Трэба аддаць належнае таму, хто ўзначальваў следства. Знiклага Рымскага адшукалi надзвычай хутка. Варта толькi супаставiць паводзiны Тузабубен ля таксаматорнага прыпынку каля кiнематографа з часам, напрыклад, калi скончыўся сеанс i калi мог знiкнуць Рымскi, каб неадкладна даць тэлеграму ў Ленiнград. Праз гадзiну быў атрыманы адказ (у пятнiцу вечарам), што Рымскi знойдзены ў нумары чатырыста дванаццатым гатэля "Асторыя", на чацвёртым паверсе, побач з нумарам, дзе спынiўся загадчык рэпертуару аднаго з маскоўскiх тэатраў, якiя гастралююць у Ленiнградзе, у тым самым нумары, дзе, як вядома, шэра-блакiтная мэбля з золатам i цудоўнае ваннае аддзяленне.

Рымскi, якi хаваўся ў шафе для адзення чатырыста дванаццатага нумара "Асторыi", быў адразу ж арыштаваны i дапытаны ў Ленiнградзе. У Маскву прыйшла тэлеграма, якая паведамляла, што фiндырэктар не ў сваiм розуме, нiчога толкам адказаць не можа цi не хоча i просiць толькi аднаго, каб яго схавалi ў бранiраваную камеру i паставiлi пры ёй узброеную варту. З Масквы тэлеграмай было загадана прывезцi Рымскага ў Маскву, таму Рымскi пад аховай i выехаў у пятнiцу вечарам на цягнiку.

Пад вечар у пятнiцу знайшлi i след Лiхадзеева. Ва ўсе гарады паслалi тэлеграмы з запытам пра Лiхадзеева, i з Ялты быў атрыманы адказ, што Лiхадзееў быў у Ялце, але вылецеў на аэраплане ў Маскву.

Адзiны след, якi не ўдалося знайсцi, гэта быў след Варэнухi. Вядомы лiтаральна ўсёй Маскве знакамiты адмiнiстратар нiбыта скрозь зямлю правалiўся.

Адначасова давялося займацца i здарэннямi ў iншых месцах Масквы, не толькi ў тэатры Вар'етэ. Давялося разбiраць выпадак са спевамi "Слаўнага мора" служачымi (дарэчы: прафесару Стравiнскаму ўдалося прывесцi iх да ладу праз дзве гадзiны пасля нейкiх уколаў), з асобамi, якiя давалi iншым альбо ва ўстановы замест грошай чортведама што, а таксама з асобамi, якiя пацярпелi ад гэтага.

I само сабой зразумела, што сама непрыемным i загадкавым з усiх выпадкаў быў крадзеж галавы памёрлага лiтаратара Берлiёза проста з труны ў грыбаедаўскiм доме, сярод белага дня.

Дванаццаць чалавек вялi следства, збiралi, быццам на пруток, усе петлi гэтай праклятай справы, раскiданай па ўсёй Маскве.

Адзiн са следчых прыехаў у клiнiку да прафесара Стравiнскага i найперш папрасiў спiс асоб, якiя трапiлi на лячэнне за апошнiя тры днi. Такiм чынам былi знойдзены Мiканор Iванавiч Босы i бедны канферансье, якому адрывалi галаву. Iмi, дарэчы, займалiся мала. Цяпер лёгка было вызначыць, што гэтыя двое - ахвяры аднае шайкi, якую ўзначальвае таямнiчы маг. А вось Iван Мiкалаевiч Бяздомны следчага надзвычай зацiкавiў.

Дзверы Iванкавай палаты No 117 адчынiлiся пад вечар у пятнiцу, у пакой зайшоў малады, круглатвары, спакойны i далiкатны чалавек, зусiм не падобны на следчага i разам з тым адзiн з сама лепшых следчых у Маскве. Ён убачыў пабялелага з твару i абвялага маладога чалавека, якi ляжаў на ложку, у вачах не было нiякай цiкавасцi да ўсяго, што адбывалася навокал, яны глядзелi на нешта ўдалечынi цi ў сябе самога.

Следчы ласкава назваўся i сказаў, што зайшоў да Iвана Мiкалаевiча, каб пагаварыць пра пазаўчарашняе здарэнне на Патрыярхавых сажалках.

Ой, як бы трыумфаваў Iван, каб следчы з'явiўся да яго раней, ну, скажам, ноччу з серады на чацвер, калi Iван нястомна i палка дамагаўся, каб паслухалi яго расказ пра здарэнне на Патрыярхавых сажалках. Цяпер збылася яго мара дапамагчы злавiць кансультанта, яму не трэба было нi за кiм бегаць, да яго самога прыйшлi з-за гэтага, каб выслухаць яго расказ пра тое, што здарылася ў сераду вечарам.

Але Iванка, на жаль, зусiм змянiўся за той час, што прамiнуў пасля гiбелi Берлiёза. Ён гатовы быў ахвотна i ветлiва адказваць на ўсе пытаннi следчага, але абыякавасць адчувалася ў Iванкавым позiрку i ў яго iнтанацыi. Паэта болей не хваляваў лёс Берлiёза.

Перад прыходам следчага Iванка драмаў лежачы, i перад iм паўставалi дзiўныя малюнкi. Ён бачыў дзiўны незразумелы горад, якi не iснуе, з глыбамi мармуру, точанымi каланадамi, з зiхатлiвымi на сонцы дахамi, з чорнаю, панураю i бязлiтаснаю вежаю Антонiя, з палацам на заходнiм узгорку, патанулым амаль да дахаў у трапiчнай садовай зелянiне, з бронзавымi зiхатлiвымi скульптурамi над зелянiнай, ён бачыў пад сценамi гэтага старажытнага горада закаваныя ў браню рымскiя кагорты кентурыi.

Скрозь дрымоту перад Iванам паўставаў нерухомы чалавек у крэсле, паголены, са змучаным жоўтым тварам, чалавек у белай мантыi з чырвоным падбоем, якi з нянавiсцю глядзеў у раскошны i чужы сад. Бачыў Iван i бязлесы жоўты ўзгорак з апусцелымi слупамi з перакладзiнамi.

А здарэнне на Патрыярхавых сажалках болей Iвана Бяздомнага не хвалявала.

- Скажыце, Iван Мiкалаевiч, а вы самi далёка былi ад турнiкета, калi Берлiёз упаў пад трамвай?

Ледзь прыкметная абыякавая ўсмешка чамусьцi варухнула Iванавы губы, i ён адказаў:

- Я быў далёка.

- А гэты клятчасты быў ля самага турнiкета?

- Не, ён сядзеў на лаўцы непадалёку.

- А вы добра памятаеце, што ён не падыходзiў да турнiкета ў той час, калi ўпаў Берлiёз?

- Памятаю. Не падыходзiў. Ён, развалiўшыся, сядзеў.

Гэта было апошняе пытанне следчага. Пасля iх ён устаў, падаў Iвану руку, пажадаў хутчэй вылечыцца i выказаў спадзяванне, што хутка прачытае яго новыя вершы.

- Не, - цiха адказаў Iван, - я болей вершаў пiсаць не буду.

Следчы ветлiва ўсмiхнуўся, дазволiў сабе сказаць, што цяпер у паэта невялiкая дэпрэсiя, але яна хутка пройдзе.

- Не, - цiха адказаў Iван i глядзеў не на следчага, а ўдалечыню, туды, дзе патухаў небакрай, - гэта ўжо нiколi не пройдзе. Вершы, якiя я пiсаў, дрэнныя вершы, i цяпер я гэта зразумеў.

Следчы пайшоў ад Iванкi з каштоўным матэрыялам. Iдучы па нiтачцы падзей з канца да пачатку, удалося нарэшце дабрацца да таго, адкуль пачалiся ўсе падзеi. Следчы не сумняваўся, што ўсе здарэннi пачалiся з забойства на Патрыярхавых сажалках. Вядома, нi Iванка, нi гэты клятчасты не папiхалi пад трамвай няшчаснага старшыню МАССАЛIТа, фiзiчна, калi можна сказаць, яму не дапамагаў нiхто. Але следчы быў перакананы ў тым, што Берлiёз кiнуўся пад трамвай альбо ўпаў пад яго загiпнатызаваным.

Так, матэрыялу было ўжо многа, i было вядома, каго i дзе лавiць. Ды справа ў тым, што злавiць нiякiм чынам не ўдавалася. У гэтай тройчы праклятай кватэры No 50, няма сумнення, нехта быў. Часам гэтая кватэра адказвала то траскучым, то гугнявым голасам на тэлефонныя званкi, часам у кватэры адчынялiся вокны, i былi чуваць гукi патэфона. А мiж тым кожны раз, калi туды накiроўвалiся, там нiкога не заставалi. А былi там i неаднойчы, у розную пару сутак. Мала гэтага, па кватэры хадзiлi з сеткаю, правяралi ўсе закуткi. Кватэра даўно ўжо была падазроная. Ахоўвалi не толькi той уваход, што быў праз падваротню, але i чорны ўваход; акрамя гэтага, на даху ля комiнаў была пастаўлена ахова. Сапраўды, кватэра No 50 хулiганiла, а зрабiць нiчога не маглi.

Гэтак усё цягнулася да паўночы з пятнiцы на суботу, калi барон Майгель, адзеты ў вечаровы гарнiтур i лакiраваныя туфлi, урачыста зайшоў у кватэру No 50 як госць. Роўна праз дзесяць хвiлiн пасля гэтага кватэру No 50 наведалi без усякiх званкоў, але не толькi гаспадароў там не знайшлi, а i самога барона Майгеля, нават i следу яго.

Дык вось, як гаварылася ўжо, справа цягнулася такiм чынам да суботняга свiтанку. А тут паступiлi новыя i надзвычай цiкавыя звесткi. На маскоўскiм аэрадроме прызямлiўся шасцiмесны пасажырскi самалёт, якi прыляцеў з Крыма. Сярод iншых з яго высадзiўся адзiн дзiўны пасажыр. Гэта быў малады грамадзянiн, дзiка зарослы шчэццю, якi днi тры не мыўся, з гарачымi, чырвонымi i крыху спалоханымi вачыма, без багажу i апрануты даволi дзiўна. Грамадзянiн быў у папасе, у бурцы, надзетай на начную сарочку, i ў сiнiх скураных, новенькiх, толькi купленых пантофлях. Ледзь толькi ён выйшаў з самалёта, да яго падышлi. Гэтага грамадзянiна чакалi ўжо, i праз нейкi час незабыўны дырэктар Вар'етэ Сцяпан Багданавiч Лiхадзееў быў перад следчымi. Цяпер стала вядома, што Воланд пранiк у Вар'етэ пад выглядам артыста пасля таго, як загiпнатызаваў Сцёпу Лiхадзеева, а потым умудрыўся выкiнуць Сцёпу з Масквы за бог ведае якую колькасць кiламетраў. Матэрыялу прыбывала, але лягчэй не рабiлася, а, наадварот, стала цяжэй, бо было вiдавочна, што авалодаць асобаю, якая вытварае такiя штучкi, як са Сцёпам Лiхадзеевым, будзе нялёгка. Мiж iншым, Лiхадзееў, па яго просьбе, быў пасаджаны ў надзейную камеру, а перад следствам паўстаў Варэнуха, якога арыштавалi на ўласнай кватэры, куды ён вярнуўся пасля амаль двух сутак.

Нягледзячы на абяцанне Азазелу не хлусiць, адмiнiстратар пачаў якраз з хлуснi. Хаця надта строга яго караць за гэта нельга. Азазела ж забаранiў яму хлусiць i падманваць па тэлефоне, а ў гэтай сiтуацыi размова iшла без тэлефоннага апарата. Вочкi ў Iвана Савельевiча бегалi, ён гаварыў, што ўдзень у чацвер напiўся адзiн у сваiм кабiнеце ў Вар'етэ, пасля пайшоў не памятае куды, што дзесьцi яшчэ пiў старку, а дзе - не памятае, недзе валяўся пад плотам, а дзе - зноў не памятае. Толькi пасля таго, як адмiнiстратару растлумачылi, што ён сваiмi недарэчнымi, дурнымi паводзiнамi перашкаджае весцi важнае следства i за гэта будзе адказваць, Варэнуха заплакаў i зашаптаў дрыготкiм голасам, азiраючыся, што хлусiць ён таму, што баiцца помсты воландаўскае шайкi, у руках у якое ён ужо пабыў, i што ён просiць, молiць, каб яго заперлi ў бранiраванай камеры.

- Цьфу ты чорт! Вось далася iм гэтая бранiраваная камера! - прамармытаў адзiн са следчых.

- Iх добра напалохалi гэтыя нягоднiкi, - сказаў той следчы, якi пабыў у Iванкi.

Варэнуху як маглi супакоiлi, сказалi, што ахоўваюць, i тады высветлiлася, што нiякае старкi ён не пiў пад плотам, а што бiлi яго двое, адзiн iкласты i рыжы, а другi таўстун...