Изменить стиль страницы
Вось мой народ,
Як ільвіца, ўстае.
Смелы,
Ён не ляжа,
Пакуль не нап'ецца варожай крыві.

Суровыя, як абпаленая гліна, былі твары старых. Суровыя, аліўкавыя ад загару твары маладых. Сурова і страшна і ўсё вышэй лунаў харал:

Як ільвіца, ўстае
І, як леў, уздымаецца.
Пан Бог над намі.
З намі ў гневе,
У гневе
Наш народ.
Ускінулася над галовамі белая з золатам і пурпурам харугва-сцяг.
Дзеці Юр'я святога,
Дзеці яго ўдзела,
Біце, забівайце. Не шкадуйце,
Не шкадуйце
Ворага.

І раптам гэты павольны, як лава, паток выбухнуў рыкам, пакаціўся з неймавернай, усескрышальнай хуткасцю. Лес зброі ўсё вырастаў над ім, усё бліжэй былі звар'яцелыя ад гневу абліччы. Час прыйшоў.

— А-а-а! Юры! Юры! Край! Край!

Раўнулі насустрач ім каноны. Круглыя белыя хлапякі дыму расплыліся ў туман. Але было позна. Гурма бегла і вырастала, бы ў сне. Наляцела. Затапіла. Узнесліся бусакі, пачалі хапаць коннікаў і вырываць іх з сёдлаў на зямлю, з якой яны, цяжкія, амаль не маглі ўзняцца. Паляцелі стрэлы і камяні. Заляскалі доўбні і цапы па жалезных шаломах.

І пайшла малацьба.

Праз нейкія дзве гадзіны на лагчыну спускаліся крумкачы. Бой у тых ачагах, дзе ён яшчэ віраваў, аддаляўся на захад, да муроў Гародні. Але большая частка жалезных адыходзіла з месца сечы, прышпорваючы коней, і гурмы пераможцаў імкнулі за імі.

Варта паспела ўсё ж прапусціць сваіх і зачыніць браму. Але каваль Кірык Вястун загадаў выкаціць на лінію каноны і страляць. Пасля кароткай кананады палавінкі варот разам з вялікім кавалкам даўно не рапараванага муру разбурыліся, рассыпаліся, грукнулі аб зямлю. Хмара пылу ўстала над уломкамі. Варта спрабавала была бараніцца на руінах, і тут на яе, з тылу, напала ўзброеная гурма мяшчан. Наперадзе іх арудавалі Зянон і залатарукі Ціхон Вус. Сціснутыя між молатам і кавадлам, людзі варты ледзь паспелі выбрацца Страменным завулкам, а пасля Старой вуліцай да замка і там далучыцца да войска, кінуўшы на зямлі палову сваіх людзей.

Іліяш пагладзіў белага Братчыкавага каня.

— Шкада, няма ў нас аслоў, — сказаў Тумаш. — Дзеля поўнага, значыцца, падабенства.

— Аслоў больш чым трэба, — крануў каня Юрась. — Ды яны самі вярхом ездзяць.

Хмара пылу радзела. І праз яе мяшчане ўбачылі конніка, што ўступаў у горад. Нізкае яшчэ сонца німбам стаяла за ягонай галавой. Гарлаў, крычаў узброены народ з галінамі ў руках.

— Страшна падумаць, — ціха сказаў Іуда, — што гэта было б, каб ты зараз надумаў мярзотнікам зрабіцца. У-у!

— А яны, мярзотнікі, усе калі-небудзь вось так імі рабіліся, — коса ўсміхнуўся Хрыстос.

Варта і войска між тым біліся перад замкавым мостам. Ім было цяжка. З дахаў кідалі паленні, камяні, здохлых кошак. Свісцелі, галёкалі. Напіраў на іх узброены натоўп.

З-за муроў даляталі томныя, анёльскія галасы, і таму ваякі біліся звар'яцела: «Значыцца, нас не кінулі, значыцца, правадыры — там».

…А між тым у замку не было ўжо амаль нікога з вялікіх асоб. Гадзінаю раней, як толькі Хрыстос уступіў у горад, усе духоўныя члены рады, войт і пара магнатаў пад аховай дзесятка ваякаў спусціліся ў падземны ход і, па вадзе, пабрылі па ім да выхаду, што знаходзіўся за гарадской мяжой, можа,у нейкай тысячы сажняў ад замка. Яны кінулі большасць свецкіх багатыроў і нават бурмістра Юстына: не было часу паклапаціцца аб іх.

У горадзе таемна застаўся адзін Фларыян Басяцкі: рыхтаваць гандляроў у горадзе.

Астатнія правіліся ў Ваўкавыск за падмогай.

А сеча ля брамы замка віравала. Віселі на дзідах, білі бярвеннямі ў палавінкі, і муры калаціліся. Падалі камяні на ўзнятыя над галовамі шчыты. Секліся на зубцах, і паперадзе ўсіх трос пузам Тумаш.

Іншыя між тым выбівалі дзверы цэркваў і касцёлаў, ірваліся туды. Скураныя поршні ўдарамі адчынялі алтары, сякеры расколвалі дараносіцы. Гнеў і жаданне знішчаць усё гэта былі вышэй за прагнасць. І таму рукі колеру зямлі з трэскам раздзіралі рызы, рабілі з іх анучы. Не абышлося і без пабояў, якімі адзначылі асабліва ненавісных і прагных расафорнікаў.

Урэшце выбілі браму замка і ўдзерліся ў яго. Беглі пераходамі, секліся, цягнулі з пакояў людзей, апранутых у парчу. Купка людзей падымала з каменных мяхоў вязняў. Падымала, завязаўшы вочы, нібы коней з шахты, каб не аслеплі.

І ўрэшце людскі натоўп уваліўся ў тронны зал. Палалі паходні, і мужыкі спыніліся, уражаныя. Перад імі, па ўсёй падлозе, былі рассыпаныя адзенні, кубкі, адчыненыя скрыні, неацанімая зброя. А ля вышняга месца стаяў у белай сарочцы і чорнай чузе — падрыхтаваўся — бурмістр Юстын.

— Бярыце, — сказаў ён. — Мёртваму нічога не трэба.

Якраз у гэты момант каваль Кірык Вястун у замкавай капліцы скінуў ударам гізаўры на падлогу разубранага ў золата васковага Хрыста. Той усміхаўся, лежачы на спіне.

— І тады так усміхаўся! Ід-дал!

І наступіў поршнем проста на васковы твар, змяў яго.

РАЗДЗЕЛ ХLІІ МУЖЫЦКІ ХРЫСТОС

Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку.

Мацей, гл. 28, ст. 20

Я прыйшоў да тых, чыя ежа — зямля,
Да тых, каго слухаюць толькі быкі,
Да тых, каго кіем б'юць на палях,
Чыё рабства — вякі, чыё царства — вякі.

Егіпецкі гімн

СЛОВА ДВУХ СВЕДКАЎ

«І так вось узялі Гародню. Без вялікай крыві, а і хутка. Таму што многія чакалі. Былі, вядома, і такія, што на тварах усмешкі, а ў вачах злосць, але менш было іх.

І пачалі разбіраць людзі мяхі са збожжам і на вазкі котчыя класці. А храмы разбілі, не парабаваўшы. А багатых, а нялітасцівых павялі на Нёманаў бераг, дзе заўсёды шыбеніцы стаялі, вешаць каб.

Не ведаем мы, адкуль тут Анея ўзялася. Хто кажа: сама з вежы, дзе сядзела, уцякла, па вяроўках, з сенніка зробленых. Хто кажа: адбіў нехта вязніцу дый выпусціў.

А і іншы слых быў, нібыта кат з паплечнікамі прыйшоў канчаць з ёю і пра апошняе жаданне спытаў. Ну, яна і папрасіла клеткі ёй паказаць ды сказала, што загадзя яго за працу ягоную дзякуе. Той расчуліўся, усё паказаў, а пасля клетку паказаў найлепшую. Сам чалавек зразумее калісь, што так царкве з ім зручней за ўсё. І тады ўсе людзі па добрай волі сваёй увойдуць у такія клеткі хадзячыя, зачыняцца дый хадзіць будуць. Знутры колькі хочаш адчыняй, ды толькі веруючы клетачнік на гэта не пойдзе. А знадворку не адчыніш, бо гэта ўжо будзе замах на свабоду волі таго, хто сядзіць. Ён бо свой абавязак разумее і з клеткі не выйдзе. У розум канчаткова ўвайшоў таму што.

І нібыта Анея папрасіла ўсіх адвярнуцца, бо маліцца будзе, а сама скочыла ў тую клетку і зачынілася. Тыя просяць, каб выйшла, а тая моліцца здзекліва, язык паказвае ды кажа, што яна якраз і ўвайшла канчаткова ў розум. І тады тыя вымушаны былі кінуць яе ў сутарэнні і ўцякаць, бо ўварваўся ўжо ў замак народ.

Не ведаем мы, як і верыць таму. Адно ведаем: на судзілішчы была ўжо яна побач з Хрыстом. Толькі і гаворыць яму: «Ты ішоў?» А ён ёй: «Я ішоў». А яна зноў: «Ты ішоў? Як жа доўга ты ішоў».

А мы вакол стаім ды плачам.

Ката ж таго схапілі на вуліцы. І крычалі: «Вось ён, клетачнік! Вось, душадзёр!» І як ён ні гарлаў, што «дзякуй сказалі б», што «катаў нельга ў клетку», што «яны ўсім прыдатныя, каты», запхнулі яго ў клетку і пагналі сваёй хадою, як труну павапленую, да Нёмана. Хлапчукі ж беглі за катам і шчыкалі яго за ногі».