Водоносов Николай
Галасы на вадзе (на белорусском языке)
Мiкола Ваданосаў
Галасы на вадзе
Сёлета я зноў быў на родных берагах. Схаваўшыся ў густым лазняку, сядзеў з вудамi i слухаў галасы, што даносiла здалёк iмклiвая плынь ракi.
- Добры дзень, гусiная мацi! - чуўся грубы мужчынскi голас. - Што ж ордэн не носiш? Няхай глядзяць гусi, якая ты ў iх заслужаная.
- I заслужаная! Папрацавала як след на адным месцы, дык i з ордэнам. А ты за лёгкiм хлебам ганяўся, дык без кашулi i застаўся!..
- Хопiць табе ўжо, Лiда... Перадай старшынi, што я згодзен адрамантаваць тую машыну, якая сапсавалася...
- Дык жа яе ўжо рамантуе наш Васiль!
- А як цяпер я?
- Як сабе хочаш... I не стой тут, Стась, калi ласка, я табе не дарадчыца.
- Баiшся мужа?
- Цябе... не хачу бачыць.
- Нешта хутка забылася.
- Добрыя людзi памаглi...
Усмiхаюся ў сiвыя вусы i ўспамiнаю былое, далёкае i нядаўняе. Вось яно...
Толькi той, хто гадзiнамi не сядзеў з вудамi каля сапраўднай ракi, не ведае, як далёка чуваць галасы на вадзе. Я ж даведаўся пра гэта яшчэ ў дзяцiнстве.
Добра памятаю той цiхi летнi адвячорак. Тады мы з Пятром, сынам нашага суседа Альшэўскага, вудзiлi каля Сомавай завадзi акунёў i праз нейкую дробязь паспрачалiся. Хлопец ён быў, як i ўсе Альшэўскiя, ганарлiвы, але бязвольны. Адразу надзьмуўся, хуценька сабраў свае вуды i пасiгаў прэч. Я-то ведаў, што пасля ён будзе шкадаваць аб гэтым, але не вярнуў таварыша - няхай пазлуецца.
Рака ў тым месцы працякала борам, што навiс над высокiм абрывiстым берагам. Сiняя смуга плыла над вадой, хоць сонца трымалася яшчэ даволi высока.
Праз гадзiну, калi злосць крыху ўляглася, мы зноў загаварылi.
- Пятро-о! - прымiрэнча гукнуў я сябра.
- Чаго табе? - выразна i гучна, нiбы Пятро быў побач, за кустом, данеслася ў адказ.
- Ну, як у цябе там? Клюе?..
- Трох язёў злавiў... А ў цябе?
- Яршы падышлi, цэлай плоймай.
- Ану iх...
- Можна, я да цябе?
- Хадзi.
I я падаўся. Метраў трыста адмераў па высокiм беразе - няма Пятра. Дайшоў да павароткi ракi, дзе пачыналiся лугi i азёры, а сябра ўсё не вiдаць. "Цi не перабраўся ён дзе на другi бок ракi?" - падумаў я i гукнуў:
- Дзе ж ты, Пятро?
- На Чарнеўскiм лузе... - пачулася ў адказ.
Вось дык гiсторыя! Да Чарнеўскага лугу было яшчэ з паўкiламетра. Я падумаў, што Пятро жартуе, але не. Калi праз паўгадзiны блуканняў апынуўся зноў каля сябра, ён з задавальненнем паказаў мне тоўстых, кранутых пазалотай язёў...
З таго часу мы не раз перагаворвалiся мiж сабой па гэтым незвычайным тэлефоне. А пасля, нiзка схiлiўшыся над вадою, навучылiся слухаць i разумець нашу цудоўную, iмклiвую Бярозу-раку. Яна нам спявала далёкiмi галасамi дзяўчат, што ўбiралi на лугах сена, грымела нябачнай навальнiцай, шумела схаваным за даляглядам дажджом...
Адышло ўсё з доўгiмi гадамi, забылася. Нiколi не вернецца больш тое маленства, але не раз я сам вяртаўся ў думках да яго. I як прыемна было прыехаць у родныя мясцiны, дзе па-ранейшаму схiлялiся над вадою дрымоткiя вольхi ды бронзай адлiвалi на сонцы пясчана-глiнiстыя абрывы берагоў, прасвiдраваныя вёрткiмi ластаўкамi-беражанкамi.
I вось аднойчы я зноў слухаў галасы на вадзе.
Было гэта тры гады назад. Як i некалi, я сядзеў ля былой Сомавай завадзi i не спускаў вачэй з паплаўка. Азярына, дзе калiсьцi рыбакi лавiлi самоў, цяпер ужо зарасла дрыгвянiстым балотам, па якiм велiчна, па-гаспадарску аглядаючы дол, хадзiлi ў высокай траве чырванадзюбыя буслы ды недзе, на колiшнiм глыбокiм дне, няспынна, нiбы яго рэзалi, крычаў вадзяны бык.
I раптам да мяне данеслася песня, якая ўскалыхнула, абудзiла душу.
Ой вы, гусi, мае гусi,
Што паснулi на вадзе?
Вы не ведаеце мусiць,
Што каханы сюды йдзе.
Спяваў прыгожы задорны дзявочы голас. Я адразу пазнаў Лiду, самую малодшую з сям'i Альшэўскiх, якую ўсе называлi Лёдзяй.
Памятаю яе, малую, хударлявую, цiхую дзяўчыну з вялiкiмi светлымi вачамi i чырвонымi, як вiшнi, прыпухлымi вуснамi.
Цяпер Лiда высокая, стройная, нiбы тая лань, i надзвычай прыгожая. Яна падобна на мацi i аблiччам i характарам - ганарлiвая, але спагадлiвая. Цяжка было здагадацца, як ужывалiся гэтыя супрацьлеглыя рысы ў характары Альшэўскiх. Але кожнаму ў нашым сяле было вядома - многа пакут прыносiлi яны гэтай сям'i, многа непрыемнасцей...
Чамусьцi радасна i лагодна стала на душы ад гэтага голасу. Такое было адчуванне, быццам сядзiць яна, мая маладосць, побач i шчыра размаўляе са мной.
Успомнiлася i тое, як заляцаўся я да Стэфы, Лiдзiнай маткi, як прагнала мяне, мужыка, ганарлiвая шляхта, калi я адважыўся пайсцi да бацькоў прасiць благаславення жанiцца са Стэфай...
- Добрай ранiцы, Лёдзя... - раптам пачулася здалёк.
- Ой, напалохаў! Ледзь у раку не звалiлася...
- А ты не садзiся на самым краi.
- Калi ж тут так прыгожа! Глядзi - i лес, i луг - усё вiдаць...
- Неблагi камандны пункт выбрала, але ведаеш што...
- Ну, што?
- У лагчыне вунь там было б лепш. Кусты, зацiшак... Цалуйся колькi хочаш, нiхто не ўбачыць!
- Зноў налiзаўся i вярзеш абы-што... Ты абяцаў не пiць.
- Я ж адну слязiнку!
Чый гэта голас? Я ведаў усiх хлопцаў з нашага сяла, кожнага мог пазнаць па голасе, а гэта, быў зусiм незнаёмы...
На левай вудзе кратаўся паплавок. Раз, другi, трэцi... Потым паплавок нырнуў на дно, а я, стары рыбак, нават не зварухнуўся. Грэх прызнацца, але ў маёй душы ажыло нешта падобнае на рэўнасць. Так некалi, гадоў дваццаць пяць назад, я раўнаваў Стэфу да другога. Цяпер жа, сустрэўшы Лiду, я жыў светлымi ўспамiнамi мiнулага i быў шчаслiвы. Яна, так падобная да маткi, нагадала мне лепшыя днi нашага кахання. Я любаваўся жвавасцю, захапляўся прыгажосцю гэтай дзяўчыны i не жадаў, каб нехта трэцi станавiўся мiж намi, як i тады, калi быў сапраўды малады.
Хто ён, шчаслiвец, якога пакахала такая дзяўчына? Мне хацелася кiнуць вуды i, падкраўшыся, зiрнуць на яго з-за куста.
- Досыць табе, смоўж! - данесла вада прыглушаны голас Лiды. - Сядзь пагавары, як чалавек...
- Баiшся, каб не злiнялi вусны?
- Людзi ўбачаць...
- Не дзяўчынка ж ты... Дваццаць пяты стукнула! Чуеш, гусятнiца... Дваццаць тры - замуж пры! А табе дваццаць пяты...
- Я не гусятнiца.
- А хто ж?
- Твая мацi кароў даглядае. Дык яна, па-твойму, кароўнiца? Ды адчапiся ты, стыднiк!..
Два днi я хадзiў злосны, на прывiтаннi Лiды адказваў ледзь прыкметным кiўком галавы. А раз нават зусiм не адказаў. I мне здалося, што дзяўчына зразумела прычыну маёй раптоўнай непрыязнi, бо ўжо на трэцi дзень да Сомавай завадзi даляцела яе гучнае слова "адчапiся". Але цiшэй Лiда сказала:
- Дай табе волю, дык...
- Баiшся?
- Баiшся... Нiчога я не баюся, але... Хiба ў гэтым каханне? Эх, Стась, п'яная ты галава! За што я цябе люблю?..
Дык вось каго пакахала Лiда! Стась... Станiслаў Лiс, "хлопец з апошняга хутара..."
Памятаю яго бацьку. Гэта быў высокi рудабароды дзяцюк з прыплюснутым носам, высокiм аголеным iлбом i пранiклiвымi, хцiвымi вачамi. Непрыгожы i ваўкаваты чалавек, ён праз два месяцы пасля смерцi жонкi ўзяў сабе ў хату даглядаць дзяцей маладзенькую, цiхую сiрацiну Гэльку, дачку леснiка Iгната. Той да таго спiўся, што аднойчы знайшлi яго ў лесе мёртвым...
Беднае дзяўчо! Двое чужых дзяцей яна гадавала сабе на гора. Колькi здзекаў сцярпела яна ад iх пасля - нi адна душа б не вытрымала.
А праз год Гэлька нарадзiла першую дачку i, такiм чынам, стала прызнанай жонкай Лiса.
Не быў той чалавек у калгасе нi дня. Жыў выключна з лесу. А ў вайну пабудаваў сабе на леснiковай сялiбе новую хату i перабраўся туды, на хутар, далей ад людскога вока. Ноччу краў на полi, днём - у лесе. Але жыў усё роўна бедна...
Памятаю, зарослы, як мядзведзь, Лiс плаксiвым голасам гаварыў нам: