, што забіты сівавусы, што жанчыны з дзецьмі ўратаваліся ў каменяломнях, што Марка Турай і Кляонік з Фаўстынай, адрэзаныя ад усіх, ледзьве адбіліся і зараз конна ўцякаюць ад пагоні. Не ведалі, што схоплены «крыжамі» стары мечнік Гіаў Турай.

А між тым з пачатку бойні мінула зусім няшмат часу. Ледзь пачало чырванець на ўсходзе, і пажары ў цемры яшчэ асвятлялі ваўсю.

На забрале, па абодва бакі ад круглай вежы — званіцы, цьмяна кішэла гурма: людзі Кірыка Вестуна і Зянона. Яны пускалі стрэлы ў нападаючых і секліся з тымі, што імкнуліся забралам дабрацца да вежы, апусціць брамныя краты і гэтым самым адрэзаць дарогу ўцекачам з горада.

Гэтай дарогі нельга было аддаць. Толькі адсюль яшчэ і маглі выбрацца з пасткі, згубіцца ў палях і пушчах параненыя. Менавіта сюды, па думцы Фамы, павінен быў адвесці баяздатныя рэшткі мяцежнага войска адрэзаны Хрыстос.

Ні Тумаш, ні Вястун не ведалі, што Хрыстос не здолее прабіцца сюды праз магутную сцяну варожых ваякаў, што ў яго мала сілы.

І менавіта таму, што Тумаш з сябрамі не ведалі гэтага, яны секліся ўтрапёна. Унізе, ля ўвахода ў браму.

Фамоў твар яшчэ больш пачырванеў, вочы вырачыліся да таго, што здавалася, вось лопнуць. Вусы луналі, шчокі натужна раздзьмуваліся, цяжка варушыўся, вывяргаючы праклёны, вялікі рот, рот аматара выпіць і задзіры. Ён сек, даваў выспяткі магутнымі ступакамі, падстаўляў ножкі, хакаў, біў з ляза і наводмаш, эфесам. Грозна ўзлятаў у паветра двухручны, у паўтара сажня, меч. Нападаючыя каціліся ад яго гарохам.