19. А хто ж такiя "мацнейшыя"? Не тыя, у каго самыя здаровыя i натрэнiраваныя целы - волаты Мiлан, Геракл... легкадумны Геракл, якi, нягледзячы на свае магутныя бiцэпсы, стаў пасмешышчам у подлай бабы, узяўшы ў рукi праснiцу i надзеўшы спаднiцу. Не тыя, у каго самыя здаровыя i непатрэбныя мазгi: фiлосафы, паэты-сатырыкi i ўсе мiзантропы i здзяцiнелыя старыя. Не тыя, у каго самыя здаровыя душы: Праметэй, Леанiд, Кiнегiр - мiфiчныя асобы, плён фантазii баязлiўцаў. Дужэйшыя заўсёды i ўсюды адны, гэта - зладзеi.

20. "Казкi..." Добра, раскажу вам дзеля разнастайнасцi адну казку. Аднойчы зладзеi першай у свеце дзяржавы, дастаткова разбагацеўшы, вырашылi ўпарадкаваць сваё жыццё. Яны пералавiлi ўсiх немаёмных у дзяржаве i, сабраўшы iх на пляцы, сказалi: "Рукi ўгору! Мы хочам вам дабра. Мы не будзем адбiраць у вас нi рыдлёвак, нi кiрак, нi сякер, нi вашых кошыкаў i торбачак з полуднем, нi вашых iрваных завашыўленых сарочак, нi вашага жытла з дзiравымi стрэхамi. Вы вольныя (рукi ўгору!). Вы вольныя жыць, як вам хочацца - зарабляць грошы i складваць iх у торбачку, пiць, скакаць, пладзiцца i памiраць. А мы будзем вучыць вас... iсцiне. Мы дамо вам багатае ўяўленне i спагадлiвае сэрца, мы дамо вам бессмяротную душу. А хто схоча, хай пiша вершы, выводзiць тэорыi i набывае сабе славу. Уладарыць будзеце вы. Мы будзем толькi вамi камандаваць. Мы будзем рупiцца пра вашую бяспеку, пра ваш гонар i пра вашую маёмасць карацей, пра вашу волю. Вы будзеце працаваць як хочаце, дзе хочаце i калi хочаце. Мы будзем вам даваць працу - калi яна будзе, - а вы будзеце аддаваць нам вашу працу. А каб вы не падумалi, што мы з вамi несправядлiвыя, мы таксама будзем плацiць столькi сама, як i вы, падаткаў дзяржаве - гэта значыць самiм сабе.

21. I над намi, i над вамi будуць адны i тыя багi, якiя загадаюць вам працаваць i не есцi, а нам - сядзець склаўшы рукi i сiлкавацца. I над вамi, i над намi будуць адны i тыя законы, якiя мы ахвяруем вам i за якiя вы прагаласуеце як дэпутаты i якiя вы будзеце ўжываць супраць самiх сябе як суддзi. А каб не нападалi на вас з усiх бакоў чужынцы, пiраты ды зладзеi, квапячыся на вашыя нiкчэмныя набыткi, для таго, каб яны не зняволiлi вас, вашых жонак i дзяцей, мы вас узброiм i навучым баранiць сваiх багоў, самiх сябе i нас - гэта значыць айчыну. Вы будзеце гiнуць у сечах, а мы будзем жыць. I паколькi вы самi не здолееце зразумець сваiх iнтарэсаў, каб ахоўваць iх i сябе, мы вас сiлком прымусiм рабiць гэта (рукi ўгору!). Толькi адно мы вам забараняем - красцi адно ў аднаго. Бо гэтак вы i нас зможаце абкрасцi.

22. Вось так народ свабодна працаваў i свабодна думаў. I спяваў у шынках весела, як дрозд на галiнцы (у клетцы). А збавiцелi палежвалi сабе ўзiмку ў цёплых палацах i пад дрэвамi ў квеценi летам, i рой прыгожых жанчын шукаў вошай у iхнiх галовах, казычучы ў iх за вушамi (вельмi прыемна!). Iх дабрабыт быў магутнасцю айчыны, а бессаромнасць - ачышчэннем. А калi народ, даведзены да роспачы, сяго-таго з iх праганяў, дык на iх месца - каб працягваць iх абкрадаць - знаходзiлi iншых: без "збавiцеляў" народ ужо не мог нi жыць, нi думаць.

23. Смейцеся сабе, грамадзяне афiняне! Такой дзiўнай дзяржавы не было на свеце i нiколi не будзе! Вось бачыце, казка... Цяпер вы запатрабуеце прыказку. Дзе мне яе вам узяць? Адно вам толькi скажу: "Бяда чалавеку, якi трапiў у няволю i, даведзены да найвялiкшага адчаю, здаецца дзеля паратунку на лiтасць багам i законам зладзеяў!"

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

1. I чаго чакаць ад гэтай прыпыленай брыдоты, што пырскае атрутай? Ён цэлымi днямi бадзяўся па базары, чапляўся да занятых сваёй справай людзей, быццам яны былi вiнаватыя ў яго няўдачах. Усе ўцякалi ад яго, як чорт ад крыжа. А ён потым выхваляўся, што не патрабуе платы за сваю мудрасць. Толькi гэтага не хапала: чапляецца са сваёй мудрасцю, ды яшчэ плацi яму! Вось цяпер яму заплачана як след. Заўтра мы не будзем нi бяднейшыя, нi багацейшыя; затое адным назолам будзе меней.

2. Вам, грамадзяне афiняне, пудзiлы здаюцца людзьмi, а вятры - багамi; я ж гляджу на людзей як на нiкчэмныя пудзiлы, а на багоў - як на вятры.

Вы жывяце пад уладай сноў, я ж бачу рэчаiснасць. Бачу, бо ў мяне болей розуму, чым у любога, хто калi-небудзь жыў у нашай краiне. Я ўмею глядзець, i таму ўсё мне здаецца чорным i змрочным. Калi я зразумеў, што наўкол мяне не душы i дух, а грубыя вантробы, што жыццё не мае анiякае мэты, апрача смерцi, я перастаў ганяцца за шчасцем i iмкнуцца быць лепшым, чым я быў. Я спакваля аддаўся сваiм слабасцям - сваёй моцы. Лайдак, якi адкрыта смяяўся з вас i патаемна з самога сябе, я iмкнуўся забыцца на сённяшнi дзень, на ўчарашнi, на заўтрашнi - забыцца на смерць.

3. Я не Апалон, каб здзiраць з вас скуру крэмневым нажом, я быў сынам бабкi - подлым вырадкам. Я здзiраў з вас скуру бадай штодзень - сваёй мудрасцю, iронiяй. Лепшымi я вас не зрабiў, я вам толькi назаляў, разумеючы, што рана цi позна вы мяне зжараце. Я здзекаваўся i са сваёй мудрасцi: я ведаю, што нiчога не ведаю. Значыць, тое, што я ведаю - нiчога не варта! А таму я не марнаваў часу на запiсы сваiх думак. Калi б я iх запiсваў, вы б спалiлi мае кнiгi на плошчы, як спалiлi кнiгi вялiкага Пратагора. Страцiўшы ўсялякую надзею, я з радасцю дазволiў вам забiць мяне. Я не скарыстаў дзеля выратавання нi палiтычную сiлу, нi грошы сяброў, нi хлусню. I калi б вы пакiнулi адчыненымi дзверы турмы, я не збег бы. Навошта? Каб яшчэ пажыць? Цi не думаеце вы, што, усё болей старэючы, я змог бы перад смерцю спужацца, пакаяцца i паклiкаць папа, каб паспавядацца? Якi сорам!

4. "А чаму ты не злупiў шкуру з Ксантыпы, якая малацiла цябе чаравiкам па шчацэ?" Дык я ж быў фiлосаф. Я прызнаваў, што яна мела рацыю. Я ўсклаў на небараку ўвесь цяжар хатнiх турбот, а сам швэндаўся па вулiцах з багацеямi ды правiцелямi - Алкiвiядам, Перыклам, Кратонам, Калiем Заможным... I жыў сабе не тужыў. Дзецi хадзiлi басанож, а яна iх выхоўвала, каб яны былi "добрымi грамадзянамi", як i вы. Калi яны лаялiся, хлусiлi i лазiлi па суседнiх агародах, яна iх не чапала, але калi яны падалi i дралi сваю вопратку, яна лупцавала iх без усякага жалю. "Не бярыце прыклад з вашага нiкчэмнага бацькi!" Вядома, у нас была хацiна, катух, свiнчо ў хлеўчуку, пяцьсот вiнаградных лоз у прадмесцi Гудзi i каля сарака алiваў. I пра ўсё гэта даводзiлася клапацiцца ёй адной. Хiба ж гэта жыццё? З гадамi яна, небарака, канчаткова знясiлела. Сварылася з-за дробязяў з суседкамi (я раненька ўцякаў з хаты). Варта было ёй прыйсцi да крынiчкi са сваёй пасудзiнай, як усе адыходзiлiся ўбок i давалi ёй набраць першай. Усе баялiся яе кiпцюроў i языка.

5. А ў дадатак да столькiх год пакутлiвага жыцця я ўзяў дый ажанiўся, амаль шасцiдзесяцiгадовы валацуга, з Мiртулай, унучкай Арысцiда Справядлiвага, гэткай жа добрай душой, як i яе дзед, наiўнай дзяўчынкаю, якая сама яшчэ пахла малаком. I распачаўшы з гэтай пяшчотнай сарнай свае слюнявыя дзедаўскiя цюхцi-мухцi, я лёгка зладзiў ёй двое дзяцей - i трэба ж такое - двух хлопчыкаў. А на згарбелую Ксантыпу я i глядзець перастаў. Яна ж зусiм азвярэла. Штодзень цягала няшчасную дзяўчыну залаб, пускала ў ход кiпцi, мардавала голадам. А мне ж i рота разявiць не давала! Небарака чэзла, аслабла на ногi i стала непрыгожая. Ну я яе i пакiнуў - не вабiла яна мяне болей. I пачаў удаваць за Аспазiяй, за Феадотай у гiмнастэрыi. Вiна тут, вядома, мая, аднак яшчэ болей вiнаваты закон, якi прымушае нас браць другую жонку, каб даць айчыне салдат. Няшчасныя iстоты!

6. Працаваць! Навошта працаваць? Некалi ў маладосцi я абчэсваў мармур са сваiм бацькам. А паколькi мяне нясцерпна цягнула да жаночага цела, пачаў я дзеля таго, каб уцiхамiрыць сваю душу, высякаць голых Харыт, у якiх я верыў i якiх я жадаў. I калi я iх закончыў, то закахаўся ў iх. Пазней я часта ўзнiмаўся на Акропаль, каб пабачыць iх i ўзгадаць пра былыя часы. Але цяпер прайшоў юначы сверб, i не веру я нi ў багоў, нi ў творы мастацтва. Самае большае, на што я здатны, дык гэта - адчынiць лавачку на вулiцы Супакаення, каб вырабляць мармуровыя распяццi ды анёлаў для надмагiльных помнiкаў. З усяго гэтага я мог бы толькi смяяцца. Чым болей розуму - тым болей турбот. Ён звязаў мне рукi: нi да чога яны цяпер не даходзяць. Хiба што працаваць, як вы: сядзець склаўшы рукi i пыхкаць навыперадкi - хто каго ашукае цi хто даражэй прадасць.