Изменить стиль страницы

— Распні!

Крычаў і не бачыў, што зусім побач з ім — непрыкметны шэры чалавек у світцы з доўгімі рукавамі. Глядзіць цьмянымі, нібыта невідушчымі, вачыма то на расстрыгу, то на Хрыста.

Шэры толькі што прыйшоў у Гародню. Хаваўся ад гневу Іллюка і святой службы, бо не выканаў даручэння. Але, дачуўшыся аб пакаранні смерцю, не вытрымаў, прыйшоў. Цяпер яму было невымоўна брыдка. Ажывалі ў яго фанатычнай цёмнай душы нейкія вобразы, успаміны, параўнанні. Вось крычыць той, хто калісьці абыякава паслаў яго на смерць, і вось вядуць чалавека, якога не ўзяў ікол і які дараваў яму замах на сваё жыццё. Брыда гэта ўсё.

Шэры слухаў. Непадалёку ад яго ціха гаварылі мужчына — відаць па ўсім, іудзей — і жанчына. Пераапранутыя, але ён пазнаў іх. Яны тады былі з гэтым. Яму зусім не хацелася іх выдаваць.

— А я думаў — самы вялікі шум, гэты калі ў Слоніме размяркоўваюць даход кагала. — Вочы Раввуні падазрона блішчалі.

— Маўчы, мілы.

— Я-та маўчу. Я крычу тым, што маўчу.

Голас быў такі, што шэры зморшчыўся, паглядзеў на іх, на чалавека з крыжам, на Іллюка, які крычаў. І раптам усміхнуўся. Так, як тады, каля царквы, зайшоў бокам і на хвіліну прыліпнуў да расстрыгі. Рука непрыкметна слізганула ўгору.

І тут жа шэры пайшоў далей.

Яшчэ некалькі хвілін ніхто нічога не заўважаў. І толькі потым убачылі суседзі закінутую галаву і ашклянелыя вочы прарока.

Пасля ён упаў на спіну.

Шэры наводдаль задаволена хмыкнуў.

«Пад лапатку. Дзіваў не бывае. Бачыш, чалавек з крыжам, я не развучыўся. І цяпер лепей за ўсіх валодаю нажом. Як жа гэта я так схібіў з табою? Добра, што я схібіў з табою. Ледзь не забіў добрага чалавека. Вось бачыш, я трохі аддзячыў табе, добры чалавек».

Прыблізна той самай справай, што і шэры, займаліся Фама і Вус. Шукалі рыбніка. Таксама сведчыў на судзе. Ужо калі аднаго забілі, то і за другога той самы адказ. Урэшце Вус заўважыў яго наводдаль ад Уздыхальні, бліжэй да калідора, якім вялі Хрыста.

— Распні! Распні!…

Сябры пачалі ціснуцца да яго.

…Ад гульбішча плыло да Зітхальнага гарба шэсце. Вышняе духавенства. Раўлі глоткі, шыза плыў у сонечным святле дымок ладану, зіхацела парча. І над усім гэтым, вышэй за ўсё, плыла платформа з васковым, разубраным у золата Хрыстом.

Жывы ўзняў галаву:

— Гэй, братка! Гэй, васковы! Закінь там за жывога слоўца на басяцкім небе!

Крык быў страшны. У цішыні, што ўпала за ім, загагатаў нейкі багата апрануты юнак. Сівы сусед павучальна сказаў яму:

— Пачуўшы жарт — ніколі не рагачы першы. Невядома яшчэ, што за той жарт будзе.

Але рагаталі ўжо ўсе. Чырванелі твары, слёзы пырскалі з вачэй, успухалі жылы на лбах.

— Го-го-го, га-га-га, гы-гык!

— Інры, га! Вось дык інры!

— Забаўнік, га!

Хрыстос у гэты момант набліжаўся да Бекеша. Той трохі грэбліва, але памяркоўна глядзеў на абадранага, закіданага гразёй чалавека, які цягнуў крыж. У гэты момант Хрыстос узняў галаву, і вочы іхнія сустрэліся.

Плыло, плыло насустрач Кашпару загаджанае, спаскуджанае, усё ў рагах крыві і гразі аблічча. І на гэтым абліччы, што было падобнае на страшную, пачварную маску, ззялі светлыя, вялізныя, нібы ўвесь боль, усю зямлю і ўсё неба ўвабралі…

…Бекеш скалануўся.

Вочы.

Што было ў гэтых вачах, Бекеш не ведаў, не разумеў, не мог спасцігнуць. Слабы цень чагосьці такога жыў толькі ў вачах ягоных сяброў і — ён ведаў гэта — у яго самога. Але толькі слабы цень. Але толькі ў падобных ім, а больш ні ў каго на зямлі.

Што гэта было? Магчыма, Разуменне. Разуменне ўсіх і ўсяго. Тое, чым не валодае ніхто. А можа, і нешта другое. Бекеш не ведаў. Але, уражаны, ён увесь, да дна, здрыгануўся, нібыта зразумеўшы сябе, нібыта зразумеўшы многае, а на адно імгненне — усё.

Вочы!

Братчык глядзеў на прыўкраснага юнака ў берэце і разумеў, што з ім. Непераймальная, непараўнаная грымаса-ўсмешка перакрывіла ягоны твар.

Бекеш, амаль непрытомны, учапіўся пальцамі ў мур.

Вочы…

Шэсце мінула.

— Што з табой, Кашпар, сынок? — трывожна спытаў брат Альбін.

— Ты бачыў? Я ўпершыню ўбачыў яго так блізка. Альбін, мы памыляліся. Альбін, гэты чалавек не ашуканец, не махляр. Альбін, ён нават не самазванец. Ён мае права, чуеш? Гэта чалавек, Альбін. Такі, якім павінен быць чалавек. І вось гэтага чалавека забіваюць. Дзе праўда, Альбін? Дзе Бог?

Ён нібы захлынаўся:

— Гэтыя вочы… Ты бачыў? І рагоча гэтае быдла. Рагоча… рагоча… ра-го-ча. — Ён ударыў сябе кулаком па галаве. — Як жа мы прамінулі яго? Як не падышлі? А ён пытаў пра вялікага маэстра? Закаранелі ў сабе. Чалавека не ўбачылі. Здрадзілі… Рагочуць. Нашто ж Дантэ жыў, Бацічэлі, Катул?! Нашто, калі дарэмныя ўсе мукі?!. Вочы… Гэта ж усё адно як… усяго Ча-ла-века тысячы год распінаюць! Святасць ягоную!… А ён усю веліч і нізасць свету бачыць. А яго… Пане Божа, гэта ж багахульства!!!

РАЗДЗЕЛ LІХ ГАЛГОФА ЗАМКАВАЙ ГАРЫ

Ой, за ярам гара, за другім — гара,
А тая гара ды апошняя…
Каня вядуць. Конь спатыкаецца.
Маё сэрцайка ды разрываецца.

Песня

Братчыка падвялі да падножжа Ўздыхальні і знялі з яго крыж.

Падаўшыся наперад, чакалі людзі Вестуна. Суровыя былі іхнія твары, змрочныя і рашучыя — іхнія вочы, але ніхто не бачыў гэтага за капюшонамі.

Крыж пацягнулі на вяршыню ўзгорка, дзе падручныя ката ўжо капалі яму. Ляцела адтуль і рассыпалася па схілах жоўтая зямля. Хрыстос стаяў і цяжка дыхаў. Вочы былі заплюшчаныя. Натоўп маўчаў. Калі смерць зусім блізка — нават у ворагаў з'яўляецца нейкае падабенства павагі.

Людзі стаялі так цесна, што каб нехта самлеў — ён так бы і астаўся стаяць на нагах. Суседзі не далі б упасці.

Рыбнік стаяў у гэтым натоўпе і рабіў дзіўную справу: трымаў у роце вялізнага вэнджанага ляшча. Вырачаныя вочы безуважна глядзелі некуды. Свідравалі натоўп, аддаляючыся ад гэтага месца, Ціхон Вус і Фама. Ухмыляліся злосна.

— Ты вось што… — сказаў Тумаш. — Як станем на зручнае месца, як падам знак — прыкрый мяне плашчом. Буду страляць…

— Фама, — сказаў Вус, — мучыцца як ён будзе, ты разумееш? Ты ўяві…

— Не, — кінуў Фама, здагадаўшыся, пра што кажа друг. — Не здолею. Не падымецца рука. На яго не падымецца рука… Але ўжо іншым…

— Ведаю. І ў мяне не паднялася б.

Нейкі стары, з цікаўных, тым часам усё заглядаў і заглядаў у твар рыбніку. Дужа здзіўляўся. І ўрэшце наважыўся, звярнуўся да дзіўнага суседа:

— Закусваеш, мілы? І смачна, пэўна?

Рыбнік маўчаў.

— Бачыце? — звярнуўся дзядуля да суседзяў. — Маўчыць, дзівак. Чаго маўчыш?

— Ды ён, мабыць, скана-аў! — здагадалася нейкая цётка.

Народ шарахнуўся, расціснуўшы кола. І тады рыбнік упаў. З маху. Усім целам.

— Папрацавалі, — буркнуў Фама. — І яшчэ папрацуем. Я б вось так цэлы дзень хадзіў і цюкаў. Вылюдак разумнее — мёртвы.

Яны прыткнуліся за адным з кантрфорсаў. Фама стаў за спіною Вуса. Проста перад імі была Ўздыхальня, а трохі далей — гульбішча.

…Дыханне хрыпата вырывалася з горла ў асуджанага. Кроў і гразь капалі на адзенне, падсыхалі коркай на твары. Запалёныя вочы прыжмурваліся ад пякучага, нясцерпнага сонечнага святла. Нешта нібы молатам валіла ў вушы і чэрап. Плылі перад вачыма сляпуча-зялёныя і барвяныя колы. Бронзава-зялёныя, вялізныя мухі круціліся над абліччам, над рассечанай галавой, каля парэпаных вуснаў.

Басяцкі на гульбішчы ўсміхнуўся. Ён быў вопытны. Ён бачыў, што Хрыстос, што вораг вось-вось упадзе.

— Гэй, ілжэ-Хрыстос! — крыкнуў ён. — Папі!

І кінуў з гульбішча біклагу. Вартавы спрытна спаймаў яе ў паветры. Убачыў вочы Басяцкага і, з разуменнем справы, апусціў павекі.

— На, — працягнуў, не выпускаючы з рукі.

Юрась аблізнуў вусны. І тады вартавы хвастануў з біклагі яму ў твар. Братчык заплюшчыў вочы. З валасоў, з аблічча плыло, мяшаючыся з граззю і крывёю, чырвонае віно. Вусны Хрыстовы затрэсліся.