Изменить стиль страницы

Яна ўбачыла ашалелыя Братчыкавы вочы, сама сабе ўсміхнулася і сказала прачула:

— Горад устрывожан знікненнем мечнікавай дачкі. Разумееш, за ягонай адсутнасцю клапаціцца пра яе павінна была рада. Ходзяць розныя плёткі.

— Ну? — амаль груба сказаў ён.

— Ну і вось. Адна жанчына нібыта сустрэла яе сёння раніцай за горадам. Ехала ў суправаджэнні багатай варты… Гаварыла з ёю весела.

— Калі?

— Другі час першай варты нібыта.

«Праз гадзіну пасля мяне, — прамільгнула ў ягонай галаве. — Здрадзіла… А я ж…»

— Што яна збіраецца рабіць? — гледзячы ў адну кропку, сказаў ён.

— Тая кабета нібыта сказала, што мечнік збіраецца выдаць яе замуж. І як быццам сама Анея сказала ёй, што на захадзе сонца ёй расплятуць касу і яна стане нявестаю і жонкаю другога.

Твар Хрыста пайшоў плямамі. Вышэй сіл было спытаць, і ўсё ж ён спытаў:

— Той… ён хто? Магнат?

— Магнат, — сурова сказала Магдаліна. — Самы ўплывовы і моцны магнат. І не толькі на зямлі княства… Яна ехала да яго ў замак.

«Ён паверыў. Адразу, з холадам у душы, паверыў, шчанюк, — падумала яна. — Даверлівы, няхітры душою… Дурань… Мне яго крыху шкада… Але я ненавіджу яго… Дзякуючы яму зноў у дарогу, зноў, магчыма, у іншыя ложкі. Лотр — быдла, але я хацела б усё ж застацца ў яго. І вось Баран! З ім нават нецікава весці гульню. А можа, сказаць кардыналу, што не паверыў? Ды не, з якой ласкі? Хіба хтосьці калі-небудзь шкадаваў яе? То нашто будзе несці літасць гэтым людзям, усім людзям, яна? Хай плоціцца. Знайшоў яшчэ ка-хан-не. Не ведае, па дурасці, што гэта такое. Ну дык атрымай. Можна маніць нават смялей».

І яна дадала:

— Вельмі моцны. Мацнейшы нібыта за ўсіх. Але хто?

«Паверыў і гэтаму. Ды з табой можна рабіць усё. Можна хлусіць нават зусім бязглузда. І зараз ты паверыш усяму, а пасля зноў дам табе надзею. Усё можна. Шчанюк».

— Горад гаварыў, што табе гэта не ўсё адно. Таму я і прыйшла. Магчыма, гэта хлусня, але некаторыя гавораць, што і яна… што і ёй мінулай ноччу не ўсё было адно. Ну, гэта ўжо так. Мана. Магла і сама сказаць. Мала адкуль можа прыцягнуцца баба, каб мець гонар панесці ад Бога, або хаця і проста збрахаць, пахваліцца гэтым… Такая парода.

Гэтыя словы, нібы ліпучыя ніці, аблытвалі яго, засноўвалі святло, вязалі, перашкаджалі дыхаць, ціснулі.

— А муж? — без голасу спытаў ён.

— Кажуць, нібыта такі дурань, што ўсё адно да самай смерці так ні аб чым і не здагадаецца.

Свет пачаў круціцца ў вачах Братчыка. Нейкі скрогат ціснуў на вушы. І ліпучыя ніці круціліся разам са святлом. А потым свет пацямнеў.

…Ён ляжаў ніцма, галавою ў паваленыя пляшкі. Ляжаў, адкінуўшы адну руку і няёмка падкурчыўшы другую. Спалоханая такім вынікам, жанчына адхіснулася ад яго, нібы хацела ўшчаміцца ў кут. А над нерухомым целам стаялі апосталы. Ніхто нічога не разумеў. І раптам з'явілася палёгка.

— Ну вось, — сказаў Мацей. — Нажлукціўся, як свіння.

— Чужое, чаму не жлукціць, — усміхнуўся Баўтрамей.

Філіп з Віфсаіды прыцягнуў вядро:

— Гэна… Адцягніце яго з дывана… Хай бы яно…

І шухнуў ваду на галаву Хрыста.

Чатыры коннікі ўбачылі праз дзверы гэтую сцэну і рушылі з месца коней.

— Ну вось, — сказаў Лотр. — Нам тут больш няма чаго рабіць. Астатняе яна даробіць…

— Шкада, пэўна, ваша правялебнасць? — спытаў біскуп Камар.

— Захачу — вернецца. Паехалі. Бачыце — маланкі.

Маланкі паласавалі неба часцей і часцей. Першы павеў свежага ветру варухнуў плашчы.

— До гэтай камедыі, — сказаў Лотр. — Рым занепакоіцца. А нам што? Не атрымалася — атрымаецца ў другі раз.

І раптам славуты Рыгор Гародзенскі, моцна, відаць, п'яны, пачаў бурчаць і лаяцца:

— Ну, добра, брыдкія вы ерэтыкі… Няхай… Але блюзнерыць нашто, садаміты вы… Не толькі немаўлят манастырскіх — ісціну вы хаваеце, адаміты, што галізною сваёю багабрыдкай выхваляюцца.

— Чаго ты? — спытаў Камар.

— А што? Брахала самазванцу гэтая ваша Магдаліна, блюзнерка, дачка сатаны і папскай палюбоўніцы. Стане Бог пасля гэтага дробнага махляра з той дзеўкай спаць? І які яшчэ там магнат?

— А чаму? — спытаў раптам сябра Лайёлы. — Хіба Пан Бог не самы ўплывовы і моцны магнат на беларускай зямлі? І хіба манастыры не ягоныя замкі? І хіба манашкі не Божыя нявесты? Усё правільна.

— А хіба Бог не здолее адрозніць дзеўку ад маладзіцы? — выбухнуў Балвановіч. — Хіба нябесны муж — дурань?!

— А вы што, іншай думкі? — прыжмурыўся дамініканец.

Ён захінуўся ў плашч. Коні зніклі ўначы.

Увесь мокры, ён сядзеў ля кіліма і сціскаў у руцэ кубак. Цяпер ён сапраўды быў цяжка, да змрокавага стану, п'яны. Магдаліна абдымала яго, церлася шчакою аб ягоную шчаку, абвівала валасамі яго шыю — ён быў безудзельны. Патлы валасоў падалі, мокрыя, на лоб, і пад імі трапяталі да шаленства пашыраныя зрэнкі.

А галасы раўлі і раўлі старую шкалярскую песню. І яна грымела і вырывалася з пакояў у ноч, пад маланкі.

Bibamus papaliter!*
Гарэлкі ў гляк налі…
Ні Зеўс і ні Юпітэр
Гарэлкі не пілі.

* Будзем піць, як папа!

І яловай актавай бурчаў Якуб Алфееў меншы, бамбіза з асалавелымі вачыма.

Дурныя… Во дурныя

Багі тады былі!

Слухаючы гэта, Братчык нібы ад сэрца адрываў словы:

— Піце, хлопцы. Застаемся тут.

Раввуні стаяў над ім.

— Плюнь, Юрась.

— Хрыстос, — змрочна папраўляў ён. — Ідзі ты з суцяшэннямі, Іуда… Давай ламаць кумедзь. Усё адно.

Іуда развёў рукамі і раптам сарваўся:

— Не, вы паглядзіце на гэтага дурня! Раней я думаў, што большага дурня, чым слонімскі рабін, не стварыў мудры Бог. Але цяпер бачу, што нам з імі пашанцавала ўсё ж болей, чым беларусам з табою… Ша!… Прашу цябе… Бяры коней, грошы, нас…

— Ты мне д-друг?

— Я табе друг. А ты мне?

— І я табе друг.

— Тады пойдзем. Не сёння заўтра здарыцца жах. Гора мне, маці мая! Так распусціцца… П'яная свіння! Юрась!… Хрыстос!… Божа мой! Ліхаманка табе ў галаву! Кінь гэтыя глупствы! На прэнг захацеў? Уцячом…

— Усё адно. Вернемся, Іуда. Няма любві на свеце. Дарэмна распяўся Бог. Падман адзін. Усё адно. Піце. Гуляйце. Застанемся да смерці ў гэтым дзярме.

Хрыстовы вочы п'яна і страшна заблішчалі. Ён грукнуў кулаком:

— Застанемся. І гор-ра ўсім. Звяжам! Скруцім! Усё княства, усю Б-беларусь і ўсю Карону… Разнясём магнацкія камяніцы! Усіх д-да-станем-м! І з жонкамі хлуслівымі!

— Мілы! Даражэнечкі! Можа б, ты пабляваў? Га? Паблюй. І потым ціха-ціха пойдзем, і няхай яны тут задавяцца са сваім Панам Богам і сваёй верай. І няхай у іх будзе столькі вошай у галовах, колькі было пакрыўджаных імі ад дзён Выйсця і да нашых дзён. Няхай будзе ў іх столькі вошай і не будзе рук, каб пачухацца.

— Д-душыць мяне… Цісне, — вочы Хрыстовы пацьмянелі, абвіслі рукі.

У яго рэзка змяніўся настрой: на месцы Машэкі сядзеў цяпер Іерамія.

— Прарокі прарокуюць хлусню, і свяшчэннікі вывяргаюць брахню, і народ мой любіць гэта. Ну, што ты будзеш рабіць пасля… гэтага? Як сказаў… яшчэ… Іерамія.

— Пхе, — суцяшаў Раввуні. — Ну, наплюй ты на іх. Ды яны ж усе сволачы. Гэты добранькі, разумненькі Басяцкі, і гэтая свіння Камар, і тая трэфная курыца Балвановіч. А Лотр? Уй, не кажыце мне пра Лотра.

Магдаліна ўбачыла, што Юрась досыць п'яны, каб паверыць у другую частку маны, і яшчэ не досыць п'яны, каб забыць канчаткова тое, што яна сказала раней.

У пакоі было зусім пуста. Апосталы зніклі. На дыване не засталося аніякай ежы. Хоць бы крышачку пакінулі.

— Ідзі, Іуда, — сказала яна. — Ты толькі шкодзіш. Ты разумееш? Ідзі. І вазьмі з сабой дзяўчыну.

— Я разумею. — Іуда трохі хістаўся. — І праўда, так будзе лепей. Не кідай яго.

— Я яго не кіну.

— Не кідай! Падары яму цеплыні! — маліў за друга Іуда. — Іначай мне будзе сорамна маёй.

— Ідзі, — мякка сказала яна. — Не саромейся. Яму будзе не горш.