У такiя днi сэрца можа дараваць усё, але i яшчэ больш патрабаваць ад сябе самога. Заспакоены, ты злiваешся ў адно з прыродаю. Гэтымi ўрачыстымi хвiлiнамi асеннiх сноў так хочацца, каб не было няпраўды i бяды на зямлi. I ў цiшынi адыходзячай восенi, агорнуты яе пяшчотнаю дрымотаю, у днi нядоўгага забыцця пра тое, што будзе зiма, ты пачынаеш разумець: толькi праўда, толькi чалавечая вартасць, толькi чыстае сумленне, i пра ўсё гэта - слова. Слова да малых людзей, якiя потым будуць дарослымi, слова да дарослых, якiя не забылiся, што былi калiсьцi дзецьмi.

Магчыма, таму i пiшу я пра лёс сабакi, пра яе вернасць, пра яе сабачую вартасць i адданасць. Пра таго самага сабаку, што ляжаў цёплага-цёплага асенняга дня ў лесе ля пянька. I сумаваў.

Дык вось, у адзiн са шчаслiвых дзён прыроды ў лесе ляжаў няшчасны сабака Бiм. А дзень стаяў - бог ты мой! - цёплы-цёплы!

Але зямля ж была халодная. Таму Бiм скруцiўся ля пянька, быццам ля ног у гаспадара, адпачыў крышку ды i пайшоў павольненька лесам, нешта шукаючы. Ля толькi што зрэзанага ясакара ён пачаў грызцi сакавiтую кару, смачную, любiмую ласiную ежу. Цi здагадваўся Бiм, што i гэтая кара - гаючая. Людзям, мiж iншым, i неўздагад, што востры сабачы нюх, мабыць, пазнае па паху, што шкоднае, што не. Не стаў жа Бiм есцi атрутны падалешнiк, а ля кораня валер'яны спынiўся. Чаму сабакi i каты любяць яго пах?

Таксама невядома. Але Бiм сяк-так капнуў раз-другi мяккую пухова-лiстоўную зямлю, адгрыз карэньчык i з'еў. I яшчэ з'еў. Валяр'янавы корань амаль зверху, даставаць яго лёгка. Але з'еў ён роўна столькi, колькi яму трэба, i нi кроплi не болей, пакруцiўся на адным месцы, быццам вытоптваў, дзе легчы, але месца чамусьцi яму не спадабалася (таксама невядома чаму). Зрабiў невялiкi круг, потым звузiў яго, натрапiў на стары франтавы акопчык, закiданы даверху лiсцем, увайшоў у яго i закруцiўся на месцы, але, вiдаць, не хацеў класцiся, быццам бы перамагаў сон: аднак раптоўна ўпаў на пасцель i адразу ж заснуў моцным сном. Валяр'ян узяў сваё. Купыр завуць яго ў Тамбоўскай вобласцi. Але нi ў адной вобласцi здаровыя сабакi не елi i не ядуць корань купыра, хiба толькi патрэцца каторы аб яго носам, а хворыя вось ядуць. Бiм у адносiнах да гэтага быў не горшы за астатнiх сабак, дарма што iнтэлiгент. Вось ён i з'еў. Так што вельмi прашу вас, цiшэй. Цiшэй. У той ямцы спiць наш добры Бiм.

Ужо трэцiя суткi нiчога не еў Бiм, акрамя травы, не спаў ад болю i асцярогi, вiдаць, i даўно не спаў так моцна. У ямцы было цёпла i цiха. Лес, прыцiхлы па-восеньску, сцярог спакой хворага Бiма, лячыў яго травою i гаючым паветрам. Дзякуй табе, лес!

Прачнуўся Бiм ужо надвячоркам, вылез з ямы. Iсцi хоць i было цяжка, аднак лягчэй, намнога лягчэй, чым ранiцою. Усярэдзiне адпусцiла. Толькi вось сiлы не было яшчэ ранейшае. Ён схадзiў да роднага пянька, пасядзеў крыху i вярнуўся да свайго логаўца. Зноў пасядзеў. I зноў панюхаў навокал, агледзеўся: усё было спакойна. I зноў лёг у цёмную, утульную глыбокую яму. Вiдаць, Бiм снiў прыемны сон. Сапраўды бачыў, таму што злёгку павiльваў хвастом.

Так ён праспаў усю ноч i не змёрз.

На свiтаннi яго пабудзiў цiхi шоргат, ён прыпадняў голаў, прыслухаўся: нехта гробся ў лiсцi. Вылез Бiм, прачытаў носам ледзь адчувальныя без ветру, мiкраскапiчныя струменьчыкi паветра i даведаўся: слонка!

Неадольны паляўнiчы азарт напрудзiў слабае цела i прыглушыў боль, якi цiснуў усярэдзiне. Слонка была крокаў за пяць, не далей. Яна разграбала лiсце, усоўвала нос у мяккую зямлю, дакладна цаляючы ў норку чарвяка-расавiка, выцягвала таго i ахвотна з'ядала. Птушынае крыло цягнулася па зямлi (так застаюцца падранкi пасля гора-паляўнiчых, жывуць да зiмы, а потым або становяцца лiсiнаю здабычаю, або гiнуць, калi ўхiтраюцца ацалець да вялiкiх марозаў).

Бiм пераступiў - слонка не пачула, захапiўшыся работаю. Пераступiў яшчэ раз - не чуе. Слонцы таксама нельга марнаваць час: у цяпло чарвяк падыходзiць наверх або залягае нават пад шчыльным лiсцем. Бiм падкраўся вось так, з-за дрэва, i замёр стойкаю. Нiхто не загадаў яму: "Наперад!", хацеў скочыць на птушку i прыцiснуць яе лапамi, але скочыць не ўдалося: ён проста ўпаў на зямлю i схапiў слонку зубамi. Патрымаў, лежачы на баку, лёг на жывот i... з'еў дзiчыну. Усю. Засталiся толькi пёрцы. Нават дзюбу, зусiм мяккую, як вызначыў Бiм, таксама з'еў усю.

Як жа гэта атрымалася, што вучаны сабака, настаўлены вопытным паляўнiчым, Бiм паступiўся сваiм гонарам - з'еў дзiчыну? Вось у гэтым i справа, i я сам пра гэта думаю. Выйшла так таму, што нават i сабака хоча жыць. Другое меркаванне наўрад цi можа быць.

Сiлы прыбыло, вось што галоўнае. Захацелася пiць. Бiм знайшоў лужынку, якiх у гасцiнным лесе колькi хочаш, сагнаў смагу. Па дарозе назад абнюхаў мыш: з'еў у прыдачу да першае порцыi. I стаў шукаць траву. Перш сарваў сухiя сцяблiны дзiкага часнаку, выплюнуў iх, затое дастаў яго галоўку. З'еў, зморшчыўся: як нi як, а часнок. Iшоў па лесе i знаходзiў, што яму патрэбна. Бог яго ведае, адкуль стала яму вядома, што ў часнаку - дзве або тры дзесятых працэнта ёду? Нiхто не адкажа на гэтае пытанне. Можна толькi здагадвацца, што ў цяжкiя, амаль перадсмяротныя часiны, два днi таму назад, яму як адкрыццё прыйшоў вопыт яго далёкiх прародзiчаў, вопыт, запраграмiраваны з многiх мiнулых стагоддзяў, яшчэ з часу Майсея. I гэта таксама быў цуд прыроды!

Лячыўся Бiм яшчэ пяць дзён. Кармiўся чым бог пашле, але лячыўся настойлiва. Спаў у абжытай яме, стаўшай часова ягоным домам. Аднойчы нават натрапiў на соннага зайчыка, але паспрабаваць яго не давялося: той падхапiўся i даў дзёру. Бiм i не спрабаваў яго даганяць. Не дагонiць i здаровы сетэр, а хвораму нечага i думаць. Правёў вачыма, аблiзаўся, ды i ўсяго. Аднак лес не крыўдзiў Бiма, ён сяк-так кармiўся - дрэнна, вядома, але пракармiўся. Хоць ён схудаў, выпятраў ад хваробы i недаядання, ды зёлкi зрабiлi сваё - Бiм не толькi застаўся жыць, але знайшоў магчымасць iсцi далей сваёй дарогаю, шукаць чалавека-сябра. I зноў жа гэта прыйшло без асаблiвага розуму, а толькi ад сэрца, адданасцi i вернасцi.

Калi зноў наведаўся да палянкi з пяньком, прылёг Бiм, устаў, i яшчэ прылёг, i яшчэ ўстаў. Вiдаць, вырашыў ён, што Iвана Iванавiча тут не дачакаецца. Вярнуўся да ямы, ад яе зноў да пянька; там i тут затрымлiваўся толькi на хвiлiнку i зноў вяртаўся. Вельмi моцны непакой адчуваўся ва ўсёй гэтай бегатнi туды-сюды; непакой мацнеў. Нарэшце ён прабег усё-такi паўз пянёк, не прыпынiўся, а цiхенькаю рыссю пакiраваў да шашы. Гэта было надвячоркам, калi сонца толькi збiралася на адпачынак.

У горад Бiм прыйшоў позна ўвечары. У горадзе было светла, не так, як у лесе ноччу, але менавiта гэтае святло i турбавала Бiма. Такога з iм нiколi не было раней. I ён пайшоў асцярожна i адначасова паспешна, колькi дазваляла здароўе, кiруючыся, вядома, дадому, да - гаспадара, да Сцяпанаўны, да Люсi, да Толiка: усе яны, вiдаць, там. Але нечакана для самога сябе, яшчэ ва ўскраiнным новым раёне, сярод тых дамоў-блiзнят, Бiм вырашыў абысцi небяспечнае месца, каб не сутыкнуцца з Шэрым. Пайшоў укруга, скiраваў на бакавую вулiцу i ўпёрся ў плот. Пачаў быў яго абыходзiць i нечакана замёр ля варотцаў: Толiкаў след. Хлопчык, якога так палюбiў Бiм, прайшоў тут. Вось толькi-толькi прайшоў. Варотцы былi зачынены, але Бiм не задумваючыся палез паднiз i пайшоў па слядах маленькага сябра. Ну, вось толькi, вось толькi прайшоў! Гэта быў малюсенькi парк-сад, а пасярод яго стаяў невялiчкi двухпавярховы дом. Туды i павёў след.

Бiм падышоў да дзвярэй, у якiя толькi нядаўна зайшоў Толiк. Прывучаны са шчанячага ўзросту кожным дзвярам давяраць, ён падрапаўся i ў гэтыя. Адказу не было. Бiму ж не здагадацца, што такiя яго паводзiны ля гэтых дзвярэй можна было назваць нахабствам наiўнага. Але ён яшчэ раз падрапаў, яшчэ мацней.

За дзвярыма пачуўся жаночы голас:

- Хто тут?

"Я - адказаў Бiм. - Гаў!"

- Гэта яшчэ што такое? Толiк! Нехта да цябе з сабакам. Гэтага толькi не хапала!

"Я, я, - сказаў Бiм. - Гаў, гаў!"